Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні-верасьні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкай, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
„«Зэкі» з нараў падскочылі ад жаху“
Кірыл Ляшук, 42 гады, мастак, Берасьце (апавядае жонка Вольга):
„Кірыла затрымалі ўвечары 10 жніўня на Савецкай вуліцы на маіх вачах. Ён нічога такога не зрабіў, ён нікому не нагрубіў, ён пабег у маю абарону, калі мяне за руку ўзялі супрацоўнікі. Кірыла завялі ў аўтазак. Нам зь сястрой у грубай форме сілавікі, якія «зачышчалі» вуліцу, сказалі ісьці з Савецкай. Я прасілася да мужа, бо ён апынуўся ў аўтазаку празь мяне. Але супрацоўнікі мне адказвалі: «Дзяўчына, вас туды ня пусьцяць, шукайце яго ў Ленінскім РАУС, сёньня ўсіх будуць везьці туды». Калі я спытала, дзе яно наогул знаходзіцца, мне дакладна адказалі: «У Паўночным». Калі б гэты сілавік быў немясцовы, ён бы ня ведаў такіх падрабязнасьцяў. Я, мясцовая, ня ведала, дзе знаходзіцца гэты РАУС.
Праз паўгадзіны мы былі ўжо там. Каля РАУС ужо было такіх, як я, дзяўчат пяць. Адна прынесла перадачу мужу, які быў назіральнікам 9 жніўня на выбарах, а іншых затрымалі гэтаксама, як і Кірыла. Каля РАУС дзяжурыў міліцыянт у масцы. І ён нам усё казаў: «Я вам настойліва рэкамэндую ісьці адсюль». Калі я яму сказала, што сюды павінны прывезьці майго мужа і мне трэба даведацца інфармацыю пра яго, ён мне адказваў, гледзячы ў вочы: «Я вам шчыра кажу, што сёньня ніхто нікога сюды везьці ня будзе. Іх павязуць у Жабінку, Бярозу, але тут нікога ня будзе». Дзяўчаты, якія стаялі са мной, казалі яму: «Пяць хвілін таму сюды заяжджалі «хуткая», аўтазак». Міліцыянт адказваў, што гэта яны «так прыяжджалі». Потым ён яшчэ гаварыў нам разысьціся. Калі мы ўсе крыху адышлі, у двор заяжджалі аўтазакі і «хуткая».
Я цэлыя суткі не магла атрымаць ніякай інфармацыі пра свайго мужа. Як і іншыя берасьцейцы не маглі даведацца, дзе знаходзяцца іх зьніклыя сваякі. Тэлефон у РАУС не падымалі, дзьверы не адчынялі, а людзям, якія прыйшлі да РАУС, усё абяцалі даць інфармацыю пазьней.
Больш сьвінскага стаўленьня, чым у Ленінскім РАУС Берасьця, я ня бачыла. Адна жанчына, якая таксама шукала свайго мужа, пастукала ў браму, на што ёй з таго боку адказалі: «Хочаш сюды? Зараз арганізуем!» На наступны дзень, 11 жніўня, прачыніліся вароты і нам сказалі, што сьпісы затрыманых будуць каля 14 гадзін.
У гэты час мы паехалі ў пракуратуру, але там нам сказалі, што яны не займаюцца пошукам людзей. Але, калі мы так хочам, то нашы заявы аб зьнікненьні людзей пасьля абеду і нарады перададуць у Ленінскі РАУС.
Калі мы вярнуліся ў РАУС, я ўбачыла прозьвішча свайго мужа ў сьпісах затрыманых. Але нам сказалі, што гэта ня значыць, што затрыманыя знаходзяцца менавіта ў гэтым РАУС. Гэта толькі пацьвярджае, што яго затрымалі. Але дзе менавіта ён знаходзіцца і паводле якога артыкулу затрыманы, было невядома.
На другі дзень затрыманьня Кірыла мне ўдалося даведацца, што ён знаходзіцца ў берасьцейскім СІЗА №7 і што яго затрымалі ў рамках адміністрацыйнай справы паводле артыкулу 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Нашы сябры перадалі яму перадачу: печыва, шакаляд, сухафрукты і пяць пачкаў марозіва. Яны падумалі, што ў камэры ж звычайна столькі людзей зьмяшчаецца. Але потым аказалася, што 32 чалавекі ў камэры елі гэтыя пяць пачкаў марозіва. Муж расказваў, што ў камэры ўсе адзін аднаго вельмі падтрымлівалі. Адзін хлопец нават пасьля суду не сышоў, застаўся з усімі.
Усіх затрыманых 10 жніўня трымалі адразу ў гаражах РАУС, таму што месцаў не было. Як расказваў Кірыл, вялікія гаражы ўжо былі вызваленыя для іх. На бруднай земляністай падлозе яны ляжалі, не падымаючы галавы. Там было вельмі шмат людзей. Заносілі чалавека, а зь яго кроў капала. Яго кінулі ў кут, ён быў увесь у крыві. Так яны і не даведаліся, што з гэтым чалавекам было потым.
Потым Кірыла і ўсіх астатніх перавялі ў спартыўную залю. Амаль суткі яны там ляжалі. У іх была адна бутэлька вады на чалавек сто затрыманых. У прыбіральню адразу іх наогул не адпускалі. Калі людзі прасіліся, то ім казалі, што «жывёлы ходзяць пад сябе». Але потым, калі ў залі пайшоў пах, іх пачалі выводзіць па адным у туалет. Са словаў Кірыла, там былі розныя людзі: і пажылыя, і з эпілептычнымі прыпадкамі, і цяжарная жанчына.
Муж казаў, што ў гэтай спартзалі білі ўсіх жудасна. Некаторыя сілавікі «адказвалі» за зьбіваньне паводле пэўных прыкмет. Напрыклад, адзін біў «жанацікаў» — у каго былі пярсьцёнкі на пальцах, таго біў дубінкай па руках. Каля Кірыла ляжаў малады хлопец, які спрабаваў сказаць, каб яго ня білі, таму што ў яго бацька міліцыянт. Але яго білі ў некалькі разоў больш, таму што «тата дрэнна выхаваў».
У мужа моцных сінякоў не было. Былі «калідоры» зь сілавікоў, калі іх пераводзілі з гаража ў спартзалю. Вось там Кірыл атрымаў гематому на назе.
Пасьля вызваленьня Кірыл зьвярнуўся ў лякарню, дзе яму дыягнаставалі пералом правай ступні, пашкоджаньні левага пляча і перадплечча, правага сьцягна. Некаторы час ён прабыў у гіпсе.
Калі Кірылу зламалі нагу, ён дакладна ня ведае. Ён кажа, што ня памятае, у які менавіта момант у яго пачала балець нага, але гэта было з самага пачатку. Ці то яму на яе наступілі, ці то гэта адбылося ў «калідоры». Але за чатыры дні ён зьмірыўся з тым, што ў яго баліць нага.
Калі іх перавялі ў СІЗА, то ў камэры сядзелі звычайныя «зэкі». І калі ў камэру завялі каля 30 чалавек, тыя былі ў шоку. А калі яны пачалі разьдзявацца пасьля таго, што зь імі было, то «зэкі» з нараў падскочылі ад жаху. Яны вызвалілі ім месца і сказалі, што за ўсё сваю жыцьцё такога ня бачылі. Паміж сабой размаўлялі: «Хто іх так і за што?».
Судзілі Кірыла толькі на чацьвёртыя суткі, 14 верасьня, у 18 вечара. Яго справу разглядаў судзьдзя суду Ленінскага раёну Берасьця Андрэй Грушко.
Участковы сьведчыў на судзе аб тым, што Кірыл знаходзіўся ў людным месцы на Савецкай, сымболікі пры сабе ня меў, але выкрыкваў антыўрадавыя лёзунгі. Судзьдзя пытаўся, чаму, жывучы ў іншым канцы гораду (а цешча, да якой мы ішлі ў той вечар, жыве на другім канцы), ён апынуўся на Савецкай вуліцы. Мы адказвалі, што мы былі ў ЦУМе. Судзьдзя нам казаў: «Вы што, ня бачылі, што там сход людзей, што там сымболіка, чаму вы там апынуліся?»
У выніку судзьдзя аштрафаваў Кірыла на 10 базавых велічыняў (270 рублёў), нягледзячы на тое, што ён ужо адбыў чацьвёра сутак. Нават ня трое! Абласны суд пакінуў пастанову бязь зьмены, нягледзячы на тое, што Кірыла ўтрымлівалі чацьвёра сутак і зламалі нагу.
Кірыл напісаў заяву па факце зьбіцьця яго супрацоўнікамі міліцыі і з нагоды бесчалавечных умоваў утрыманьня, але праверку праводзяць ужо трэці месяц. Кірыла выклікалі на допыт да трох розных сьледчых, больш «зрухаў» у гэтай справе няма“.
„Параненых везьлі ў вайсковы шпіталь, каб схаваць іх і злачынствы МУС“
Кіра Карловіч, журналістка, 31 год, Менск:
„Гэта было першае галасаваньне ў маім жыцьці: раней я не цікавілася палітыкай. Толькі мяне ў сьпісах для галасаваньня не знайшлося. Старшыня камісіі мітусьліва пераконвала, што ў гэтым няма ніякай праблемы, запісала мае зьвесткі на сурвэтку, сунула яе ў кішэню і выдала чысты бюлетэнь. На гэтым этапе я канчаткова пераканалася, што галасаваньне — толькі фармальнасьць.
Помню, дадому я вярталася з апушчанай галавой і напявала зь м’юзыклу «Чыкага», дзе сантэхнік называў сябе цэляфанавай празрыстай істотай, якая нічога не вырашае, і ад якой усе адмахваюцца, як ад сьмецьця. Думаю, падобную «цэляфанавасьць» на выбарах адчулі многія, бо к вечару 9 жніўня Менск абурана гудзеў. Магчыма, калі б у краіне не адключылі інтэрнэт, я б засталася дома і сачыла за падзеямі ў YouTube. Але сядзець у чатырох сьценах было немагчыма і я выправілася ў цэнтар гораду, каб самой даведацца, што адбываецца.
Праяжджаць міма школ было вусьцішна: восем вечара, зьмярканьне, сотні людзей стаяць ля дзьвярэй будынка і за тэрыторыяй, моўчкі чакаючы вынікаў выбараў на ўчастку. У цэнтры аказалася ня лепей: рэкордныя заторы на дарогах, сыгналы кляксонаў, голас Цоя з кожнай другой машыны, тысячы пешаходаў у белых футболках на тратуарах. З натоўпу стала далятаць інфармацыя, што сілавікі перакрылі цэнтар па пэрымэтры і заблякавалі людзей у тэрытарыяльных квадратах такім чынам, каб усе ахвотныя не маглі сабрацца каля стэлы. З боку стэлы бліскалі ўспышкі.
Я апынулася ў групе заблякаваных у раёне Нямігі. Ніякага мітынгу там не было. Тысячы людзей разгублена блукалі па вуліцах без магчымасьці даехаць дадому, аўтамабілісты падтрымлівалі пешаходаў, нейкі пэнсіянэр на ровары гістэрыў, што нас усіх зараз заб’юць, а астатнія напружана чакалі.
І мы дачакаліся. На дарозе зьявілася калёна аўтазакаў, вайсковай і міліцэйскай тэхнікі, зь іхнага боку ўзрываліся пэтарды і ішоў дым. У той вечар я ўпершыню ўбачыла столькі ўзброеных людзей: калёна АМАПу грукала шчытамі перад тварамі грамадзян на аўтобусным прыпынку, за імі стаяла ўзброенае падмацаваньне ў шаломах, зь пярцовымі балёнчыкамі, дубінамі і зброяй. Супраць каго? Супраць людзей у шортах, якія нават на мірны пратэст ішлі выключна на зялёны сыгнал сьвятлафораў?
Неўзабаве калёна сілавікоў пачала выцясьняць людзей у бок праспэкта Незалежнасьці. Я падумала, што зараз нас сьціснуць у кольца і расстраляюць, але ў той раз абышлося. Апынуўшыся на праспэкце, людзі спрабавалі размаўляць зь сілавікамі, але дыялёгу ня выйшла: тыя адмоўчваліся або пагражалі. Жыхары дамоў размахвалі бел-чырвона-белымі сьцягамі з вокнаў і падказвалі мінакам, у якім баку «пакуюць» у аўтазак. Кожныя пяць хвілін гучалі сырэны хуткай дапамогі і крыкі затрыманых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАДадому трапіць было немагчыма, а заставацца на вуліцы небясьпечна, таму рэшту ночы пасьля выбараў давялося правесьці на вакзале ў пачакальні. Дарэчы, раніцай дарогу дадому мне перакрылі два супрацоўнікі АМАП у балаклавах. Адзін зь іх схапіў за руку са словамі:
— Та-ак, а што гэта ў нас за белы бранзалет такі… Мітынгуем?
— Гэта гумка для валасоў, яна сьветла-ружовая.
— А тэлефон свой разблякуйце.
Маўчу.
— Вы можаце разблякаваць тэлефон?
Маўчу.
— Дзевушка, я вас тут ня бачыў. Калі яшчэ раз трапіце на вочы, паедзеце з намі.
Гэта быў самы небясьпечны момант за ўсю ноч, але пазьней я зьдзіўлялася, што мяне адпусьцілі.
10 жніўня. Інтэрнэту дагэтуль няма. Увечары нават да майго спальнага раёну дайшлі сыгналы машын, а пад вокнамі суседзі абураліся, што галасавалі ўсім домам, а ў журнале рэгістрацыі на ўчастку ад нас усяго 4 чалавекі…
Ня маючы ніякай інфармацыі, проста на покліч сэрца я рушыла ў цэнтар гораду. Але на вуліцы Прытыцкага рух транспарту спыніўся, кіроўца стаў выпускаць пасажыраў з тралейбуса, а крыклівая бабка абуралася ў натоўп: «Ну і як мне цяпер дайсьці дадому?! Ідыёты, ходзяць яны тут, рожкі паказваюць! Дрэнна вам жывецца? Вунь палова моладзі на машынах езьдзіць… Сталіна на вас няма, у склепах не жылі, ня ведаеце, як гэта: дзень на заводзе “адпахаць”, а потым паўтары гадзіны ў чарзе па тую сінюю курыцу стаяць. А вам усё перамен! Цьфу!»
На скрыжаваньні вуліцы Прытыцкага і праспэкта Пушкіна, проста на праезнай частцы, стаялі мінакі са сьцягамі, крычалі «Уходи!», кіроўцы іх падтрымлівалі. Я зьбіралася ў цэнтар і падумала, што Пушкінская — невялікая выспачка пратэсту гэтым вечарам, прамежкавы пункт.
Я пайшла далей, у бок гіпэрмаркета «Карона» па Кальварыйскай. Потым убачыла вялікую групу людзей насустрач — стала вяртацца. Амаль адразу закрычалі: «Мянты едуць!» Усе разьбегліся ў двары побач са скрыжаваньнем. Я забегла ў пад’езд, але нічога не было відаць, таму вырашыла вярнуцца. Проста хацела ведаць, што адбываецца. Знутры гэта выглядае, як мітусьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ выйшла якраз побач са скрыжаваньнем. Праз дарогу, з боку гатэлю «Арбіта» і кінатэатру «Аўрора», выстраілася калёна амапаўцаў са шчытамі. Людзі хаваліся за дамамі і назіралі. Так атрымалася, што я выйшла бліжэй, у адзін зь першых шэрагаў. Напярэдадні такая калёна стаяла за мэтар-паўтара ад мяне. І яны нічога не рабілі. У прынцыпе, у іх не было падставаў ні 9-га, ні 10-га. Таму я не баялася.
Сёньня інтэрнэт поўны жахлівых хронік таго вечара, але ў эпіцэнтры падзеяў яны ўспрымаліся інакш. Напрыклад, я ня бачыла забітых ці параненых. Я была ўпэўненая, што ўсё, што адбываецца — спэцэфэкты, нас проста палохаюць, каб разагнаць, і мне не было страшна. Як журналіст я проста назірала. А потым мяне падстрэлілі.
Я адчула моцны ўдар у плячо, менавіта ўдар, як быццам здаровы мужык урэзаў мне кулаком. Але нікога побач не было, і стала ясна, што прыляцеў нейкі прадмет. Ад шоку боль быў не такі ўжо моцны, я нават ня ўпала і не ўпусьціла тэлефон. Мой розум уключыў рэжым кампутара: вось праблема, цяпер думай, як вырашыць яе, выжывай. Я нават бегла, з усім разламаным. Я цяпер у гіпсе не магу і трошкі прабегчы. Нават у лякарні яшчэ не разумела, што адбываецца, пыталася: «Мне можна будзе тут паспаць, ці вы мяне дадому адправіце?»
Мне вельмі пашанцавала: хуткая дапамога дзяжурыла ў суседнім двары. У карэце я ўбачыла яшчэ аднаго параненага: у хлопца з галавы цякла кроў, у пахвіне была рваная рана, і ён стагнаў, што адарвала два пальцы. Жудасна, што ў параўнаньні зь ім мне пашанцавала. Паранены тэлефанаваў жонцы і плакаў. На трэці званок я ня вытрымала: «Саша, заткніся! Пра жонку падумай: яна там пасівее да раніцы ад тваіх расказаў. Я вунь дзяўчына, і то бацькам не тэлефаную, каб яны гэтую ноч паспалі. Горш ужо ня будзе, зараз нас давязуць у лякарню і зашыюць, супакойся!». Быццам бы супакоіўся…
Да таго часу сілавікі адчулі смак і сталі труціць цывільных газам. Доктара ў машыне пачало ванітаваць на падлогу, людзі з вуліцы ламіліся да нас у машыну ў надзеі атрымаць дапамогу, я піла ваду і старылася дыхаць роўна і носам. Нават вось у такой атмасфэры стала ў тэлефоне чысьціць фатаздымкі за суткі. Мы не маглі выехаць мо паўгадзіны, бо ўсё было перакрыта.
І зноў пра шанцунак. Мне пашанцавала трапіць адразу ў лякарню, дзе дактары спэцыялізуюцца на ваенна-палявой хірургіі. Але і кантынгент там суровы. Зь першых хвілін суседка па палаце і санітаркі накінуліся з папрокамі: «Ага, глядзі, Лена, пачалося… Прыперліся, рэвалюцыянэры хрэнавы. Ну і навошта ты туды пайшла? Сама вінаватая. Цяпер такіх кантужаных другую ноч вязуць. А ў нас заўтра УГД, плянавыя апэрацыі, працэдуры. А вы ўсё псуяце, наркаманы». Параненых падвозілі кожныя 20 хвілін. У калідорах дактары шапталіся, што ніколі ня бачылі столькі крыві.
Як высьветлілася, куля пацэліла мне ў плячо, разьбіўшы ключыцу на аскепкі. Уласьцівасьць гумавых куль — пранікаюць неглыбока, але ствараюць магутную ўдарную хвалю. Таму страляць гумавымі кулямі ў корпус і ў галаву ні ў якім разе нельга.
У мяне атрымалася кантузія на палову тулава (варта было крыху напружыць цягліцы — і адразу быў боль да самага чэрапа), гематома на сьпіне, якая і празь месяц да канца не сышла, і адкрыты пералом з ранай больш за 10 см у даўжыню і некалькі сантымэтраў у шырыню. Мне ў плячо кожны дзень закладвалі па два тампоны, каб хоць неяк спыняць кроў.
І зноў: некалькі дзён ляжаць у лужыне ўласнай крыві — гэта цяпер шанцунак. Калі на першай апэрацыі мяне ўводзілі ў наркоз, дактары абмяркоўвалі, ці варта захоўваць нагу 16-гадоваму хлопцу ў штучнай коме, або ён мае больш шанцаў выжыць з ампутацыяй. У часе другой апэрацыі, ужо пад мясцовай анэстэзіяй, я тры гадзіны слухала, як дактары пілуюць маю ключыцу. Як у іх не атрымліваецца і робяць наноў. Як пальцамі перабіраюць цягліцы і ўстаўляюць жалезныя сьпіцы ў абломкі косткі. Як крэсла пада мной развальваецца ад старасьці, а лямпа падае на галаву. У другім канцы апэрацыйнай хірург гучна абураўся: «Вось прыдуркі, яйцы ім паадрываць. Яны па мітынгах ходзяць, а я ім чацьвёрты дзень кулі з азадкаў дастаю!»
— Хто там такі злы ў вас? — спытала я праз шум дрыля.
— Доктар ня злы, доктар ня спаў трое сутак, — зьмякчыла мэдсястра.
Дактары не казалі, што ў мяне пералом, да наступнага дня. Празь дзень сказалі, што адкрыты пералом. Яшчэ празь дзень, што будуць мне зьбіраць ключыцу. Як мне сказалі, паводле ваенна-палявой хірургіі маё раненьне ацэньваецца як ня вельмі складанае. Нягледзячы на тое, што было тры апэрацыі на плячы і ўскладненьне на лёгкае.
Другі месяц я на бальнічным. Днямі мне выцягваюць сьпіцы… Два аскепкі косткі зрасьліся даволі роўна, адзін крыху выпірае — я ўжо цяпер магу адчуць невялікую выпукліну. Вядома, усё гэта баліць і цягне кожны дзень, але не кругласутачна і па-рознаму.
Часам, калі пераварочваюся, чую, як шчоўкае нешта. Гэта трохі жудасна. Але да гэтага прывыкаеш. Левая рука нашмат танчэйшая за правую — цягліцы атрафаваліся. І ёсьць цягучы боль уздоўж цягліц. Я думаю, гэта ўсё вернецца, калі здымуць павязку і я буду распрацоўваць руку. Дактары кажуць, колькі была зьнерухомленая рука, прыкладна столькі ж функцыі будуць аднаўляцца. Зрэшты, я цяпер адной рукой толькі коўдру ў чахол не запраўлю, а так усё магу. І працую адной рукой — не хачу падстаўляць калег.
У пэрспэктыве будзе прыгожы шнар на ўсё плячо. Я ня буду лазэрам зводзіць яго. Я гэта не хачу забываць.
Я бясконца ўдзячная дактарам за тое, што яны выратавалі мне жыцьцё. Яны зрабілі найлепшае, што можна было ў маёй сытуацыі. Але чаму мяне хавалі ад праваахоўнікаў? Я не ляжала з пацярпелымі ў адной палаце. Чула, што прыходзяць зь міліцыі іх дапытваць нават у чатыры раніцы. Са мной нічога падобнага не было, хоць я ведаю, паводле закону дактары павінны былі паведаміць пра агнястрэльнае раненьне. Калі мы з адвакатам расшыфравалі код дыягназу ў бальнічным, высьветлілася, што ён адрозьніваецца ад коду ў выпісцы. У бальнічным мне напісалі «бытавая траўма». Такі побыт, ведаеце, у нас крымінальны.
Дарэчы, Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва паставіў цікавую ўмову: бальнічны могуць аплаціць, але калі ў будучыні на мяне завядуць крымінальную ці адміністрацыйную справу, усе грошы давядзецца вярнуць у фонд зь пеняй і штрафам.
Калі я ляжала ў лякарні, я думала, што стану больш грубай, — доўгі час не магла плакаць. Вось дагэтуль. Выключэньнем стала відэа, як забілі Аляксандра Тарайкоўскага. Мне здаецца, гэта быў пік зьверства. І тое, як засыпаюць сольлю, пяском надпіс «Не забудзем, не даруем», — проста квінтэсэнцыя таго, як дзяржава ставіцца да нас. Яны спадзяюцца, што мы забудзем і перагорнем гэтую старонку. Але гэтага ня будзе.
P.S. Праз паўтара месяцы пасьля таго, як мне выцягнулі сьпіцы, высьветлілася, што тры першыя апэрацыі былі няўдалымі. Цяпер я ўпэўнена, што параненых везьлі менавіта ў вайсковы шпіталь не таму, што там найлепшыя лекары, а каб схаваць іх і схаваць ад грамадзкасьці злачынствы МУС. Напрыклад, рэканструкцыяй кісьці прафэсійна займаюцца толькі ў траўматалёгіі шостай лякарні. Але мяне не перадалі ў профільную лякарню, а зрабілі тры няўдалыя апэрацыі ў сябе. У выніку — ускладненьне на лёгкае і косьць, якая разышлася праз 1,5 месяца. Улічваючы тое, што агнястрэльныя пераломы складаныя самі па сабе, я лічу, што лекары вайсковага шпіталя ня мелі права рабіць апэрацыі абы-як і траціць час“.
„Далі ў калена берцам — нага сагнулася ў адваротны бок“
Віталь Паўлючэнка, 43 гады, інжынэр-будаўнік, Менск:
„9 жніўня, выбары. Мы прагаласавалі і сфатаграфаваліся зь белай стужкай на руцэ — дачка прыгожа зрабіла.
Увечары чалавек 200 выйшлі да 53-й школы і чакалі, калі нам вынесуць вынікі. Выбарчая камісія з чорнага ходу выбегла і села ў сіні бус. Мы падбеглі да іх, крычалі «Ганьба!». Потым нейкі хлопец пачаў фарбай гэты бус абмазваць. Калі міліцыя прыехала, усе разьбегліся. Мы пайшлі да плошчы Бангалор, але там нікога не было — вярнуліся дадому.
У панядзелак на працу. Далі заданьне ўначы выйсьці — на Чкалава мост у крытычным стане, крайнія бэлькі трэба было падперці. Мы масты будуем. А я старшы прараб. Матэрыялы сабралі, кран замовілі. Чакаем. Недзе ў шэсьць патэлефанаваў галоўны інжынэр: «Падзеі храновыя, дзяржслужба забараніла кудысьці выяжджаць увечары». А мне ж трэба было яшчэ з Шабаноў паехаць у Чыжоўку, забраць кранаўшчыка, каб ён забраў кран і падпісаў дакумэнты.
Дзесьці ў сем-паўвосьмай я ўжо сабраўся ехаць дадому — да ГЦ «Рыга». Жонка патэлефанавала: «Віталік, не прыяжджай: тут у нас зьбіраюцца барыкады рабіць». А інтэрнэт адключаны быў, я нават пачытаць нічога ня змог. Вырашылі, зьезьдзім пакуль на аб’ект, я хоць калегу ўвяду ў курс справы. Потым вырашылі ехаць да мяне.
Каталіся, каталіся да гадзінак адзінаццаці — паўсюль перакрыта. Дзесьці сыгналілі машыны. Мы таксама пасыгнальвалі. Ну цікава было. Мая жонка ўсё кажа: «Не прыяжджай, тут вайна нейкая: узрываецца, страляюць па вокнах». Ну што рабіць, нідзе не пускаюць машыны. Кіроўцу адпусьцілі, самі вырашылі, пешшу пойдзем, праз двары прабярэмся. А потым двары закончыліся — у нас насупраць была стэла.
Людзі стаяць на ўзгорку. Машын няма, ДАІ няма. Ідзём да моста праспэктам Машэрава. Аўтазак стаіць. І з аўтазака выбягаюць, напэўна, шэсьць амапаўцаў. Падбягаюць двое -- і давай нас біць. Потым яшчэ двое падбеглі — і мне як далі! Глядзяць, напэўна, што вялікі. Далі ў калена берцам. Нага сагнулася ў другі бок, уяўляеце. Зьвязкі ўсе парваныя. Я адразу ўпаў. Б’юць па сьпіне. Папрасіўся: «Ня біце, калі ласка». Тлумачу, што з працы ішлі. Яны: «Паказвайце тэлефоны».
Пачынаюць фоткі глядзець. І ўбачыў тое фота, дзе я са стужкай — «Дык вось вы за каго! Вы ўдзельнічаеце ў мітынгу!» Зноў пару разоў дубінкай атрымалі па сьпіне. Вельмі лаяліся мацюкамі. Кажа іх галоўны: «Давай у аўтазак іх». А я ўстаць не магу. Ён на майго калегу: «Бяры яго пад рукі». Нас у аўтазаку тварам у падлогу, не падымаць галаву, рукі за сьпіну.
Дзесьці праз хвілін 40 сказалі выходзіць. Амапавец хоча ўдарыць, я адчуваю. Прашу: «Ня бі, у мяне нага хворая, зараз упаду тут, увогуле разаб’юся». Ён не крануў. Мы апынуліся на Акрэсьціна. Гэта была, напэўна, гадзіна ночы.
— Нас усіх, чалавек 250, выстраілі да сьцяны каля плоту. Міліцыі вельмі шмат, чалавек пад 50. Амапаўцы потым сабраліся і зьехалі. Калі ўсіх паставілі на калені, я папрасіўся: «Не магу стаяць», боль вар’яцкі. Міліцыянтка дазволіла: «Прысядзьце тады на бардзюр. Толькі апусьціце галаву, бо ня любяць, каб глядзелі». Але я падглядаў — цалкам па пэрымэтры агароджы стаялі людзі на каленях, і рукі былі на плоце. Потым яны да кожнага падыходзілі з камэрай: дзе затрымалі, прозьвішча…
Прыяжджала «хуткая», паглядзелі нагу, сказалі, што расьцяжэньне. Мяне потым пасадзілі ў альтанку, таксама з апушчанай галавой і рукамі ззаду. Кожны міліцыянт лічыў сваім абавязкам спытаць: «А чаго ён тут сядзіць, я не зразумеў?».
Я там трошкі агрызаўся зь міліцыянтамі. «Дарослы дзядзька, чаго ты тут?» — «З працы ішоў». — «Вы ўсе кажаце, што з працы». — «Я кажу, з працы». Заткнуўся і пайшоў. Такі рыжы быў, г..ністы. Падыходзіў і хлопцаў яшчэ ні за што… Потым, калі забіраў свой тэлефон, сказаў, што добра яго запомніў — ён адразу прыціх. А там ён героем ходзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПраз гадзіны 2-3 толькі пачалі нас запускаць усярэдзіну. Памяшканьні 4х4, пад адкрытым небам. Зьверху хадзілі снайпэры. Адразу там было чалавек 50, на наступны дзень, хлопцы казалі, нават па 120 чалавек стаялі, шчыльненька. Людзі проста суткі стаялі, сядзелі, нават ляжалі адзін на адным на гэтай бэтоннай падлозе. Яе цяжка назваць бэтоннай — яна разбураная. Убачыць гэта, вядома, страшна.
Я дзесьці гадзіну пастаяў з хлопцамі, потым кажу: «У мяне, напэўна, зараз галава закружыцца». Яны пастукалі: «Чалавеку кепска, дайце крэсла». Тыя адчынілі праз хвілін дзесяць, вывелі мяне ў калідор, куды ўсе камэры выходзяць.
Пасадзілі на крэсла мяне і яшчэ аднаго хлопца. Проста ў калідоры. Хлопец таксама ня мог стаяць. Яму галаву пабілі — ён не адчуваў палову галавы, рука была сіняя. І стрэлілі ў нагу, у жывот і вышэй сэрца. І галоўнае, ірваных ранаў не было: такая чорная пляма, а вакол сантымэтраў 10 сіняк. Там забаранялі размаўляць, але калі яны сыдуць… Самае цікавае, яны сыходзяць, а потым яшчэ вяртаюцца і глядзяць на нас. Каб мы не ўцяклі, ці што?
Назіралі. Людзі стукаюцца, просяцца ў туалет. Выводзяць 15-16 чалавек, лічаць — усё, ты лішні. Заводзяць усіх у туалет — памяшканьне дзесьці 3х2. Людзі прасілі бутэлькі вады набраць — давалі ім бутэлькі пустыя. Потым наступныя 15 чалавек. Пакуль апошнюю камэру давядуць, ужо першая хоча зноў у туалет. Плюс 2-3 чалавекі бачыў, якія не датрывалі «па вялікай патрэбе».
Потым адбыўся адзін выпадак такі. Дзесьці на другім паверсе людзі крычалі «Выпускай!». Як лёзунг. Хвілін пяць крычалі. Праходзіць начальнік праз калідор, мянтоў дзесьці 30-40, кожны з дубінкай. Нас з крэсламі — у камэру да хлопцаў. І чуем: выводзяць гэтых хлопцаў, ставяць на калені. І як аддубасілі іх... Крычалі, бедныя. «Каго выпускаць? Ты хочаш, каб цябе выпусьцілі?» Мацюкаюцца. Адзін хлопец крычыць: «У мяне ныркі, ня бі!» — і той б’е знарок па нырках. Потым яны нас дваіх з крэсламі вывелі назад. Я бачыў белыя сьцены, калі выйшаў — усе ў крыві.
Супрацоўнікі Акрэсьціна спакойна ставіліся, я зь імі быццам і пазнаёміўся. Прынёс адзін тры кавалачкі хлеба і бутэльку вады нам. І потым яшчэ прынёс пакет капусты квашанай. Мы з пацаном перакусілі крыху, потым, калі хлопцы з прыбіральні ішлі, я першаму, які папаўся, аддаў капусту.
Лекарка прыходзіла кожныя 20-30 хвілін. Проста былі хлопцы-сардэчнікі. Былі хлопцы, якім трэба інсулін калоць. Былі эпілептыкі. Праз паўгадзіны да яго прыйшоў лекар, яшчэ праз паўгадзіны ў яго зноў прыступ. Гэтая доктарка проста зьдзекавалася: «А вы ня колецеся? А вы ня п’яце?»
Увесь дзень 11 жніўня мы праседзелі, а холадна, я ў майцы адной, дый тая падзёртая, дзесьці ў адзінаццаць вечара толькі нас завялі ў камэру. Міліцыянт зайшоў сам: «Хлопцы, пакладзіце яго, у яго з каленам праблемы». У камэры сядзелі чалавек 20 — усе ў фінгалах, пабітыя, сьпіны, азадкі сінія, хто кульгае, у каго палец зламаны. Здымалі штаны — хтосьці сьмяяўся, хтосьці плакаў. Стагналі людзі. У аднаго хлопца ногі былі так адбітыя… Ён усё абліваў штаны вадой, каб неяк боль суняць і смыленьне. Аднаму чалавеку таксама было кепска. Ён быў на ўліку дзесьці ў Навінках, яго павінны былі ўвечары забраць, але прыехалі толькі праз суткі.
Хлопцы шашкі прыдумалі з чорнага хлеба, квадратныя — белыя, а круглыя — чорныя. Я першае месца заняў у шашках, яшчэ калі ў школе вучыўся. Таксама хацелася зь імі пагуляць, але нага баліць, ня ўстанеш, не пасядзіш. Удзень ужо сядзіш, вядома, каб хлопцы ўсе селі.
Вельмі дрэнна сьпіцца. Голыя дошкі. Хтосьці храпе. Круціўся кожныя 10-15 хвілін. Перавернесься — здаецца, так ня ные нага. Потым зноў. Астатнія хлопцы пад ложкам, на падлозе. Нас 25 чалавек было, а камэра на чатырох. Каранавірус яшчэ — гэта ў мяне заўсёды ў галаве было.
Сьвятло ўвесь час гарэла. Прасілі крыху прыглушыць — нельга. У абед далі суп. Я 2-3 лыжкі зьеў, але не хацелася. Калі кармілі апошні раз, далі нам пяць талерак кашы на 25 чалавек — дзяліце. Гарбату давалі. Заварка ёсьць быццам, а на руку лінуў — гарбата белая. Проста хацелася чаго-небудзь гарачага, але яна летняя была, а ўсё роўна было прыемна. Разумееце, там, каб «па вялікай патрэбе» схадзіць, трэба прысесьці, а ў мяне нага. Карацей, дзесьці трое сутак ня еў.
Увечары 12 жніўня нас павялі на суд. Амапавец, такі дзядзька тоўсты, усіх прымушаў бегчы гэтых 4-5 паверхаў, да суду і назад. Некаторым рукі заломваюць, яны сьцяжкамі такімі плястыкавымі скутыя, — і ледзь не да каленяў галава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПамочніца судзьдзі ў мяне спытала, ці патрэбен адвакат. Я адмовіўся. Судзьдзі расказаў сытуацыю, яна кажа: «Мы вам дамо 13 сутак». «Ну навошта? — кажу. — Я ж начальнік участка, масты будую. Вось на Жукава эстакаду трохузроўневую я пабудаваў, мне за гэта Ладуцька, ён яшчэ мэрам быў, мэдаль уручыў. Дайце хоць 10». «Будзеце выступаць, зараз 15 дам». І сьлёзы ідуць. Гэта ж на ўсё жыцьцё застаўся адбітак.
На наступны дзень вывелі ў гэтую малпоўню зноў, пад адкрытае неба. Мы чакалі гадзіны 3-4. Потым ізноў называлі прозьвішчы, выводзілі ў двор — зьбіралі па 25 чалавек, каб садзіць у аўтазак. Амапавец падышоў да мяне: «Дзядзька, што з табой здарылася?» Ён забраў мяне з сабой, папрасіў амапаўцаў дапамагчы мне забрацца. І хвілін 10 я ўжо сядзеў у аўтазаку, а потым хлопцы зайшлі.
А калі выяжджалі, валянтэраў шмат каля Акрэсьціна, усе пляскаюць. Потым павярнулі і на праспэкт, на Берасьце — столькі людзей, і ўсе кветкі трымаюць. І так сьляза прабіла. Гэта афігенная падтрымка! Але было вельмі крыўдна, што так з нашага беларускага народу зьдзекуюцца.
Амапаўцы прыязныя трапіліся: дастае адзін пачак цыгарэт… Проста ў аўтазаку чалавек 20 сядзяць і кураць, дым слупом. Пазьней той самы амапавец падышоў да мяне: «Можа, нешта хочаш перадаць?» Кажу: «Жонцы званочак адзін». Так жонка даведалася, што я ў Слуцку.
Прывезьлі нас у Слуцкае ЛПП, а там унутраныя войскі, з аўтаматамі. Завялі ў душ, мыла далі. Ручнікоў не было, я майкай жа і выцерся. Потым завялі ў вялікую казарму, дзесьці чалавек на 250 было. Быў нават тэлевізар у другім адсеку.
У пятніцу, 14 жніўня, аб’яўляюць: «Будзем вас, хлопцы, адпускаць. Толькі трэба падпісаць нейкія паперы». Маўляў, калі раптам зноў будзеш удзельнічаць у мітынгу, гэта ўжо будзе крымінальная справа. Я ўсё думаў, падпісваць -- не падпісваць. Шчыра, мне так не хацелася гэтыя 13 сутак даседжваць — падпісаў. Куды ўжо я з каленам пайду.
Выходзіў амаль апошні. Далёка па бэтонцы ідзеш, а там валянтэры чакаюць. Галаву апусьціў, і так сорамна. Можа, за тое, што сьлёзы былі на вачах. І што кульгаў: здаровы мужык, а кульгае. А мне калена памазалі, забінтавалі, укол зрабілі, паесьці далі, гарбаты, кавы. Я патэлефанаваў брату… І адразу як заплакаў… А ён за мэтраў 30 ад мяне быў, падышоў, абняў. Потым нават гонар быў нейкі. Я хачу, каб наша краіна жыла.
А пасьля тэлефаную жонцы, кажа: тэрмінова сёньня зьняць пабоі. Мы з братам прыяжджаем у БСМП. Траўматоляг выцягнуў вадкасьць з калена — 35 грамаў. Мне крыху лягчэй стала. І гіпс наклалі.
Цяпер ёсьць такая праблема, што не магу на калена стаць. А так… Трохі кульгаеш, трохі цягне. На машыне пакуль ня ежджу, праблем няма. Мне яшчэ пашанцавала, што ў мяне калена: яны глядзелі, што я кульгаю, што майка парваная, і ўжо больш ляяльна ставіліся. Ну а з псыхалягічнага пункту гледжаньня нейкі страх прысутнічае.
На бальнічным правёў больш за месяц. На працы кажуць: «Калі ты ўжо вернесься, засумавалі».
Гэтыя выбары многае зьмянілі. Мы з жонкай перасталі глядзець усе беларускія каналы. Так хлусяць... Як я раней усё гэта глядзеў? Мне яшчэ сябра пастаянна расказваў, я яму ня верыў. І палітыкай пачаў цікавіцца тады, калі Бабарыка пайшоў выбірацца. Я ж у ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі быў, я больш за 100 подпісаў сабраў. І яшчэ да гэтага блогер Ціханоўскі расказваў, як у краіне добра жывецца. Я падпісаўся“.
„Мяне паклалі ў маю ж лужыну крыві“
Максім Харошын, уладальнік крамы «Первый цветной», Менск:
„Я ня помсьлівы і ніколі не жадаю людзям зла, але я яшчэ раз хачу паглядзець ім у вочы, толькі калі яны будуць за кратамі.
Мяне завуць Максім Харошын, я той самы ўладальнік «Первого цветного» і той самы вясёлы хлопец, які раздаваў на жаночых акцыях кветкі.
13 кастрычніка мяне затрымалі невядомыя. Я вельмі доўга баяўся гэтыя кадры глядзець. І толькі нядаўна пачаў іх праглядаць… І я сам у жаху, я сам не пазнаю сябе. Бо я заўсёды вясёлы, адкрыты, жыцьцярадасны. А тут увесь проста кабачок якісьці. Для мяне гэта нейкі сон. Я гэтага ня памятаю.
Мы з жонкай выйшлі ў 8:30 раніцы ў двор, селі ў машыну, не пасьпелі дзьверы зачыніць. Адразу гэтыя дзьверы адчынілі, пачалі крычаць матам. І мы не зразумелі, хто гэта, людзі былі бяз масак. Першая думка ў мяне: «Можа быць, гэта нейкі пранк». Адразу пачалі біць мяне ў твар. Тры ўдары ў твар — і я ўжо проста ня бачу. У мяне ацякло вока, разарвалі губы. Столькі крыві, што я ўжо проста ня бачу. Пасьля мяне паклалі ў маю ж лужыну крыві. Я там яшчэ ляжаў пяць хвілін, а яны рабілі ператрус машыны. Потым яны надзелі мне балаклаву і завялі ў свой мікрааўтобус.
У мікрааўтобусе яны ўжо былі ў масках. Мне сказалі сядзець на карачках, не падымаць галавы. І ўсю дарогу, пакуль мяне везьлі ў РУУС (хвілін сорак), я быў на каленях.
Калі мяне прывезьлі ў Першамайскі РУУС, то там было больш жорстка. Там завялі мяне ў кабінэт, дзе было чалавек дзесяць, зь іх недзе тры дзяўчыны. Там адразу пачалі біць. Калі мяне білі, усе дзяўчаты і ўсе супрацоўнікі, акрамя двух, пры гэтым казалі: «Як мы ад гэтага стаміліся, хопіць іх ужо біць». І сыходзілі з кабінэта.
Мяне білі дубінкамі, білі ў твар і казалі: «Чаго табе яшчэ не хапае ў гэтай краіне? Мы навучым любіць міліцыю. Мы вас усіх вышчамім, усіх зловім. Яны мне казалі: «Мы дакажам, што ты кідаўся шумавымі гранатамі, што ты разабраў вадамёт, мы дакажам, што ты спаліў лецішча начальніка АМАПу». То бок усё, што адбывалася ў Беларусі, яны імкнуліся на мяне перапісаць.
Мы жывём у цэнтры гораду, мы ўвесь час езьдзілі са сьцягам. Мы былі заўважныя ў цэнтры гораду. Такіх, як мы, ня тое што няшмат, але мы ім прымільгаліся. Яны мне пра гэта сказалі, што пастаянна бачылі маю машыну, што «ты нейкі бясстрашны».
Яны мяне зьбілі да страты прытомнасьці, далі нашатыр, каб прывесьці ў парадак. Празь пяць хвілін пачалі зноў біць. І потым у мяне пачаўся астматычны прыпадак, мне не хапала паветра. Я пачаў задыхацца, і гэта іх вельмі моцна напалохала. Яны пачалі адзін на аднаго раўсьці, што ж вы нарабілі. Усе выбеглі з кабінэта і выклікалі «хуткую».
Мяне ў стане шоку даставілі ў лякарню. Выйшаўшы зь лякарні, я паехаў на рэабілітацыю ў Літву. Знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі мне дакладна небясьпечна.
Фізычна мне лепей, маральна — так сабе. Увесь час усплываюць нейкія флэшбэкі, працуем з псыхолягам, з псыхатэрапэўтам. Я думаў, што гэта будзе пераносіцца крыху лягчэй.
У Вільні я сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай. Яна ўбачыла мяне, ёй сказалі: «Гэта той Максім, за якога вы моцна хваляваліся». Мы падышлі, проста абнялі адно аднаго і пачалі плакаць. Я думаю, што сёньня гэта стан кожнага беларуса. Бо мы вельмі салідарныя і адзін за аднаго перажываем той боль, які мы перанесьлі.
Мне вельмі шмат людзей напісалі, тых, якіх пабілі 9-11 жніўня. Да майго выпадку яны думалі, што больш ня пойдуць на акцыі. Бо ім фізычна балюча, маральна балюча, нехта інваліды, нехта калекі. Але пасьля майго выпадку… Мне было гэта вельмі горка чытаць, але яны напісалі: «Ты як новы віток нашых сіл, пасьля твайго выпадку мы ўсе будзем выходзіць»“.
„Граната ўпала літаральна за крок ад мяне“
Валерыя Яніцкая, 20 гадоў, студэнтка:
„9 жніўня я наўмысна прыехала з Баранавічаў у сталіцу, каб быць каля стэлы і такім чынам паказаць, што ня згодная з фальсыфікацыяй выбараў. Я ўпершыню бачыла такую колькасьць салідарных людзей, а яшчэ вадамёты супраць іх і сьвятлашумавыя гранаты. Першая ці другая выбухнула за крок ад мяне…
Мне сёньня дасталі апошні аскепак ад гранаты. Адразу не заўважылі на пераносьсі, думалі, што там нітачка, яна таксама сіняга колеру. Ажно гэта аскепак 3 мм. Доктар сказала, што сабе на памяць пакіне, яна такога ніколі ня бачыла. Ну а мне шнар застанецца.
Я жыву напалову ў Менску, напалову ў Баранавічах. Выходзіць у Баранавічах мне чамусьці было страшна. У Менску ўсе дарогі былі перакрытыя, інтэрнэту не было. Ужо цямнела, можа, гадзін восем вечара было. Я прыехала на таксі ў цэнтар, да стэлы. Я адчула, што мой абавязак — быць там. Там ужо было вельмі шмат людзей, многія ішлі з плякатамі. Мы дамовіліся сустрэцца зь сябрамі, але сустрэцца ў такой вялізнай грамадзе было проста немагчыма.
Я стаяла праз дарогу ад стэлы, у вялікай групе людзей. Насупраць быў АМАП, проста на дарозе. Людзей на праезнай частцы не было.
Я стаю і думаю: трэба, каб людзі ўсе выйшлі на дарогу. Мне не было страшна. У мяне проста характар такі, я не баюся быць першай. Я выбегла на дарогу. У нейкі момант паварочваю галаву і разумею, што ззаду мяне вялізны натоўп стаіць — гэта дзьве грамады злучыліся. А я стаю сярод мужчын у першым шэрагу.
Адзін мужчына ўвесь час казаў: «Трэба ісьці ў бой!» Усе яго называлі правакатарам. Адразу пачалі людзі самі думаць галавой. Мы ж не хацелі чагосьці агрэсіўнага. Мы прыйшлі проста пастаяць, пакрычаць, што мы супраць. Таго мужчыну разоў шэсьць спрабавалі забраць з дарогі. Ён нават блізка-блізка да АМАПу падыходзіў.
Потым пад’ехаў аўтазак і людзі адмовіліся яго прапускаць. Пасьля кароткага маўклівага супрацьстаяньня аўтазак паехаў на людзей. Гэта здарылася каля 23:00.
Шчыра, у мяне была агрэсія. Але я разумела, што ня трэба яе праяўляць. Мне было крыўдна. Яны ж першыя пачалі. Тут людзі сталі прыносіць бутэлькі шкляныя. Яны былі гатовыя кідаць іх у АМАП. Але нават тады людзі разумелі, што ніхто ня хоча гвалту. Тых, хто прыносіў бутэлькі, проста выганялі і пляшкі разьбівалі ўсярэдзіну сьмецьцевых бакаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПачалі будаваць барыкады, каб, калі амапаўцы раптам стануць наступаць, можна было ўцячы. Пачалі сьметніцы звозіць, нешта накшталт клюмбаў бэтонных. Бачыла, як жанчына патэльню кідала з трэцяга паверху, каб грукатаць было гучна па сьмецьцевых баках. Потым многія людзі запалілі ліхтарыкі, і мы маглі ўбачыць: дзесьці ўдалечыні, за амапаўцамі, было прыблізна столькі ж людзей, як і нас.
Стаяць наперадзе ў сярэдзіне счэпкі мне стала страшнавата. Хлопцы побач ня раз раілі адысьці далей — ці мала што. Я адышла на самы край, каб, калі што, можна было ўцячы ў двор. Я бачыла, як да АМАПу ззаду пачалі пад’яжджаць вялікія машыны, падвозілі нейкую тэхніку. Потым уключыўся вадамёт.
Я гляджу і пачынаю плакаць. Мяне тады агарнуў жах. І я проста падыходжу ззаду да хлопца і кажу: «Мне страшна». Ён бярэ мяне за руку: «Усё будзе нармальна, стой побач са мной». І ў гэты момант пачынаюць прылятаць гранаты.
Мне дасталася, здаецца, першая. Хлопец мяне спрабаваў затуліць. Я павярнулася і атрымалася так, што ня ён мяне затуліў, а я яго. І потым ззаду яшчэ былі выбухі.
Граната ўпала літаральна за крок ад мяне. У гэты час я здымала відэа, час здымкі — 23:48. Мне здаецца, што ў той момант ад выбуху пацярпела толькі я. Тры аскепкі пацэлілі ў ногі, самы вялікі — каля 2 см — параніў твар, заліўшы ўсё крывёю.
Было вельмі шумна, я не разумела, што адбываецца, проста стаяла на месцы, хісталася. Мяне падхапілі пад рукі і павялі кудысьці. Я адчуваю, як у мяне па ўсім целе, па ўсёй адзежы пачынае сьцякаць кроў. Я не адчуваю болю. Пачынаю пытацца, ці ўсё ў мяне ў парадку з тварам. Вядома, мне ніхто не адказвае. І я такая думаю: ну ўсё, у мне няма, напэўна, паловы твару. Бо я не магу бачыць, што адбываецца, я яшчэ ў лінзах была, і ўсё крывёю залітае. Але ў мяне з самага пачатку быў аптымістычны настрой, хоць я там і плакала. Самае галоўнае, што жывая, астатняе ня важнае.
За некалькі мэтраў у двары стаяла выратавальная “хуткая дапамога”.
Праз хвілін 5-10 прывялі хлопца, якому нейкі орган прабіла навылет — так казалі. Пасадзілі яго побач са мной — яму нельга было ляжаць. І я адчуваю, як яго кроў сьцякае і па мне таксама. Той хлопец ныў ад болю, яму яўна было горш, чым мне.
Я трапіла ў вайсковы шпіталь. Апэрацыю правялі пад мясцовым наркозам, наклалі шэсьць швоў. Я адчувала, як мне зашываюць раны. Чула, як званіла, не перастаючы, мама. Я толькі папрасіла трымаць каго-небудзь за руку і не панікавала. Пазьней я паскардзілася на боль у сьпіне — выявілася, там не заўважылі аскепак.
Я падумала, што ня буду глядзець, як там мой твар, пакуль мінімум ня пройдзе тыдзень, каб не палохаць сябе. Але не стрымалася, сама сябе сфоткала. Думаю: ну нармальна. Сказалі, што яшчэ б мілімэтар літаральна — і мінус вока.
У тую ж ноч, праз пару гадзін пасьля апэрацыі, у маю асобную палату ўвайшлі двое. Папрасілі падпісаць нейкія паперы. Супрацоўнікамі якога ведамства былі гэтыя людзі, што за паперы я падпісала, што ў мяне пыталіся і што я адказвала, я ня памятаю. Яшчэ не адышла ад наркозу.
На другі дзень да мяне з пытаньнямі прыйшоў міліцыянт. І забраў усю акрываўленую адзежу, рэчы дагэтуль не аддалі. Як ня выдалі і вынікі судмэдэкспэртызы, якую я прайшла адразу пасьля выпіскі. Казалі “заўтра, заўтра”, пакуль я сама не прыехала да сьледчага і той сказаў, што выдаваць начальства забараніла.
Маме я патэлефанавала толькі на раніцу пасьля апэрацыі. Праз пару дзён мама павінна была ляцець на мора. І першай справай я стала ўгаворваць яе не адмяняць паездку. Бабулі і дзядулі, даведаўшыся, наракалі: «Ты ж дзяўчынка, шнар застанецца. Навошта табе выходзіць туды?» Ну а тата сказаў: «Як, а Радзіму хто бараніць будзе?»
Мае бацькі актыўна цікавяцца тым, што адбываецца ў краіне. Цяпер, калі пратэстоўцаў зь Менску прывозяць у Баранавічы, а пад СІЗА сабраліся валянтэры, наша сям’я дапамагае ім прадуктамі і грашыма, падвозіць вызваленых.
Ужо на другі дзень я патрошку хадзіла. Толькі кружылася галава — страціла шмат крыві.
Дактары былі найлепшыя ў сьвеце, такія прыязныя. Зь белымі стужкамі. Увесь час жартавалі, і пра Лукашэнку таксама. Прыехаў незнаёмы доктар зь нейкай лякарні, каб проста падарыць мне цукеркі і сказаць: «Усё будзе добра».
У лякарні мне запісалі на паперку, куды я магу зьвярнуцца па дапамогу бясплатна. Мне патрэбна была мазь за 100 рублёў. А дактары прыслалі мне ў дапамогу курсанта. Замест адной гронкі бананаў ён прынёс цэлы пакет харчоў і ня ўзяў грошай. Потым разгаварыліся. З таго часу ён днямі сядзеў са мной у палаце, расказваў гісторыі, падбадзёрваў.
У наступныя дні паступала шмат людзей, нейкія крыкі, лямант. Мы сядзелі ўдваіх і думалі: «Як на вайне». Вайскоўцаў (з пацыентаў) прасілі, каб дапамагалі дактарам патрымаць кропельніцу, бо не хапала людзей. На трэці дзень туды паступілі, ня ведаю, лукашысцкія ахоўнікі нейкія, і нас таму перавялі ў іншае аддзяленьне на іншы паверх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПраз чатыры дні мяне выпісалі дадому: занадта шмат паступала ў шпіталь параненых.
Я ўжо тады разумела, што мне патрэбен псыхоляг. Мяне адправілі зрок праверыць, рэзка ўключаецца сьвятло — і я пачынаю плакаць. Мяне выпісалі ў мой дзень нараджэньня, і мы паехалі ў Баранавічы. У гэты ж дзень у нас у горадзе праходзіў марш. Я падумала, што я не магу пайсьці, але я магу на машыне паезьдзіць з маёй цёцяй. Потым я захацела выйсьці таксама ў народ. Выходжу — і мне кепска робіцца.
Часта я прачыналася ад таго, што перада мной выбухала граната. На параду псыхоляга я вырашыла лячыць свой посттраўматычны сындром адваротным. Нядзельныя маршы мне вельмі дапамаглі.
Ты разумееш, што няма чаго баяцца, але тваё цела рэагуе міжволі. Бачыш АМАП — страшна, глядзіш на міліцыянта — у цябе сутаргавае пакалочваньне, чуеш нейкія крычалкі — гэта ўсё нагадвае менавіта той дзень, пачынаецца мандраж. Пачынаеш азірацца, як быццам нехта перасьледуе. Жаданьне быць адной, нікуды не выходзіць прысутнічала вельмі доўга. Цяпер страх прайшоў цалкам. І ўсё ж цела яшчэ рэагуе — я пачынаю плакаць“.
„Быў страх, што дадуць каманду біць“
Анатоль Кніга, прадпрымальнік, Сьветлагорск:
„27 верасьня ў часе чарговай нядзельнай пагулянкі мяне і яшчэ пяцёх аднадумцаў затрымала міліцыя. Арыштавалі на 12 дзён. У зьняволеньні схуднеў на 4 з паловай кіляграмы, прачытаў восем кніг, прайшоў 30 км на пятачку 3 квадратныя мэтры, разгадаў тысячу крыжаванак, сустрэў свой дзень нараджэньня і напісаў «Запіскі з ІЧУ».
Я ніколі ня быў актыўным у палітычным пляне, а тут як пераклініла! Бо я стаяў на Цэнтральнай плошчы ўжо 9 жніўня. Мы ўсёй сям’ёй хадзілі на выбары зь белымі стужкамі, мы так спадзяваліся. Але калі абвясьцілі, што ў Лукашэнкі 80%, мне проста сарвала дах… Калі даведваесься, што з 55 выбарчых участкаў у нашым раёне толькі тры вывесілі пратаколы… Гэта абурыла і зьнесла дах.
Я і мая сям’я ні разу не галасавалі за кандыдатуру Лукашэнкі, але я дагэтуль ня быў ні ў якой апазыцыі — ні разу і нідзе. Вось толькі цяпер. Ужо і пашкадаваў тысячу разоў — часам падкрадаюцца сумневы, што ўсё можа быць бескарысна. Але іншага шляху няма. Я нікуды не хачу зьяжджаць — мы нідзе не патрэбны. Я лепш з падарожжа вярнуся ў сваю краіну… Цяпер эканоміка настолькі закрэдытаваная, што бяруць крэдыты, каб выплаціць заробкі, і так да наступнага разу… Гэта ўсё ўрэшце лясьне! І разграбаць гэта нашым дзецям і ўнукам.
Мы, як заўсёды па нядзелях, выйшлі падыхаць, прайсьціся. Ішоў дождж, мы ішлі з парасонамі. Людзей было няшмат, і мы вырашылі прайсьці па горадзе, а не стаяць проста каля «Бярозак», раздражняючы міліцыянтаў. Бо калі раней яны падыходзілі з «мацюгальнікамі», папярэджвалі нас, што мы парушаем заканадаўства, дык ужо другую ці трэцюю нядзелю падцягвалі аўтазак.
Ужо калі падыходзілі да «Бярозак», я атрымаў інфармацыю, што адну нашу дзяўчыну «загрэблі». Мы пайшлі гуляць у бок стадыёна «Папернік», час ад часу скандавалі лёзунгі. Нас суправаджала міліцыя на «УАЗіках», як заўсёды. Неўзабаве наша калёна расьцягнулася, а галава яе ўвогуле зьвярнула па дарожцы ад «Брыльянта». Міліцыя хутка зарыентавалася, падагнала да двухпавярховіка аўтазак, і ўжо нас чакалі.
Частка нашых адчула, што справа пахне смажаным: пачалі адколвацца, хто маладзейшы — кінуліся ўцякаць. А міліцыя проста пачала хапаць… А я ж не адзін, зь дзяўчатамі: жонка побач, кума. Я ім крычу: «Хутчэй у краму!» А сам бачу, што мяне аблажылі, усё. Кажу: «Стоп! Адпусьціце мяне! Зламаеце парасон! Я іду сам…» Абступілі, забралі торбу, а там акуляры, гаманец, тэлефон.
Так я ўпершыню апынуўся ў «стакане» аўтазака. Гэта такі вельмі вузкі адзіночны закратаваны адсек у самым тарцы салёну, там можна толькі стаяць.
Афармленьне заняло сем гадзін. Божа, а колькі дзяржаўных грошай пры гэтым траціцца дарэмна! Яны з аддзела нас па адным вазілі ў раённую лякарню! Па адным! Я спачатку думаў, што ў трубачку дыхаць на наяўнасьць алькаголю. Спытаўся ў мэдсястры, да якой мяне прывезьлі, але і яна ня ведала. Аказваецца, прывезьлі на агляд на наяўнасьць/адсутнасьць пэдыкулёзу і каросты. А вошай у камэры — гэта калі ласка! Там трэба вельмі пастарацца забясьпечыць сябе вось гэтым усім: бактэрыцыдным мылам, антыбактэрыяльнымі сурвэткамі. Таму што стан усяго там… Асабліва матрацы гэтыя… Зразумела, хто гэта робіць. Бамжы ж там і абмочацца, і абдзелаюцца. Хто іх потым апрацоўвае? Усё гэта захоўваецца ў адным пакоі…
Мне пашанцавала ў тым пляне, што затрыманьне было ў нядзелю, бо суд у іх заўсёды ў панядзелак. Адпаведна, вельмі не пашанцуе, калі цябе забіраюць увечары ў пятніцу — у выходныя нічога не адбываецца і будзеш сядзець амаль трое сутак, і нават матраца табе ў гэтым выпадку не дадуць. А ў панядзелак судзьдзя, як правіла, прыяжджае на выязное паседжаньне проста ў РАУС. У мантыі, якая тут выглядае зусім недарэчна.
Небезьвядомы судзьдзя Валодзькін адмёў усе мае нясьмелыя хадайніцтвы, пазбавіў мяне апошніх канстытуцыйных правоў: мець абаронцу, пазнаёміцца з матэрыяламі справы ў поўным аб’ёме… Вэрдыкт — 12 дзён арышту.
Выразнае адчуваньне, што ІЧУ — гэта сутарэньне, казэмат. Усё ў такім паўзмроку… А гэта ўсё на першым паверсе, аказваецца, у левым крыле РАУС. Я наўмысна залез на другі паверх шконкі і ўбачыў плястыкавае акенца 50 на 70. Так, там відаць сьвятло, але погляд утыкаецца ў жоўтую сьцяну цаглянага будынку… Але такія акенцы ёсьць не ва ўсіх камэрах. Вэнтыляцыя маецца, але яна забітая пылам, павуціньнем. Яна нібыта ўвесь час працуе, але толку мала…
Там дзевяць памяшканьняў. Прычым у апошняе, бывае, набіваюць шмат народу. Раней ніякіх шконак не было — былі толькі драўляныя памосты, на якія ўсе клаліся ўшчыльную, па камандзе пераварочваліся. Цяпер, параўнальна нядаўна, там паставілі паўсюль такія магутныя двух’ярусныя ложкі. Але ўсё адно… Вось у першую ноч нас было пяцёра, і адзін нехта хадзіў усю ноч, бо месца легчы толькі для чатырох. Дзевяць дзён я быў у «двушцы» — камэры памерам 2,5 на 2,7. Астатні час мяне тусавалі па іншых камэрах, пяць разоў перакідвалі.
Арыентавацца ў часе, асабліва спачатку, было цяжка. Аднойчы я прачнуўся, зрабіў зарадку, грукаю ў раздатачнае акенца: «Начальнік, дай кіпятку!» У адказ чую незадаволены голас дзяжурнага: «Не паложана… Кіпяток толькі пасьля пад’ёму!» -- «А колькі часу?» -- «Палова на пятую раніцы». У камэры ты знаходзісься ў абсалютным інфармацыйным вакуўме. Хоць бы радыё ўключылі. Ты ж там зусім нічым не заняты — гэта ж здурнець можна! Не, са шконкі не зганяюць — хоць цэлы дзень сьпі, калі зможаш. На прагулку за гэтыя 12 дзён мяне не выводзілі ні разу. Гэта проста катаваньне нейкае… Адзіная прадуха — лісты і перадачы з волі!
Супрацоўнікі ІЧУ ставіліся даволі ляяльна. Ніякага фізычнага гвалту не было. Вось нават калі затрымлівалі: схапілі мяне, я папрасіў адпусьціць і ішоў сам.
Страх быў, вядома. Страх, што вось дадуць каманду біць, а мне ж шмат ня трэба. Мне па нырках раз дай — я заўтра канькі адкіну. Размаўляць зь імі, пераконваць, аспрэчваць я гатовы. Гэтага я не баюся. Я да гэтага прыйшоў сам, упэўнены ў гэтым на 100%, і з кожным днём усё больш пераконваюся, што я на слушным шляху. Я ведаю, што палітыкам, хто б ён ні быў, на народ пляваць — толькі б сабе было добра. Але калі адбылося такое вось свавольства… Гэта ж трэба: загадзя працягнуць гэты закон «Аб масавых мерапрыемствах», ды так, што ён стаіць вышэй за Канстытуцыю, за ўсякія Жэнэўскія канвэнцыі і ўсё іншае… І ты разумееш, што ты бяспраўны. І што гэта пахне 37-м годам“.
„Я пабачыў сьляпы бесчалавечны тэрор“
Ігар Станкевіч, дасьледнік сталінскіх рэпрэсій, Менск:
„29 гадзін я правёў у гестапаўска-энкавэдэшных засьценках — у РУУС Маскоўскага раёну Менску і прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна. Мяне катавалі, але ў параўнаньні зь іншымі я абышоўся лёгкім спалохам і сінім, у гематомах, азадкам. Я пабачыў сьляпы бесчалавечны тэрор і зразумеў, што адчувала грамадзтва ў часе Вялікага тэрору 1937-1938 гадоў і што адбывалася з маімі прадзедам і прабабкай перад тым, як іх расстралялі ў Воршы ў лістападзе 37-га, а таксама тое, што перажылі іх родныя і блізкія.
11 жніўня я выправіўся на ровары ў цэнтар гораду, каб падаць у “Белтэлеком” скаргу на адсутнасьць інтэрнэту з патрабаваньнем правесьці пераразьлік. На зваротным шляху каля станцыі дыягностыкі на праспэкце Дзяржынскага я пабачыў зборышча грузавых “МАЗаў” з надпісам «тэхдапамога» з розных аўтобусных паркаў і тралейбусных дэпо. Я зьвярнуў на сваю вуліцу Грушаўскаю. Адсюль 5-7 хвілін — і я дома.
Каля Маскоўскага РУУС стаялі чатыры пасажырскія аўтобусы з налепкамі аўтапаркаў. Адзін быў поўны людзей у міліцэйскай форме. Я дастаў тэлефон і пачаў фатаграфаваць. У Менск вярталіся мае 17-гадовыя дочкі. Трэба было папярэдзіць іх, што каля дому ўвечары можа быць небясьпечна і дзяўчатам лепш не выходзіць на вуліцу. Было прыкладна 16:15.
На сэкунду я адвярнуўся, калі з аўтобуса выскачыла пяцёра здаравякоў з крыкамі «Не супраціўляцца! Тварам на зямлю!», заламалі мне рукі і ўдарылі тварам аб асфальт, разьбіўшы ў кроў нос. «Не супраціўляюся!» — крычаў я. З заламанымі рукамі, галава на ўзроўні калень, на сагнутых нагах пагналі па лесьвіцы на чацьверты паверх. Па дарозе адзін зь мянтоў стараўся біць мяне галавой аб сьцены і дзьвярныя вушакі. Як мог, я ўхіляўся. Я ледзь ня здох ад гэтай «прабежкі». Ногі ня йшлі, сэрца гатовае было выскачыць з грудзей.
У актавай залі мяне кінулі на падлогу тварам уніз, рукі за сьпіну. Тут сьмярдзела экскрэмэнтамі, мачой і хлёркай — сьляды ўчорашніх сутыкненьняў зь мянтамі. Ішла апрацоўка. Адзін стары ў сьветлых штанах і туфлях прапанаваў мне сыпануць у твар хлёркай і выпіць сьпірту — каб пры аглядзе выявілася, што я быў п’яны.
Паміж сабой мянты абмяркоўвалі звычайныя справы. Адзін скардзіўся, што цешча зламала шыйку сьцягна і яны не захацелі ставіць беларускі пратэз, паставілі нямецкі. Патрыёт хрэнаў. Але паставілі так, што цешча пачала кульгаць. Другі скардзіўся, што яго сын таксама пачаў хадзіць на пратэсты і можа папасьціся. Быццам бы нармальныя людзі…
Абмяркоўвалі сваю страхоўку і выплаты ў выпадку траўмаў. Нават анэкдот нарадзіўся: «Хлопцы, калі на мяне нападуць пяць чалавек, не сьпяшайцеся выцягваць, у мяне яшчэ страхоўка ня скончылася». Каладзінскі, Дрозд, Барада — прагучала некалькі прозьвішчаў. Відаць, начальства і калегі. Адзін расказваў, як спрабаваў здаць валюту, аднятую ў пратэстоўцаў у сваім раёне — на Рафіева — праспэкт газэты «Правда».
У мяне адабралі тэлефон, сумку з дакумэнтамі, гаманцом і флэшкай. Яшчэ раней ровар кінулі каля РУУС. Побач “пасьцялілі” хлопца. Высьветліў — Яўген Таралюк. Яго затрымалі за скандал з кіроўцам маршруткі. «Трымайся! Падобна, мы тут надоўга!». Потым нас — рукі заламаныя, галава ўніз — спусьцілі на першы паверх і кінулі на кафляную падлогу. Я папрасіў выклікаць адваката, схлусіў, што ёсьць зь ім дамова. «Добра, выклічам».
У 19.10 нас пагналі наверх. «Станкевіч!» — «Я!» — «Хадзем». Мяне завялі ў асобны пакой — звычайны кабінэт са сталамі і шафамі, але пераабсталяваны пад катавальню: мянтоўскія шчыты, дубінкі. Пяць чалавек у чорных балаклавах і майках без апазнавальных знакаў, у берцах і штанах з чырвонымі лямпасамі. Відаць толькі вочы. Самы здаровы падобны на сярэднявечнага кáта. «Будуць біць», — зразумеў я. Але я шмат чытаў і пісаў пра тое, як катавалі ў 30-я, таму разумеў, што будзе адбывацца, і моцнага страху не адчуваў. Самае галоўнае — усё адмаўляць, нягледзячы на катаваньні. Хто тады ўсё адмаўляў, выжыў. Хто пагаджаўся сябе абылгаць, шанцаў ня меў.
Мяне паставілі на калені, галава ў падлогу, рукі на сьпіне туга сьцягнулі наручнікамі і пачалі біць дубінкамі па ягадзіцах з пытаньнямі: «Што табе не падабаецца? Чысьціня на вуліцах не падабаецца? Што няма вайны? Што есьці няма чаго?» Тупыя прапагандысцкія лёзунгі. Я казаў, што ўсё падабаецца. «Дык чаго табе не хапае, с..а?» Патрабавалі расказаць, на каго працую, колькі мне плацяць, каго каардыную, для каго фатаграфаваў. Знайшлі флэшку з надпісам «Polskie Radio», плюс польская віза ў пашпарце. «Дык ты польскі шпіён! Прызнавайся, што на флэшцы?» -- «Займаюся дасьледаваньнем рэпрэсій у родным горадзе Воршы, у тым ліку супраць палякаў. Мае продкі былі палякамі. Іх таксама катавалі перад расстрэлам, выбіваючы прызнаньні ў тым, што яны польскія шпіёны». -- «А, дык гэта ў цябе спадчыннае!»
Два кáты выйшлі з кабінэта. Трэці працягваў павучаць. Вярнуліся. «Мы праверылі. Гэта актыўны лідэр! На калені, галаву ўніз». Я зразумеў, што гэта іхны ўлюбёны прыём -- зрабіць выгляд, што яны нешта пра мяне ведаюць. І зноў біць. «Што вы хочаце пачуць?» — спрабаваў я даведацца. «Ведаеш, што мы з табой можам зрабіць? Думаеш, моцны, думаеш, надоўга цябе хопіць?» Я ведаў. Не спрачаўся. Можна было атрымаць болей. Галоўнае -- максымальна расслабіцца, інакш будзе больш балюча. Кажу пра дачок. Галоўнае не сказаць, што я журналіст, праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту, сябра Саюзу палякаў Беларусі, назіральнік на выбарах. Заб’юць.
Усяго атрымаў прыкладна 20-30 удараў дубінкамі, некалькі ўдараў па твары і па вушах. Кат абяцаў 10 сутак.
Пагналі наверх у актавую залю. На падлозе — першыя затрыманыя на вуліцах. Зноў тварам у падлогу. Наручнікі зьнялі зь цяжкасьцю -- заклініла. Надзелі тонкія плястыкавыя хамуцікі. Балюча! Пальцы нямеюць, рук амаль не адчуваю, стараюся круціць, каб кроў паступала, інакш можа пачацца нэкроз і страчу канцавіны.
Невядома, колькі яшчэ так ляжаць. Побач мужчына моліць зьняць хамуцік. У яго старая траўма — перабітая сухажыла. Зьнялі праз 15-20 хвілін бясконцай мальбы. Паставілі да сьценкі, рукі ўгору. Выцягнулі папругі, матузкі, усё, што ў кішэнях. «Зьняць штаны! Зьняць майткі!» — правяралі, сіні азадак ці не. Калі белы — «на працэдуры». Я сваё ўжо атрымаў. «Сесьці на крэсла, рукі ўперад на сьпінку пярэдняга крэсла, галава ў падлогу!» У гэтай позе я прасядзеў прыкладна 15-16 гадзін. Шыя баліць, падымеш галаву — вокрык ці дубінка. Двойчы запісалі мае зьвесткі на камэру.
У маім шэрагу трое. Я ў бясьпечным месцы каля сьценкі. Мужчына з краю каля праходу: «Хлопцы, мне кепска, трачу прытомнасьць!» У яго зламаная ключыца, ня можа сядзець у такой позе. «Адключыўся! У…бі яму! О, жывы!» Яго шмат будуць біць за тое, што галаву падымаў.
Калі прывозяць новую партыю — гэта пекла. «Ляжаць! Паўзьці! Галаву ў падлогу!» Азьвярэлыя ўдары дубінак. Дзікія мацюкі вертухаяў, лямант пацярпелых. Кагосьці называюць актывістамі: матацыклісты — быццам бы сочаць за «мусарамі», нехта нібыта каардынуе пратэстоўцаў. Пра аднаго сказалі, што быў з кактэйлем Молатава. Ён пацьвердзіў. Ідыёт! Ці жывы цяпер? Двое назваліся мэдыкамі «хуткай», прыйшлі зь бінтамі і перакісам вадароду дапамагаць параненым. Хлопцы, дзяўчаты… Усіх пазначаюць жоўтай фарбай. Іх ужо моцна пабілі, але будуць біць яшчэ, з асаблівай лютасьцю. Балюча за іх.
Апытваюць, хто дзе працуе. Лаюцца, што адны айцішнікі, іпэшнікі і беспрацоўныя. Адзін з ансамбля «Верасы». Называюць заробкі — ад 400 да 2500 даляраў. Міліцыянты сварацца: «Чаго вам не хапае?» Кажуць, што рабацяг няма. Знайшліся рабацягі. Некалькі электраманцёраў мэтрапалітэну. Нехта быў на акцыі, нехта ішоў у краму ці прагульваўся. Я ганаруся, што мы разам!
Дзесьці ззаду нема крычыць нейкая міліцыянтка. Магчыма, зьдзекуецца зь дзяўчат.
Прыкладна гадзіны ў тры ночы прывезьлі апошнюю партыю небарак. Рэпрэсіўны канвэер сьціхае. Увесь фокус на нас. Частка ў крэслах — рукі наперад, галава ўніз, шмат хто на падлозе. Яны казалі, што ў Маскоўскі РУУС прывезьлі каля 100 чалавек. Кагосьці пэрыядычна б’юць. У параўнаньні зь імі мяне проста пагладзілі. Паўтараюць аднолькава тупыя прапагандысцкія лёзунгі пра стабільнасьць, адсутнасьць вайны, чысьціню, хрэнь пра 90-я.
Даюць ваду з-пад крана ў плястыкавых бутэльках. Калі п’еш, патрабуюць заплюшчыць вочы, каб нікога ня бачыў. Стараюся шмат ня піць, бо ў туалет не пускаюць. Па патрэбе пачалі выводзіць толькі гадзін у сем раніцы.
«Ня спаць! Ня спаць!» Б’юць дубінкамі па крэслах. Разумею, што прыкладна так заганялі ў адно памяшканьне і стараліся змардаваць сваіх ахвяраў каты з НКВД у 1930-х ці гестапаўцы.
Ззаду сталі чуваць рытмічныя ўдары аб падлогу. «Гэта эпілептык! Павярніце яго на бок!» Павярнулі, але не адпусьцілі.
Адзін мент спрабуе какетнічаць зь мілай дзяўчынай. Выглядае дзіка: гібрыд арфы зь мясарубкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПрыкладна апоўдні кудысьці павялі першую партыю затрыманых. Некалькі чалавек тут жа атрымалі і расьпісаліся ў пратаколах аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Іх з рэчамі кудысьці вывелі.
Гадзіны празь дзьве называюць мяне. Рукі за сьпіну, галаву ўніз. З рэчамі павялі па сходах. Мяне дагнаў той самы кат-здаравяк і наўздагон яшчэ некалькі разоў ударыў па твары і па нырках, прыгаворваючы, што я запомню, як здымаць і выкладваць у сацсеткі фатаздымкі спэцтэхнікі. Толькі цяпер ён быў ужо ў паўсядзённай форме, здаецца, у званьні маёра. «Ты знаеш, што канал Nexta быў 300 касароў, а цяпер 1,5 ляма? — крычаў ён мне. Я ня ведаў, але пра сябе парадаваўся. Мент абяцаў, што мне ўлепяць сутак 15.
На другім паверсе нас разьвярнулі. Загаду выводзіць не было. Пагналі назад. Паклалі на кафлю ў позу паплаўка, толькі рукі за сьпіну. Сьпіна баліць. Папрасіўся ў прыбіральню, ледзьве ўстаў, ног не адчуваю, здранцьвелі. Дазволілі легчы плазам, але твар у падлогу, рукі за галаву. Яшчэ гадзіны паўтары. Зноў сесьці ў крэсла — рукі наперад, галава ўніз.
Называюць тых, чые рэчы ў мянтоў. Хлопец удакладняе, што сярод адабраных рэчаў у яго нейкія патрэбныя таблеткі. Ён іх прымае ўжо тры месяцы, і перарываць курс нельга. «Не. Гэтыя таблеткі я табе не аддам», — заяўляе чалавек у чорнай масцы і міліцэйскай форме.
Прыкладна гадзін у 15 павялі ўніз у аўтазак. Па дарозе атрымаў яшчэ адзін удар па твары. Загналі ў заднюю камэру прыблізна 0,5 на 2 мэтры. Тут можа сядзець чалавек пяць, ня болей. Нас 11. У «стаканах» па баках яшчэ людзі. Выцяжкі няма. Дзіркі ў столі не дапамагаюць. Паветра не хапае. Усе ўзмакрэлі да ніткі. Хлопцы крычаць, каб адчынілі дзьверы, інакш яны задыхнуцца. Хвілін праз 20 уключылі выцяжку. Але толку мала.
Стараемся агледзець, у каго жоўтая метка на сьпіне. Адзін у белай байцы з надпісам «Чырвоны крыж» з разьбітым тварам. Даніла Туміловіч, работнік брыгады хуткай дапамогі. На сьпіне жоўтая метка. Даніла, як мне цябе шкада…
Куды вязуць? У суд? Не, паводле траекторыі руху — на Акрэсьціна, у прыёмнік-разьмеркавальнік. «П…ц нам, хлопцы». -- «Трымайцеся».
Вывелі з аўтазака. Тут ужо шмат мянтоў, шмат людзей на зямлі. «Легчы на зямлю. Ногі пад сябе, галаву ўніз, рукі за сьпіну!» У паплаўку доўга ляжаць не магу. Дазволілі распластацца. Зямля халодная. Я ў тонкай маечцы, але хоць у джынсах. Упершыню за суткі праваліўся ў кароткі сон.
Па пяць чалавек заводзяць у памяшканьне. Тварам да сьцяны. Па адным выклікаюць у маленечкі пакойчык, дзе сядзіць судзьдзя (у іх выязное паседжаньне) і сакратар. Відаць, у такой самай атмасфэры выносілі прысуд маім продкам. Калі ўвогуле выносілі. Агучваюць рапарты мянтоў: каля Маскоўскага РУУС размахваў рукамі, выкрыкваў лёзунгі, лаяўся матам. Натуральна, ня згодны. Прысуду не агучылі. Затое спыталі, ці маю непаўналетніх дзяцей. “Ёсьць дачка 17 гадоў”. У калідоры яшчэ адзін судзьдзя вядзе судзілішча.
Зноў на вуліцу, зноў у паплавок, зноў дазваляюць выцягнуцца. Зямля вельмі настылая. Адчуваю, зараблю запаленьне лёгкіх. Дазваляюць устаць да сьцяны. Потым я зразумеў, сьценка — гэта ратунак. Многія гадзінамі ляжалі на халоднай зямлі ў тонкіх шорціках, маечках. Каля сьцяны ўсім месца не хапае. Дзяўчатам потым зладзілі цёплае гняздо, пасьцяліўшы “пенку” і ўкрыўшы нейкімі пледамі.
Лекарка хуткай дапамогі агледзела нас. Са сьлядамі моцнага зьбіваньня кудысьці павялі. Відаць, на агляд.
Павялі некалькіх мечаных, што ляжалі побач. У тым ліку хлопца з «хуткай».
Недзе ў будынку ў гулкім памяшканьні — відаць, спортзаля — сталі чуваць удары дубінак і лямант тых, каго білі. «Мэдыка! Мэдыка!» — раптам закрычалі мянты. Пэўна, кагосьці закатавалі да страты прытомнасьці або да сьмерці…
Партыямі сталі заводзіць у памяшканьне ў тую ж залю. Чуваць удары дубінак, але крыкаў больш не было.
Надвор’е, як на зло, сапсавалася. Побач хлопца б’юць буйныя дрыжыкі. «Прыцісьніся бліжэй. Адзін аб аднаго пагрэемся». Сталі даваць ваду. У туалет не пускаюць. Хлопец басанож і ў шортах кажа, што суткі ня быў у туалеце. Прывезьлі новую групу. «Заводзкія», — пачуліся галасы мянтоў. Відаць, прывезьлі страйкоўцаў.
Бліжэй да 21.00 сталі гаварыць пра нейкіх штрафнікоў. Іх будуць асабліва катаваць? Не, яны атрымаюць толькі штрафы. Нечакана: «Станкевіч, крок назад!» Аказваецца, я і яшчэ трое сярод штрафнікоў і мяне будуць адпускаць. Шукаюць мае рэчы. Ня могуць знайсьці ключы. Згубілі. Аглядаюся. На зямлі дзясяткі людзей. Дзяўчаты ў куце ў цёплым гнязьдзе. Зусім маладзенькія. У двары поўна мянтоў у масках, некалькі чалавек у вайсковым камуфляжы з аўтаматамі.
Нам абвяшчаюць нешта накшталт таго, што нас адпускаюць пры ўмове, што мы ня будзем больш удзельнічаць у акцыях. Даюць падпісаць нейкую паперу і выводзяць з прыёмніка. Прысуду так і не агучылі.
На вуліцы дзясяткі людзей. Шукаюць дзяцей, мужоў, жонак, бацькоў. Паказваюць фота. Аднаго апазнаў. Стаяў побач. Іншых практычна твараў ня бачыў. Ледзьве стрымаў сьлёзы. Захацелася папрасіць прабачэньня, што не магу ім дапамагчы.
Мяне давозяць дадому. Мяне чакаюць перапалоханыя дочкі і былая жонка. Доўга абдымаемся. Яны атрымалі інфармацыю, што мяне асудзілі на 10 сутак і адвезьлі ў Жодзіна. Ужо абмяркоўвалі, як будуць вазіць перадачы. Сябры разьмясьцілі пост пра мой арышт. Паведамляю, што я на свабодзе. Мы сфоткалі маю сінюю задніцу, твар у драпінах і рукі са сьлядамі кайданкоў і плястыкавых хамутоў.
На наступны дзень хацеў засьведчыць зьбіцьцё, але спэцыялісты адгаварылі. Сказалі, могуць адмовіць, а па-другое, можна пайсьці на другое кола. Пайшоў у траўмапункт на Якубоўскага, 33. Тут былі яшчэ двое пацярпелых. Адзін — кіроўца тралейбуснага дэпо Сяргей — быў пабіты мянтамі па дарозе ў краму. Другі — малады хлопец, праехаў на падлозе ў аўтазаку, лежачы з 16 чалавекамі (там пяцярым стаяць цесна), амапавец біў яго каскай па галаве, а ў Жодзіне яго азадак таксама “расфарбавалі”.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЗрабілі здымак. Пераломаў няма, удары мяккіх тканак. Трэба прыкладваць лёд, а на другі дзень — цяпло. Калі пачнуцца болі — тэрмінова да доктара. Гематомы могуць запаліцца і загнаіцца. Аднойчы ў мяне такое было. Я паведаміў, што мяне пабілі ў Маскоўскім РУУС. Траўматоляг папярэдзіў, што пра ўсе зьбіваньні ён паведамляе ў пракуратуру. Гэта добра. Свае катаваньні я зафіксаваў. А каб быў на руках дакумэнт пра зварот, папрасіў лісток непрацаздольнасьці.
Гадзіны праз паўтары патэлефанаваў Сяргей і папярэдзіў, што яго запрасілі на гутарку ў Фрунзэнскае РУУС з нагоды ягонай траўмы. Ён катэгарычна адмовіўся ісьці. Сказаў: толькі да мяне дадому і толькі адзін чалавек. Увечары прыйшлі маёр і сяржант. Сяргей — былы вайсковец і пэйнтбаліст — папярэдзіў праваахоўнікаў, што зарадзіў пэйнтбольную стрэльбу і будзе страляць, калі нешта пойдзе ня так. Міліцыянты паводзілі сябе адэкватна, дэманстравалі разуменьне, але сказалі, што знайсьці нападнікаў ня могуць.
Празь некалькі хвілін пасьля званка Сяргея зазваніў і мой тэлефон: «Ігар Пятровіч, трэба прыйсьці ў Маскоўскае РУУС для дачы паказаньняў сьледчаму з нагоды траўмы». Тут мяне ахапіў рэальны страх. Я схлусіў, што зьехаў зь Менску і магу падысьці на наступны дзень. Я выключыў усе тэлефоны, сабраў дзяцей, валізкі і выехаў у бясьпечнае месца. Акула прапанавала праверыць, ці ёсьць у яе другі рад зубоў? Не, грамадзяне садысты. З вамі цяпер мы будзем кантактаваць толькі ў пісьмовай форме. Не хачу, каб вы мяне забілі ці пакалечылі.
А нам нельга спыняцца. Неабходна разьвіваць посьпех і працягваць барацьбу за поўнае адхіленьне сямейкі Лукашэнкі ад улады. У адваротным выпадку сёньня ён пойдзе на дробныя саступкі, а заўтра ператворыць Беларусь сінявокую ў канцлягер. Як гэта будзе, нам выдатна прадэманстравалі“.
„Амапавец сказаў ісьці ў бус па чалавеку, які ляжаў на падлозе“
Алена Гіронак (Пабягаева), акторка, Менск:
„Мяне затрымалі 26 кастрычніка ўвечары ў Менску падчас мірных пратэстаў. Але ўжо ноччу выпусьцілі з Маскоўскага РУУС.
Самым непрыемным момантам было само затрыманьне. У бусе, куды мяне завёў АМАП, на падлозе тварам уніз ляжаў мужчына. Ëн прасіў падняць яго: «Хлопцы, не магу больш, задыхаюся». Але на гэтыя просьбы не зьвярталі ўвагі. Мне сказалі праходзіць у хвост бусіка, і атрымлівалася, што я магла зрабіць гэта, толькі калі ісьці па чалавеку. Я адмовілася, сказала: «Не пайду, пакуль вы мужчыну не падымеце, і ўвогуле нікуды з вамі не паеду, пакуль вы яго нармальна не пасадзіце». На што ў адказ пачула: «Не табе тут дыктаваць умовы. Зараз усім астатнім будзе горш ад таго, што ты тут паўстаеш».
Мяне пачалі ўсаджваць сілай. Я не магла ўжо спыніцца і працягвала спрабаваць хоць неяк дагрукацца да іх. Я пачала чытаць ім нешта накшталт лекцыі, казала, каб яны прачыталі хоць адну кніжку па гісторыі, нагадала, што адзіная каштоўнасьць дзяржавы — гэта чалавек. Мне чамусьці здалося важным гэта ім сказаць. Амапавец ударыў мяне кулаком па галаве, але я ўсё адно не магла спыніцца. Тады мне заламалі рукі, зацягнулі іх хамутом. Яшчэ зьверху на мяне наваліўся амапавец — у такім стане мы чакалі, пакуль прывядуць яшчэ людзей.
Пасьля затрыманых перасадзілі ў аўтазак. Потым — у яшчэ адзін. З кожнай пераменай транспарту стаўленьне да нас рабілася лагаднейшым: мне нават разьвязалі рукі, стала чуваць ня толькі пагрозы, а словы кшталту «калі ласка».
Але ўвогуле, там вельмі адчуваецца такая градацыя: калі ты дзяўчына, ты яшчэ чалавек. На ўсіх жа хлопцаў гыркалі, як на сабак. Ставілі іх на калені. Казалі, што ўсё, што з намі цяпер адбываецца, — гэта кветачкі, далей будзе ж..па.
Я з тэлефона пасьпела паведаміць сябрам і мужу, што мяне затрымалі і што я ў Маскоўскім РУУС. Хоць я была ўпэўненая, што мяне не адпусьцяць дадому і павязуць у ізалятар: я здала ўсе асабістыя рэчы, матузкі, гумкі ад валасоў.
Мы чакалі ў актавай залі. Спачатку адпусьцілі двух непаўналетніх, а пасьля мяне. Хутчэй за ўсё, таму, што ў мяне адзінай з затрыманых жанчын ёсьць непаўналетняе дзіця. Я падпісала пратакол, і мне нават нічога не сказалі ні пра суд, ні пра штраф.
Каля РУУС мяне якраз чакалі 11-гадовая дачка Ганна, муж і сябры. Таксама там працаваў валянтэр, якому ўся сям’я выказвае ўдзячнасьць за дапамогу.
Ганну не было з кім пакінуць, таму яна ўсё ведала. Муж расказаў, што яна вельмі спужалася за мяне і плакала.
Перажывалі за мой лёс і ўсе суседзі, прапаноўвалі дапамогу. Мы жывём у ЖК «Магістар», там сфармавалася вельмі моцная дваровая супольнасьць. Са жніўня мясцовыя зладзілі ў сябе некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў.
А я, нягледзячы на сінякі на галаве, ужо ўвечары пайду выступаць на адзін з дваровых канцэртаў з праектам «Дыяфільм live». Мяне таксама можна ўбачыць на сцэне Тэатру-студыі кінаактора (калі ён выйдзе з карантыну). Адна з маіх апошніх роляў у кіно — жонка Янкі Купалы Ўладзіслава ў фільме «Купала». Таксама я агучваю Бусьліка ў «Калыханцы»“.
„Ты ў мяне зараз зьясі гэты сьцяг“
Аляксандар Броўка, 50 гадоў, інжынэр, Менск:
„Калі я даведаўся пра вынікі галасаваньня — пачуў лічбу 80 — у галаве быццам нешта выбухнула. Я ж бачыў, колькі людзей прыходзілі на выбары са стужкамі, якія чэргі выстройваліся! Ва ўсіх была надзея. А тут нахабная аплявуха.
Сустрэўся з дачкой, якая вельмі хацела пайсьці на мірны пратэст, але яна такая кволая — 49 кіляў, айцішніца, разумнічка. І я сказаў:
— Зараз пайду я, і твая мама пойдзе, а ты, калі ласка, заставайся ў другім эшалёне.
Пасьля таго, як я пачуў пра жорсткія затрыманьні раварыстаў у Менску, як хлопцам і дзяўчатам заломвалі рукі, доўга думаў, што ж я магу зрабіць.
Сабраў у заплечнік цыгарэты, бінты, марлю, ёд, надзеў абутак без матузкоў — я кіраваўся ў аўтазак. Маё рашэньне было — заняць чыёсьці месца, замест такой дзяўчынкі, як мая дачка. Бо гэта фактычна рэвалюцыя маладых, якія ня ведалі іншага прэзыдэнта, а яны заслугоўваюць жыць па-іншаму.
Я падрыхтаваўся — ну, наколькі можна падрыхтавацца — да зьбіцьця. Я трывалы, доўга жыў, шмат бачыў. Разумеў, што будуць біць, але ня ведаў, што настолькі жорстка.
І я пайшоў: на адной руцэ меў белую стужку (галасаваў за Ціханоўскую), у другой — сьцяг. Ён у мяне з гісторыяй: калісьці, у 1993 годзе вісеў у горадзе Ветцы на выканкаме. Калі прыйшоў да ўлады “лорд Валдэморт”, сьцяг зьнялі і аддалі на анучы ў музычную школу, а дырэктарка папрала і падарыла мне. З тых часоў сьцяг заўжды са мной. Езьдзіў на ўсе рок-фэстывалі і аб’ядноўваў беларусаў. Мне было шкада, калі б яго аднялі, але калі б сьцяг застаўся ў хаце, то яго гісторыя б скончылася.
Я са сьцягам далучыўся ў раёне кандытарскай фабрыкі «Камунарка» да калёны, якая ішла зь Серабранкі Партызанскім праспэктам. Ехалі машыны, усе сыгналілі, махалі стужкамі. І раптам я пачуў, як людзі на ўзгорку крычаць:
— Бяжы да нас!
З-пад моста вынырнуў сіні бусік без нумароў, і адтуль куляй вылецелі людзі ў чорным. Я не зьбіраўся ні ўцякаць, ні супраціўляцца, бо ішоў з канкрэтнай мэтай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАМяне пагрузілі ў мікрааўтобус. Чалавек у чорнай масцы, на выгляд яму было гадоў 20-25, накрыў маю галаву сьцягам, крычаў шмат брыдкіх словаў, пытаўся:
— Ну і дзе твая Ціханоўская? Колькі табе заплацілі?! Ты дзе жывеш, у Рэспубліцы Беларусь?
Я адказаў:
— А ты дзе жывеш?
Ён пачаў біць мяне па галаве:
— Ты ў мяне зараз зьясі гэты сьцяг!
І пачаў пхаць сьцяг мне ў рот. Я сьціснуў зубы і маўчаў. Бачыў шалёныя вочы і разумеў, што размаўляць няма сэнсу.
Пада мной ляжалі іншыя людзі, а я на іх зьверху, хлопец, які быў пада мной, цішком паціснуў мне руку. Увесь час, пакуль мы ехалі да аўтазака, чалавек у чорным спрабаваў скарміць мне сьцяг, біў кулакамі па галаве — у мяне быў разьбіты нос, сінякі пад вачыма.
Калі нас выгрузілі з бусіка, ён сказаў: «Гэты быў у іх галоўным». Вырваў сьцяг і паспрабаваў ім мяне задушыць каля аўтазака. Я пасьпеў падставіць кулак да горла, каб не пераціснулі коўцік. Ён злаваўся, спрабаваў прыняць маю руку, працягваў душыць. Мяне выратавала тое, што па рацыі іхную групу зноў выклікалі на затрыманьне. Яны тады працавалі ў рэжыме нон-стоп. Ён надарваў сьцяг і адчапіўся ад мяне.
Затрыманых, чалавек 25, закінулі ў аўтазак. Разарваны сьцяг я паклаў у кішэню. На вуліцы гулі людзі, перагароджвалі дарогу, машына ўвесь час віляла. Нас кідала ўсярэдзіне то ўлева, то ўправа. Зьверху, калі спрацоўваў кандыцыянэр, лілася вада. Калі машына спынялася, кандыцыянэр не працаваў, не было чым дыхаць. Нас у адным “пакойчыку” было шэсьць чалавек, але гэта была яшчэ казка. Калі нас потым павезьлі ў Жодзіна, то ў катушок, дзе было цяжка ўпяцёх, запіхвалі па 10 чалавек. Мы спрабавалі неяк зьмясьціцца: я сеў на падлогу, мне на калені — яшчэ чалавек, і да яго на калені — яшчэ адзін.
Прыехалі ў дастаткова новы будынак, было чуваць, як хадзілі трамваі, і я зразумеў, што гэта Цэнтральнае РУУС. Каля аўтазака выстраіўся «калідор сьмерці»: адзін сілавік выкідваў нас з катушкоў, а астатнія стаялі па 5-6 чалавек з кожнага боку і білі нас, пакуль мы беглі. Галоўнае было ня ўпасьці, бо будуць біць нагамі. А ўдары дубінкамі пасьля таго, як мяне перасталі душыць, былі ўжо ня страшныя. Проста, калі прылятае ўдар, трэба расслабляцца, і тады ён расьцякаецца па ўсім целе. А трываць боль я прывык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАКаля ўсіх сьценаў РУУС ужо былі людзі. Нас увесь час ссоўвалі, каб зьмясьціць усіх. Потым расклалі тварам роўна ў асфальт, рукі ў счэпцы на патыліцы, гэта жахліва нязручна, але за кожны паварот галавы білі. За тое, што мы дрыжэлі ад холаду, таксама білі. І ўвесь час правакавалі. Побач са мной ляжаў хлопец. У яго былі разьбітыя акуляры. Да яго падыходзілі і пыталіся «са спачуваньнем»:
— Што, акуляры мянты разьбілі?
— Так.
— Ах, мянты?! Ну атрымай тады.
Крыкі стаялі ўвесь час. Людзей справа і зьлева білі: тых, хто абураўся; тых, хто стагнаў; тых, хто плакаў.
Побач са мной білі 16-гадовага хлопца. Ён ляжаў, скруціўшыся. Падбягалі і білі яго нагамі ў жывот.
Ён крычаў, плакаў.
— Чаго ты плачаш?
— Мне страшна.
— А на плошчы не было страшна?
Людзі ў чорным крычалі мацюкамі. Але нада мной стаяў адзін ахоўнік, які сам хоць і выглядаў, як «касманаўт», казаў: «Господа, держите голову прямо, чтобы не получить».
Ён нікога ня біў, і калі сыходзілі гэтыя зьвяры ў чорным (яны былі над усімі як быццам багі, як быццам ім дадзены карт-блянш), дазволіў нам трохі расслабіцца, апусьціць рукі, якія моцна дранцьвелі. У туалет нам хадзіць не давалі, казалі мачыццца пад сябе. Многія і хадзілі пад сябе. Так я ляжаў з 9 вечара да 11 раніцы. Мяне пачало трэсьці. Ахоўнік спытаў:
— Чаго трасесься?
— У мяне остэахандроз. Сьпіна не вытрымлівае.
— У туалет хочаш?
— Хачу.
— Ну ідзі, толькі павольна.
Ён павёў мяне па калідоры, і я ўбачыў хлопца. Левая нага ў яго была сіняя, а правая ненатуральна выкручаная, паламаная. Ён таксама хацеў у туалет.
Я папрасіў ахоўніка:
— Дазволь мне занесьці яго ў туалет.
Я падняў хлопца і пацягнуў яго, ахоўнік нас цярпліва чакаў.
Калі я цягнуў хлопца, у калідоры стаяла жанчына гадоў 60 у халаце, са швабрай і пагардліва глядзела на нас, як на нелюдзяў:
— Пасьля гэтых дэманстрантаў я прыбіраць ня буду!
Было вельмі крыўдна.
Гэты хлопец ня мог ні стаяць, ні ляжаць, толькі сядзець. Яму было кепска, але ён прабыў з намі да 11 раніцы, мы занесьлі яго ў аўтазак, «хуткую» яму так і ня выклікалі.
Ужо сьцямнела, а людзей усё завозілі і завозілі. Выйшаў мужчына, відаць, нейкі начальнік, сказаў, што ў цемры дрэнна відаць, і знайшоў рашэньне:
— Буду біць вас, а вы называйце свае імёны.
Падлятаў і біў у жывот. Трэба было пры гэтым хутка выкрыкнуць сваё прозьвішча.
Потым мяне завялі ў РУУС, склалі вопіс рэчаў, сфатаграфавалі. На сталах у вялікай залі ляжала гара разьбітых тэлефонаў. Мне пашанцавала, што я свой адключыў і пасьпеў пакласьці ў заплечнік.
Фатограф спытаў:
— Скажы шчыра, ты за ідэю ці за грошы, ці мо таму, што дурны?
І ён не разумеў, чаму ніхто ня можа прызнацца, колькі ж заплацілі.
Усе сілавікі пастаянна задавалі адно пытаньне:
— Колькі вам заплацілі?
Ім жа ўсім сказалі, што нам нехта за нешта плаціць. Я думаў: “Няўжо вы такія прамытыя, што верыце ў гэта?”
У прыбіральні я мог папіць, але ня ўсім так пашанцавала, як мне. Але ж так нават з крымінальнікамі не абыходзяцца. Яны проста ламалі людзям псыхіку, гэтых дзяцей ламалі; тых, хто крычаў ад болю, білі азьвярэла. Чамусьці поўных людзей білі мацней за астатніх. Білі тых, хто ім не падабаўся, хто прыцягваў увагу.
Побач са мной стаяў інжынэр, гадоў 28. Ён увесь час пытаўся спакойным голасам:
— А чаму вы мяне б’яце? Растлумачце, за што?
Яны абазвалі яго «зоркай сэзону», і па ім прайшліся ўсе, падляталі і білі.
Чалавек сто ляжалі ў двары. Месца не хапала. Нас часам ставілі да сьценкі тварам, ногі на шырыні плеч. Я засынаў ад стомы і напругі, але ногі пачыналі падгінацца — рэзка прачынаўся. Супрацоўнікі РУУС жартавалі:
— Вучыцеся ў яго спаць стоячы.
Раніцай мы пачулі МАЗаўскі рухавік. Прыехаў аўтазак. Ахоўнікі зьдзівіліся:
— А што, у нас толькі адзін аўтазак?
І самы заўзяты адказаў:
— Ды я іх зараз загружу ўсіх у адзін аўтазак.
І нас пачалі засоўваць, як шпроты ў бляшанку — напхалі 36-38 чалавек, плюс у калідоры — хлопец са зламанай нагой — у машыну, разьлічаную на 15 чалавек.
Паветра хутка закончылася. Вельмі цяжка было паўтары гадзіны ехаць да Жодзіна, але мы падбадзёрвалі адзін аднаго.
У турме, калі мяне абшуквалі, сяржант знайшоў у кішэні сьцяг. Спытаўся, куды дзяваць гэтую анучку.
— Гэта не анучка, а сьцяг, пакладзіце ў асабістыя рэчы, я яго дома сшыю.
Сяржант засьмяяўся:
— І зноў да нас прыедзеш.
А лейтэнант, які стаяў побач, сказаў яму:
— Закрый рот. Гэта ягонае права.
У Жодзіне таксама быў «калідор», але ўжо ня сьмерці, там стаялі звычайныя ахоўнікі. Яны нас падганялі палкамі, але не лютавалі.
Адкрылі камэру, а адтуль кажуць:
— Камандзір, у нас камплект!
А ён:
— Хрэн вы ўгадалі!
Там сядзелі 9 чалавек, вельмі інтэлігентныя хлопцы, айцішнікі, да іх яшчэ 10 увапхнулі, праз гадзіну яшчэ 10. У выніку на 10 ложкаў было 29 чалавек. Спалі на падлозе, на стале, лаўках, чаргаваліся, саступалі адзін аднаму. Была ўзаемавыручка, вельмі добрая атмасфэра. Мы прыдумлялі гульні, расказвалі анэкдоты. Але настала бясчасьсе. Не хапала інфармацыі, што там звонку робіцца. Поўная невядомасьць.
Ахоўнікі ў турме да нас ставіліся нармальна. Ніхто нікога ня біў. Калі мы штосьці прасілі, адказвалі «Так-так», але нічога не прыносілі. Акрамя аднаго выпадку, калі была пагроза жыцьцю.
Аднаму хлопцу са штучнай ныркай трэба было кожны дзень прымаць лекі. Мы ў камэры самі ўвесь час мералі яму пульс. Хлопец быў увесь сіні, яго ўсяго спаласавалі. Але ён трымаўся, не хацеў нікому сінякі паказваць, каб лішняга жаху ня выклікаць.
Тры дні мы грукаліся ахоўнікам, каб з заплечніка прынесьлі лекі. Напісалі заяву на імя начальніка турмы, і тады ўсё ж прынесьлі заплечнік. Потым, нарэшце, прыйшоў доктар і, здаецца, адправіў хлопца адразу ў лякарню.
Праз 72 гадзіны тых, каму абвінавачаньня не прад’явілі, павінны выпускаць. Некаторых пачалі выпускаць. Тым, каго вызвалялі першымі, я прапанаваў хаваць у адзеньне цыдулку з нашымі імёнамі, тэлефонамі. Мы напісалі чатыры цыдулкі ў надзеі, што хоць адна дойдзе да адрасатаў.
Мяне выклікалі ў суд, паставілі ў віну ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Судзьдзя спытаў:
— Што вы там рабілі?
— Ішоў у аўтазак.
— Навошта?
— Разумееце, я маю дачку. Калісьці маё пакаленьне не змагло, і цяпер мы ў адказе за гэта. Я ішоў заняць чыёсьці месца.
— І навошта вам гэта трэба?
— Ну калі вы не разумееце, я не змагу патлумачыць.
— Калі вы ішлі ў аўтазак, значыць, бралі ўдзел у мітынгу. Вам сем сутак.
Я адседзеў пяць. Увечары мяне раптоўна вышмаргнулі з камэры. Далі падпісаць паперу, што, калі яшчэ раз пападуся, будзе ўжо крымінальны артыкул.
Нас выпускалі групамі па шэсьць чалавек. Два хлопцы ішлі ў адных шкарпэтках, абутак яшчэ пры затрыманьні згубілі.
Выйшаў, пабачыў столькі людзей: валянтэры, псыхолягі, мэдыкі, кіроўцы, сябры, сваякі. Нам рабілі перавязкі, апрацоўвалі раны, паілі гарачай гарбатай, кармілі бутэрбродамі. Мы не маглі нават дапусьціць, што лёд настолькі крануўся!
Я ўключыў тэлефон, каб пазваніць, і раптам пасыпаліся паведамленьні — больш за 200: «Вы герой, мы ганарымся вамі». Высьветлілася, дачка напісала пра мяне пост у сацсетках.
Я проста зрабіў тое, што павінен быў зрабіць раней. А цяпер нашы дзеці адказваюць за тое, што мы калісьці прапусьцілі, калісьці не змаглі. За наша маўчаньне расплачваецца гэтая моладзь, нашы дзеці.
Самым страшным для мяне быў момант, калі 16-гадовага хлопца ў РУУС білі нагамі ў жывот, а ён крычаў, курчыўся. Я ляжаў на асфальце, і мяне душыла злосьць, бясьсільная лютасьць. Я ж ішоў з тым разьлікам, каб такія вось хлопцы не траплялі ў такія месцы, каб сваёй паўтушкай на 66 кг заняць чыёсьці месца, а тут бачу, што побач малога месяць нагамі.
А потым мне хтосьці гаворыць, што гэта фэйк, што дзяўчаты расфарбоўвалі сабе сіняй фарбай ягадзіцы… Я ж усё гэта бачыў, і хачу, каб усе гэта ведалі. Наколькі гэта было па-зьверску. Немагчыма пасьля гэтага хаваць галаву ў пясок, казаць: «Ну а што я магу?».
Што пасьля ўсяго гэтага зьмянілася ўва мне?
Страшна нам заўсёды. Страшна было перад тым, як узялі. А потым я зразумеў, што магу змагацца са страхам. Многія пазналі сваіх суседзяў, усьвядомілі сябе як нацыю — і гэта ўжо перамога“.
„Вельмі шмат мату, нават сярод жанчын-канваірак“
Уладзімер Драбышэўскі, сьвятар, Гомель:
„У пятніцу, 18 верасьня, мяне выклікалі ў Савецкі РАУС «для гутаркі». Адтуль пад канвоем адвезьлі ў суд, а далей — у ІЧУ.
Мы з жонкай стараемся ў жыцьці трымацца прынцыпу «Спадзявайся на лепшае, але рыхтуйся да горшага» (сьмяецца). Першы раз незразумела, што з сабой браць. Узяў пару трантаў, кнігу, напісаў бацьку, каб ён прынёс Гюго. Усім, хто рыхтуецца да содняў, раю Гюго «Адрынутыя». Яшчэ, калі хтосьці ня ведае, як рыхтавацца да новай Беларусі, як Беларусь гэтую перажыць, — Салжаніцына «Архіпэляг Гулаг», ну і Шаламава «Калымскія сшыткі», Уладзімера Букоўскага «І вяртаецца вецер». Цяпер трэба думаць яшчэ і пра адзеньне — лепш бяз кніжкі быць, але ў цяпле. Там вельмі холадна, коўдры даволі тонкія.
Дык вось. У РАУС я пайшоў з адвакатам, прапусьцілі і майго бацьку. Вельмі маладыя супрацоўнікі, усе ў масках, адзін вельмі нэгатыўна рэагаваў. У гэтага “неабыякавага” супрацоўніка на сьцяне ў рамачцы вісіць тэкст прысягі расейскага афіцэра 1804 году -- пры тым, што ён адкрыта хлусіў у твар, хаміў адвакату. Мы вельмі доўга чакалі. Адвакат папрасіў назваць імя начальніка, каб падаць скаргу. І вось гэты супрацоўнік заяўляе, што ня ведае, хто ягоны начальнік, як яго завуць, дзе ягоны кабінэт.
Склалі пратакол за акцыю каля ўнівэрсытэту імя Сухога. Я не згадзіўся з напісаным і адмовіўся ад тлумачэньняў. Потым аформілі другі пратакол — за акцыю на Савецкай (за яго потым я атрымаў 15 сутак).
У канцы 1930-х раскулачылі мужа сястры майго дзеда Апанаса, той быў кулаком — гаспадарлівым селянінам. Жылі пад Гомлем, бедна, 8 дзяцей. Дзеда арыштаваў КДБ, дзед некалькі месяцаў адседзеў у гомельскай турме. Зь яго ляпілі “польскага шпіёна”. Асобна дапытвалі бабулю. Дзед з бабай трымаліся (лішняга не нагаварылі), і справа не зьляпілася. Дзякуй Богу!
І вось — горкая іронія. Унук праз 90 гадоў -- таксама «польскі шпіён»: кіруецца праз космас з цэнтру ў Варшаве. Дакуль жа будзем трываць?!
Шмат маладых супрацоўнікаў. Пару чалавек былі з нармальнымі вачыма — мне іх шкада. Я сабе дрэнна ўяўляю, як у школе настаўніца: «Каця, кім ты будзеш, калі вырасьцеш?” — “Доктарам”. — “Малайчына. А ты, Пецечка?” — “А я буду ахоўваць людзей на зоне”. — “Малайчына, Пецечка, нехта ж павінен рабіць гэтую работу». Я ня ведаю, як сябе можна прысьвяціць гэтаму.
У мяне не было асабістага кантакту ў турэмнікамі, але ўсе ведалі, што я сьвятар. Сказаць, што яны баяцца як чэрці ладану майго падрасьніка — могуць западозрыць у нейкай нездаровай містыцы. Я на судзе быў у форме, у ІЧУ я прыехаў у падрасьніку з крыжам. Я быў у прывілеяваным становішчы: пры паступленьні, калі абшукваюць і разьдзяваюць, мяне не прымусілі здымаць ніжнюю бялізну. Адзін хлопец мне прапанаваў зьняць бялізну, я спытаўся: калі ён калі-небудзь зойдзе ў царкву на Вялікдзень ці на Каляды, ці не сапсуе ён сабе сьвята вобразам сьвятара, які прысядае? Ён з такой цікавай інтанацыяй сказаў, што, калі гэта мяне прыніжае, я магу не здымаць. Склалася ўражаньне, што ён не разумее, што гэта прыніжае кожнага чалавека.
Нехта называе гэта абходам раніцай і ўвечары, я — шмонам (вось гэтая лексыка турэмная і праскоквае). Пасьля трох шмонаў (я надзяваў падрасьнік) яны падманным шляхам у мяне яго сталі адбіраць, патрабавалі. Кажу: “Гэта маё адзеньне. Ці ў жанчын вы таксама адбіраеце доўгія спадніцы, бо вам нязручна абшукваць ногі?” Але вырашыў не ісьці на канфлікт, калі б яны здымалі зь мяне сілай. Аддаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАКалі везьлі на суд другі раз, я настойліва дабіваўся надзець падрасьнік. Яны пайшлі насустрач, але сказалі, што крыж не аддадуць у кожным разе. Калі прывезьлі назад у ІЧУ, адразу ж забралі ўсё зноў. Увогуле, усё залежыць ад іхнага настрою. На першых «сутках» я папрасіў другую коўдру, калі пачаў прастываць, — прынесьлі зь першага разу. На першых я сабе грабеньчык дзён 5-6 раніцай і ўвечары прасіў.
Ад родных да мяне даходзіла меней прадуктаў, чым перадавалі. А бачыў у сьпісе, напрыклад, сала, каўбасу, яшчэ нешта, без вагі. Думаў, што, напэўна, шмат не дазваляюць — 150-200 г, жменька-дзьве. Родныя потым зьдзіўлена расказвалі, што сала перадавалі па паўкіляграма, сухой каўбасы рэзалася палка. Хто зьядаў ці куды выкідаў астатняе, я ня ведаю.
Ежа там проста брыдкая. Я чуў, што, паводле дамовы, харчы пастаўляе камбінат «Галяктыка». Гэта простыя прадукты, але іх можна прыгатаваць уежна. Тое, што гатуюць яны, гідотнае. Думаю, многія пра гэта кажуць, але ў мяне ёсьць магчымасьць сказаць праз журналістаў: «Галяктыка», вы гатуеце агідна, я вашым кліентам больш ня буду ніколі!
Увесь час хацелася пабачыць далягляд. Нават гарадзкі. Думаў, прыйду дадому і адключу электрычнасьць. Але мне было лягчэй: дзякуючы свайму росту, хоць я не зьмяшчаўся ў шконку, але мог глядзець у вакно. Калі я хацеў на прагулку — у мяне яна была: я стаяў і глядзеў на вуліцу, на дрэвы, надвор’е. Прыходзілі валянтэры, адну нядзелю на губным гармоніку гралі, яшчэ нехта крычаў, нехта махаў рукамі.
З вокнаў лепей відаць з другога паверху. Кожную нядзелю мы бачылі, як сілавікі рыхтуюцца да разгону — гадзін у 11-12 прыяжджаюць аўтазакі, бусікі, усе зьяжджаюцца, у масках. Яны ўсьміхаюцца адзін аднаму, абдымаюцца, рыхтуюцца ехаць разганяць жанчын, пэнсіянэраў. Вельмі бадзёра заўсёды выглядаюць. Відаць вуліца, кавалак дарогі, па якой людзі ходзяць на працу, напэўна. І сьцяна, дзе гаражы. Неба відаць, сонца.
За гэтыя 25 дзён я пракуродымеў тытунём, прасаліўся мацярком — вельмі шмат мату, нават сярод супрацоўнікаў, жанчын-канваірак. Для людзей, якія атрымліваюць “суткі” за пратэсты, гэта не часы Шаламава — не па пяць гадоў, не Сібір, але нават у гэтых маштабах слова «свабода» — гэта ня нейкае клішэ, банальнасьці, якія нічога ня значаць. Гэта базавая неабходнасьць для кожнага чалавека, якое б злачынства ён ні ўчыніў.
І нават калі ён трапляе ў месцы пазбаўленьня волі, то як зь ім там абыходзіцца і ў якіх умовах утрымліваюць, — я ўпэўнены на 120%, што гэта трэба кардынальна перагледзець.
Мне часам кажуць: ну гэта ж не ў Нарвэгіі, там Брэйвік у трохзоркавым гатэлі яшчэ і адукацыю атрымлівае празь інтэрнэт. Вось нават і так павінна быць! Гэта тое, што патрэбна кожнаму чалавеку. Тое, што кажа Леўчанка: забіралі матрац, бялізну — я не ўяўляю ступень садызму, бесчалавечнасьці людзей, якія аддавалі і выконвалі загады. Не даваць ваду, каб змыць туалет, давесьці чалавека, каб вошы завяліся, мне цяжка ўявіць ступень маральнага падзеньня гэтых людзей.
Таму, калі мы будзем будаваць новую краіну, утрыманьне ў такіх месцах — думаю, для шмат каго гэта будуць не пустыя словы. І за што «суткі» даюцца. У мяне склалася ўражаньне, што давалі за п’янку, напрыклад бытавыя скандалы, 15 сутак, каб не выглядала так: паскандаліў п’яны — атрымаў 5, а з плякатам пастаяў — 15.
Калі выпускалі, быў цырк: прыйшлі загадзя, настойвалі, каб я быў у спартовых штанах. У сьпіну дзяжурны спытаў, у якой царкве служу — яўна каб выпадкова туды не прыйсьці і не сустрэць бацюшку, якога да сподняга разьдзявалі.
Сказалі, што павязуць у Савецкі РАУС для прафіляктычнай гутаркі. Пасадзілі ў «стакан», дзе не хапала паветра, дзьверы адчыніць адмовіліся. Там не гермэтычна зачынена, але я ж вялікага фармату, у гэтыя «стаканы» не зьмяшчаюся. Даводзілася скручваць сябе, каб на гэтай лавачцы ўмясьціцца. Калені падзець няма куды, падлога няроўная, выпукліна для задняга кола ўнутр камэры. Гэта дастаткова жахліва.
Доўга вазілі па раёне, нейкі адрэзак шляху нават рухаліся задам. Давазілі да таго, што мне стала блага. Калі выйшаў, я ня ведаў, чаго чакаць: у турму КДБ прывезьлі ці куды?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ выйшаў на дарогу, прысеў на траву: перад вачыма цёмна, ногі сшэрхлі. «Мы вас дадому прывезьлі, тут недалёка», — кажуць. Я бачу нейкія прыватныя дамы, але ня мой. Пастаялі нейкі час, паглядзелі, каб я ня ўпаў, і зьехалі. Ну а я ў гэтых штанах, у кофце пайшоў. Яны вельмі настойвалі, каб я ня быў у гэтай сьвятарскай форме.
Гэта бесчалавечная сваволя — яны могуць рабіць з табой усё, што захочуць. Думаю, яны цудоўна гэта ўсьведамляюць. І калі чалавеку стане кепска, ня ведаю, ці будуць яны апраўдвацца, але знойдуць інструкцыю, каб яшчэ яго ў гэтым абвінаваціць: «Меў нахабства страціць прытомнасьць ад недахопу паветра ў “стакане”».
Як дома? Сустрэлі, паабдымаліся. Апошнім часам хочацца з усімі абдымацца. Ня толькі з роднымі. Звычайна мужчыны больш схільныя камусьці там руку паціснуць з удзячнасьцю, моцна. А цяпер хочацца зь людзьмі абдымацца, ой…
Зь вядомых людзей там быў я (сьмяецца). Усе заходзілі: «О, мы вас ведаем!» Даводзілася прымушаць гаварыць на «ты»: адну баланду сёрбаем — якое «вы»? Калі прайшла сходка зь інаўгурацыяй, недзе ў 4-5 раніцы да нас завялі двух студэнтаў з ГДУ і з ГДТУ, у аднаго быў разьбіты твар. На ранішнім шмоне гэтая «мэдсястра» пацікавілася, ці ёсьць сінякі на целе. Калі ён сказаў «не», яна супакоілася і адышла, не было прапанавана ніякай мэдычнай дапамогі. Здароўе яе не цікавіла. Трэба было, каб потым ня ўзьнікла пытаньне, што ён гэта атрымаў у ІЧУ. Пасьля абеду прыехаў яшчэ адзін студэнт, юрыст-міжнароднік. Я чалавек 14 пабачыў за ўвесь час, каля паловы — палітычныя.
Я масу паштовак, лістоў атрымаў: зь Берасьця, Полацку, Горадні, Менску — ня толькі з Гомельшчыны. Вялізны ўсім дзякуй, што падтрымлівалі мяне! Пішыце. Вось я думаў і ня ведаў, пра што пісаць палітзьняволеным. Цяпер ведаю: можна пастарацца пагаварыць з чалавекам, навіны нейкія расказаць, акрамя «Трымайцеся, мы разам». Мне здаецца, гэта вельмі важна. І пра надвор’е. Я вось вельмі непакоіўся, што пачне халаднець, а я пачынаў захворваць, у мяне хранічны бранхіт.
Яшчэ гэта важна, бо супрацоўнікі ІЧУ чытаюць, бачаць адрасы, што гэта лісты не ад родных. Разумеюць, што не маргіналы сядзяць — што гэта яны ў меншасьці.
Дзеці мне малявалі бела-чырвона-белыя сьцягі, «Кусь за Беларусь»; пісалі, што мы пераможам. Гэтыя дзеці ўжо не захочуць жыць ні пры новай канстытуцыі лукашэнкаўскай, ні пры гэтым рэжыме. Думаю, мае дзеці не адны такія“.
„Я была 13-й арыштаванай у справе ТГ-каналу «Армія з народам»“
Алена Колікава, 41 год, адмін тэлеграм-каналу «Армія з народам», Салігорск:
„Я індывідуальная прадпрымальніца. Мой бізнэс — здача кватэраў у арэнду. Палітычнай дзейнасьцю ніколі не займалася, у акцыях пратэсту ня ўдзельнічала. Салігорск наагул не пратэставы горад. У нас горад шахтароў, усе добра зарабляюць.
Але я ўжо 26 гадоў жыву пад гэтай уладай. Для свайго дзіцяці я хачу іншага жыцьця. Я не хачу, каб улада ў Беларусі перадавалася ў спадчыну, як у Паўночнай Карэі. Я не жадаю, каб наступным прэзыдэнтам у нас быў Віця, потым Дзіма, а потым Коля… Сёлета я адчула, што цяпер мусіць нешта зьмяніцца ў краіне.
У канцы чэрвеня я далучылася да тэлеграм-каналу «Армія з народам», які якраз тады толькі зьявіўся. Хто стваральнік каналу — ня ведаю, ні з кім з адміністратараў у рэальным жыцьці не сустракалася.
Спасылкі-запрашэньні ў гэты канал былі рассыпаныя па ўсіх чатах і каналах. Я зацікавілася і спачатку была проста падпісчыцай. Але празь некалькі дзён мяне прызначылі адмінам. Каб вы разумелі: адмінаў там выбіралі абсалютна выпадкова. Натуральна, хто кажа нейкія радыкальныя рэчы, — яго не абяруць адмінам. А хто піша здаровыя рэчы — тых маглі прызначыць.
Колькасьць падпісчыкаў у канале хутка расла, і ў канцы чэрвеня пачаліся затрыманьні адміністратараў і ўдзельнікаў каналу. Калі я даведалася пра гэта, я абвесьціла ў канале «эвакуацыю» — заклікала людзей адпісвацца. На наступны дзень, 9 ліпеня, да мяне прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Я была 13-й арыштаванай у межах перасьледу ТГ-каналу «Армія з народам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ жыву ў прыватным сэктары. Раніцай 9 ліпеня мне патэлефанаваў мужчына, які нібыта хацеў зьняць у мяне кватэру. Калі я выйшла з хаты перадаць ключы, то ўбачыла, што да мяне бягуць восем апэратыўнікаў ГУБАЗіК у цывільным. У пастанове на ператрус фігуравалі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэксу, у тым ліку арт. 342 (дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Маральна я была гатовая. Калі з чату пачалі зьнікаць людзі, я зразумела, што наступнай буду я. Калі апэратыўнікі трапілі ў двор, з дому выйшла мая трохгадовая дачка. Дзіця выбегла ў майтачках і майцы, басанож. Ну, вы разумееце: ранішняя прахалода, а яна без адзеньня. Я аўтаматычна кідаюся да яе, каб завесьці ў дом, а губазікаўцы кідаюцца да мяне, крычаць, каб кайданкі на мяне надзелі.
Мяне адвезьлі ў Менск, у будынак ГУБАЗіК. Перад мною на стол кінулі тэчку з раздрукоўкамі, махалі ёю перад маім носам. Крычалі, каб аддала пароль ад ноўтбука і ад тэлефона, каб расказала пра іншых адмінаў.
Паколькі я не згаджалася, мяне адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе склалі адміністрацыйны пратакол за «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КаАП). Згодна з пратаколам, у будынку ГУБАЗіК я нібыта «паводзіла сябе неадэкватна»: лаялася, крычала, размахвала рукамі.
Калі міліцыянт афармляў пратакол, яму падсунулі маленькую запіску. Ён паглядзеў на мяне і закрычаў: «О, палітота! Тварам у сьцяну, рукі за сьпіну». На мяне надзелі кайданкі і вывелі ва ўнутраны дворык чакаць аўтазак.
Ноч я правяла на Акрэсьціна. У камэры адмыслова былі створаныя невыносныя ўмовы: было холадна, падушкі, матрац і коўдру мне ня выдалі.
Як адчувалася, у камэры было градусаў 8. Я сядзела на голых нарах, абхапіўшы пальцы ног, бо пальцы замерзьлі настолькі, што былі быццам шкляныя, і ўткнуўшыся галавой у калені, каб сагравацца ўласным дыханьнем. Ежу і ваду не давалі. У мяне была з сабою маленькая бутэлька вады 0,5 літра, і я расьцягнула яе на ўвесь дзень. Насамрэч гэта было сапраўдным катаваньнем.
На наступны дзень суд Цэнтральнага раёну пакараў мяне штрафам у 15 базавых велічыняў (405 рублёў). Аднак на выхадзе з суду мяне зноў затрымалі і адвезьлі ў ГУБАЗіК. Там мяне дапытвалі, пагражалі і абражалі, патрабуючы пайсьці на супрацу і расказаць пра іншых адміністратараў каналу.
Там быў маленькі пакой, можа 3 на 6 мэтраў, а іх было чалавек 10. Яны згрупаваліся вакол мяне, раўлі на мяне, мацюкаліся. Для мяне гэта было шокам! Адзін з губазікаўцаў сказаў мне: калі б ты была мужчынам, я б цябе… Пагражалі забраць дзіця, абяцалі, што дачка трапіць у дзіцячы дом і ня будзе ведаць, хто маці. Былі і такія абразьлівыя выказваньні: маўляў, мужыка б табе, каб ты з-пад яго выпаўзала, тады ў цябе не было б часу лезьці ў палітыку…
Губазікаўцы ў тым ліку выкарыстоўвалі сілавыя прыёмы. Апэратыўнік Валеры Высоцкі націснуў мне на шыйныя хрыбеткі і некалькі разоў біў далоньню па сьпіне, патрабуючы паролі ад акаўнтаў. Але я зноў адмовілася.
У выніку я напісала тлумачальную пра тое, што я нікога ня ведаю, ні ў чым ня ўдзельнічала і ні да чога не заклікала. Мяне адпусьцілі ўвечары 10 ліпеня. На разьвітаньне яны мне сказалі: ня дай бог твой твар усплыве дзесьці на «Вясне» або на «Белсаце» – тады ў наступны раз да цябе прыедзем ня мы, а АМАП. І яны ўжо адразу будуць біць.
У той жа вечар я вярнулася ў Салігорск. Нечакана для сябе даведалася, што суседзі па вуліцы вельмі за мяне турбаваліся і нават зладзілі дзяжурства каля майго дому, каб туды нічога не падкінулі.
Я двое содняў ня спала, двое содняў бязь ежы і вады, ледзь ня траціла прытомнасьць. Я падыходжу да дому і бачу, што там стаяць людзі. Яны падышлі да мяне, пачалі абдымаць: «Лена, мы за цябе, мы на тваім баку». Зьбегліся людзі з усёй вуліцы, выказвалі словы падтрымкі. Я была вельмі ўражаная. Я купіла гэты дом толькі 2 гады таму і нават ня ўсіх суседзяў ведала. Я ўсім падзякавала, зайшла ў дом, адразу ўпала і заснула. Не хапіла нават сіл у душ схадзіць.
Аднак на гэтым перасьлед ня скончыўся. 21 ліпеня мяне выклікалі ў Салігорскі РАУС. Патлумачылі, што мне нібыта хочуць вярнуць канфіскаваныя ноўтбукі. Але ў будынку РАУС мяне зноў затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК і павезьлі ў Менск, у Сьледчы камітэт.
Мяне затрымалі ў межах «справы Ціханоўскага». Нібыта я «паводле папярэдняй змовы» зь Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам і іншымі палітвязьнямі 29 траўня падчас пікету для зборы подпісаў зладзіла «дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Насамрэч я з гэтымі людзьмі была не знаёмая, я нават не перапісвалася зь імі ў інтэрнэце. Я ведала, што ёсьць такі палітык Статкевіч, ёсьць блогер Ціханоўскі… Чула імёны астатніх, бо іх тады ўжо прызналі палітвязьнямі. Але я нават ня ведаю, як большасьць зь іх выглядае, візуальна іх ня памятаю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАБольш за тое, мяне 29 траўня не было ў Горадні. У той пэрыяд я была на самаізаляцыі і з сакавіка нікуды не хадзіла. А суполка «Армія з народам» была створана толькі 26 чэрвеня.
21 ліпеня мяне зьмясьцілі ў цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. На наступны дзень, 22 ліпеня, у ЦІП мяне ў прысутнасьці дзяжурнага адваката дапытала сьледчая СК. Яна вяла допыт карэктна, мае паказаньні запісвала дакладна. Аднак ужо пасьля допыту да мяне ў ЦІП зноў прыйшоў супрацоўнік ГУБАЗіК. Цяпер ужо размова ішла без адваката.
Ён зноў прынёс гэтую тэчку з раздрукоўкамі асабістых паведамленьняў, дзе маркерамі вылучаныя асобныя фразы. Напрыклад, ён зачапіўся за паведамленьне, якое я напісала знаёмаму. Я была ў напружаньні і напісала паўжартам, маўляў, вілы ў мяне заточаныя. Вось да гэтага прычапіліся. Але я кажу: даруйце, я жыву ў прыватным сэктары і вілы — гэта проста мой аграрны інструмэнт. Ён зноў сядзеў і паўтары гадзіны мне пагражаў, што мяне пасадзяць, што ў мяне адбяруць дачку.
У канцы ён кажа: ну што, можа нам заўтра прыехаць, ты больш лагодная будзеш? А я кажу: не марнуйце мае падаткі.
24 ліпеня я выйшла на свабоду. Шчыра, калі мяне выклікалі, я была ўпэўненая, што мяне перавядуць у СІЗА. Але мяне адпусьцілі. Я застаюся падазраванай, я абавязана зьяўляцца на допыты па першым выкліку. Хаця падпіскі аб нявыезьдзе ў мяне ня бралі“.
„Міністар Сьліжэўскі: «АМАП проста так не затрымлівае»“
Аляксандар Ерафееў, 61 год, падпалкоўнік МУС, Менск:
„Прызнаюся, нават не хадзіў 9 жніўня на выбары. Апошні раз быў на выбарчым участку ў часе рэфэрэндуму ў 1995 годзе і галасаваў за гістарычную сымболіку, але, убачыўшы вынікі, зразумеў, што ўсё бессэнсоўна.
11 жніўня нас на працы адпусьцілі раней, каб спакойна маглі дабрацца дадому. І я пайшоў звычайным маршрутам: Мін’юст — Зыбіцкая — парк — Чырвоная — Камароўка. Я шмат гадоў хаджу пешшу і цяпер вырашыў не мяняць традыцыю, пагатоў у 17.00 на гэтых вуліцах не было акцыі.
Гэта і крыўдна цяпер: калі б схапілі на мітынгу, а так... Адзіны мой грэх — ішоў і ўсьміхаўся. Стараюся радавацца жыцьцю, ня ведаю, колькі яшчэ засталося. І вось каля «Журавінкі» на мяне напалі трое, як я іх называю, ніндзя. Зьбілі з ног, двое падхапілі, а трэці засадзіў паміж ног. Потым павалаклі ў аўтобус і сталі зьбіваць дубінкамі па ўсім целе, забралі ўсе рэчы, скруцілі сьцяжкай рукі за сьпінай.
У аўтобусе штурхалі так, што зламалі шчыкалатку. Я прасіў таго, хто ў балаклаве, зьняць яе і паказаць твар, ён адмовіўся, але гэтыя вочы я запомню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ аўтобусе плакалі дзяўчаты, і я іх суцяшаў. Людзі прасіліся ў туалет, іх не пускалі, і яны вымушаныя былі хадзіць пад сябе.
Разам са мной затрыманы быў супрацоўнік службы бясьпекі МЗС, так ён прадставіўся, і былы амапавец. Нас вазілі па горадзе, потым перагрузілі ў нейкі транспарт, паклалі ў некалькі радоў і прайшліся па нас. Калі пачало зьмяркацца, прывезьлі ў Савецкае РУУС, паставілі да сьцяны — рукі ўгору, згінаць нельга. Каб ногі былі як мага шырэй, нас пастаянна білі па шчыкалатках.
У міліцыі мяне сфатаграфавалі, зьнялі на відэа, а сярод ночы павялі падпісваць пратакол. Папрасіў даць яго пачытаць — засадзілі па печані. Адмовіўся падпісваць — яшчэ раз па печані. Дык скажыце, што хоць у ім напісана? Адказ: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Прапанаваў паглядзець маю геалякацыю на момант затрыманьня: «Стары сівы п..., надта ты разумны». Зноў удар, ладна — падпішу. Але замест свайго подпісу паставіў літару «Е».
Пад раніцу зьявіўся нейкі падпалкоўнік у балаклаве, на пагонах дзьве зоркі, і стаў мне пагражаць. Казаў, што я зганьбаваў пагоны, трапіўшы ў аддзяленьне міліцыі. Там такая лёгіка: калі ты ў іх — ты ўжо вінаваты.
Дзесьці а пятай раніцы загадалі рабіць зарадку, на «раз» сядаеш, пакуль ня скажуць «два» — уставаць нельга. Зарадку люблю, кожную раніцу займаюся па гадзіне на воркаўце, таму гэта пайшло мне ў плюс.
З аддзяленьня міліцыі я выйшаў пасьля 11 раніцы, без пратаколу ці нейкіх дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі затрыманьне. Зірнуў на тэлефон, а там столькі званкоў, колькі за ўсё жыцьцё не было.
Калі расьпісваўся за рэчы ў РУУС, надзеў усьмешку. Таго, што рабілася ўнутры, ім не паказаў, але выйшаў — і пачалася гістэрыка. Тупа рыдаў. Калі білі, прасіў мяне прыстрэліць. Там, стоячы каля сьцяны, баяўся, што зробяць калекам, не хацеў стаць абузай для сям’і. Палохала, што нейкія людзі ў балаклавах самаўзвышаліся, прыніжаючы мяне... Я даўно ня плакаў, напэўна, гэта былі сьлёзы ачышчэньня, сьлёзы прасьвятленьня.
Апошнія пяць гадоў я працаваў у Мін’юсьце, і адразу пасьля РУУС ногі павялі на працу. Хацеў асабіста задаць пытаньне міністру Алегу Сьліжэўскаму: Ці магу я працаваць у вашым ведамстве пасьля таго, што перажыў за апошнія суткі?
Запісаўся на прыём па асабістым пытаньні, у кабінэт да міністра зайшоў, калі не было яшчэ 12 гадзін. Прыйшоў кульгавы, на чырвоныя заплаканыя вочы надзеў цёмныя акуляры. Алег Леанідавіч выслухаў мяне і сказаў: «Я ня веру, АМАП проста так у нашай краіне не затрымлівае». Паабяцаў паставіць прагул, хоць на той момант я адсутнічаў менш за тры гадзіны, а назаўтра звольніць паводле артыкула.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ мяне 45 гадоў працоўнага стажу, не хацелася закрываць кніжку непрыгожым артыкулам, і, як цяпер прынята, сам напісаў заяву, каб сысьці па згодзе бакоў. Мой кантракт быў да верасьня 2021 году.
Адразу пасьля размовы зь міністрам я зьвярнуўся ў паліклініку МУС, магчыма, на адрэналіне не адчуваў ніякага болю, а ўжо дактары знайшлі пералом правай шчыкалаткі і наклалі гіпс.
Празь дзень боль быў такі, што хоць на сьценку лезь. Доктар сказаў, што пра маю траўму паведаміць у міліцыю. Ішлі дні, нічога не адбывалася, і мяне проста на мыліцах родныя прывезьлі ў Сьледчы камітэт. 17 жніўня напісаў заяву на 10 старонках, папрасіў прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці тых, хто біў, і даць прававую ацэнку дзеяньням міністра юстыцыі.
Калі сьледчы прымаў заяву, трэба было адказаць дадаткова на 25 пытаньняў: які ў мяне акаўнт у сацсетках, электронная пошта, якім дэвайсам карыстаюся, на якія тэлеграм-каналы падпісаны. Адказаў, і далі накіраваньне на экспэртызу. Калі ў чарзе пабачыў зьбітых, заплакаў другі раз.
Каб зьняць пабоі, я чакаў у чарзе чатыры гадзіны. Аддаў сьледчаму нямытую вопратку, у якой быў 11 жніўня, і пэрыядычна пытаюся: ці завялі крымінальную справу.
Нядаўна праверку зноў працягнулі на месяц, геалякацыю так і не запыталі. Цяпер узьнікае праблема: мне трэба даказваць, што зламаў нагу ня дома, а ў часе затрыманьня, што наогул быў у Савецкім РУУС, на руках няма ніякіх дакумэнтаў. Суду паводле арт. 23.34 КаАП не было. І ня будзе. Двухмесячны тэрмін прыцягненьня да адказнасьці скончыўся.
Працоўную кніжку ў Мін’юсьце забіраў на мыліцах, пакуль клыпаў, некаторыя адварочваліся. Гэта нейкая дэградацыя чалавечых дачыненьняў, калі кожны сам за сябе.
Я 15 гадоў служыў у УУС Менскага аблвыканкаму на пасадзе начальніка ўпраўленьня сувязі і інфарматызацыі. Сама служба была цікавая, займаўся пераабсталяваньнем дзяжурных частак, але прыйшоў новы генэрал, і службу давялося пакінуць.
Тады, у 2005 годзе, пачаў задумвацца: што здарылася? Чаму, калі чытаеш лісты міліцэйскіх чыноўнікаў, немагчыма ўлавіць іх сутнасьць? Такое адчуваньне, што яны напісаныя па-кітайску.
Міліцыя зьмянілася, як неба і зямля. У 90-х зь людзьмі ў пагонах можна было гаварыць па-людзку, а потым нешта зламалася, усе адзін у адным сталі бачыць канкурэнта, я стаў замыкацца ў сабе і менш дачыняцца з калегамі. Неяк мяне выклікаў на прыём генэрал. Выйшаў, а каля яго кабінэта стаяць нейкія людзі, пытаюцца, па якім пытаньні ён мяне выклікаў. Гэта стала шокам. Гэта рэўнасьць, ці што? Ненармальна, калі нехта лічыць, колькі разоў ты ходзіш да генэрала. І гэтая сытуацыя кажа шмат пра што.
Усе сталі баяцца за сваё існаваньне. Калі праводзілі калегію, афіцэры жартавалі: «Кім ты выйдзеш пасьля калегіі? Маёрам ці камбайнёрам?»
Камбайнёр прыедзе ў Менск, і ніхто ня будзе ведаць, хто ён. А калі амапавец папрацуе нават на адной акцыі, яго пачынаюць баяцца. Вы задумваліся, чаму людзі ідуць у міліцыю? Уявіце, чалавек жыве на вёсцы, не ў найлепшых умовах, пра яго ўвогуле ніхто ня ведае. А потым ён пераяжджае, напрыклад, у Менск ці Берасьце. Яму даюць фуражку, дубінку, службовую кватэру і нармальную зарплату. Для чалавека, які проста хадзіў па вёсцы, гэта як у рай трапіць, схапіць бога за бараду. Цяпер супрацоўнікі міліцыі лічаць сябе гаспадарамі жыцьця, вяршыцелямі лёсаў. Асабліва востра я гэта адчуў у аўтобусе, калі ляжаў са зьвязанымі рукамі“.
„Толькі ў нашай камэры зьнікла гарачая вада і перастаў змывацца туалет“
Алена Леўчанка, прафэсійная баскетбалістка, асуджаная 30 верасьня на 15 сутак:
„Мне здаецца, у мяне тысячы новых паведамленьняў са словамі падтрымкі. Аж да таго, што людзі пішуць: прыходзьце да нас на бясплатны манікюр-пэдыкюр, прыводзьце вашу маму, прыяжджайце да нас у сядзібу, зьвяртайцеся па хоць якую дапамогу. Я шчасьлівая ўсьведамляць, што такія людзі ёсьць. І хачу, каб яны ведалі: я прачытаю кожнае паведамленьне і кожны камэнтар і наколькі мага пастараюся ўсім адказаць.
Калі цяпер я выяжджаю ў горад, то паўсюль адчуваю падтрымку. Людзі глядзяць на мяне ў банку, з суседніх машын, у аптэцы. Зь некаторымі мы вітаемся і вельмі міла гутарым. Гэта прыдае мне ўпэўненасьці, што я не адна, мяне падтрымлівае вялізная колькасьць людзей, і дае ўсьведамленьне: мы рухаемся ў слушным кірунку.
Цяпер я пачуваюся нармальна. Побач са мной сябры і блізкія. Але не выключаю, што, магчыма, мне спатрэбіцца дапамога псыхолягаў. Я гэтага не саромеюся.
Самае цяжкае сёньня — усьведамляць, што так, у камэры, у тых умовах, засталіся людзі, зь якімі мы разам прабавілі час. За вельмі кароткі тэрмін дзяўчаты, зь якімі я дзяліла камэру, сталі мне нечужымі людзьмі, нашы погляды нас моцна аб’ядналі.
Цягам трынаццаці дзён на Акрэсьціна мы спалі без матрацаў і пасьцельнай бялізны, якую ў нас забралі. Тады ж, другога кастрычніка, у камэры зьнікла гарачая вада і перастаў змывацца туалет. Я, вядома, дагэтуль не разумею, навошта трэба так рабіць. Хоць многія могуць запярэчыць: як, ты не разумееш, для чаго гэта ўсё?
Вядома, я адэкватны чалавек і разумею, што адбываецца ў краіне. Але ўсё адно першая рэакцыя была такая: можа быць, мы чагосьці ня ведаем, нешта адбылося ці мы дзесьці завінаваціліся?
Побач са мной былі адукаваныя людзі, якія займаюць нейкія пасады. І вось прыйшла ідэя, як высьветліць, ці вада прапала толькі ў нас ці ўва ўсіх. Насупраць у камэры сядзелі хлопцы. Калі мы выходзілі, дык звычайна махалі ім рукой. Калі яны нас заўважалі, махалі ў адказ. І вось я вырашыла атрымаць ад іх хоць нейкую інфармацыю.
Калі ў камэру прыносілі сьняданак, абед ці вячэру, то адчынялі спэцыяльнае вакенца, якое часам не да канца зачынялася. Я ўзяла кніжку, напісала на вокладцы: «Ці ёсьць у вас гарачая вада?», прасунула яе ў шчыліну і пастаралася зрабіць так, каб хлопцы ўбачылі і адказалі нам. Урэшце яны прачыталі і кіўнулі: «Так, у нас ёсьць».
Тады мы зь дзяўчатамі ўжо пачалі разумець, што ніякае гэта не зьнікненьне гарачай вады ці адключэньне ўва ўсім ЦІП, а нешта ня тое канкрэтна ў нашай камэры.
Увогуле ўмовы ўтрыманьня выклікалі ў мяне шок. Трэба ўсё гэта яшчэ раз перадумаць. Калі ў камэру на чатырох чалавек падкідваюць пятага і нехта сьпіць на падлозе. Пры гэтым у ІЧУ, дзе я прабыла першыя содні, былі нармальныя адносіны. А ў ЦІП не пускалі памыцца, спалі на бэльках, не працавала каналізацыя. І ўсё гэта адзін пакой, даўжыня якога сем мэтраў, а шырыня каля трох.
Я разумела, што я ў турме, а не на курорце або ў санаторыі. Але нават там, у камэры, старалася знайсьці час для сябе, для мэдытацыі. Я веру ў Бога, гэта таксама для мяне важна. І ня буду казаць, што я такая дужая. Калі ўсе сьціхалі і клаліся спаць, гэта быў мой час памаліцца і паплакаць, пасьля чаго мне рабілася лягчэй. Менавіта тады я знаходзіла балянс і спрабавала заснуць, хоць гэта цяжка было назваць сном“.
„Лекараў нават на вайне не чапаюць“
Валянціна Алфёрава, 58 гадоў, фэльчар гарадзкой станцыі хуткай дапамогі, Бабруйск:
„Мяне затрымалі ў раёне ГЦ «Карона» 20 верасьня, калі ўдзельнікі мітынгу ўжо разыходзіліся. Выскачылі двое, рукі расставілі і пацягнулі.
Даставілі ў ГУУС на Менскую, 130. Там склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні (арт. 23.34 КаАП). Фармулёўка стандартная — прыняла актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве, усяляк імкнулася прыцягнуць да сябе ўвагу. Зьбіраліся везьці ў ІЧУ да суду. Зрабілі асабісты догляд, прымусілі разьдзецца.
Але мне ад усяго гэтага зрабілася дрэнна. І мяне адвезьлі ў лякарню, у мяне быў высокі ціск – 180/100. І там мяне шпіталізавалі. Так я прабыла на бальнічным да 19 кастрычніка. Увесь гэты час тэлефанавалі зь міліцыі і суду то на працу, то мне асабіста. Прапаноўвалі даць згоду на разгляд справы безь мяне. Я не згадзілася.
Суд прызначылі, як толькі мне закрылі бальнічны, — на 20 кастрычніка. Справу разглядала ў сваім кабінэце судзьдзя Тацяна Тарабуева.
Я адразу выказала недавер суду і падала хадайніцтва пра адвод, бо гэтая судзьдзя выносіць палітычна матываваныя рашэньні. Тарабуева палічыла, што мае довады надуманыя і прычынаў для адводу няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ сказала, што вінаватай сябе не прызнаю. І ўказала на памылкі ў рапарце пра затрыманьне. Там пра мяне напісана «ён», «нёс на плячах бела-чырвона-белы сьцяг». Па-першае, ніякага сьцяга ў мяне не было, па-другое, дык хто я — ён, яна, яно? Хто і пра каго ўсё гэта пісаў?
Старэйшы ўчастковы інспэктар аддзяленьня міліцыі Першамайскага раёну Андрэй Комар патлумачыў, што ў рапарце былі памылкі, але ў пратакол яны не ўвайшлі.
Складаньне пратаколу таксама ішло з парушэньнямі. Мне не растлумачылі мае правы. Калі я на гэта ўказала, мне сказалі — адкрывайце інтэрнэт і чытайце. Што ж, калі ў вас здарыцца апэндыцыт, таксама адкрывайце інтэрнэт, дыягнастуйце і самі сабе рабіце апэрацыю.
Судзьдзя казала, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ня ёсьць прадметам разгляду і што на іх я ўжо даўно магла падаць скаргу.
Сьведкам выступаў начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму падпалкоўнік Сяргей Рудзько. Ён не прапускае амаль ніводнай справы паводле арт. ст.23.34 КаАП — альбо сам вядзе працэс, або прыходзіць як сьведка.
Ён казаў, што яны мяне папярэджвалі, а я працягвала хадзіць і размахваць шарыкам, паводзіла сябе нахабна, з выклікам, паказвала розныя жэсты на відэакамэру, кулак, напрыклад.
Пасьля перагляду фатаграфіяў і відэа з шэсьця Тарабуева абвясьціла рашэньне — штраф у 25 базавых або 675 беларускіх рублёў.
Тое, што адбываецца, проста шакуе. Што судзяць журналістаў, адбіраюць ліцэнзіі ў адвакатаў, што нам усім проста схлусілі на выбарах. Калі мяне затрымалі, я сядзела ў гэтым аддзяленьні міліцыі, глядзела на супрацоўнікаў і думала пра тое, што ў нас адбывалася 9-11 жніўня, пра тое, што тады рабіла міліцыя і што перажывалі мірныя людзі. Я не магу пра гэта ня думаць. І як мэдык не магу заплюшчваць вочы на тое, як людзей б’юць, чыняць над імі гвалт.
Тады, у жніўні, калегі выяжджалі на выклік да маладога мужчыны зь пераломам сьцягна пасьля сутычкі з АМАПам на плошчы. Гэты мужчына пытаўся, за што зь ім так. А яму матам адказвалі, каб замаўчаў, і каб было за што, увогуле забілі б. А міліцыянт, які яго суправаджаў, на пытаньне лекараў, што будзе тым, хто да такога стану пабіў чалавека, адказваў — нічога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ слухаю гэта ўсё, чытаю, бачу, і мой розум дагэтуль адмаўляецца гэта ўсё ўспрымаць, гэтую скрайнюю жорсткасьць. Сілавікі быццам ня думаюць, што яны робяць. Яны паводзяць сябе як рабы, якія прадаліся за гэтыя высокія заробкі, і цяпер робяць усё, што ім скажуць. І яны лічаць, што гэта дастатковае апраўданьне — маўляў, я ўсяго толькі выконваю загад, раблю тое, што скажа «гаспадар».
Лекараў нават на вайне не чапаюць, бо яны ратуюць усіх — і сваіх, і ворагаў, і злачынцаў, і міліцыянтаў. А ў нас не глядзяць ні на што. Караюць мэдыкаў і ня думаюць, што хутка ня будзе каму іх саміх лячыць і ратаваць.
Я спрабую ўявіць сабе, што б я адчувала, калі б мне давялося прыехаць на выклік да тых, хто мяне затрымліваў, да Рудзько таго ж ці да судзьдзі Тарабуевай, якая вынесла гэтае рашэньне пра мяне. Напэўна, у душы ў мяне была б бура. Але гэта ніяк не адбілася б ні на маіх паводзінах, ні на маіх словах — я б сумленна ратавала іхныя жыцьці, як і ўсіх іншых людзей у разе неабходнасьці.
Сума штрафу 675 рублёў — гэта месячны заробак фэльчара хуткай дапамогі.
Пасьля суду на разьвітаньне падпалкоўнік Рудзько сказаў мне: «У нас яшчэ шмат матэрыялаў на вас. Трымайцеся».
Але я хадзіла, хаджу і буду хадзіць на мірныя мітынгі. Мяне ня спыняць ні гэтыя пагрозы, ні суды і штрафы. Нам усім нельга здавацца. Трэба пратэставаць і далей. Як вядома, вада і камень точыць, нават па кропельцы. Таму нельга спыняцца“.
„Я ўдыхнула, каб крыкнуць: «Што вы робіце?» І газ трапіў мне ў вочы, нос і рот“
Ніна Прывалава, пэнсіянэрка, Менск:
„Я пайшла на марш 11 кастрычніка, каб сустрэць Ніну Багінскую і падарыць ёй сваю кнігу. Я і падумаць не магла, што пасьля мірнага шэсьця апынуся ў лякарні з апёкам вачэй і лёгкіх пасьля таго, як сілавікі пусьцяць газ на пэнсіянэраў.
Летась я выдала сваю кнігу «Грёзам судьбы вопреки» і вельмі хацела 11 кастрычніка падарыць яе Ніне Багінскай, якая мяне вельмі натхняе. Кнігу я падпісала і пайшла на традыцыйны нядзельны марш: ведала, што Багінская там дакладна будзе.
Калі мы зь іншымі жанчынамі ўжо падыходзілі да цэнтру, я ўвесь час шукала Багінскую вачыма. У мяне зь ёй няма кантактаў, мы не знаёмыя, я проста вельмі яе паважаю. Памятаю, што я спакойна стаяла сярод іншых людзей, як раптам на натоўп нечакана наляцелі амапаўцы. Я вельмі зьдзівілася, бо, як правіла, хапаюць у большасьці моладзь. А тут і на пэнсіянэраў паляцелі.
Калі мы ўбачылі, як на асфальце б’юць маладога хлопца, мы сталі ў счэпку і пачалі крычаць: «Не чапайце нашых дзяцей!»
Вакол гэтага хлопца ўтварылася вялікая лужына з крывёю — тады ж яшчэ і дождж пачаўся. Мы пабеглі да яго, крычалі амапаўцам, каб яго пакінулі ў спакоі. Але не пасьпелі выратаваць: яго закінулі ў аўтазак, пакуль мы падбягалі. На асфальце засталіся яго заплечнік і сьцяг у крыві.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАМногія жанчыны-пэнсіянэркі спрабавалі размаўляць з амапаўцамі, але ўсё было бяз толку. У нейкі момант сілавікі падышлі да нашай групы амаль ушчыльную і распылілі газ. Я якраз у гэты момант удыхнула, каб крыкнуць: «Што вы робіце?» І газ трапіў мне ў вочы, нос і рот.
Нейкі час я яшчэ спрабавала хоць каго-небудзь зь мірных людзей абараніць, але нічога не выходзіла. Памятаю, як ішла ў бок Кальварыйскай, а на дарозе проста так валяліся заплечнікі, парасоны, сьцягі. І ўсё ў крыві. Мяне гэта вельмі ўразіла.
Неўзабаве зноў зьявіліся аўтазакі, і зь іх панесьліся на народ амапаўцы. Людзі пачалі разьбягацца. А я не пабегла. Проста ўстала, падняла галаву ўверх і падумала: «Госпадзе, калі ласка, спыні гэты гвалт». У гэты момант мяне і схапілі.
Закінулі ў бус. Са мной ехала 37-гадовая жанчына Лена. Яна выпадкова зачапіла аднаго амапаўца нагой, і той рэзка яе схапіў, паклаў калена ёй на грудзі і пачаў душыць. Тады я вырашыла адцягнуць іх на сябе. Спачатку схапіла аднаго за руку, потым спрабавала проста размаўляць зь імі. Яны рагаталі з нас, зьдзекаваліся, называлі сукамі. Але хаця б не чапалі гэтую Лену. Яна ж яшчэ маладая, гэта мне 61 год — я, лічыце, жыцьцё ўжо пражыла, мне ня страшна. А яе хацелася абараніць.
У РУУСе нас пратрымалі некалькі гадзін. Там не выпускалі ў туалет. Мне нават прыйшлося закрычаць на ўсё аддзяленьне, што калі мяне зараз не адвядуць у прыбіральню, то я зраблю ўсе справы проста ў іх на вачах на падлозе. Толькі тады маю просьбу выканалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПотым усіх затрыманых павялі ў актавую залю, дзе паказвалі фільм пра Лукашэнку і яго міліцыю. Ніхто яго, вядома, не глядзеў. У нейкі момант я нават сябе на экране ўбачыла — кадры з пратэсту здымала, мабыць, БТ. Потым склалі пратакол і вывелі на вуліцу.
Калі прыехала дадому, то адразу пайшла ў душ — спрабавала змыць усё тое, што адбылося са мной. Тады ўжо пачынала кашляць. Але падумала, што да раніцы ўсё пройдзе, і лягла спаць.
Ноччу ў мяне пачаўся страшэнны кашаль, зьявілася адчуваньне пяску ў вачах. Раніцай я выклікала „хуткую“. У выніку правяла тыдзень у лякарні з апёкам рагавіцы і дыхальных шляхоў. Пры гэтым лячэньне мне трэба працягваць яшчэ доўга і безь лякарні. У мяне зараз дрэнна бачыць правае вока, хоць левае ўжо аднавілася.
Афіцыйны дыягназ пасьля атручэньня газам: таксычнае дзеяньне газаў, дымоў і пары; хімічны апёк рагавіцы; хімічны апёк паражніны носу, насаглоткі, ратаглоткі, гартанаглоткі; востры рэактыўны лярынгатрахеабранхіт.
І хаця кнігу Багінскай у той раз падарыць не атрымалася, я ўсё роўна калі-небудзь падару яе ёй. Мая кніга — гэта нарысы і аповеды пра простых людзей. Там ёсьць шмат пра лёсы дзяцей-сіротаў, зь якімі я сама доўга прапрацавала ў жыцьці, і пра тую вайну, якую мне прыйшлося весьці калісьці з органамі апекі.
Ня ведаю, ці будзе цікавая Багінскай мая кніга, але я паставіла сабе мэту.
І выходзіць на пратэсты буду. Асабліва пасьля таго, што я ўбачыла і перажыла. Гэта мая зямля, па якой ходзяць мае дзеці і ўнукі. І гэтую зямлю заліваюць крывёю“.
„Я пражыла ўсе гэтыя 13 дзён з усьмешкай“
Дар’я Чачко, супрацоўніца архітэктурнай майстэрні, Менск:
„Нас зь сястрой затрымалі 12 верасьня на мірнай акцыі пратэсту (якая ёсьць нашым канстытуцыйным правам, хоць у нас у Беларусі прыняты закон, які супярэчыць гэтаму).
Мы яшчэ толькі зьбіраліся на плошчы вакол Ратушы, як пачаліся першыя затрыманьні. Тры чалавекі ў балаклавах схапілі дзяўчыну і зацягнулі ў машыну без нумароў. Дзяўчаты акружылі аўтобус і не прапускалі яго, выгукалі «адпускай». У гэты момант нас атачыла вялізная колькасьць амапаўцаў, нас пачалі адціскаць да сьценаў кавярні. Раптам я апынулася ў першым шэрагу счэпкі, твар у твар з гэтымі людзьмі. Дзяўчаты, якія былі бліжэй да кавярні, пачалі пералазіць праз шкляную сьцяну летняй вэранды, а мы спрабавалі іх прыкрыць.
Я сама немалога росту, але некаторым з гэтых быкоў я была па падбародзьдзе. Мне не было страшна. Я не крычала, а проста глядзела ім у вочы і думала, як бы выбрацца з пасткі. Потым нейкі зь іх закрыў мне сваёй чорнай рукой вочы са словамі «чё пялишься?».
Некаторыя зь іх даставалі з нагрудных кішэняў тэлефоны і проста фатаграфавалі нас ці здымалі відэа з адлегласьці паўмэтра. Многія крыўляліся ці проста сьмяяліся. Мяне гэта ўразіла, бо, як выглядала, для іх гэта была забава. Гульня ў ката і мышку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПотым пачалі хапаць. Нейкі ціхар указаў на маю сястру: «Эту хватай». Але яна ўжо пералазіла цераз шкло, я імкнулася прыкрыць яе сабой, тады ён выскачыў і крыкнуў: «И эту тоже!». Мяне ўзялі пад локці і выцягнулі са счэпкі. Далей быў калідор да дзьвярэй аўтазака. Я ішла сама, мяне не вялі. Сястра пайшла за мною сама.
Там было ўжо шмат людзей, дзяўчаты і адзін хлопец. Ён меў доўгія валасы, магчыма, пераблыталі. У аўтазак ён пайшоў сьледам за жонкай.
Атмасфэра была дзіўная. Відаць, выяўляўся стрэс: хтосьці маліўся, хтосьці плакаў, хтосьці тэрмінова званіў і пісаў сваякам і адвакатам: нягледзячы на тое, што сказалі выключыць тэлефоны, супрацоўнікі ўнутры за гэтым не сачылі, і людзі пасьпелі паведаміць сваякам, што іх затрымалі.
Я зьняла гадзіньнік з рукі. 15:17. Эх, не пасьпелі нават трохі прайсьці, пагукаць «ухадзі», падумалася. І паклала гадзіньнік у паясную сумку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦААўтазак набілі пад завязку. Там быў адчынены люк, і мы сталі выкідаць у яго свае сьцягі, бо іх часта адбіраюць і зьнішчаюць, а так хоць дастануцца неабыякавым людзям.
Мы праехалі зусім няшмат, і каля Палацу спорту аўтазак спыніўся. Нас пачалі перасаджваць у іншы, міліцэйскі, разьбіты на асобныя камэры. Калі я выходзіла з аўтазаку, быў выстаўлены вялікі калідор з супрацоўнікаў у балаклавах. Я ўсьміхалася. Я ўвогуле шчыра магу сказаць, што пражыла ўсе гэтыя трынаццаць дзён з усьмешкай.
Адразу пачаліся камэнтары: «ну вот, с улыбкой, вот как нужно быть», «какая красивая», «приятно вас видеть». Пакуль я ішла праз гэты жывы калідор, пасьпела толькі сказаць: «А мне вас ня вельмі».
Потым нас, як даведаліся пазьней, перавезьлі ў Фрунзэнскае РУУС, дзе нас выгрузілі дваццаць чалавек, забралі тэлефоны і адвялі ў актавую залю. Дзяўчаты і жанчыны вельмі падтрымлівалі адны адных.
У РУУС нас рассадзілі ў актавай залі, выдалі маскі і прапанавалі ваду. Можна было адпрасіцца ў туалет, але чакаць, пакуль адвядуць, даводзілася доўга. Спачатку нас усіх запісалі пайменна, спыталі, ці ёсьць непаўналетнія дзеці або інваліды пад апекай. Тыя, у каго былі, у першую чаргу падыходзілі да сталоў, за якімі сядзелі супрацоўніцы міліцыі. Міліцыянты пахаджалі сюды-туды, некаторыя зь іх займаліся маралізатарствам, называлі нас лесьбіянкамі ці чымсьці накшталт гэтага. Тое самае рабілі многія, на розных этапах. Пачыналі выхоўваць, чапляліся да выгляду, стараліся прынізіць.
У РУУС мы прасядзелі каля пяці гадзін. Я была на допыце сярод апошніх. Дзяўчына-інспэктар вельмі ветліва са мной пагаварыла і дакладна ўсё запісала. Я мела яблык у сумцы: вярталася з заняткаў, а брала яго раніцай на перакус, бо ведала, што не пасьпяваю паабедаць. Яна ў сьпісе рэчаў так і напісала: яблычак. Пасьля былі апісаныя ўсе рэчы, выцягнутыя матузкі і зьнятыя ўсе ланцужкі, завушніцы, і ўсё гэта хавалася ў сумку. Рэчы складвалі асобна, а мы вярталіся на свае месцы і зноў чакалі.
Ужо позьнім вечарам мяне выклікалі падпісаць пратакол. За сталом сядзеў чалавек у форме, побач стаяў мужчына ў цывільным. Перада мной апытвалі сястру. Калі я прысела, мяне адразу ж пачалі выхоўваць, маўляў, што ж ты сястру з сабой пацягнула, ты ёй як маці павінна быць. Мы ўжо вельмі стаміліся, і я не рэагавала на іхныя прамовы.
Мне падсунулі нейкія паперы (пратакол), і мужчына ў цывільным пачаў на іх паказваць і крычаць: «Тэрмінова, хутчэй падпісвайце, ужо машына прыехала, давайце, давайце, пішыце, мы вас адпусьцім дадому!». Я хацела хоць штосьці прачытаць, убачыла, што насупраць майго прозьвішча ў табліцы напісана ЦІП, і зразумела, што дадому нас не адпусьцяць. Яны ўвогуле амаль усе і ўвесь час хлусяць. І гэтая хлусьня такая аб’ёмная і бессыстэмная, што часам выклікала пачуцьцё бясьсільля перад ёй.
Яшчэ я пасьпела прачытаць, што нібыта мы падпісваем пратаколы ў шэсьць вечара (а ўжо было як мінімум дзевяць, і яны парушылі нашы правы), потым пасьпела ўбачыць фальшывы пратакол, тэкст якога вядомы многім: удзельнічала ў мітынгу, крычала «Жыве Беларусь», «Ганьба», «Сыходзь», затрыманая ў 15:30-15:40.
Мужчына прысьпешваў. Той, які падпісваў паперы разам са мной, сказаў, што нас адпусьцяць дадому, я сказала, што ведаю, што гэта ня так. Ён пацьвердзіў, сказаў, маўляў, да панядзелка пасядзіце, а на суд мы вас самі прывязем.
Супрацоўнік міліцыі, які хадзіў вакол, трэці, спытаў, ці натуральны ў мяне колер валасоў. Я не адрэагавала на ягоны жарт. Ён падышоў бліжэй і паўтарыў пытаньне, на якое я не адказала.
Я ўсё падпісала, і мяне павялі і зачынілі ў камэры ў РУУС разам зь іншымі жанчынамі, там была і мая сястра Лена.
У турме мы ў камэру траплялі з рознымі дзяўчатамі, і ня ўсіх зь іх затрымалі на масавай акцыі пратэсту. Адна дзяўчына стаяла каля Чырвонага касьцёлу, увечары пасьля акцыі ўжо амаль дайшла да прыпынку за вакзалам, каб ехаць дадому, і тут да яе падышлі два супрацоўнікі ў цывільным, як высьветлілася, яшчэ двое ішлі за ёй, і „прапанавалі праехаць“ зь імі. Яны былі з закрытымі тварамі і не назваліся. У пратаколе напісалі, што размахвала рукамі і нагамі, два артыкулы (адзін за супраціў) і 10 дзён арышту.
Адна дзяўчына вярталася дадому ўвечары ў нядзелю разам з мужам. Недалёка ад мэтро „Пушкінская“, каля «Віталюру», спыніліся два бусы, выбеглі людзі ў балаклавах і пачалі хаатычна выхопліваць людзей ды цягнуць у машыны. Яна закрычала: «Што вы робіце?!» На што быў адказ: «Заткнись, сука!». Яна ў адказ паслала. Чалавек вярнуўся па яе, вырваў з рук мужа, які яе трымаў, і загрузіў у бус. Сказаў: «Ты ў мяне пасядзіш у Жодзіне». Ёй далі 12 сутак, судзілі паводле такога ж пратаколу, як і ў мяне, толькі лёзунгі крыху адрозьніваліся. Яна нібыта крычала «супраць гвалту».
Вядома ж, ніякая машына нас не чакала, і мяне падганялі, каб я хутчэй падпісала дакумэнты, практычна іх не чытаючы. У камэры РУУС мы прасядзелі даволі доўга. Пасьля нас вывезьлі, зноў загрузілі ў міліцэйскі аўтазак: на гэты раз я трапіла ў асобную камэру на дваіх, дзе каленкі ўпіраліся ў жалезныя дзьверы і не хапала паветра, і павезьлі нас у ЦІП на Акрэсьціна. Ехаць там нядоўга, але мы надта доўга стаялі недзе на тэрыторыі, было вельмі душна. Потым нас выпусьцілі і адвялі ў памяшканьне, дзе на першым паверсе паставілі тварам да сьцяны.
Галава балела ад паездкі і стомленасьці. Калі глядзіш доўга ў сьцяну перад тварам, галава пачынае кружыцца, цяжка арыентавацца. Я расьсяродзілася, гледзячы на поўзаньне маленькай молі. Мы не маглі зразумець, чаму нас так доўга трымаюць, але высьветлілася, што чакалі супрацоўніцу-жанчыну, якая кожную з нас мела надгледзець. За гэты час зноў пераправяралі нашы асабістыя рэчы, і калі глядзелі маю сумку, я папрасіла аддаць мне яблык, які мог так папросту згнісьці.
Акрамя нас -- хто быў у Фрунзэнскім РУУС, там былі яшчэ некалькі дзяўчат, якіх затрымалі ўвечары, яны выйшлі з кавярні пасьля ўсяго і іх схапілі. Дзяўчаты паводзіліся вельмі шумна, спрачаліся ў супрацоўнікамі, тыя ў сваю чаргу паводзілі сябе як людзі, што маюць уладу над іншымі, стараліся прынізіць у нейкія моманты. Я стаяла і думала, што, прыніжаючы іншых, яны прыніжаюць саміх сябе. Гэтую думку я потым напісала ў лісьце «для тых, хто з адваротнага боку мэталічных дзьвярэй», які пакінула ў Жодзіне, але пра гэта пазьней. Я ні разу за ўвесь пэрыяд не пачулася прыніжанай -- відаць, таму, што ясна разумела, што ўнутранай мне яны нічога зрабіць ня змогуць.
Неўзабаве прыйшла вельмі прыгожая дзяўчына ў форме, але з абсалютна жалезным тварам, мэханічная, і мы па чарзе заходзілі ў пакой, дзе разьдзяваліся дагала, толькі пакідалі майткі, яна ўсё адзеньне правярала, забірала бялізну з косткамі, мы адзяваліся і вярталіся да сьценкі.
За гэты час прывезьлі яшчэ «злодзеяў», як выразіўся старэйшы зьмены.
Пасьля гэтага ўзялі нас шэсьць чалавек, далі пасьцельную бялізну і адвялі ў камэру. Пакуль старэйшы адчыняў дзьверы, хтосьці зь дзяўчат у яго спытаў: «А вошы ёсьць?» — «Не, але калі вельмі добра пашукаць, можна знайсьці што заўгодна». — «І справядлівасьць?» — «Не, справядлівасьць — не».
Мы папрасілі пітную ваду, ён сказаў, што дасьць яшчэ туалетную паперу. Празь нейкі час ён прынес нам дзьве бутэлькі пітной вады і кожнай па пакеце з гігіенічнымі сродкамі ад Чырвонага Крыжа з словамі: «Каб не казалі потым, што я вас падмануў».
***
Многія людзі дагэтуль лічаць, што можна нешта вырашыць законным шляхам, але суды паказваюць вельмі яўна — цяпер гэта немагчыма.
Суды ў нас былі ў панядзелак, проста ў ЦІПе, проста на паверху. Там паставілі некалькі сталоў, на іх ноўтбукі. Потым паводле сьпісу вывелі першую партыю людзей з камэраў, і мы павінны былі стаяць тварам да сьцяны, пакуль нас ня выклічуць да стала. Суд званіў праз скайп. Інтэрнэту там няма, адзін ноўтбук падключаўся празь пераносны мадэм, другі праз тэлефон супрацоўніка, адказнага за суды. Калі тэлефон званіў, а ён званіў часта, суд прападаў.
Мы вельмі доўга чакалі званка з суду. Стаяць тварам у сьцяну даволі складана. З камэраў увесь час даносіцца рогат. Гэта ўвогуле было нармальна — мы таксама ўвесь час жартавалі і сьмяяліся.
Нарэшце суд пазваніў, мы чулі ўвесь працэс першай падсуднай. Ёй далі 11 дзён. Тады я зразумела, што мне таксама сьвецяць „суткі“.
Да другога кампутара (якраз таго, што праз тэлефон быў падключаны) паклікалі мяне. Як выявілася, нас пераблыталі, першай мусіла быць мая сястра.
Я засталася стаяць, а яе прывялі з камэры. Яна студэнтка, і ёй далі штраф 25 базавых. Адпусьцілі.
Наступнай была я. Чуваць было дрэнна, бачыць таксама. Я трохі схілілася да кампутара і ўбачыла судзьдзю. Яна была ў масцы, але не закрывала ёю нос і рот, і прынамсі нешта было зразумела з таго, што яна казала.
Яна адкрыла паседжаньне, спыталася ў мяне асабістыя зьвесткі, ці ёсьць дзеці, інваліды пад апекай і іншае.
Пасьля яна прыступіла да пратаколу, таго самага, аднолькавага для ўсіх, потым паказаньні нейкага сьведкі Арлова, я там таксама дрэнна пачула. Яна зачытала пратакол і спытала, што я хачу дадаць. Я расказала, што мяне затрымалі не ў 15:30-15:40, як там напісана, і лёзунгі я проста не пасьпела пракрычаць. Яна ўсьміхнулася і працягвала. У канцы яна спытала, ці ведала я, што мітынг несанкцыянаваны? Я адказала, што ведала. Яна спытала, чаму я пайшла. Я сказала -- каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю, бо іншымі законнымі спосабамі зрабіць гэта цяпер немагчыма.
Пасьля суд выйшаў на дзьве хвіліны, але вярнуўся праз 15, бо сыгнал прапаў, і міліцыянту званілі, але скайп не падключаўся. Калі ўсё наладзілася, судзьдзя зачытала прысуд: 13 сутак. Я пайшла ў камэру.
Я не расстроілася нават, бо ведала. Ведала, калі прымала рашэньне ісьці на мітынг, ведала, калі ішла, што магу атрымаць і 15 сутак. І таму ў мяне было поўнае прыняцьце сытуацыі. А яшчэ я адчувала сілу ўнутры. Сілу і яснасьць, а таксама мір і цішыню. Яны былі са мной практычна ўвесь тэрмін.
Ясна было, што мы ўсё робім недарэмна. І што гэтая фальшывая сыстэма ня можа болей існаваць. Усе сумневы адпалі пасьля гэтых судоў.
У нас у камэры дваіх адпусьцілі са штрафамі, траім далі па 13 сутак, адной жанчыне 59 гадоў далі 11.
Мы чулі шмат судоў, яны былі пад капірку. На некаторых выступалі ананімныя сьведкі, якія вярзьлі лухту. Абвінавачаныя лавілі іх на хлусьні, а суд усё даваў і даваў „суткі“. 11, 12, 13, 14. У людзей былі адвакаты, і гэта таксама не дапамагала. Былі і сьмешныя сытуацыі.
Каб хоць неяк працаваў сыгнал, ноўтбук паставілі яшчэ на нешта. У нейкі момант ён з грукатам зваліўся. «Што здарылася?» — «Суд зваліўся!» — «Абвінавачаны, вы напісалі, што часткова згодныя з пратаколам. Дзе менавіта?» — «Там, дзе напісана, што адсутнічае склад злачынства».
У адной дзяўчыны на судзе выступаў сьведка. Пасьля таго, як яго стала відаць на экране манітора, яна ўбачыла, што гэта адзін з супрацоўнікаў РУУС, якія іх афармлялі. «Я ведаю гэтага чалавека, ён з РУУС». — «Хвілінку». Карцінка прападае. Зьяўляецца, а там той самы чалавек, толькі ў іншай вопратцы і з маскай на твары. «Але гэта той самы чалавек». — «Хвілінку». І зноў зьяўляецца той самы, ён нацягвае балаклаву.
***
Нас усялілі ў камэру на шэсьць чалавек. Яна была даволі прасторная: тры двухпавярховыя ложкі, лаўкі, стол, нейкія паліцы. Туалет зь дзьвярыма))).
Сьцены пафарбаваныя ў яркі жоўты колер, відаць, адносна нядаўна. Самае жудаснае — брудныя, сьмярдзючыя, ліпкія ваўняныя коўдры. З пасьцельнага: прасьціна, наўлечка і ручнік. Матрацы — зьбітыя камякі ваты. Выхад быў такі: 1. Загарнуцца ў прасьціну і зьверху нацягнуць коўдру, каб было цёпла. 2. Прасьціну засьцяліць, а накрывацца палітом.
Пад’ём у шэсьць раніцы. У пакоі замест прыглушанага ўключаецца вельмі яркае сьвятло. Час на ўмываньне. Потым сьняданак. Гадзіньніка няма, а „прадольныя“ часта хлусяць пра час.
Ежа на Акрэсьціна проста агідная. На сьняданак далі кашу на вадзе, якая была абсалютна бяз смаку. Так жахліва яшчэ трэба ўмець прыгатаваць. Напэўна, для кухараў у турму праводзяць адмысловы конкурс, хто максымальна сапсуе прадукты.
Яшчэ там даюць вельмі шмат хлеба, розных адценьняў шэрага. Неяк мы сказалі, што хлеб нам не патрэбны — назапасілася і так немаленькая гара, на што баландзёрша (жанчына, якая развозіла ежу) сказала: «Дзяўчаты, на вячэру хлеба ня будзе, расьцягвайце задавальненьне».
Я ніколі ня мела такой агіды да ежы, але там частай думкай было: «Толькі б не сьняданак/абед/вячэра».
Выгляд, кансыстэнцыя, пах. Толькі салёны гурок, і то яго частка, быў больш ці менш і адзін раз грэцкая каша.
Есьці трэбы было хутка, і гэтаксама хутка памыць посуд і здаць яго баландзёршы.
Пасьля сьняданку быў шмон. «Прадольная» спытала: «Вас тут шесть же?». Мы потым варажылі -- што яна мела на ўвазе? «6 ж.» Мо жалуды?
У часе шмону ўсе выходзяць з камэры і становяцца тварам да сьцяны, рукі на сьцяну далонямі вонкі. Называюць прозьвішча, ты павінна сказаць імя, імя па бацьку. Калі жанчына дзяжурная, то яна праводзіць мэталашукальнікам і пры гэтым сама гудзе. Потым здымаеш абутак і бярэш у рукі, яна кажа: «пятачка», па чарзе падымае правую і левую нагу, каб ёй відаць была пятка.
У гэты час у камэры два супрацоўнікі прастукваюць усё і пераварочваюць матрацы. Адзін раз я знайшла там потым шчотку з пастай, адзін раз пакет з пастылой — яны проста скідвалі туды рэчы з паліц. Увогуле, яны проста пераварочваюць усё.
Потым усе хутка вяртаюцца ў камэру і наводзяць парадак.
Пасьля суду, калі мы зразумелі, што гэтая камэра можа стаць нашым домам на бліжэйшыя дзесяць дзён, дык навялі парадак, усё памылі.
***
Турэмнае жыцьцё пайшло сваім парадкам: мы слухалі суды ў калідоры, размаўлялі, глядзелі ў шчыліну ў акне на валянтэраў, якія там дзяжураць дзень і ноч. За гэта ім вялікая падзяка, сагравае проста іхная прысутнасьць у тым месцы.
Да некаторых у камэру прыходзілі супрацоўнікі іншых сілавых ведамстваў, прапаноўвалі даносіць на начальнікаў ці калег. Тонка вэрбавалі.
Неяк раз дзьверы камэры адчыніліся, і да нас зайшоў лысы чалавек. Ён сказаў роўным тонам і амаль бяз паўзаў наступнае:
«Вы альбо нахабніцы альбо вам не давялі што калі хтосьці заходзіць у камэру то трэба ўставаць з ложкаў якія павінны быць засланыя а калі я ўбачу што яны не засланыя то вырашу што вам не патрэбныя матрацы».
Мы ўсё зразумелі.
Раніцай у панядзелак мы атрымалі першыя перадачы, у нас былі нейкія слодычы, кнігі, таму час ішоў хутчэй.
Калі я вярнулася пасьля суду, дык убачыла ў нашу шчыліну ў вакне сваіх сяброў, знаёмага сьвятара, сястру. Я напісала цыдулку пра тэрміновыя справы і працу, напісала пра тэрмін і што мне перадаць. Думалі, што застанемся на Акрэсьціна на ўвесь час, але ў аўторак раніцай мы даведаліся, што нас сёньня перавядуць у Жодзіна.
Пра гэта нам сказалі на ранішнім шмоне.
Мы адразу сабраліся і чакалі. Вось і абед, потым і вячэра. З рэчамі нас выклікалі з камэраў увечары, думаю, было каля 18-й. Мы пашыхтаваліся ў калідоры, вывелі людзей і зь іншых камэраў. Яны адразу сталі задаваць пытаньні, бо таксама слухалі суды. Спыталі пра мяне зь сястрой, як правільна маё імя -- Дар’я ці Дарына, бо паспрачаліся.
Пасьля мы спусьціліся ўніз, здалі пасьцельную бялізну, атрымалі свае перадачкі. Затым нас разьдзялілі і адвялі ў прагулачныя дворыкі (упершыню за чатыры дні мы выйшлі на «сьвежае» паветра). Там мы сьпявалі песьні, хадзілі.
Празь нейкі час нас забралі і сталі разьмяшчаць у аўтазаку. Я была зь іншымі дзяўчатамі ў найбольшай камэры, кагосьці пасадзілі ў адзіночку, двойку. У адну двойку запхнулі трох хлопцаў.
Як мы даведаліся, аўтазакаў было тры.
Пасьля прынесьлі нашы рэчы ў нейкай разарванай кардоннай скрыні. Супрацоўнікі, якія суправаджалі нас, зусім маладыя хлопцы, як толькі мы рушылі, утыкнуліся ў свае тэлефоны.
Мы рухаліся калёнай у суправаджэньні машын ДАІ. Нягледзячы на адчынены люк, дыхаць практычна не было чым, асабліва тым, хто быў у асобнай камэры з глухімі дзьвярыма. Я ехала стоячы, бо мяне загойдвае. Вельмі моцна ўпацела, хоць была толькі ў кашулі, у якой мяне затрымалі. Калі мы ўжо прыехалі і чакалі прыёму, я села і нават задрамала. Нам раздалі мэдычныя маскі.
Нарэшце нам адчынілі дзьверы, мы ўзялі кожны свае рэчы і пайшлі ў прыёмнік. Мы ішлі праз калідор і супрацоўнікаў. Прыёмнік — гэта памяшканьне накшталт гаражу, у Жодзінскай турме яго сьцены выкладзеныя белай кафляй. Нам строгімі галасамі сказалі стаць да сьцяны, паставіўшы рэчы перад сабой. «Рукі за сьпіну, глядзім уніз, не размаўляем». Я стала проста каля нейкага супрацоўніка ў балаклаве (ён быў у форме колеру хакі), як мне здаецца, занепакоены, бо ўвесь час рукой церабіў дубінку. Але. Я адразу ж неяк ім усім не паверыла. У іх быў строгі, застрашвальны выгляд, але не было злой атмасфэры. Я нават падумала, што яны граюць, удаюць кагосьці, кім не зьяўляюцца.
Супрацоўнікаў было шмат.
Называлі нас па прозьвішчах, трэба было выразна назваць імя, імя па бацьку, дату нараджэньня.
Да супрацоўніка, каля якога я стаяла, зьвярнуліся, ён нешта адказаў, і мяне зьдзівілі два моманты: 1) нармальна выстраеная мова (увогуле тыя, хто з другога боку, вельмі рэдка гавораць правільна, выкарыстоўваючы складаназалежныя сказы); 2) ён падмацаваў усё словам «фэрштэйн».
Пасьля праверкі нам сказалі ўзяць рэчы, ісьці зь імі ўніз па прыступках і стаць каля дзьвярэй.
***
З рэчамі ў руках мы спусьціліся ўніз. У мяне парваўся пакет, і я абхапіла яго правай рукой. Зьлева адчынілі дзьверы, і мы пайшлі па доўгай паўцёмнай галерэі зь нізкай стольлю, сьцены былі колеру пабелкі зь зялёнкай, сям-там у іх былі бардовыя дзьверы з надпісам: «нармальнае становішча дзьвярэй ЗАЧЫНЕНА».
Усе ўвесь час прысьпешвалі, пакет высьлізгваў з рук, ісьці ў красоўках без матузкоў таксама вельмі нязручна. Хтосьці з арыштаваных пракамэнтаваў: «Як пацукі». Ішлі мы даволі доўга, галерэя паварочвала. Пасьля мы зайшлі ў дзьверы і падняліся па прыступках. Апынуліся ў калідоры, дзе пахла цыгарэтамі і капустай.
Нас пашыхтавалі каля сьцен, насупраць аранжавых дзьвярэй камэраў.
«Сталі тварам у сьцяну! Рэчы перад сабой, рукі за сьпіну!» «Маўчым!» «Глядзім уніз!» «Па чарзе заходзім у кабінэт!»
Пасьля прыглушанага сьвятла галерэяў і калідораў пакой здаўся напоўненым зьзяньнем белага сьвятла. Першае, што я ўбачыла, -- стол. За сталом супрацоўнік у форме і з мэдычнай маскай на твары. Адной рукой ён падпёр галаву. Я скіравалася да яго. Раптам на мяне закрычаў чалавек справа: «Ану зрабіла два крокі назад, я сказаў!»
На канапе сядзеў худы, тонкі супрацоўнік, увесь у чорным. На галаве ў яго была балаклава, якая сьмешна заканчвалася на ўзроўні грудзей, як каўпак у кáта. Ён паўсядзеў-паўляжаў, адной рукой падтрымліваў дубінку, другой пісаў у журнале. Я паглядзела яму ў вочы, калі ён крычаў. Яны былі спалоханыя.
«Фамилия, имя, отчество. Громко и четко!» Я назвала, ён запісаў. — «Дата рождения?» — запісаў. — «Место рождения?» — Я назвала, ён махнуў рукой, ня стаў пісаць: доўга і многа. «Жалобы есть?»
У гэты момант я адчула, што нешта датыкнулася да маёй шыі справа. Тэрмомэтар.
«Не», — прабубнела я ў маску. Блін, нават калі і былі скаргі, дык калі такім тонам пытаюцца, ты імгненна вылечваесься. Проста словам.
«Жалобы есть?» — яшчэ стражэй перапытаў ён. — «Не».
«36,1», — паведаміў маю тэмпэратуру супрацоўнік у блакітнай кашулі. — «Распишись!».
Я прыгнулася і расьпісалася насупраць свайго імя. М-да, почырк дакладна як у доктара.
Колькі жартаў у нас было потым з нагоды гэтага доктара. Гэта было рэальна сьмешна.
Дзяўчаты ўспаміналі, што камусьці ён сказаў сваім строгім голасам: «Руки склеила!». Навошта чалавек сядзеў за сталом, ніхто не зразумеў. Ад яго чулі толькі адну рэпліку ў нейкі момант: «Одни бабы». Сказана гэта было голасам чалавека, якому сумна.
«Трэба сьмяяцца з сваіх страхащ. Вось убачыш амапаўца і адразу ўяўляеш, што ён — Доктар»©.
У мяне была мігрэнь (мучаюся прыступамі даўно). «Дакладна ўсё добра? — пытаецца адна дзяўчына. — Мо доктара паклічам?» — «Не, ня трэба». — «Ну калі лаааска!».
Пасьля мэдычнага агляду нас пашыхтавалі каля іншай сьцяны. Усімі сіламі ў нас стараліся ўсяліць страх і трымценьне, але мне было нястрашна. Там руліў усім маёр, як потым мы даведаліся, начальнік ІЧУ Жодзінскага ГАУС. Сам ІЧУ знаходзіцца на тэрыторыі турмы, абсталяванай адмыслова для гэтых мэтаў (прынамсі правілы распарадку датаваныя сёлетнім жніўнем).
Мы перайшлі да пакою надгляду і чакалі свае чаргі, гледзячы ў сьцяну. Нехта зь дзяўчат збоку ад мяне нешта сказаў. Маёр падышоў да яе ззаду і стаў раўсьці: «Зараз сьпіна ўся будзе сіняя!». Я падумала, што вось ён самасьцьвярджаецца, упіваецца сваёй уладай, запалохвае. Бедны, дробны чалавек. Ня верылася, што ён можа свае пагрозы ажыцьцявіць. Дзяўчаты адна за адной падыходзілі і перашэптваліся. Маёр зноў падышоў і стаў раўсьці: «Я што, няясна папярэдзіў?! Ану змоўклі! Я навучу вас паважаць, сядаеце на шыю! Апошняе (ён прамармытаў нешта няяснае) кітайскае папярэджаньне!». Я стрымала сьмяшок.
Ён ведае, што такое кітайскае папярэджаньне? Гэта тонкі тролінг ці як?
Гэтыя людзі маюць уладу і сваёй уладай яны ўпіваюцца. Яны могуць пазбавіць нас голасу, фізычнай свабоды, жыцьця. Але ніколі не пазбавяць нас унутранай свабоды. Ніколі.
Чарга ў пакой надгляду патроху падыходзіла да мяне. Зьлева ад яе ўжо сабралася група дзяўчат, якіх надгледзелі, і гэты самы маёр сказаў супрацоўніку абсалютна нармальным голасам: «Дзяўчат адвядзі».
Голы шмон. І словы, прыдуманыя намі: калі нас везьлі, прыдумалі, што аўтазэкі едуць. Хтосьці прыдумаў слова АШМОНавец.
У пакоі надгляду былі дзьве супрацоўніцы, яны стаялі каля сталоў. Трэба было цалкам дастаць усе рэчы з пакетаў, гігіенічныя пракладкі з упаковак, адкрыць мыла і пасту, калі яны ў каробках. Я мела брудную бялізну ў асобным пакеце, якую я не пасьпела папраць. Яе таксама трэба было дастаць. Пасьля трэба было разьдзецца дагала і ўсё скласьці на стол, туды паставіць абутак.
Супрацоўніца ўсё правярала, шкарпэткі і бялізну расьцягвала ў руках, мацала, чытала цыдулкі, ламала мыла. У мяне заваліўся рубель у кішэні, яго паклалі ў пакецік і апісалі. Супрацоўніца паняцьця ня мела, што менавіта трэба пісаць, кансультавалася з калегай. Пасьля, голай, трэба было павярнуцца, каб яна агледзела нас на наяўнасьць сінякоў.
Тая, якая надглядала мяне, маўчала, а другая задавала пытаньні. У нас у даведках з Акрэсьціна ў графе «месца працы» было напісана, што мы ўсе беспрацоўныя, яна пыталася ў дзяўчат, хто яны паводле прафэсіі і магла адпусьціць зьедлівы камэнтар у духу: «Ну і варта было вучыцца пяць гадоў, каб не працаваць нідзе пасьля».
Пасьля голага шмону нас адвялі ў камэру на 10 чалавек на 3-м паверсе. Маёр сказаў таму, хто нас суправаджаў, каб паклікаў дзяжурнага да нас туды на прыём. І калі гэты чалавек перадаваў дзяжурнаму, што яго выклікаюць, то на пытаньне «навошта?» сказаў: «Работаць, арбайтэн, арбайтэн!».
Пасьля таго як запісалі нашы імёны ў сьпіс, мы зайшлі ў сваю камэру. Мне адразу кінулася ў вочы высмаленая столь, брудныя сьцены і аблезлыя мэталічныя нары, а ў нос пах прытхласьці, цыгарэт і яшчэ чагосьці. Гэта пах турмы, які я ведала і якога баялася. Баялася, што ён паселіцца ў маіх рэчах, асядзе на паліто і будзе палохаць маіх сяброў. Потым я ўбачыла сваіх дарагіх дзяўчат і вырашыла, што галоўнае — людзі, а са сьценамі можна звыкнуцца.
Такім чынам, у камэры нас было дзесяць «жэ». Тры з маёй камэры на Акрэсьціна і шэсьць новенькіх выдатных дзяўчат.
У камэры было пяць двухпавярховых ложкаў (нараў), адзін зь якіх, як мы вырашылі, даставілі адмыслова, каб было болей «пасадачных месцаў». Пасярэдзіне стол са счасанымі дошкамі стальніцы. Відаць, там было ўжо гэтулькі надпісаў, што дрэва проста зрэзалі. Каля стала дзьве лаўкі, на якіх нармальна сядзець маглі толькі восем чалавек. Акно ў правым верхнім куце, восем паліц, восем вешакоў, умывальнік і туалет, які быў адгароджаны ад умывальніку, а сьпераду было ўсё адкрытае. А яшчэ там было люстэрка, і я ўпершыню за чатыры дні ўбачыла свой твар.
Калі нас засялялі, мы спыталі ў дзяжурнага, ці можна неяк захінуць туалет, каб усё не было так аглядна. Ён знаходзіцца каля дзьвярэй, і нават калі ў вакенца дзяжурнаму ня вельмі бачна, дык калі дзьверы адчыніць, першае, што кідаецца ў вочы, гэта туалет. Ён сказаў: «Я мужчына, вы жанчыны, маўляў, што ў гэтым такога?».
Наступным было пытаньне пра пасьцельную бялізну. Ён сказаў, што матрацы/коўдры/падушкі новыя, ніякія «бічы»© на іх ня спалі, а вось зь бялізнай нявыкрутка, адказны чалавек сышоў а шостай, і бялізну нам даць ня могуць. Але празь дзесяць хвілін ён прынес нам стос бялізны са словамі, што нам проста вельмі пашанцавала. Тым, хто паверыў у наш шанцунак, скажу: гэта хлусьня. Ня ведаю: навошта яны там увесь час хлусяць?
Добра, што ўсё было сапраўды чыстае, мы паслалі і леглі. У мяне да таго часу ўжо была маска на твар, і сьвятло «месяца» не замінала. Спалася ня вельмі. Над галавой на засмаленай столі былі намаляваныя, напэўна, мокрым пальцам, неба і месяц. Дыхалася дрэнна, у вакне ў нас была невялікая шчыліна (яно ўвогуле было зламанае).
Мяне чамусьці зьдзівіў гук мікрахвалёўкі ў калідоры і пастаянны брэх сабак. А яшчэ часам жаночы голас на вуліцы казаў: «Трывога. Участак такі. Рубеж такі». Ці цягнік праходзіў. Гучна.
Так ці інакш я заснула. Мне сьніліся добрыя вольныя сны ў тую ноч. Нармальны матрац, на якім ня трэба падладжваць сваё цела пад яго выгіны і ямы. Адзінае -- я спала на другім паверсе шконкі і баялася ўпасьці (яна даволі высокая), але досьвед доўгіх чыгуначных пераездаў нагадаў пра сябе.
***
Раніца ў турме пачынаецца з таго, што прыяжджае баландзёр і пачынае з грукатам перагружаць посуд у свой тарантас. Напэўна, таму, што нас позна адправілі спаць, сьвятло ў камэры запалілі ўжо тады, калі прывезьлі сьняданак. Замест „добрай раніцы“ адчынілася кармушка і мы пачулі пытаньне: «Хлеб браць будзеце?».
Пасьля нам сталі даваць кашу, і гэта дзіўнае пачуцьцё, што ты толькі вылезла з-пад коўдры, і вось табе ежа. Мы неяк мала разумелі, пакуль нехта не сказаў:
— Дзяўчаты, а каша ж з маслам!
— Шмат галасоў адначасова:
— З маслааам?
І ўсе адразу вырашылі паглядзець і пакаштаваць, што ж там далі. Каша была ня з маслам, але на малацэ, што пасьля гідкага харчаваньня на Акрэсьціна здавалася раскошай. А яшчэ яна была смачная.
Потым нам налілі гарбату. І гэта было эпічна, бо кубкі ня кубкі, а алюміневыя конаўкі бяз ручак. Яны імгненна рабіліся гарачымі, такімі, што іх не было як узяць.
Але і тут мы прыдумалі браць ручніком, а каб астудзіць, налівалі ў місу халодную ваду і ставілі туды кубак-конаўку.
У Жодзіне можна было спакойна есьці, там не сьпяшаліся забіраць посуд.
Пасьля сьняданку ўмыліся. Я вырашыла заняцца прыбіраньнем. Мела старыя легінсы, якія мне перадалі сярод рэчаў. Паколькі ў камэры не было нічога для прыбіраньня, акрамя адной чорнай пальчаткі, я вырашыла разарваць штаны напалам: адну частку выкарыстаць для мыцьця туалету, другую — для камэры. Яшчэ, пакуль у нас былі лыжкі, я зрабіла пакет мыльнай стружкі, якую разводзіла ў вадзе для мыцьця.
Праз пару дзён нам далі разьведзеную хлёрку, але мыльную стружку мы выкарыстоўвалі наступным чынам: у бутэльку з вадой кідалі пару стружак і збоўтвалі. Атрымлівалася мыльная духмяная вада, якой мы абмывалі туалет пасьля выкарыстаньня, бо пасьля адкрыцьця вінта вадой усё не змывалася.
З размовы: «У нас тут такі змыў вінтажны». — «Так, ад слова вінт».
Яшчэ каб не было паху з туалету, пасьля кожнага выкарыстаньня кожная працірала падлогу вакол вільготнай сурвэткай, і гэта нас ратавала.
Пасьля навядзеньня парадку камэра стала нашай.
Нашым першым днём у турме была серада, а ў Жодзіне гэта адзіны дзень перадачак. І мы чулі, як пастаянна прыносяць пакеты, бачылі ў кармушку іх, згружаныя уздоўж сьцяны.
На просьбу звадзіць нас у душ (а ішоў ужо пяты дзень, як нас арыштавалі), нам сказалі, што сёньня дзень перадачаў, а таму ў душ нас ня зводзяць. Хоць напярэдадні абяцалі. На прагулянку таксама не павядуць.
Мы мелі кнігі, таму займаліся тым, што размаўлялі і чыталі. Нехта спаў, добра, што нас за гэта не ганялі.
У абед далі добры наварысты суп і жудасна тлустыя макароны з тушанінай. Іх практычна ніхто ня еў. А вось кампот там быў цудоўны. Перапынак паміж сьняданкам і абедам недзе сем гадзін. Затое вячэра была хутка, гадзіны праз тры-чатыры. Не пасьпееш згаладнець. На вячэру была ці то бульба, ці то бульба з капустай, ня памятаю, але таксама нядрэнна.
І гарбата.
Пасьля вячэры нам сталі аддаваць перадачы. У нашай камэры атрымалі ўсе, нават тыя, хто не чакаў. Дзяжурны падышоў да выкліку людзей творча: адчыняліся дзьверы і ён пытаў, напрыклад, хто мае імя па бацьку такое і такое, ці хто нарадзіўся ў жніўні, ці ў каго сястру клічуць так і так. Чалавек адгукаўся і ішоў за ім у кабінэт, дзе спраўджваў вопіс перадачы і глядзеў, каб усё было на месцы (але гэта ня вельмі магчыма, бо трэба хутка, я і не заўважыла, што мне не аддалі гульні, перададзеныя сябрамі. То бок іх прынялі, але мне не перадалі).
Праз аграмадную колькасьць усяго мы зрабілі рэарганізацыю паліц -- частку пад ежу, адна пад бібліятэку, адна пад касмэтычныя сродкі. У нас стаяў вялізны стос туалетнай паперы, некалькі пакетаў са сродкамі гігіены, печывам, сушанінамі і арэхамі. Мне перадалі нават згушчанку і сала з часныком.
Але самым важным і дарагім былі „пасхалачкі“ -- цыдулкі з волі, напісаныя ў кнігах паміж радкоў, абведзеныя літары ў сканвордах, надпісы на туалетнай паперы і яшчэ лісты ў розных патаемных месцах, якія я ня буду абнародаваць, каб і іншыя людзі маглі перадаць сваім дарагім пасланьні такім чынам. Для мяне ўвогуле змаглі схаваць даўжэзны ліст, які мяне падтрымліваў да наступнага.
Гэта на дзіва цёпла і радасна -- вось так чытаць кнігу, а потым раптам выяўляць лёгка напісаную алоўкам цыдулку паміж радкоў.
Там гэта вельмі дарагое і важнае.
Я пачала весьці маленькі турэмны дзёньнічак зь серады ў Жодзіне, куды нас перавялі напярэдадні. Магчыма, праз стрэсавую сытуацыю весьці яго было цяжка, цяжка канцэнтравацца. Уся мая ўвага першымі днямі была зьвернутая на людзей, на пазнаваньне іх, на знаёмства.
«Чацьвер. Сталі даваць менш гарбаты (давалі адзін кубак на дваіх). Мы вырашылі, што яны эканомяць ваду нам на душ. Неяк прыстасаваліся».
На другі дзень у Жодзіне мы зноў пачалі прасіць душ і прагулянку -- з надзеяй, што нам дазволяць нешта адно. Дзяжурныя параілі зьвярнуцца да начальніка, Андрэя Міхайлавіча Лагуна.
Пасьля перазьменкі дзяўчаты сталі яго клікаць. Нехта падышоў да камэры. Сказаў, што намесьнік. Як мы потым даведаліся, гэта быў сам маёр Лагун А. М., начальнік ІЧУ Жодзінскага ГАУС. Сталі прасіць адвесьці нас у душ і на прагулянку. Ён сказаў фразу, якая стала крылатай: «Гэээта пакараньне». Паўтараць трэба строгім голасам і з максымальна суворым тварам.
Карацей, ён нам паведаў, што душ «паложан» раз на тыдзень. І ўвогуле, чаго мы патрабуем? Бо «гэээта пакараньне!».
Празь нейкі час ён зноў да нас зазірнуў і сказаў, што праз 15 хвілін адвядзе ў душ. Мы пачалі зьбірацца. Праз хвіліну нам сталі адчыняць дзьверы, мы ледзь пасьпелі сабрацца.
Душ, як выявілася, быўвельмі блізка ад нашай камэры. Каб нас туды адвесьці, сабраліся некалькі супрацоўнікаў. Лагун, а потым мы выкрасьлілі зь ягонага прозьвішча літару «а», сказаў, што праз 10 хвілін (норма 15) мы павінны быць ужо адзетыя, інакш ён без папярэджаньня адчыніць дзьверы.
«Душавая» ўяўляла сабой невялікі пакой, сьцены -- блакітная плітка -- і чатыры душы. Дзьверы з вочкам, як і ў камэрах, але, калі шчыра, было ўсё адно, падглядаюць ці не. Першы раз напор вады быў добры, а другі і трэці (нас яшчэ звадзілі двойчы, праз кожныя два дні) слабы. Мы хуценька разьдзеліся, вада, пара клубамі, змывалі зь сябе ўсе гэтыя пяць дзён.
Мы вельмі хутка справіліся, і калі маёр адчыніў дзьверы, ужо былі гатовыя. Ён сказаў зь лёгкім зьдзекам нешта на тэму радасьці ад простых рэчаў. Нас адвялі назад.
***
Мы размаўлялі, дзяліліся ўражаньнямі пра суды, затрыманьні, умовы ў ЦІПе і ІЧУ на Акрэсьціна, у аўтазаках і пры пераездах. Чыталі кнігі, разгадвалі сканворды.
У пятніцу нас упершыню пабудзілі з пажаданьнем добрай раніцы, і я гэта адзначыла ў сваім дзёньнічку.
У цэлым я цяпер усьведамляю, што нам неяк вельмі пашанцавала. Нас амаль не чапалі, нават на праверку вывелі ўсяго адзін раз -- у пятніцу 18 верасьня, і пры тым нашы рэчы практычна не чапалі і нічога не раскідалі. Праверкі былі перад перазьменкай раніцай, калі дзьверы ў камэру адчынялі і праз краты па сьпісе называлі нашы прозьвішчы, а мы мусілі назваць у адказ імя і імя па бацьку. Потым у нас пыталіся, ці маем пытаньні, у нас было нязьменнае адно: прагулянку. І яшчэ раз мы папрасілі венік, шуфлік і дэзынфэкцыйны сродак. На другі раз, акурат перад праверкай у пятніцу, нам усё гэта далі.
Прагулянку мы прасілі кожны раз і хорам, урэшце стала ясна, што гэта не працуе. Потым мы прыдумалі іншы спосаб, пра які я раскажу асобна.
***
Уявіце сабе, што вы ня маеце як бачыць дзённае сьвятло і дыхаць паветрам цягам дзесяці дзён. Нават удзень у камэры гарэла сьвятло, хоць была пагода, і на захадзе сонца наша мутнае вакно залацілася.
Мы вырашылі намаляваць плякат, які паставілі на стале так, каб ён чытаўся і праз вочка, прыхінуўшы плякат да бутэлькі з вадой. У мяне была папера для маляваньня і цэлы набор выдатных акварэльных алоўкаў.
Я напісала «прагулянку» чырвоным алоўкам. Пасьля, каб не дражніць, надпіс падкрэсьлілі зялёным. Адна дзяўчына назвала гэта «адзіночным пікетам бутэлькі». Празь нейкі час дзяжурны заўважыў наш плякат, які стаяў і ўдзень і ўначы, толькі мы яго прыбіралі ў часе яды, бо не ставала месца.
Паколькі нас часта будзілі пытаньнем пра хлеб, я намалявала плякат: «Добрай раніцы! Хлеб не патрэбны, дзякуй!». Я яго ставіла незадоўга да пад’ёму, бо ведала, што „прадольны“ перад тым, як запаліць сьвятло, зазірне ў вочка.
Неўзабаве да гэтых плякатаў дадаўся: «Добрай ночы! Чакаем прагулянку!», што выклікала паломніцтва дзяжурных да нашых дзьвярэй. Прыходзілі глядзець нават зь іншых паверхаў.
У сераду, 23 верасьня, мы паводле рэкамэндацыі хлопцаў з суседняй камэры вырашылі наклеіць маленькі плякат з надпісам «прагулянку» на кармушку: адчыняе яе „прадольны“ раніцай, каб ежу перадавалі, а там пасланьне. У дзяжурнага баландзёра была вельмі бурная рэакцыя, ён узяў аловак і напісаў рэзалюцыю: «Дазваляю» і подпіс паставіў як быццам самі ведаеце каго. Сказаў, зь дзяцінства любіў як ён падпісвацца.
У гэты дзень нас адвялі на прагулянку, але не таму, што мы атрымалі рэзалюцыю, вядома, а таму, што прыяжджаў начальнік з праверкай. Спачатку быў душ, потым прагулянка.
Сама дзея займала хвілін 15, нас хутка-хутка адвялі ў прагулачную яму-дворык з атынкаванымі сьценамі, якія, як я даведалася потым, называюцца «шуба». Там я ўпершыню ўбачыла сваіх сукамэрніц пры дзённым нармальным сьвятле. Цяпер я разумею, што значыць «неба ў клетачку».
Прагулянка сабрала ўсіх маіх герояў разам. Праводзіў нас таварыш маёр. Наш любімы турэмны герой Доктар з суворым выглядам прагульваўся міма дворыкаў у кампаніі таго самага сумнага супрацоўніка ў масцы, а потым даваў курцам прыкурыць. Вось вам і доктар.
У канцы да нас падышоў таварыш маёр, нават з адкрытым тварам, бяз маскі, і вырашыў пажартаваць: «Спадабалася? Можа, вас тут пакінуць на ноч?».
Пасьля прагулянкі месца на стале заняў новы плякат: «Прагулянка агонь! Дзяжурны, паўтары!».
***
Калі мяне выпускалі, „прадольны“ адрываў адну частку ад рахунку за харчаваньне, які мы падпісвалі. Імя/прозьвішча там упісваліся ад рукі. Почырк таго, хто ўпісваў, быў ня вельмі зразумелы. І ён такі пытаецца: «Как у тебя фамилия? Чечло?» — «Чечло?». Мой рогат чулі на ўсіх паверхах турмы, напэўна.
Дачыненьні з тымі, хто знаходзіўся па той бок мэталічных дзьвярэй, былі складанымі.
Першы час я не фіксавала размовы, запамінала толькі нешта важнае і яскравае. Пасьля таго як мы намалявалі плякаты, я стала разважаць пра спробу наладзіць камунікацыю і навошта нам гэта было трэба. З тых часоў я стала больш увагі надаваць жыцьцю за дзьвярыма.
Былі тры розныя зьмены. Дзьве больш-менш, трэцюю мы празвалі гоблінамі, бо яны, як толькі пасьля адбою выключалі сьвятло ў камэрах, пачыналі гучна размаўляць, сьмяяцца, моцна грукаць мэталічнымі дзьвярыма і кратамі, крычаць адно аднаму, будучы ў розных канцах калідору. Адну ноч яны прымалі новапрыбылых людзей, і гэта было жахліва, шумна, груба.
Я ніколі ня думала, што пасьля школы мне давядзецца чуць такія жарты -- я іх называю «за трыста», ці тое, як размаўляюць матам. Мат — ён таксама розны бывае, і ў турме ён быў жахлівы.
Я мела пакет з плястырамі, які мне перадалі ў перадачы. Такое не даюць у камэру, і ён ляжаў на адмысловай паліцы-выступе звонку дзьвярэй. Аднойчы адзін з „прадольных“ пасьля таго, як сабралі посуд, паказаў у кармушку гэты пакет, і спытаў, чый ён. Тут трэба заўважыць, што іншы раз з намі размаўлялі праз кармушку — у гэтай камунікацыі не відаць твару таго, хто кажа, а толькі яго сярэднюю частку. Нават калі прыгнуцца.
«Чый?» — «Мой», — адказваю, прыгнуўшыся. — «Я піз**ну два?».
Я разгубілася, я ўвогуле не зразумела, што ён хоча з плястырамі зрабіць. У мяне ў галаве з вар’яцкай хуткасьцю праносіліся думкі, я шукала, што адказаць.
— Эээ, калі ласка, — пасьля некаторага замяшаньня адказала я, бо вырашыла, што гэты адказ самы ўнівэрсальны, што б ён там ні меў на ўвазе.
Дзяўчаты ацанілі гэтую сытуацыю і рагаталі.
Празь нейкі час я заўважыла, што калі хачу пра нешта сказаць людзям за дзьвярыма, то стараюся максымальна спрасьціць зварот, літаральна да аднаго-двух словаў.
Мы мелі шмат дробных пакетаў ад перадачак, і сам сабой завёўся пакет з пакетамі: мы сартавалі сьмецьце, дзякуй цудоўным дзяўчатам. Асобна зьбіралі пакеты, бутэлькі і накрыўкі ад іх. І ў апошні дзень вырашылі пазбавіцца большай часткі бутэлек, і каб скласьці іх у пакет і вынесьці, пачалі таптаць. Адразу ж нарысаваўся дзяжурны:
— Вы што, бутэлькі топчаце?
Я пачала тлумачыць пра сартаваньне і забруджваньне плянэты ў пары сказаў. Ён выслухаў і сказаў:
— А па-нармальнаму?
Мы спрабавалі растлумачыць яшчэ раз, і ён нібыта зразумеў. Дарэчы, плястыкавае сьмецьце было вынесенае з турмы і здадзенае ў перапрацоўку.
Аднойчы баландзёр спытаўся ў мяне:
— Вы калі адседзіце, на марш зноў пойдзеце ў нядзелю?
— А чаму вы цікавіцеся?
— Можа, я з вамі пайду.
З часам я навучылася адрозьніваць зьмены і дзяжурных, нават па галасах некаторых (асабліва гоблінаў). Яны ішлі па калідоры і адзін другому казаў, а той яму адказваў: «Гніда!» — «Ты!» — «Гніда!» — «Ты!» — «Гніда!» — «Ты!».
Адзін „прадольны“, невысокага росту, у кепцы/масцы, вельмі ўважліва заўсёды глядзеў у вочка. Я старалася ніколі не глядзець у адказ. Але ў той дзень, калі была прагулянка і мы зьмянілі плякат на новы, з надпісам «Дзяжурны, паўтары!», я стаяла побач зь дзьвярыма і паглядзела ў вочка ў адказ. Я паглядзела чалавеку глыбока ў вочы, і мяне гэта ўразіла.
Дзьверы пачалі адчыняцца. Гэта быў час раздачы вячэры, і пакуль баландзёр яшчэ не дайшоў да нас, дзяжурны стаў размаўляць са мной. А цяпер уявіце, што чалавек гэта кажа роўным, лісьлівым голасам без эмоцыяў: «Гэта што?» — указвае на плякат. — «Плякат», — адказваю я. — «Што там напісана?» — «Прагулянка агонь! Дзяжурны, паўтары!» — «Што гэта значыць?» — «Творчае пасланьне», — адказваю я, а самой ужо ніякавата. — «Хто гэта зрабіў?» — «Я» — «Нясеш мір, дабро і пазытыў?» — Я не адказала. — «Адукацыя?» — «Вышэйшая» — «Якая?» — «Філёляг».
Потым ён адышоў — прывезьлі вячэру. Але калі другі дзяжурны ў яго спытаўся, што ён робіць, „прадольны“ адказаў:
— Я тут зь дзяўчатамі пазнаёміўся.
Мне было вельмі ніякавата пасьля гэтай размовы. Я потым доўга думала пасьля вячэры і зразумела, што ні на сэкунду не пачувалася ў бясьпецы, пакуль ён гаварыў са мной.
Датуль я ўжо думала над сваім лістом гэтым людзям і не магла рашыцца яго напісаць. Думка пра яго прыйшла мне ноччу, вельмі шумнай і цяжкай, калі гобліны не давалі нікому спаць. Але пра гэты ліст потым.
***
У мяне ў дзёньнічку ці недзе на малюнках ёсьць запіс пра тое, што чалавечнасьць ад на той момант уладу маючых пры затрыманьні, у РУУС, у ЦІПе, у турме сустракалася, і сустракалася яна як сьвята.
Дзяжурныя ў Жодзіне самі вызначалі нас як палітычных. Часам яны размаўлялі між сабой, што, маўляў, гэтыя вось ня кончаныя ж. (Вось ужо лексыкі панабралася.:-)) Я часта думала пра іх, разважала. І зразумела, што гэта людзі з зусім іншай рэальнасьці. Яны нядрэнныя ў цэлым, магчыма, у сваёй сыстэме каардынатаў яны добрыя — нармальныя работнікі, узорныя бацькі і мужы, сьвядомыя грамадзяне.
Былі сярод іх адэкватныя. Напрыклад, дзяжурны, які творча падышоў да раздачы перадачаў, у нядзелю перад сваёй перазьменкай звадзіў нас у душ. А потым прыйшоў з праверкай (дзьве зьмены былі разам) і сказаў: «Добрай раніцы яшчэ раз», чым выклікаў насьмешку ад другой зьмены: «Ахахах, ну ты і ўляпіў», і недаўменьне з майго боку. Што тут сьмешнага?
Менавіта ён выпускаў мяне і менавіта гэтаму чалавеку патрапіў у рукі мой ліст. Я вырашыла: аддам тым, хто будзе выпускаць. Нават і не аддам, а пакіну дзяўчатам, што выходзяць пазьней, няхай перададуць дзяжурным праз гадзіну пасьля майго выхаду.
Я паклала яго ў капэрту з маркай і падпісала алоўкам, каб капэрту можна было выкарыстаць яшчэ раз: «Тым, хто знаходзіцца з адваротнага боку мэталічных дзьвярэй».
У лісьце я напісала наступнае (каротка перадаю сэнс, як памятаю):
«Ваша праца — тэст на чалавечнасьць. І няхай мы з вамі апынуліся па розныя бакі мэталічных дзьвярэй, у сутнасьці, мы — частка аднаго цэлага. Кожны чалавек, нават самы жахлівы злачынца, варты людзкіх адносінаў. Мы кожны здаем гэты тэст на сваім месцы і рана ці позна будзем даваць адказ.
Вам складана, у вас ёсьць улада. Улада нават пазбавіць чалавека фізычнага жыцьця, але вы НІКОЛІ ня зможаце пазбавіць чалавека ўнутранай свабоды.
Я ўдзячная за кожны добры рух, кожную праяву людзкага абыходжаньня, хоць дзіўна дзякаваць за тое, што павінна быць натуральным.
Думка высьпявае, і да пункту прыняцьця рашэньняў трэба дарасьці, бо кожнае рашэньне — гэта і адказнасьць за ўсе наступствы, якія гэтае рашэньне пацягне за сабой.
Прыніжаючы іншага чалавека, вы, у першую чаргу, прыніжаеце сябе.
Зь верай у чалавечнасьць, ЧД».
Буду ідэалісткай. Шчасьлівыя ідыёты — самыя свабодныя людзі, менавіта злосьць і нянавісьць нас зьвязваюць і робяць рабамі. Буду верыць, што ўсё не дарма“.
„Я спрабаваў вырвацца, каб уратаваць свой ровар“
Мікіта Домрачаў, архітэктар, брат Героя Беларусі біятляністкі Дар’і Домрачавай:
„11 кастрычніка я ехаў на ровары па дарожцы ў раёне Зыбіцкай да мамы. Даехаўшы да мосту, я ўбачыў, як на мяне з крыкамі бягуць людзі ў аліўкавай форме. Я спалохаўся, павярнуў у іншы бок, але адтуль з-за рогу будынка выбег другі натоўп сілавікоў, ужо ў чорным.
Яны проста павалілі мяне з ровара і, нічога не тлумачачы, пачалі біць. У мяне пасыпаліся іскры з вачэй, цекла па галаве кроў. Я спалохаўся за свой ровар — ён у мяне ўжо 10 гадоў і вельмі мне дарагі, я спрабаваў вырвацца, каб уратаваць яго.
Але мяне закінулі ў мікрааўтобус. Там мне пагражалі, тыцкалі дубінкай. Ад удараў і крыві на твары я нічога ня бачыў. У нейкі момант я думаў, што асьлеп, і прасіў выклікаць «хуткую». Аднак мне казалі, што выклікаць яе ня будуць, доктар будзе ў РУУС. Апроч гэтага, мне пераціснулі рукі кайданкамі, рукі анямелі, але на мае просьбы аслабіць кайданкі сілавікі толькі сьмяяліся і абражалі мяне. Яны корпаліся ў маіх асабістых рэчах, у гаманцы, але ніякай сымболікі там не было.
Празь нейкі час мяне перакінулі ў іншую машыну і яшчэ каля гадзіны вазілі па горадзе, але далі бінт, каб спыніць кроў.
У РУУС мяне прывезьлі з групай іншых затрыманых. На мне не было абутку, ён згубіўся пры затрыманьні. Там з дакумэнтаў перапісалі мае зьвесткі, сфатаграфавалі мяне, паказаньняў ніхто ня браў.
Пасьля прыехала «хуткая». У гэты ж момант мне прынесьлі гатовы пратакол з усімі паказаньнямі супрацоўнікаў, але прачытаць яго не далі, маўляў, там асабістыя зьвесткі сілавікоў.
У пратаколе было ўказана, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Я пачуваўся вельмі дрэнна, моцна балела галава, таму я ня стаў супраціўляцца і падпісаў пратакол. Суд павінен быць у судзе Фрунзэнскага раёну, дату я ня ведаю.
«Хуткая» забрала мяне ў 3-ю лякарню, там пасьля некалькіх гадзін сядзеньня ў агульнай чарзе мяне паклалі ў палату. Раніцай я адмовіўся ад шпіталізацыі і паехаў дадому“.
„Шалёныя вочы, суцэльны мат і асалода, калі іншым балюча“
Надзея Кандраценка, Менск:
„Момант свайго затрыманьня 11 кастрычніка я пасьпела зьняць на відэа. А пабітым раварыстам у кадры аказаўся старэйшы брат Героя Беларусі біятляністкі Дар’і Домрачавай, архітэктар Мікіта Домрачаў. Разам зь ім на падлозе міліцэйскага аўтобуса мы даехалі да Фрунзэнскага РУУС.
Прыкладна а 16-й гадзіне я зь сяброўкай спрабавала ўцякаць ад сілавікоў па вуліцы Зыбіцкай. Прыйшлося хавацца ў жалезным боксе з кантэйнэрамі для сьмецьця. Там ужо стаіліся некалькі дзяўчат і пажылая пара.
Літаральна ў нас на вачах амапаўцы зьбілі з ровара мужчыну і проста так, без аніякай прычыны, пачалі яго жорстка біць дубінкамі і нагамі — па ўсім целе, галаве. Я ўсё гэта здымала на тэлефон і акурат у той момант мяне самую схапілі. Спрабавала давесьці, што тут адны жанчыны, але ў выніку скруцілі і запхнулі ў аўтобус. Як потым убачыла на іншым відэа, усіх з гэтага боксу гэтак жа вывелі.
Сваю сяброўку я не магу знайсьці дагэтуль. У ізалятары на Акрэсьціна сьпісы затрыманых не агучваюць, адсылаюць у Жодзіна. Там таксама ніякай канкрэтыкі. Самой удалося выйсьці з Фрунзэнскага РУУС толькі дзякуючы таму, што схлусіла: маўляў, дома засталося малое дзіця.
Гэта было маё другое затрыманьне, мусіла схлусіць, бо адназначна пайшла б на «суткі». Астатніх 60 чалавек, відаць па ўсім, адправілі ў Жодзіна, на Акрэсьціна іх няма. Гэта ўсё вельмі страшна, бо ніякага нават намёку на справядлівасьць. Пакуль на мяне складалі пратакол, трымалі 4 гадзіны. Кожнаму мянту давялося нешта даказваць. А сьледчы нават не чытае ніякіх пратаколаў, усё пад капірку. Я напісала, што з абвінавачаньнямі ня згодная.
Your browser doesn’t support HTML5
Пры гэтым ім хапае часу сядзець у тэлеграм-чатах, сачыць за дваровымі актыўнасьцямі і высылаць у месцы збору «групы захопу». Гэта я зразумела зь перамоваў апэратыўнікаў у аддзяленьні міліцыі.
А вось амапаўцы проста неадэкватныя самі па сабе. У свой час я займалася спортам і па спадарожных прыкметах бачу, што байцы былі пад узьдзеяньнем нейкіх прэпаратаў.
Самае страшнае, калі затрымлівае АМАП. Павалілі на падлогу, груба крычалі. Мужчын білі, сьцягвалі плястыкавай сьцяжкай рукі. Калі ў РУУС мянты проста замучаныя, то гэтыя — цалкам у неадэкваце, не зьдзіўлюся, калі пад наркатой. Шалёныя вочы, суцэльны мат і асалода, калі іншым балюча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАРаптам гвалт зьмяняецца гульлівасьцю, непрыстойнасьцямі. Толькі што білі, і вось ужо адзін з ахоўнікаў прапануе з тэрмасу «хлябнуць гарбаткі».
Загадаў разблякаваць тэлефон — кажа, зараз сэлфі будзем рабіць. У іх відавочна былі наркотыкі ў крыві! Інакш як растлумачыць? То дзіка крычаць, то раптам лагодныя, рагочуць. Або рэакцыя на здымак торту для жыхароў нашага двара: «Наша кліентка, змагарка!» Абсалютна замбаваныя, хоць на выгляд не старэйшыя за 30 гадоў кожны.
Неўзабаве нас перагрузілі ў іншы аўтобус. Там ужо былі не амапаўцы, а звычайныя міліцыянты. Мужчына-раварыст тым часам сьцякаў крывёй, прасіў выклікаць «хуткую». На назе быў толькі адзін чаравік, іншы страціў пры затрыманьні. Праваахоўнікі абы як пераматалі галаву, хоць кроў не спынялася.
Адзін міліцыянт пры гэтым так і сказаў: капец, прабітая галава. Да моманту прыезду ў РУУС раварыст ужо нават ня енчыў, проста ляжаў на падлозе і ледзь дыхаў. Пачалі пхаць нагамі, каб пераканацца, ці жывы хоць. Яго ўжо зусім абмяклым выцягвалі з буса, сам падняцца ня мог.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПакуль быў у прытомнасьці, ён увесь час прасіў вярнуць ровар ці прынамсі прымацаваць замком, бо ён яму вельмі дарагі.
Я думаю, што менавіта Мікітаў чаравік бачыла каля піцэрыі ў пачатку Зыбіцкай, дзе і адбыліся жорсткія затрыманьні. Там жа пасьля выхаду з РУУС я знайшла і свае рэчы.
А яшчэ хачу сказаць, якія ў нас неймаверныя людзі. Калі пачаўся хапун, я кінула свой заплечнік да сьметніцы — у ім быў 3-мэтровы сьцяг нашага раёну, гаманец, пашпарт. А позна ўначы знайшла заплечнік у піцэрыі побач. І ўсе мае рэчы былі на месцы! Каб сьцяг знайшлі ў міліцыі, так хутка пэўна ня выйшла б“.
„Абрэзалі валасы і распылілі балёнчык у твар“
Мікіта, 29 гадоў, рэканструктар аўтамабіляў, Горадня (апавядаюць сваякі):
„Мікіту затрымалі ўвечары 6 кастрычніка ў раёне вуліцы Рэпіна, калі ён прыехаў у гараж па інструмэнты. За ім сачылі ад дому. Калі ён апынуўся ў гаражах, яго ўзялі. У міліцыі ён даў зразумець адвакату, што пры затрыманьні яго моцна пабілі. Супрацоўнікі абрэзалі нажом яго доўгія валасы і распылілі газавы балёнчык яму ў твар.
Уначы Мікіту даставілі ў аддзел галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) на вул. Ажэшкі. Там ён даваў паказаньні. Пасьля яго перавезьлі ў АУС Кастрычніцкага раёну і зьмясьцілі ў ІЧУ.
З РАУС Мікіту забірала «хуткая». У лякарні яго абсьледавалі. У яго былі моцныя апёкі вачэй і шматлікія траўмы“.
Мікіта (на камэру ў апублікаваным МУС відэа):
„У прамежку паміж РАУС і скрыжаваньнем вуліцы Гая з праспэктам Янкі Купалы пачаліся затрыманьні. Перада мной мужчыну павалілі і пацягнулі супрацоўнікі ў цывільнай форме. Я палічыў абавязкам абараніць яго і распыліў пярцовы балён, дастаўшы яго з заплечніка, у бок супрацоўнікаў, у верхнюю частку тулава. Далей падбеглі астатнія людзі, якія ішлі зь месца падзеяў, і я палічыў патрэбным сысьці, бо мяне за падобнае сталі б шукаць. Хаваўся ў сяброў, дома і ў сваёй машыне“.
Алена, сяброўка Мікіты:
„Ён не зьбіраўся кудысьці ўцякаць з гораду. Начаваў дома ці ў знаёмых. Спакойна хадзіў у краму.
Ён казаў, што яго можа шукаць міліцыя. Магчыма, гэта за 25 жніўня, але вінаватым у чымсьці ён сябе не лічыў. У той дзень затрымалі азотаўцаў, і ён пайшоў пад АУС Кастрычніцкага раёну, каб падтрымаць іх. Каля РАУС было шмат людзей, яны патрабавалі вызваліць працаўнікоў «Азоту». У нейкі момант супрацоўнікі міліцыі ў цывільным сталі затрымліваць людзей. Былі чуваць крыкі «Памажыце!». Мікіта апынуўся ў эпіцэнтры, дзе людзі адбівалі чалавека. Хтосьці распыліў газ і ўсе разьбегліся.
Хто распыліў газ? Я мяркую, што ў міліцыі ў Мікіты з ужываньнем сілы выбівалі паказаньні, таму ён і ўзяў усю віну на сябе.
Мікіта моцны чалавек, але яго зламалі. Ён жыве з бабуляй, якая ня ходзіць, даглядаў яе. Усе, хто яго ведаюць, могуць сказаць, што ён патрыёт свайго гораду і заўсёды дапамагаў людзям: рамантаваў аўтамабілі, дзяліўся для здымкаў калекцыяй постапакаліптычных строяў. Таму ня дзіва, што ў яго дома можна знайсьці ўсё што заўгодна. Гэта паказалі апэратыўнікі на відэа.
Цяпер супраць Мікіты распачалі крымінальную справу паводле артыкула 364 КК (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў). Санкцыі прадугледжваюць арышт ад трох да шасьці месяцаў ці абмежаваньне волі да шасьці гадоў. Цяпер Мікіта ў горадзенскай турме на Кірава“.
Яўген Дудкін, грамадзкі актывіст, Горадня:
„У той дзень людзі прыйшлі пад РАУС зь мірнымі намерамі, ніхто не зьбіраўся ўступаць у сутыкненьне зь сілавікамі. Я выступаў перад азотаўцамі каля будынку РАУС. Людзей было шмат каля РАУС, але ніхто ня быў агрэсіўна настроены. Нам важна было дамагчыся вызваленьня азотаўцаў, чаго, уласна, і дамагліся. Як пачаліся затрыманьні, я ўжо ня бачыў, як і гэтага хлопца. Людзі потым пісалі, што на Гая ўжылі газ.
Пасьля выступу каля РАУС я зьехаў, а каля 21:30 мяне выкралі людзі ў цывільным на выхадзе з тралейбуса. Мяне асудзілі за ўдзел у масавым мерапрыемстве каля будынку міліцыі. Пакараны штрафам 5 базавых велічыняў (127 рублёў)“.
„Праз праблемы з мозгам ён не адчуваў болю“
Павал Цітавец, 44 гады, Маладэчна:
„Калі я ачуняў, ужо быў сьвітанак. Там у двары ўсе сядзелі. Кайданкі ззаду былі, ня мог устаць, сесьці. Як у аўтазак грузілі, ня памятаю. Чаму мне «хуткую» ня выклікалі, не разумею. Правае вока заплыло, не расплюшчвалася. На другі дзень пухліна пачала спадаць. Чаму ў Чэрвені міліцыянты дактароў не выклікалі, ня ведаю. Ім галоўнае было пратаколы скласьці“.
Жонка Паўла Алена Карэліна:
„Пашу затрымалі ў Маладэчне ўвечары 9 жніўня. Ён ехаў на ровары ў раёне гімназіі №6. Там амапаўцы ўдарылі яго дубінкай так, што ён страціў прытомнасьць. Яго зацягнулі ў аўтазак. Усю ноч у двары Маладачанскага РАУС ён не вяртаўся да прытомнасьці, пасьля яго этапавалі ў Чэрвень.
Я даведалася, дзе ён, толькі праз тры дні. Пасьля затрыманьня ў яго ўзьніклі праблемы са здароўем. Цяжка размаўляць, запамінаць, думаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ Паўла чэрапна-мазгавая траўма, пераломы рэбраў, ён аглух на правае вуха. Тры дні яму не аказвалі мэдычную дапамогу. На восьмы дзень зрабілі рэнтген і знайшлі пераломы рэбраў. Праз праблемы з мозгам ён не адчуваў болю.
Лячыць яго будуць доўга, наладжваць працу мозгу будуць паступова. Ён ходзіць, але з галавой не сябруе. Думак многа, а іх выказаць словаў ня мае. Усе гэтыя працэсы ў галаве складаныя.
Лячыць Пашу далей будуць у Чэхіі. Для гэтага трэба было сабраць дакумэнты. І тут пачалося такое, што дагэтуль не магу адысьці. У лякарні Пашу лячылі антыбіётыкамі і трайчаткай. Адначасова я зьвярнулася ў прыватны мэдычны цэнтар. Там прапісалі лячэньне на немалую суму. Бегаю ў лякарню і калю гэтыя лекі сама, таблеткі па гадзінах сачыла, каб прымаў, бо ён не запамінаў. Бо калі паказала выпісанае прыватным доктарам таму, што лячыў у лякарні, той адказаў, што ня ведае, як лекі будуць спалучацца.
А паглядзеўшы на КТ Пашу, прыватны доктар сказаў: «Што, гэты чалавек яшчэ жывы?».
Пасьля Пашу перавялі ў лякарню на Чкалава. Там ужо мне ход быў закрыты праз каранавірус. Прыватны доктар выпісаў другі этап лячэньня — кропельніца, якую я сама паставіць не магла б.
Выпісалі Пашу, і тут адгукаецца Чэхія — ім патрэбны эпікрыз. А ў лякарні кажуць, што не даюць. Выбівалі яго праз гарачую лінію міністэрства. А гэта ж усё цягнулася днямі! Пасьля таго як Пашу выпісалі, у нас дом ператварыўся ў лябараторыю. Мы паставілі яго на ногі дзякуючы доктару з прыватнага цэнтру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАБыў патрэбны дакумэнт ад доктара, які падпісаў бы дазвол на пералёт. Мы зьвярталіся да многіх мэдыкаў, нам казалі: ляцець ён можа, але пісьмова ня можам даць дазвол. Нават казалі: «Я што, праз вас сядзець буду?»
Ну, раз нам не далі дазвол на лягчэйшы шлях -- пералёт, мы вырашылі паехаць аўтобусам. Дарога была няпростая, але мы мелі ўсе патрэбныя дакумэнты. Хоць Паша ледзь вытрымаў. Яму пытаньні задаюць, а ён жа ня можа сфармуляваць адказы. Неяк усё пераадолелі. Цэлы тыдзень адыходзілі ад стрэсаў.
Назіраюць гематому ў галаве паміж чэрапам і мозгам — 9 сантымэтраў на 2 мілімэтры. Калі яе стан пагоршыцца, спатрэбіцца апэрацыя“.
„Ноч сядзела ў «малпоўні» на плястыкавай бутэльцы з вадой“
Алена Пухоўская, 54 гады, пэнсіянэрка, Магілёў:
„14 кастрычніка на Пакровы ды сьвята маці да мяне завіталі дачка з унукам і сяброўка, і мы пайшлі фатаграфавацца ў вышыванках на плошчу да гандлёвага цэнтру «Атрыюм». Там папрасілі маладога чалавека, каб зьняў нас на тле бел-чырвона-белага сьцяга. Раптам зьявіўся «ціхар», які пачаў здымаць нашу кампанію на відэа. Зь міліцэйскай машыны выскачылі людзі ў чорным з дручкамі ды, як мне падалося, зброяй. Іхныя твары хавалі маскі і балаклавы. Мяне, сяброўку, хлопца, які фатаграфаваў, і ягоную дзяўчыну запхнулі ў машыну. Дачку з унукам адпусьцілі.
Дарогаю ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі мяне, спалоханую, запэўнівалі, што праз 15 хвілінаў па афармленьні дакумэнтаў адпусьцяць. Там склалі пратакол, што я ўдзельнічала ў «несанкцыянаваным мітынгу». Апісалі мае рэчы і пасадзілі ў «малпоўню». У ёй было холадна. На бэтоннай лаўцы я асьцерагалася сядзець, каб не захварэць. Прасіла ахоўнікаў даць мне кардон падаслаць. Просьбы ня чулі. Падклала паліто, але цела хутка стыла, бо была я ў адной вышыванцы. Праседзела на плястыкавай бутэльцы з вадой да 4 раніцы.
Ноччу ў аддзел прыходзіла дачка перадаць цёплыя рэчы і харч. Ёй паведамілі, што мне цёпла і ні ў чым ня маю патрэбы.
А 4-й раніцы нас павезьлі ў ізалятар. Мне ад страху і нэрвовага ўзрушэньня было блага: не адчувала сэрца, нямелі рукі. Пакуль маю сяброўку афармлялі, прылегла ў машыне, але міліцыянт загадаў сядзець. Ізалятар нас у кепскім стане не прыняў. Зноў кінулі ў «малпоўню», я зноў села на бутэльку. Прасіла выклікаць „хуткую дапамогу“. Дзяжурны дакараў: маўляў, я мусіла працаваць на лецішчы і фатаграфаваць унукаў, а не хадзіць на «мітынгі».
Лекарка хуткай дапамогі дапытвала мяне, чаму трапіла ў міліцыю, прасіла параўнаць бел-чырвона-белы сьцяг з чырвона-зялёным і патлумачыць іхныя адрозьненьні, а таксама згадаць 1990-я гады і параўнаць зь цяперашнімі часамі. Я трывала зьдзекі. Наглуміўшыся, мне зрабілі іньекцыю і на разьвітаньне пасьмяяліся з вышыванкі. У «малпоўні» я ня вытрымала, лягла на бэтонную лаўку. Ужо на волі іншыя мэдыкі сказалі, што ў мяне быў прыступ нэўральгіі.
Раніцай звазілі ў Сьледчы камітэт, зьнялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі, адтуль павезьлі дамоў па лекі і ежу і зноў у ізалятар. На яго тэрыторыі ў цесным закутку службовай машыны сядзелі ўдваіх больш за гадзіну. Я пачала задыхацца, доўга прасіла адчыніць дзьверы ды звадзіць у прыбіральню. Ізалятар зноў нас ня ўзяў. Вярнулі ў аддзел, дзе са мною правялі „прафіляктычную гутарку“ і нейкім цудам выпусьцілі.
Тое, што перажыла, ні з чым не параўнаць. Трыццаць гадоў я адрабіла выхавальніцай, выйшла на пэнсію, ніколі не трапляла ў міліцыю, і толькі за тое, што сфатаграфавалася зь бел-чырвона-белым сьцягам, зь мяне так пазьдзекаваліся. Адкуль у людзей у міліцэйскай форме столькі азьвярэласьці? Я напісала скаргу ў пракуратуру і галоўнаму лекару на «мэдыка-сьледчую». Няхай адпішуць, хто даў ім права так абыходзіцца са мною. Зьбіраюся дапамагаць тым, хто перажыў перасьлед, як я“.
„Другі пачаў крычаць, што ён таксама хоча мяне ўдарыць“
Васіль Гушча, 48 гадоў, Менск:
„Мяне затрымалі ўвечары 10 жніўня каля кінатэатру «Масква». Я сядзеў і глядзеў, што адбываецца навокал. Потым спыніўся бус, выскачылі «касманаўты». Я паспрабаваў зьбегчы ад іх, бо прыкладна ведаў, чым магло скончыцца маё затрыманьне, але не пасьпеў.
Мне паставілі падножку, я ўпаў. Мяне схапілі і зацягнулі ў бус сіняга колеру без апазнавальных знакаў. Там адразу пачалі крычаць на мяне: «Ты прыйшоў нас біць?» У мяне адразу забралі заплечнік і зацягнулі рукі плястыкавымі ланцугамі. Адзін «касманаўт» пачаў біць мяне ў твар, а другі — праглядаць заплечнік. Пакуль адзін біў, другі выцягнуў бел-чырвона-белы сьцяг і пачаў крычаць, што ён таксама хоча ўдарыць мяне. Ніякіх апазнавальных знакаў у гэтых амапаўцаў не было, але ў аднаго быў вельмі малады голас, не падлетак, але дзесьці 20 гадоў і вочы маладыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАБілі амапаўцы рукамі, прычым у дзьве рукі. Я паспрабаваў схаваць твар пад сядзеньне, бо было вельмі балюча. Тады яны пачалі біць па сьпіне і нагамі па нырках. Больш нічога ня памятаю, бо мяне ўжо выцягнулі з буса ў непрытомнасьці і кінулі ў аўтазак.
У аўтазаку я ўжо ачуўся. Я ляжаў зьверху на трыццаці чалавеках. Зьнізу даносіліся стогны, бо людзям было вельмі цяжка ляжаць пад намі.
Потым нас завезьлі ў спартзалю нейкага РУУС. Адчынілі дзьверы аўтазаку і загадалі шпарка выбягаць, але я ня мог шпарка бегчы. Нам трэба было выйсьці з аўтазаку на зямлю, потым ісьці ў падвал і бегчы па ім. І вось гэтыя мэтраў 50 яны ўвесь час білі нас палкамі. У падвале нас паклалі на падлогу, спакавалі так, што паміж намі не было месца. Кожнаму прысвоілі нумар. Я быў пад нумарам шэсьць. Прыкладна нас там было два рады па 30 чалавек.
У РУУСе мы падпісвалі яшчэ нейкія пратаколы, але нам іх прачытаць ніхто не даваў.
Я ляжаў вельмі доўга. Білі тых, хто паверне галаву, альбо тых, хто нешта спытае. Наагул білі ўсіх. Калі бачылі белыя стужкі ў людзей — білі. Казалі пры гэтым: «Ты за Ціханоўскую?» — і білі ў плечы, у ногі. Аднаго хлопца катавалі наступным чынам: адзін стаў на ногі, на костку, другі — на сьпіну, а трэці падсунуў пад нос чаравік, ён адвярнуў галаву. Яны яго моцна білі.
Я ляжаў на падлозе каля дзьвюх гадзін. У мяне вельмі зацеклі рукі і мяне пачало трэсьці. Я папрасіў, каб мне разьвязалі рукі, яны адрэзалі гэты плястык, бо разьвязаць ужо не маглі, і надзелі жалезныя кайданкі. І кожнаму, каму зрэзалі плястык, надзявалі кайданкі. Калі чалавек варушыўся, то яму кайданкі зацягвалі ўсё мацней і мацней. Мы прасілі, каб іх паслабілі, мы ж нікуды не зьбягаем, а ляжым. Часам яны рабілі гэта.
Калі нас паднялі, да мне падышлі нейкі палкоўнік і чалавек у цывільнай вопратцы. У мяне быў разьбіты твар. Той у цывільным падсунуў мне пад бараду дубінку, як у фільмах, і падняў мой твар, каб усе бачылі, як яго разьбілі. Яны падзівіліся, і ён адпусьціў твар. Мне загадалі зноў легчы на падлогу.
Пасьля дзьвюх гадзін на падлозе мяне адправілі наверх. Там мяне ўзяў малады міліцыянт, бо я ня мог ісьці. У мяне была зьбітая ўся сьпіна і твар. Я папрасіў гэтага міліцыянта, каб ён толькі не штурхаў мяне, бо я ледзь перасоўваўся. Гэты хлопец быў у чорнай форме. У яго вачах было бачна, што ён гатовы быў плакаць ад таго, што творыцца там, унізе. І, калі мы праходзілі паўзь іншых міліцыянтаў, то ён сказаў толькі: «Давай хутчэй!»
У камэры я прабыў да раніцы. Камэра памерам тры на тры, у ёй зьмяшчаліся пяць чалавек. Я лёг на падлогу, бо яна была халодная, я так лепш пачуваўся. Потым хлопцы сказалі, каб я падымаўся, бо прастыну. Мы ўсе падтрымлівалі адзін аднога.
Увесь час былі крыкі: «Вы хочаце, каб тут быў Майдан?», «Вы за водку прыйшлі змагацца?», «Вы хочаце, каб краіну расхісталі?» Абражалі, казалі, што нам грошы плацяць. І кожны раз зьбівалі, білі, лупілі. Галаву павярнуў — біць, на пытаньне ня так адказаў — біць, прамаўчаў — біць. З кожнага кута ўвесь час даносіліся крыкі і стогны. Тыя, каму не хапіла месца на паверсе ў камэрах, казалі, што зь іх зьдзекавалася жанчына.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПасьля разам зь іншымі арыштаванымі мяне этапавалі ў Жодзінскую турму. У аўтазаку нам не было чым дыхаць. Мы прасілі, каб уключылі вэнтылятар, бо мы задыхаліся. Мяняліся месцамі, падтрымлівалі адзін аднога. Калі нас прывезьлі ў Жодзіна, то выявілася, што яны забылі дакумэнты, і нам прыйшлося чатыры гадзіны сядзець у аўтазаку.
Ахоўнікі ў зялёнай вопратцы далі нам вады і вядро, куды можна было схадзіць у туалет. Праўда, вады было дзьве бутэлькі на 30 чалавек. Нас адразу зьмясьцілі ў прагулачныя камэры, там мы прабылі доўга. З моманту затрыманьня нас ніхто не карміў. У камэры, у якую нас зьмясьцілі, было 12 ложкаў на 35 чалавек. Тым, каму не хапала ложкаў, аддавалі коўдры. Мы сьцялілі іх на падлогу і спалі так.
13 жніўня прыкладна ў гадзіны тры ночы забралі восем чалавек, з суседніх камэраў таксама забіралі людзей. Нам казалі, што ў краіне бунтуюць, і будуць увечары падсяляць людзей. І сапраўды, прывялі людзей.
14-га раніцай нас усіх вывелі на калідор, паставілі да сьцяны, далі дакумэнты падпісаць, што мы ніколі ня будзем больш выходзіць на масавыя мерапрыемствы. Аддалі нам рэчы. Там усё валялася: тэлефоны, грошы, гадзіньнікі. Людзкія рэчы проста валяліся. Мне пашанцавала, што ў мяне заплечнік быў зашпілены, і ўсе мае рэчы засталіся там. І нават сьцяг“.
„Лене з Магілёва яны стаялі каленам на горле, пакуль яна не захрапла“
Ганна Матуляк, Менск:
„Гэта расказ са словаў маёй мамы, якую затрымалі 11 кастрычніка ў Менску.
У бусе, у якім трымалі маму, людзей білі. У прыватнасьці, дзяўчыну Лену з Магілёва. Яе душылі, ставалі каленам на горла, білі па твары. Мама сядзела побач і крычала: «Не чапайце яе, вы ж яе задушыце зараз!». У адказ на маму замахваліся дубінкай і адказвалі: «Молчи, сука, а то и ты получишь сейчас!». Але ўскосна мама ўсё адно «получала». Размахі і ўдары дзяўчыне прыляталі з такой сілай, што маме таксама ўскосна даставалася.
Калі дзяўчына пачала хрыпець, «калегі» душыцеля закрычалі: «Рома, Рома, досыць! Ты яе зараз заб’еш!».
Пасьля таго, як маму і дзяўчыну перакінулі ў аўтазак у маленькі пакойчык, дзе яны ўдзьвюх маглі толькі стаяць, мама спрабавала зь ёю пагаварыць. Пабітая, са шнарам на твары, Лена нічога ня памятала. Гэта псыхічная амнэзія. Прыкмета наймацнейшага шоку і траўмы.
У аўтазаку мама страчвала зрок. Ад газу, якім шчодра палівалі ў твар пры затрыманьні. Прасіла вады, але вады не далі.
У Заводзкім РУУС афармлялі дзьве дзяўчыны. Прабачце за хвілінку сэксізму, але ад дзяўчат інтуітыўна чакаеш большай падтрымкі. Але ня гэтым разам. Дзьве сукі на просьбу мамы «дзяўчаты, адвядзіце мяне ў прыбіральню, адказалі хамскім«подождёшь».
Пасьля таго, як мама сказала «я зараз сяду і схаджу ў туалет проста тут і мне пляваць, што будзе потым!», у туалет яе адвёў нейкі мужчына.
Цяпер мама ляжыць у таксыкалёгіі — жудасны кашаль, ванітуе, ціск 180, незразумела, што са зрокам будзе, бо цяпер ня вельмі.
Расказвае і плача. «Гэта ўсё немагчыма забыць», — кажа.
Ад бясьсільля больш за ўсё. «На тваіх вачах забіваюць, зьнішчаюць, а ты нічога ня можаш зрабіць… Табе крычаць «заткнись, сука!», настаўляюць аўтамат ці замахваюцца дубінай»…
Краіна падзялілася на злачынцаў і ахвяр. Злачынцаў апазнаць цяпер дастаткова лёгка — яны носяць пагоны.
І яшчэ пра дзяўчыну Лену. Пры перасадцы з буса ў аўтазак амапавец скамандаваў пераемнікам: «Эту суку от…бошить по полной”. І пачуў адказ: «Да-да, конечно, сделаем в лучшем виде».
З так званых «сук» там была толькі мама і дзяўчына Лена, якая ў Заводзкім РУУС папрасіла супрацоўніка паказаць свой твар. На што ён з раздражненьнем зьняў маску: «На! Я участковый ФИО (мама не запомніла), и что ты, сука, мне сделаешь???».
«Я вас запомню», — адказала Лена.
Пасьля прыніжальнай працэдуры вобшуку, допыту і фатаграфаваньня (фас, профіль, анфас) і адбіваньня пальцаў іх усіх павялі ў актавую залю.
Дзяўчына Лена працягвала паказваць для догляду зьмесьціва свайго заплечніка: фарбы, пэндзлі, палатно, нейкія працы… Лена мастачка.
Болей мама зь ёй ня бачылася, бо маму выпусьцілі.
А Лену дагэтуль шукае яе сяброўка“.
„Гэй, мясьнік, цягні сюды кайданкі“
Якаў Сухната, 21 год, Менск:
„Позна ўвечары 11 жніўня я ішоў у бок дому і пачуў, што ва Ўруччы забіраюць людзей у дварах і проста з прыпынкаў грамадзкага транспарту, таму вырашыў пайсьці дадому абыходнымі шляхамі. На гэтым самым абыходным шляху я натыкнуўся на танаваны мікрааўтобус, а ён натыкнуўся на мяне.
Супрацоўнікі, якія мяне затрымлівалі, былі ў звычайным адзеньні: футболцы, штанах, красоўках. Адразу схапілі мой тэлефон, бо я акурат размаўляў. Літаральна пасьля некалькіх словаў мяне паклалі тварам у зямлю або на калені, дакладна ня памятаю той момант. А потым пачаліся пабіцьцё.
Яны спрабавалі разблякаваць мой тэлефон, але я, вядома, не адразу пагадзіўся даваць пароль, за што атрымаў па твары. Білі мяне выключна рукамі і па твары, дубінак не выкарыстоўвалі. Калі разблякавалі тэлефон, знайшлі падпіскі на беларускія навінавыя і ненавінавыя каналы. Таксама знайшлі СМСкі, бо тады інтэрнэту не было і мой таварыш дасылаў мне навіны праз СМСкі. Іх зьмест быў прыблізна такі: «АМАП выгрузіўся ва Ўруччы», «адкрыты гэткі пад’езд», «хапаюць з грамадзкіх прыпынкаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАКалі супрацоўнікі ўбачылі гэтыя паведамленьні, то адразу пасыпаліся пытаньні: «Хто твой каардынатар?», «Хто табе плаціць?», «Колькі табе плацяць?».
Я ляжаў у мікрааўтобусе, мяне лупцавалі, я абараняўся неяк, скруціўшыся клубочкам. Але калі я закрываў, напрыклад, вуха, то мне білі ў твар, калі я закрываў яго, то мне білі ў вуха. І апагеем усяго стала тое, што адзін з супрацоўнікаў бярэ мяне за валасы, падымае галаву, загадвае глядзець у вочы і задае пытаньне: «Ну, хто табе плаціць?». За кожны адказ я адразу атрымліваў удар. Таксама нагой мяне ўдарылі па біцэпсе. Пакуль я быў затрыманы, я хадзіў у майцы, астатнія затрыманыя пыталіся, дзе я займеў такі сіняк, бо ён быў фіялетавы, нават «касьмічны сіняк».
Памятаю, адзін з супрацоўнікаў наступіў мне красоўкай на вуха і проста склаў яго напалову. Праз гэта ў мяне зьявілася траўма вуха. Само вуха апухла, супрацоўнікі сьмяяліся і казалі: «О, вуха барцухі». Такое адчуваньне, што ім самім гэта ўсё было дзеля пацехі.
Паміж сабой яны размаўлялі: «Ды не надзявай ты гэтую бронекамізэльку». На што іншы адказваў, што бясьпека — галоўнае. У выніку супрацоўнік надзявае бронекамізэльку безь якіх-небудзь апазнавальных знакаў, а зьверху — куртку. Бронекамізэлька была з кішэнямі, у якіх я заўважыў дзьве абоймы -- з баявымі або плястыкавымі кулямі. Яшчэ я ўбачыў дзьве гранаты, але ня тыя, якія былі на фатаздымках пасьля мітынгаў на „Пушкінскай“ і „Рызе“. Там у іх былі такія даўбешкі, «кансэрвавыя бляшанкі», гэта значыць сьвятлашумавая альбо газавая, а гэтыя былі формы цытрыны ці грушы. Але было, вядома, страшна, бо чалавек з баявой зброяй пагражаў мне, што я сяду на 10-15 гадоў, а вакол нікога. Гэта страшна.
Адзін з пазыўных, які я запомніў, — «мясьнік». Яны, паміж сабой перагаворваючыся, сказалі: «Гэй, мясьнік, цягні сюды кайданкі». Мне сапраўды стала страшна, калі я гэта пачуў. Затым нам выключылі сьвятло і павезьлі ў Фрунзэнскае РУУС.
У тамбуры РУУС я паскардзіўся на млоснасьць, бо білі выключна па галаве і гэта адбілася на самаадчуваньні. Я сказаў, што магу званітаваць, і папрасіў вывесьці на вуліцу. Яны зьлітаваліся і вывелі мяне на вуліцу. Я сеў на броўку і глытаў сьвежае паветра, каб хоць неяк ачуцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПакуль я сядзеў на броўцы, да мяне падышоў супрацоўнік у балаклаве і сказаў сваім „калегам“: «Слухайце, а давайце яго адвядзем у аўтазак, хай хлопцы пазабаўляюцца». Далей гэта і адбывалася. Мяне запхнулі ў аўтазак, паклалі на жывот, загадалі трымаць рукі за сьпінай і сэкундаў 20 білі дубінкамі па ягадзіцах.
Затым мяне адвялі ў спартзалю, дзе нас было каля 200 чалавек. Нас папярэдзілі пра тэлефоны. Але ўсё роўна, было гэтулькі людзей, і, зразумела, што камусьці прыходзілі абвесткі, званкі ад родных, зьвінелі будзільнікі. Калі пасьля папярэджаньня званкі не спыняліся, то супрацоўніца падыходзіла, забірала тэлефон і шпурляла яго ў далёкую сьцяну спартзалі, быццам гэта мячык. Затым зноў падымала, і, калі хапала сіл, то паказальна разломвала яго напалову. Затым шпурляла яго да ног затрыманых. А мы сядзелі і нічога адказаць не маглі, спадзеючыся не прыцягнуць да сябе ўвагі.
Мы ўсе сядзелі на каленях, тварам у падлогу, рукі за сьпінай, а ў многіх калені зьбітыя ў кроў. Я з сваёй чэрапна-мазгавой траўмай ня мог знаходзіцца галавой уніз, бо кроў прылівала да галавы і пачынала страшэнна балець, але нікога гэта не хвалявала. Нам не давалі ні ежы, ні вады. Мэдычнай дапамогі таксама не давалі.
У Фрунзэнскім РУУС каля спартзалі, у якой нас трымалі, было нешта накшталт разьдзявальні, зь белай пліткай на сьцяне. Яны правяралі сьпісы затрыманых і, калі дайшлі да майго прозьвішча, загадалі ісьці за амапаўцам з рукамі за сьпінай. Унутры пакою ўжо сядзеў супрацоўнік у балаклаве, перад ім штатыў з маленькай відэакамэрай. Улічваючы досьвед розных людзей, я падумаў, што мяне прымусяць прызнацца ў тым, чаго я, натуральна, не ўчыняў. Але, на шчасьце, мяне змусілі толькі на камэру сказаць імя і прозьвішча, стаць у профіль і ў анфас. Пакуль я там стаяў, я заўважыў на падлозе пад сабой чыюсьці кроў.
Пазьней мяне ўжо надта ня білі, бо я моцна апух. Натуральна, як ужо ўсім вядома, калі мы перасоўваліся, сілавікі ўтваралі «калідор», і калі ў сагнутым выглядзе ў вялікім натоўпе перасоўваесься, то якому-небудзь амапаўцу будзе ў кайф табе трэснуць.
Пасьля РУУС мяне перавезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна, дзе я таксама правёў содні. Там жа прайшоў і суд.
Суд доўжыўся каля трох хвілін. Ніякіх сьведак, мне проста абвясьцілі, што мне даюць 10 сутак і ўсё на гэтым. У пратаколе было сказана, што мяне затрымалі 12 жніўня ў Каменнай Горцы, дзе я выкрыкваў розныя лёзунгі. Хоць затрымалі мяне 11 жніўня ва Ўруччы без прычыны. У пратаколе таксама былі пазначаныя сьведкі. Пасьля суду мяне пакінулі стаяць у калідоры яшчэ пару гадзін. Потым нас зноў вывелі і паклалі на траву. Было холадна і невыносна пастаянна знаходзіцца на каленях і вачыма ў зямлю.
Пасьля гэтага нас завялі ў прагулачныя дворыкі. У дворыку з калючым дротам знаходзіліся за адзін раз да 90 чалавек.
Мы грэліся адно аб аднаго. Мне ўдалося нават крыху паспаць, хоць месца было няшмат. Нам адзін раз чайнік вады прынесьлі на 90 чалавек са словамі: «Наце хоць папіце, каб вашы кішкі ад гэтага хлеба не згарнуліся».
У дворыку адну чацьвёртую прасторы займаў туалет — люк у зямлі — праз гэта там немагчыма было знаходзіцца.
Асабіста мне псыхалягічна ў гэтым дворыку было вельмі цяжка, я гатовы быў павесіцца. Калі б прайшло яшчэ крыху часу, мне здаецца, я б пачаў неяк прыцягваць да сябе ўвагу, каб хтосьці выйшаў і адключыў мяне, каб я ня бачыў усяго гэтага.
Ноччу з 12 на 13 жніўня аўтазак прывёз на Акрэсьціна затрыманых, якіх вельмі жорстка білі. Быў такі крык, што стваралася ўражаньне, быццам за гэтымі сьценамі кіпіць кацёл з грэшнікамі.
13 жніўня нас перавезьлі ў ЛПП №3 пад Слуцкам. Раніцай нас вывелі і паклалі на траву. Супрацоўнікі былі ў нейкай гатоўнасьці і чакалі нечага. Потым нас пагрузілі ў аўтазакі, шлях да якіх ляжаў праз чарговы «калідор» АМАПу, дзе нас білі дубінкай па сьпіне, пасьля чаго бесцырымонна закідвалі ў аўтазак з завязанымі рукамі. Там не было месца, мы сядзелі ў нязручнай позе і без вады. Адчувалі сябе пажылымі людзьмі, бо сядалі ўжо з болем, а каб устаць, трэба было камусьці падаваць руку і дапамагаць, бо самастойна падняцца мы ўжо не маглі. Зь ежы мы атрымалі толькі адзін бохан хлеба на шасьцёх, які проста немагчыма было есьці без вады.
У ЛПП у параўнаньні з Акрэсьціна быў пяцізоркавы гатэль. Там у кожнага было сваё ложка-месца, нам выдалі пасьцельную бялізну. Нават дазволілі спаць, калі захочам, але толькі каб мы прачыналіся па іх камандзе. Там нас кармілі тройчы на дзень і вадзілі ў душ. Пасьля Акрэсьціна гэтыя ўмовы здаваліся нам раем.
Калі нас выпускалі адтуль, то за шлягбаўмам я ўбачыў кілямэтар людзей, яны былі на ўсёй дарозе. Людзі, велізарная колькасьць машын, ежа, валянтэры, сваякі — у мяне навярнуліся сьлёзы. Адразу падбеглі валянтэры, спыталі, ці патрэбная дапамога, даведаліся зьвесткі, прапанавалі ежы і падвезьці. Мае сваякі нават ня ведалі, дзе я знаходжуся.
У лякарню хуткай дапамогі я зьвярнуўся на наступны дзень пасьля вызваленьня. Там мне дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму, страсеньне мозгу, гематомы па ўсім целе і траўму вуха.
У мяне дзірка ў барабаннай балоне. Яна магла зьявіцца пры моцных ударах па галаве. Лекары сказалі, што пры ЧМТ першыя тры дні найважнейшыя, тады неабходна зьвярнуцца да доктара. Але першыя тры дні я правёў у РУУС, на Акрэсьціна і ў ЛПП, дзе з усёй мэдычнай дапамогі былі толькі пяць таблетак асьпірыну. Цяпер я ляжу ў лякарні з наступствамі ўсяго гэтага зьверства.
Мне пашанцавала, бо большасьць затрыманых выходзілі фіялетавыя. Цяпер я шпіталізаваны і, на шчасьце, іду на папраўку: магу хадзіць, гуляць і мець асалоду ад жыцьця“.
„За беларускую мову амапаўцы зламалі два рабры“
Сяргей Чаравака, 36 гадоў, Менск:
„Я выйшаў з ізалятара ў Жодзіне, дзе заканчваў адбываць 10 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «ланцугу салідарнасьці», які стаў ва Ўруччы 2 кастрычніка.
Першыя 5 дзён арышту адбыў на Акрэсьціна, прычым сядзеў як у ізалятары часовага ўтрыманьня, гэтак і ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. А потым яшчэ 5 дзён — у ізалятары Жодзінскай турмы.
Магу параўнаць. Але агульнае ўражаньне — паўсюль стала горш, чым раней. Турэмнікі яўна атрымалі загад давесьці ўмовы адседжваньня да катаваньняў, каб людзі панічна баяліся зноў трапіць за краты.
Амапаўцы пры перавозцы затрыманых у аддзелы міліцыі і супрацоўнікі ізалятараў зноў пачалі жорстка біць пратэстоўцаў, і гэта таксама ня проста свавольства, а мэтанакіраваная тактыка.
Яшчэ ў ізалятары на Акрэсьціна я пазнаёміўся з пратэстоўцам Дзьмітрыем, якому пасьля затрыманьня амапаўцы зламалі два рабры. Потым зь Дзьмітрыем я апынуўся на адным этапе ў Жодзіна.
Яго зь сябрам схапілі каля маршу, калі яны выходзілі з крамы, на ім быў наш сьцяг. А тут АМАП. Нешта запыталі, а Дзіма адважыўся па-беларуску адказаць. За мову іх гэтак у бусе аддубасілі, што зламалі яму два рабры. Нават праз колькі дзён ён гаварыў ціха-ціха, доўга набіраючы паветра, бо дыхаць нармальна было балюча.
Не разумею, як маглі лекары з 3-га шпіталя, куды яго завезьлі з раённага аддзелу, пагадзіцца, каб яго зноў адправілі на Акрэсьціна! Там мэдычнай дапамогі не было зусім, і ў Жодзіне тое самае.
Але Дзіма трымаўся. Ён цікавы яшчэ тым, што ўжо другі раз за час пратэстаў трапіў на «суткі» і не баіцца зноў выходзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАВа ўсіх трох ізалятарах, у якіх я пабываў, шмат тых, каго затрымлівалі паўторна. Таму яны і злуюцца, і ня толькі б’юць, але і ўмовы ўтрыманьня ператварылі ў катаваньне.
Сукамэрнікі расказвалі пра хлопца, які раней служыў у частцы ўнутраных войскаў 3214. Амапаўцы, калі даведаліся, дзе ён служыў, пабілі яго яшчэ больш жорстка, бо палічылі здраднікам. Расказвалі таксама пра майго земляка Валодзю з Салігорску. Яго гэтак пабілі, што як прывезьлі, ня мог надзець чаравікі. А за гэта яго зноў білі. Ён ня мог зразумець, дзе знаходзіцца, пачаў трызьніць, і яго некуды павезьлі. Можа нават у Навінкі — ніхто ня ведае.
За кратамі я сядзеў з 2 па 12 кастрычніка. Абыходжаньне зь вязьнямі на вачах пагоршылася яшчэ на Акрэсьціна, але асабліва пагоршылася ў Жодзіне.
Як па мне, дык катаваньне сьвятлом, можа, найважнейшае. У камэры заўсёды, і ўначы, гарыць электрычнае сьвятло, таму немагчыма нармальна выспацца. Асабліва дастаецца тым, хто ляжыць на верхніх ярусах. На Акрэсьціна казалі, што ў іх зламаліся нейкія рэле, а ў Жодзіне нічога і не тлумачылі. Да таго ж сярод ночы маглі падняць камандай альбо ўключалі нейкую прыладу, якая выдае пэрыядычныя глухія сыгналы. Ужо два дні як выйшаў на волю, але нармальны сон дагэтуль не аднавіўся. Плюс баляць вочы.
За пяць дзён была толькі адна прагулянка на 15 хвілін, ніводнага разу не звадзілі ў душ, і яшчэ ўдзень забаранілі сядзець ці ляжаць на ложках.
Гэтак у Жодзіне пачалося нядаўна. Вывесілі новыя правілы, паводле якіх удзень прылегчы на ложак цяпер нельга, нават сесьці нельга. Ёсьць невялікая лаўка каля стала, але на ёй доўга ня ўседзіш, такая вузкая. Камэра 6 на 2 мэтры, і ўявіце, што ў такой камэры пасьля 9 жніўня на працягу тыдня было 30 чалавек! Дык яны не сядзелі, а ўвесь час стаялі. Да нас пасьля Маршу годнасьці ў камэру раніцай панядзелка прывялі арыштантаў. І што? Людзі стомленыя допытамі і аглядамі, іх ноччу вазілі па этапе зь Менску ў Жодзіна, а ў камэры нават прылегчы нельга!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАТуалетную паперу нібыта выдаюць, але не адразу рулён, а кожны раз трэба прасіць, як узьнікае патрэба. І таму ад ахоўніка можна пачуць ультыматум, што вось ня дасьць паперы, дык будзеш рукой карыстацца. І такое сапраўды бывала. Увогуле на кожным кроку да нас ставяцца як да злачынцаў. Ахоўнік уваходзіць у камэру — трэба ўсім падняцца і стаць да сьцяны тварам, рукі за сьпінай. Хіба гэта не прыніжэньне?
Мне 36 гадоў, родам з Салігорскага раёну, але доўгі час жыву ў Менску. Скончыў факультэт міжнародных адносін БДУ, ведаю францускую, ангельскую, італьянскую мовы, дадаткова навучаўся эканоміцы. Працаваў менэджарам у аўтафірме, улетку ледзь не ўладкаваўся ў ІТ-кампанію, але з прычыны апошніх падзеяў страціў гэтую пэрспэктыву і цяпер зноў шукаю працу.
Зьяжджаць нікуды не хачу. Мне Беларусь вельмі падабаецца. Тут у мяне сыны падрастаюць, сваякі, сябры. Калі ўдасца прыбраць гэтых хлопцаў ад улады, а я ў гэта веру, краіну адбудуем вельмі хутка — дзеля гэтага ўсё ёсьць“.
„Сядзім нават сем’ямі“
Алена Гнаўк, Берасьце:
„Добры дзень, мае дарагія сябры!
З 4 кастрычніка я пазбаўленая магчымасьці размаўляць з Вамі. Цяпер маё кола размоваў — гэта 6 мілых дзяўчатак, дзе старэйшай (мне) — 63 гады, а малодшай — усяго 22.
Усе мы знаходзімся ў ІЧУ Ленінскага раёну Берасьця. Гэта:
Я, Гнаўк Алена Пятроўна (юрыст)
Вайнбэрг Натальля Віктараўна (інжынэр-праектавальнік)
3. Лісковіч Алена Васілеўна (галоўны бухгальтар)
4. Лісковіч Вікторыя Васілеўна (бухгальтар)
5. Бахун Алена Пятроўна (ІТ-спэцыяліст)
6. Гаўрусік Аляксандра Паўлаўна (студэнтка)
Усе з вышэйшай (некаторыя зь дзьвюма) адукацыяй. Сядзім нават сем’ямі, як маці і дачка Лісковіч! Усе мы — актыўна гуляем па нядзелях. Сядзім у камэры 8×4, дзе каля дзьвярэй знаходзіцца адкрыты туалет з навіслым нядрэмным вокам відэакамэры.
Камэра разьлічаная на 8 чалавек, з двума паверхамі ложкаў. Праўда, дабрацца на гэты другі паверх дастаткова праблематычна, бо няма неабходных у гэтым выпадку драбінак. Для Натальлі «другі паверх» закончыўся сур’ёзнай траўмай нагі.
Акно, як правіла, закратаванае з гэтага боку камэры, з форткай, якая не зачыняецца. Акно хацелася б памыць, але гэтаму перашкаджаюць пафарбаваныя ў цёмна-бардовы колер краты, дзе на заднім пляне праглядаецца белая пройма вакенца, куды ніколі не трапляе сонца, бо сама камэра пад нумарам 10 знаходзіцца ў падвальным памяшканьні.
Але нам яшчэ пашанцавала. Гэта адна зь найлепшых камэраў! Мая дасьведчаная цёзка «палоньніца» Леначка кажа, што гэты рамонт зрабілі на грошы Эўразьвязу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦААд пачатку я трапіла ў камэру нумар 1, з нарамі, прымацаванымі да сьцяны мэталічнымі рэйкамі і шрубамі. І з туалетам без другой сьценкі, проста насупраць дзьвярэй, дзе кожны момант можа адчыніцца вакенца дзьвярэй і застане цябе ў цікавым становішчы.
Таму цяпер наша камэра — гэта амаль пяцізоркавы гатэль. А з туалетам зрабілі нестандартна: проста закрылі прастору замест дзьвярэй прасьцінаю, і прымацавалі з двух бакоў у якасьці грузу бутэлькі з вадой, каб не звалілася.
Спачатку нам выдалі па адной прасьціне, адным ручніку. Камэра (вакенца) магла адчыніцца ў кожны момант без усялякага папярэджаньня. А яшчэ напачатку нашай «адседкі» ў камэры на васьмёх дзьве дзяўчынкі «ня з нашых» курылі ў камэры. Гэты момант і стаў пачаткам нашага бабінага «бунту»: з абвяшчэньнем калектыўнай галадоўкі, з адмовай выходзіць на ранішнюю і вечаровую паверку і папярэджаньнем начальніку ІЧУ — пасьля нашага выхаду на волю падняць пытаньне пра адпаведнасьць яго займанай пасадзе.
Прыбег нават сам знакаміты цяпер, напэўна, на ўсю Беларусь начальнік РАУС Ленінскага раёну Самасюк Мікалай Рыгоравіч. І калі даведаўся, хто галоўны бунтаўнік, даў свой прысуд — 15 сутак…
Цяпер я рыхтуюся атрымаць другі «транш» адседкі + 15 сутак да ўжо прызначанага тэрміну, якія што гарачыя піражкі штампуе Самасюк. Трое з нас ужо атрымалі дадатковыя тэрміны + 15 сутак.
Калі мяне вывезьлі для атрыманьня другога тэрміну ў суд Ленінскага раёну, я пабачыла маладога 18-гадовага хлопца Ціхана, якому «шылі» ўжо трэці тэрмін. Але трошкі я адхілілася ад тэмы…
Наш бабін «бунт на караблі» меў свае вынікі:
Ахоўнікі сталі больш ветлівымі, ужо ня так лаюцца матам. Перш чым адчыніць дзьверы ці вакенца, сталі стукацца. Нам выдалі па другой прасьціне і другім ручніку. А яшчэ, напэўна, упершыню за ўсю гісторыю існаваньня ІЧУ, зьявілася камэра, дзе ня кураць. Таму перш чым прывесьці да нас, у «кандыдатак» на засяленьне пытаюцца, ці яны кураць.
«Нашы» мужчыны намі ганарацца і кожны раз, калі мы выходзім на ранішнюю паверку, заўсёды прыслухоўваюцца, а што на гэты раз «выкінуць» дзяўчаткі…
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАГуляем мы адзін раз на дзень. Шпацыр адбываецца ва ўнутраным дворыку, што ўяўляе сабой бэтонную «яму» з закратаваным верхам. Такіх «ямаў» — тры, і адначасова могуць выгульвацца тры камэры зьняволеных.
Каб падтрымаць сваіх мужчын, мы сьпявалі песьні: „Купалінку“, расейскія, беларускія, маю любімую „Калінку“ і «Шумять вэрбы в концi грэблі». У адказ былі чуваць воплескі па той бок «ямы». Часам крычалі: «Жыве Беларусь!». І ў адказ чулі: «Жыве!».
Як часам чалавеку мала трэба для шчасьця!
Натуральна, гэта не магло схавацца ад пільнага вока начальніка РАУС Самасюка. Які, каб хоць неяк насаліць, у дадатак да „сутак“ загадаў не даваць нам кіпеню. А гэта асобная вялікая тэма для «гулякаў». Бо гарбату даюць толькі раніцай, недзе каля 100-140 мл. на чалавека. І… усё! Далей — піце вадаправодную ваду…
Але, да моманту напісаньня гэтага допісу зь «няволі», мы — не здаемся!
Жыве Беларусь!“
„На расстрэл вас прывезьлі, хлопцы“
Мікіта, 21 год, Менск:
„9 жніўня не было інтэрнэту, мы з таварышамі вырашылі прайсьціся па горадзе. Там пабачылі нейкіх людзей, міліцыю. Потым дайшлі да прыпынку, і хлопцы паехалі дамоў.
На Нямізе было ачапленьне, шмат машын, спэцтэхнікі. Я прысеў на лаўку. Там зь дзяўчатамі яшчэ пазнаёміўся.
Людзі пачалі разьбягацца ў бакі. З аўтазакаў пачалі выгружацца спэцатрады. Яны беглі за людзьмі, хапалі іх, тыя падалі, іх па зямлі валаклі. Хочам устаць, сысьці — нас атрад спыняе: «Чаго тут швэндаецеся? Ня хочаце, каб забралі, сядзіце спакойна». Мы паслухаліся. Зноў некуды спэцатрад праходзіць: «Чаго тут седзіце, хочаце, каб забралі — зараз забяром, або ідзіце адсюль». І так некалькі разоў.
Я выйшаў да Burger King на Нямізе, там сустрэўся з таварышам, каб пайсьці па аўтамабіль, які быў на вуліцы Веры Харужай. Падыходзім да мосту — нас не пускаюць, кажуць, ідзіце да Палацу спорту, там ёсьць праход. Мы пайшлі туды. Там нас адкрыта пасылаюць, пагражаюць запакаваць. Адзін кажа: «Хлопцы, прайдзіце далей, у бок Фрунзэнскай, там можна прайсьці». Нейкімі кружнымі шляхамі выйшлі каля стэлы «Менск – горад-герой». Там стаяў аўтазак, а побач, на пешаходнай дарожцы, стаяў адзін чалавек у масцы, у чорнай вопратцы. Мы ўбачылі, што некаторыя дзяўчаты спакойна праходзяць, і падумалі, што ўсё нармальна. Але, калі зраўняліся з аўтазакам, адтуль выскачылі трое ў чорным і ў балаклавах. У іх былі нашыўкі на грудзях — трыкутнік і нейкія тры лічбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАМяне акружылі трое, адзін падышоў да таварыша. Дубінкі хтосьці дастае. Кажуць: «Хлопцы, паказваем тэлефоны, паказваем кішэні, што ў сумцы». У мяне з сабой нічога асабліва не было. Я дастаю тэлефон, усё яму адкрыў. Ён у тэлефоне лазіць. Кажа: «Выварочвай кішэні». У мяне ў кішэні былі грошы, ключы і белая стужачка. Калі ўбачыў белую стужачку, сказаў: «Усё зразумела».
Я пачынаю рэчы назад складаць, тэлефон у мяне ў руцэ. У гэты момант ён нешта выкрыквае нецэнзурнае і ўдарае мяне рукой у твар, у галаву. Адзін, другі раз. Перад гэтым мне нехта ззаду нагой у нагу ўдарыў. Потым мяне ўтрох скручваюць, кідаюць у аўтазак. Там зноў малоцяць. Я ўжо ў сядзячым становішчы закрываюся як толькі мага. Ён выкрыквае: «Вось праз такіх, як ты, страшна маіх дзяцей выпускаць на вуліцу».
У аўтазаку з амапаўцам разгаварыліся. Кажам: «Як гэта так, мы ідзем дамоў, нас проста ловяць на вуліцы, б’юць…» Ён: «Я бачу, хлопцы вы нармальныя, адэкватныя, я, ціпа, усё чуў, бачыў, проста адвязем вас у РУУС, там ці падпішаце пратаколы, ці раскажаце ўсё, як было, і, я думаю, вас адпусьцяць».
Мы нейкі час так сядзім. Дастаўляюць яшчэ аднаго чалавека — ён шавурму чакаў каля вакенца раздачы. Яго яшчэ ня надта білі. Потым пад’яжджае другі аўтазак. Там выстройваецца невялікая калёна зь людзей у балаклавах, у шаломах, з дубінкамі, нам крычаць: «Мордай у падлогу! Рукі ззаду! Бягом-бягом-бягом». Месяць дубінкамі. Пераганяюць у іншы аўтазак, кідаюць нас на калені на падлогу. Мы едзем хвілін 20, нас дубасяць, калі хто скаланецца, яго б’юць нагой. Нас зноў перакідваюць у іншы аўтазак. Зноў паміж аўтазакамі дубінкамі жараць. Мяне кідаюць у такую каробку мэталічную ў аўтазаку, якая зачыняецца, і там ёсьць лавачка. Мяне туды менавіта кідаюць. Я плячом, галавой стукаюся ў сьценку.
Вельмі доўга едзем незразумела куды. Выходзім — нас зноў жа ў суправаджэньні людзей у масках і з дубінкамі вядуць у нейкае невядомае памяшканьне. Тут нейкія камэры, мы стаім тварам да сьцяны, нічога ня бачым, не разумеем. Нас пачынаюць запісваць, разьдзяваць. Мяне заводзяць у пакой для надгляду, цалкам разьдзяюся. Я там у чалавека пытаюся: «А дзе мы наагул знаходзімся?» – «У турме». Усё. Больш я ў яго нічога ня стаў дапытвацца, бо бачу, што ён напружаны. Ён усё агледзеў, зьняў матузкі, усё склаў у пакет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПотым ізноў гэты жудасны калідор: мы на трэці паверх падымаліся бегма, у сагнутым стане, пад дубінкамі. Камэру адчыняюць, па тры чалавекі закідваюць, мы падаем. Камэра на 6 чалавек. Празь нейкі час у ёй былі 32 мужчыны. Абсалютна розных узростаў і прафэсіяў. Мы нічога ня ведалі, не разумелі, чулі толькі крыкі, стогны, як людзей на вуліцы „прымаюць“, б’юць.
Увесь час нехта да дзьвярэй падыходзіў, называў прозьвішчы. Калі чалавек сьпіць або не адгукнуўся зь першага разу, ці доўга падымаўся, яго „прымалі“ і адразу білі. Кашулю памыць ад бруду, высушыць было праблемна, бо даводзілася надзяваць мокрую, калі супрацоўнік які падыходзіў.
Адзін раз невядомы чалавек зайшоў, крыкнуў загадзя: «Усім устаць, мордай у падлогу». Адчыняе дзьверы, глядзіць. На яго нехта паглядзеў — «Сволачы, чаму я на сабе адчуваю позірк? Яшчэ хто-небудзь раз паглядзіць, мы з вамі пабавімся з маёй дубінкай». Толькі сказаў у вельмі грубай форме.
Шмат непрыемных гісторыяў было. Напрыклад, у камэры насупраць была жанчына цяжарная, ёй далі 25 сутак. У яе нешта з жыватом здарылася, яна пачала крычаць, прасіць дапамогі. Яе пабілі за гэта.
КДБ прыяжджаў, здымалі нас на камэры, задавалі правакацыйныя пытаньні, накшталт «Навошта камяні кідалі? Хто табе заплаціў: дзярждэп ЗША ці Расейская Фэдэрацыя?» Людзі са зьвярынымі вачыма. Вельмі непрыемнае відовішча, калі яшчэ побач з дубінкамі стаяць. Пасьля такога допыту пытаюць: «Куды яго, назад у камэру ці да нас, у асобны пакойчык?» Так нікога ў той пакойчык не адправілі, ня ведаю, можа, проста пужалі. Максымальна прафэсійна спрабавалі нас псыхалягічна зламаць.
Нас пакармілі толькі на трэці дзень. Кінулі нам па 100 грамаў хлеба, далі нейкую кашу. Я ў прынцыпе кашы ня ем. Бяру лыжку, толькі каб з голаду не памерці — мяне проста выварочвае. Кашай у выніку падзяліўся. Хлеб зьелі з вадой сьмярдзючай з-пад крану. На чацьверты дзень тое самае. Увесь час сьвятло было ўключана.
Мяне асудзілі толькі на трэці дзень, у канцы дня. Суд прайшоў абсалютна няправільна. Прыехаў судзьдзя, мяне заводзяць у пакойчык. Ён тлумачыць, што я быў затрыманы 9 жніўня ў 21:00, што я нешта скандаваў, — «Згодны?» Кажу: «Згодны, калі гэта можа неяк паўзьдзейнічаць, каб мяне адсюль хутчэй выпусьцілі. А магу я расказаць, як усё папраўдзе было?» Расказваю. Ён кажа: «Дык гэта не сыходзіцца з рапартамі, ня можа такога быць. Значыць, ня згодны?». Быццам я падманваю. Кажу: «Глядзіце самі, я вам расказаў, як ёсьць». 13 сутак. Мяне выводзяць.
Зноў у гэтую камэру. Зноў увесь час выклікаюць кагосьці некуды. Вельмі цяжкі маральны стан. Ня ведалі ніякай новай інфармацыі. Толькі праз вакенца чулі, як людзі час выкрыквалі.
На чацьвёрты дзень нас зноў калідорам такім выгружаюць на вуліцу, ставяць на калені пад плот, на пясок, на камяні. Мы так каля гадзіны стаім. Калі каму дрэнна, хто пачынае выцягваць нагу, яго б’юць. Нехта спытаў, ці можна на зямлю легчы, нейкі дзядзька сказаў: кладзіцеся. Мы на гэты пясок леглі, бо ўсё занямела.
Потым камандуюць нам: «Устаць! Бегчы на гук». Там калідорчык з атрадаў спэцпадразьдзяленьняў, яны нешта крычаць, б’юць дубінкамі па сабе, па нейкіх частках. Я бягу, ледзь не набягаю на аднаго супрацоўніка, бо яны нейкім зыгзагам стаялі, -- ён мяне штурхае. Забягаем у аўтазак. Вельмі доўга на месцы стаім. Потым хвілін 40 едзем у жудаснай сьпякоце. Санцапёк быў, хаця і вечар. І дыхалі недзе ўнізе. Ехалі — машыны сыгналілі, людзі пляскалі ў далоні — было прыемна.
У нас пракалолася кола, як высьветлілася потым. Хтосьці пытаецца: «Хлопцы, дзе мы, чаму мы прыпыніліся?» Яны з сур’ёзнымі тварамі крычаць: «На расстрэл вас прывезьлі, хлопцы». Потым праз хвіліны дзьве-тры пачынаюць сьмяяцца, як яны клясна жартуюць.
Прыехалі ў ЛПП пад Слуцак. Там добразычліва сустрэлі нас. Памылі нават. Вельмі вялікая насамрэч падзяка тым супрацоўнікам, якія так добра ставяцца да людзей. Мы да пятніцы прасядзелі ў Слуцку, содні, пэўна, нават не прайшлі.
Нас усіх вывелі, прымусілі падпісаць нейкую паперку пра тое, што мы раскайваемся ў зробленым, што больш так ня будзем, што папярэджаныя пра крымінальную адказнасьць — там 5 нейкіх артыкулаў. Я пытаўся ў міліцыянта, што за артыкулы. Ён груба: «У інтэрнэце пачытай. Давай падпісвай». Я да апошняга не хацеў падпісваць такую лухту, для мяне гэта было вельмі цяжкім рашэньнем. Дагэтуль я нічога не падпісваў. І адпусьцілі нас безь якой-небудзь паперчыны. І бяз грошай, без асабістых рэчаў, без матузкоў — вось так проста на вуліцу ў нейкім горадзе.
Нас вельмі эмацыйна сустрэлі людзі: крычалі, махалі нам, прапанавалі ўсяго-ўсяго-ўсяго. Вельмі было прыемна, ажно сьлёзы радасьці на вачах. Там бацькі ўжо чакалі, яны ня ведалі пра мяне нічога чатыры дні“.
„Я баюся выходзіць на вуліцу адна“
Аксана Дабрыянец, 22 гады, Столін:
„Усё адбылося 11 жніўня. Я чакала таксі каля мамінага дому, каб ехаць да сябе дадому. Раптам да мяне пад’ехала іншая машына. Мужчыны, якія зь яе выйшлі, скруцілі мне рукі, пасадзілі ўсярэдзіну і кудысьці павезьлі.
Я прасіла гэтых людзей назвацца, казала, што дома ў мяне маленькае дзіця, пытала, за што мяне затрымалі. Яны абражалі мяне матам, заявілі, што празь мяне гінуць іхныя браты. І крычалі, што мяне не затрымалі, а будуць проста „катаць“.
Даставілі ў РАУС. Думаю, што цікавасьць да мяне міліцыянты праявілі ня проста так, а таму, што я ўваходзіла ў ініцыятыўную групу Сьвятланы Ціханоўскай. Была незалежнай назіральніцай на выбарах. Да таго ж выйшла на вуліцу ў футболцы«Столин для жизни».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯшчэ ў машыне ў мяне забралі тэлефон. А ў аддзеле прымусілі назваць ад яго пароль. Мяне трымалі да трэцяй ночы і ўвесь гэты час аказвалі ціск.
Я адмаўлялася што-небудзь казаць, спасылалася на 27-ы артыкул Канстытуцыі. На мяне крычалі, абяцалі пасадзіць. Пыталіся, чым мне не падабаецца ўлада, колькі мне заплацілі і г.д. Сілавікі пастаянна мяняліся, відаць, каб я іх не запомніла. А адзін стаў размаўляць так жорстка, што мне стала дрэнна.
Выпусьцілі мяне пасьля таго, як у асабістай перапісцы з хлопцам Уладам у Telegram знайшлі фразы пра выхад на плошчу для ўдзелу ў акцыі. Фразы вырваныя з кантэксту, бо я нікога не заклікала да незаконных дзеяньняў і сама ў несанкцыянаваных мерапрыемствах ня ўдзельнічала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАВыйшаўшы на свабоду, я зьвярнулася да адваката і напісала скаргу ў пракуратуру на незаконнае ўтрыманьне ў міліцыі. У адказе МУС напісалі, што мяне «запрасілі для правядзеньня прафіляктычнай бяседы». Выявілася, што заштурхоўваньне мяне ў машыну — гэта не адміністрацыйнае затрыманьне.
Таксама ў дакумэнце напісана, што я сама добраахвотна заставалася ў аддзеле. Быццам на афармленьне дакумэнтаў пайшло ўсяго тры гадзіны, а потым я чакала, што мяне адвязуць дадому на службовым аўтамабілі. Доказаў фізычнага ўзьдзеяньня ў камэрах відэаназіраньня не знайшлі.
У канцы афіцыйнага адказу начальства Столінскага РАУС прыгразіла мне штрафам за паўторныя скаргі. Але я маю прэтэнзіі і да афармленьня пратаколу. Я расьпісалася ў блянку апытаньня сьведкі, а затым на ім рукой упісалі, што я «асоба, у адносінах якой вядзецца адміністрацыйны працэс».
Калі дакумэнты аб правапарушэньні перадавалі ў суд, мне ненадоўга далі мой тэлефон. Ён не працаваў, я не змагла яго ўключыць. Яшчэ той ноччу ў аддзеле зь яго перасылалі мае асабістыя фатаграфіі і відэа. Нешта выдалялі. Тэлефон перадалі на экспэртызу з «правам на зьнішчэньне».
«Начныя прыгоды» зь міліцыянтамі паўплывалі на мой эмацыйны стан. Я баюся выходзіць на вуліцу адна, перамяшчаюся толькі на таксі і зьбіраюся зьвярнуцца да псыхоляга“.
«Арганізацыя беспарадкаў» — за дзьве сякеры ў машыне
Сяргей Гунь, Менск:
„12 кастрычніка пасьля дзесяці вечара я рухаўся на сваім аўтамабілі па вуліцы Прытыцкага. Праяжджаючы чарговую калёну амапаўцаў, якія стаялі на прыпынку, я зьняў іх на відэа. І паехаў далей. Уся вуліца Прытыцкага рухалася з хуткасьцю 30 км у гадзіну.
Празь нейкі час яны мяне абагналі, падрэзалі, выскачылі дзесяць чалавек з дубінамі ў чорных строях. Разьбілі шыбу мне ў машыне, выцягнулі, пачалі біць. Празь пяць хвілін я страціў прытомнасьць, бо трываць арганізм больш ня мог.
Калі я ачнуўся, я апынуўся ўжо ў Фрунзэнскім РУУС. Сьледчыя мяне апытвалі, як што было. Я расказаў, як было. Яны ўсё зафіксавалі, я падпісаў. Таксама падпісаў некалькі чыстых аркушаў. Гэта цяпер я ўжо разумею, а тады ў мяне быў стан вельмі жорсткі. Некалькі разоў за ноч траціў прытомнасьць. Ванітаваў некалькі разоў. Карацей, разважаць адэкватна мне не ўдавалася. Таму я падпісваў усё, што мне падсунулі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ мяне ў машыне ляжала пара старых сякераў. Я зьбіраю, калекцыяную сякеры, сякеры асобна, тронкі асобна. І, як я зразумеў, мне хочуць „прышыць“ арганізацыю масавых беспарадкаў праз тое, што ў мяне ў машыне ляжаць дзьве сякеры, якія людзі звычайна вязуць на лецішча сячы дровы“.
„Гуляў з сабакам. Прастрэлілі руку. Папярэдзілі пра захоп улады“
Мікалай, Берасьце:
„Я жыву ў цэнтры Берасьця, у пратэстах і акцыях ня ўдзельнічаў. Увечары 10 жніўня мы з жонкай выйшлі ў горад на вечаровую праходку з сабакам.
Да таго часу масавыя сутыкненьні пратэстоўцаў і сілавікоў спыніліся. Па праспэкце езьдзілі «хуткія» і спэцтэхніка. Я запісаў відэа часткова перакрытай дарогі і сабраўся сыходзіць, калі ў «кішэню» праспэкту Машэрава па сустрэчнай заехаў танаваны бус з адчыненымі дзьвярыма. Прагучала некалькі стрэлаў, людзі пачалі разьбягацца.
Я не пабег, а спакойна пайшоў у бок царквы. Гучна папрасіў жонку таксама ня бегчы, бо не адчуваў за сабой ніякай віны. Усё, што адбывалася, я працягваў здымаць на камэру мабільніка. На запісе відаць, як на нізкай хуткасьці едзе танаваны мікрааўтобус, у якім сядзяць невядомыя ў чорнай форме. Затым чуваць стрэл.
Гумавая куля пацэліла мне ў тыльную паверхню пясьці, адскочыла ў грудзі і пакацілася пад ногі.
Першую мэдычную дапамогу надалі лекары «хуткай», якія дзяжурылі ў той вечар на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і вуліцы Леніна. Убачыўшы траўму, яны раілі зьвярнуцца ў траўмапункт. Там хірург зашыў рану і адправіў мяне на амбуляторнае лячэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ працэсе лячэньня рана зажывала, але калі анямелая тканка стала аднаўляцца, зьявіўся боль у пясьці. Праз больш як месяц ад даты раненьня я зьвярнуўся да свайго доктара. Той накіраваў мяне на паўторны здымак, які, у адрозьненьне ад здымку ў ноч на 11 жніўня, паказаў пералом костак пясьці. Прызначылі лячэньне, працэдуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАНа трэці дзень пасьля раненьня мяне выклікалі ў Сьледчы камітэт даць паказаньні. Прызначылі судова-мэдычную экспэртызу. Апроч таго, у міліцыі мне вынесьлі папярэджаньне «аб недапушчальнасьці дзеяньняў па плянаваньні, арганізацыі і ўчыненьні дзеяньняў, накіраваных на гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага ладу, захоп або ўтрыманьне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»“.
„Салдаты тэрміновай службы проста… забівалі нас“
Ігар Квятко, 23 гады, Менск:
„11 жніўня прыкладна ў 22.30 у раёне Серабранкі мы ўсталі ў затор. Зьявіліся супрацоўнікі АМАПу і проста дасталі мяне з таксі. Паклалі тварам у асфальт, пачалі біць па нагах і па сьпіне, абшукалі машыну. Пачалі пагражаць: «Ты кактэйль Молатава кідаў!» – і ўдарылі шокерам.
Пасьля гэтага мяне адвялі ў аўтазак, у якім былі салдаты тэрміновай службы. Там нас пачалі проста, проста... забіваць, можна так сказаць. Гэта рабілі менавіта тэрміновікі.
У аўтазак зьмясьцілі каля 40 чалавек. Сярод іх быў непаўналетні хлопец. Яго білі нават мацней, чым мяне. Напэўна, яны падумалі, што той кінуў камень у АМАП.
Яны ўжывалі газ. Распылялі яго, каб мы ім дыхалі, а самі надзявалі адгазьнікі. Для іх гэта была як пацеха.
Яшчэ ў аўтазаку ў мяне забралі наяўныя грошы і навушнікі (іх я дастаў на аўтамаце, таму што ўжо не разумеў, што адбываецца — і яны ўсё забралі).
Мы былі ў аўтазаку прыкладна гадзіну — пасьля чаго нас павезьлі ў РУУС Ленінскага раёну. Калі з аўтазака выходзіш, цябе чакае «калідор» амапаўцаў, міма якіх трэба прабягаць — а цябе зьбіваюць. Калі ты ўпадзеш, дык цябе пачнуць зьбіваць яшчэ мацней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПасьля гэтага нас на вуліцы паставілі каленямі на асфальт — і мы чакалі дзьве гадзіны, калі нас зарэгіструюць.
Нас адводзілі на відэаздымку — пыталіся, хто і адкуль? Рабілі вопіс рэчаў, патрабавалі даць тэлефон. Калі тэлефон быў выключаны, то патрабавалі ўключыць, адкрывалі галерэю і глядзелі фота і відэа.
Потым нас завялі ў гараж — там мы стаялі галавой да сьцяны тры гадзіны.
Прыкладна ў тры гадзіны ночы амапаўцы сышлі і зьявіўся звычайны міліцыянт. Ён быў бяз маскі (амапаўцы ж заўсёды былі ў масках) і ставіўся да нас нармальна: ён дазволіў нам прысесьці, паспаць і адводзіў нас у туалет.
Але ў 12 гадзін дня амапаўцы вярнуліся і пачалі нас маральна зьневажаць. Яны казалі: «Гэта ты кідаў кактэйль Молатава! Ты!»
Прыкладна ў 16 гадзін 11 жніўня нас зноў пачалі грузіць у аўтазак. Калі прывезьлі на Акрэсьціна, таксама быў такі ж «калідор» амапаўцаў, празь які трэба было прабягаць — а яны вельмі жорстка б'юць.
Нас, 120 чалавек, зьмясьцілі ў камэру 6х6 мэтраў. Мы стаялі суткі. Прыбіральня? У нас было тры плястыкавыя бутэлькі. Мы іх выкарыстоўвалі для гэтага і ставілі ў куток.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАДзесьці ў тры гадзіны ночы нам далі нарэшце паесьці — вядро катлет і трохі хлеба. Катлету ты павінен быць падзяліць на палову. Прынесьлі ўпершыню вады — 12 літраў на 120 чалавек. Пачалі вадзіць з камэры па 6-8 чалавек у туалет. Мы бралі бутэлькі з сабой і набіралі ваду.
У 5 гадзін раніцы назвалі маё прозьвішча. Разам са мной дзясятак чалавек вывелі на вуліцу. Там стаяла тры сталы. Мяне падводзяць да стала — і там ляжаць два пратаколы. І проста паказваюць: «тут і тут стаў подпіс». Калі пачнеш чытаць — адразу даюць па галаве. Адзін хлопец сказаў, што ня згодны з пратаколам — яго адвялі за плот. Я чуў крыкі. Потым яго прыводзяць назад — і ён ставіць усе подпісы.
Пасьля гэтага нас спыталі: «Вы на выходныя выйдзеце на мітынг?» Гэта такі маральнае ціск. Ты кажаш — не. А калі маўчыш, можаш атрымаць.
Потым: «Бягом, марш! Па плоце, не дакранаючыся травы!» — такая каманда была. Побач з плотам стаяў бусік — зь яго выходзіў АМАП, цябе клаў на зямлю і хвіліну-паўтары нас білі.
Нас выпусьцілі са словамі пра адно папярэджаньне. «Калі трапіцеся яшчэ раз — то вас будуць біць яшчэ больш жорстка». А адзін з супрацоўнікаў сказаў: «Калі вы трапіце ў Жодзіна, то вас будуць сустракаць нашмат больш жорстка, чым тут, нашмат больш жорстка, чым зэкаў».
Калі я выйшаў з брамы Акрэсьціна, валянтэр прапанаваў мяне падвезьці. Я вельмі ўдзячны такім людзям, якія дапамагаюць. Так бы я ішоў гадзіны паўтары з такімі нагамі…“
„Паламалі рэбры і прызналі вінаватым“
Андрэй Казановіч, сябра БСДП:
„Увечары 10 жніўня я выйшаў каля станцыі мэтро „Фрунзэнская“ і рушыў да вуліцы Ракаўскай. Раптам пабачыў наперадзе, як нейкага маладога мінака запхнулі ў мікрааўтобус. Тым часам у мяне за сьпінай таксама спыніўся яшчэ адзін мікрааўтобус, зь якога выбеглі чатыры амапаўцы ў балаклавах.
Яны накінуліся на мяне, павалілі на зямлю, пачалі штурхаць. Надзелі кайданкі, білі па галаве. Потым паднялі мяне і завалаклі ў мікрааўтобус. Там таксама ўжывалі сілу.
Рукі ў мяне былі за галавой, галава апушчаная. Здавалася, што я нібы трапіў у нейкі фільм. Амапаўцы ўвесь час брыдка лаяліся на затрыманых. Казалі: «Вы што, свабоды захацелі? Вам перамены патрэбныя? Не хапае чагосьці вам? Мы вам зараз пакажам гэтае жыцьцё!» Пад гэтыя словы яны ўвесь час білі: калацілі рукамі па галаве, па тулаве. Яны былі ў балаклавах. Маладыя хлопцы, гадоў па 25-30.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАКалі ў мікрааўтобусе назьбіраліся шэсьць затрыманых, усіх перавезьлі ў аўтазак. Там таксама пры зачыненых дзьвярах кожнага пачалі дубасіць. Андрэя, мяркую, зьбіваў камандзір амапаўцаў.
Пасьля зьбіцьця разам з чатырма затрыманымі зьмясьцілі ў «стакане» — камэры ўнутры аўтазаку.
Там было маленькае акенца, амаль дзірачка, празь якое мы маглі дыхаць. Мы ў такім стане стаялі амаль гадзіну. Гэты было жудасна.
У аўтазак дадавалі яшчэ захопленых, а кожнага новага білі. Калі сабраліся 29 чалавек, аўтазак паехаў, доўга кружляў па горадзе і нарэшце прыехаў у РУУС Заводзкага раёну.
Усіх затрыманых паклалі на зямлю ў дворыку — паварочваць галаву было нельга. Мы так ляжалі, пакуль усіх па чарзе не дапыталі. Запытвалі: Адкуль мы? Хто? Дзе працуем і жывем?
Потым кожнага зьнялі на відэа і перавялі ў іншы дворык, бо першы папаўнялі новымі затрыманымі. Усіх ізноў паклалі на зямлю тварам уніз. Далей я нічога ня памятаю, бо страціў прытомнасьць і ачуўся толькі ўжо ў машыне хуткай дапамогі.
Прывезьлі мяне ў 2-ю гарадзкую клінічную лякарню. Там выпісалі заключэньне: пералом рэбраў, чэрапна-мазгавая траўма, удары і шмат сінякоў.
Хоць у Заводзкім РУУСе на мяне ня склалі ніякіх пратаколаў, але суд нада мной усё ж такі адбыўся. Першае пасяджэньне прызначылі на 27 жніўня, але позва прыйшла толькі на наступны дзень. Таму пасяджэньне перанесьлі на чацвёртага верасьня. На судзе я хадайнічаў аб азнаямленьні з матэрыяламі справы. Таму пасяджэньне зноў перанесьлі, зрабіўшы перапынак да восьмага верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАГэтыя пратаколы, якія я ўбачыў у сваёй справе, былі падробкай. Напісалі, што затрымалі мяне ў адным месцы, а насамрэч — у іншым. Сьведкі былі падробкай (супрацоўнік міліцыі В. Сьліскі на суд не зьявіўся). І мой подпіс падроблены…
Я быў зьдзіўлены, калі суд разглядаў маю справу. Я даваў магчымасьць, каб судзьдзя змог зьверыць мой сапраўдны подпіс і подпіс у пратаколе. Судзьдзя таксама быў зьдзіўлены.
Тым ня менш, восьмага верасьня судзьдзя Заводзкага раёну Г. Янкоўскі вынес рашэньне пакараць мяне штрафам 20 базавых велічынящ. Судзьдзя вызначыў, што 10 жніўня я прыняў удзел у дзесяціхвілінным шэсьці ад праспэкту Пераможцаў, 19 да праспэкту Пераможцаў, 21. Падчас гэтага я «публічна выяўляў свой пратэст аб правядзеньні галасаваньня, падчас якога выкрыкваў лёзунгі: “Патрабуем пераменаў”, “Жыве Беларусь”, патрабаваў зьмены ўлады, пляскаў у ладкі» і такім чынам зьдзейсьніў адміністрацыйнае правапарушэньне“.
„Ня ведаю, як іх назваць, гэта не міліцыя ўжо“
Зьміцер, 35 гадоў, Менск:
„10 жніўня я прыйшоў да станцыі мэтро «Пушкінская» прыкладна а 8-й гадзіне вечара. Каля 11-й гадзіны АМАП пачаў кідаць сьвятлашумавыя гранаты, страляць гумавымі кулямі. У мяне трапілі чатыры кулі дакладна, можа, больш. Адна пралятала каля вуха, я цяпер дрэнна чую на яго, як кантузія нейкая.
У нейкі момант амапаўцы акружылі людзей, павыходзілі нават з двароў, не было куды адступаць. Тых, каго затрымалі, і мяне ў тым ліку, павалілі на зямлю. Я спачатку стараўся супраціўляцца, але гэта было бяз сэнсу, бо наваліліся чалавек 10–15 і білі ўсім, чым маглі. Потым заламалі рукі, закінулі ў аўтазак, у клетку разам яшчэ з трыма. Аўтазак быў цалкам запоўнены. З намі быў мужчына гадоў пяцідзесяці. Яму стала дрэнна, не хапала паветра, усе сталі прасіць, каб яго выпусьцілі, далі падыхаць ці каб прынесьлі вады. А амапаўцы ў адказ распылілі газавы балёнчык у камэру, дзе сядзеў гэты чалавек, і яму стала яшчэ горш. Замест вады і паветра гэтыя садысты вось што зрабілі.
Гэтым газам мы дыхалі хвілінаў сорак, пакуль нас прывезьлі на канцавы пункт, я нават не магу сказаць, куды дакладна, – нейкае аддзяленьне міліцыі ці што. Там у двары ўсіх паставілі на калені, зьвязалі рукі за сьпінай і пачалі біць. На мяне наваліліся зноў чалавек дзесяць іх. Цяпер на целе няма нічога жывога – білі па ягадзіцах, нагах, сьпіне, галаве. Так пабілі, што ў нейкі момант мне стала дрэнна, дыхаць я дагэтуль нармальна не магу. Яны самі тады ўбачылі, што нарабілі, паклікалі мэдыкаў. Яны мяне і яшчэ такіх жа моцна пабітых пасадзілі на траву, далі абязбольвальнае. У аднаго мужчыны быў нос зламаны, у іншага — нага. Нас адвезьлі ў шпіталь, у траўматалёгію. Там абсьледавалі. Я адмовіўся ад стацыянару і паехаў дамоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПакуль мне там рабілі аналізы, КТ, я бачыў, як кожныя дзесяць хвілінаў некага прывозілі пабітага.
Мне паставілі дыягназ „страсеньне мозгу“ — у мяне гематома на ўсю патыліцу. Кажуць, нейкі непарадак зь лёгкімі — яны не змаглі адразу разабрацца, але кажуць, ёсьць расколіны на рэбрах і закранута лёгкае. Астатнія органы, здаецца, у парадку. Ну і шматлікія гузакі, сінякі ды гэтак далей.
Білі ўсім, чым можна, — нагамі, дубінкамі, шчытамі. Стаўленьне было такое, нібыта забівалі. У нейкі момант мне сур’ёзна здалося, што мяне заб’юць, што сям’ю я ўжо ня ўбачу, разьвітваўся зь імі ў думках. У мяне язык цяпер не паварочваецца назваць іх людзьмі.
Білі мужчын, хлопцаў, якія стаялі каля сьценкі, са зьвязанымі рукамі, якія не маглі супраціўляцца, не маглі нічога зрабіць. Білі проста за тое, што чалавек галаву павярнуў. Гэта суправаджалася страшэннай лаянкай.
Яны казалі: вы захацелі перамен? Вось вам перамены. Нібыта героі вы? Хто вы ўвогуле такія, што вырашылі, што можаце выходзіць і нечага патрабаваць?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ ня ведаю, чым гэта ўрэшце скончыцца. Мяне цяпер адпусьцілі, у мяне даведка зь лякарні. Што будзе далей — ня ведаю. Ніякага пратаколу не складалі. Не зьдзіўлюся, калі яны прыйдуць да мяне і ў дзьверы пагрукаюць. Пасьля таго, што я ўбачыў, мяне ўвогуле ўжо нічога ня зьдзівіць. Там няма ніякага сумленьня, шкадаваньня, нейкіх чалавечых рысаў увогуле не засталося. Вельмі баюся за жонку і маленькую дачку таксама.
Пісаць скаргі? Лічу, што бяз сэнсу. Я шмат, так скажам, ня самых добрых і сумленных людзей пабачыў за жыцьцё, але тое, з чым сутыкнуўся тым вечарам, перасягае ўсякае разуменьне чалавечай жорсткасьці. Таму я перакананы, што ўсе нашыя скаргі бессэнсоўныя. Ніхто іх ня будзе разглядаць.
Мне неабыякавы лёс Беларусі і беларусаў. Я выходзіў і раней на мітынгі, напрыклад, калі хацелі падатак на беспрацоўе ўвесьці. Але так шмат людзей, як цяпер, я на вуліцах Менску ня бачыў. Дзясяткі тысячаў. У нейкі момант я адчуваў сапраўдны гонар за беларусаў.
Але гэтыя… Я ня ведаю, як іх назваць, гэта не міліцыя ўжо… Яны ламаюць людзей. І я бачу, што надоўга ня хопіць беларусаў. У нас сам па сабе народ не такі ўжо баявы, а тут зломяць апошнюю волю да барацьбы. Што далей будзе? Мне здаецца, што нічога добрага. З такімі людзьмі, якія трымаюцца за гэтую ўладу, толькі сілай трэба размаўляць. Яны нічога іншага не разумеюць, у іх няма больш нічога чалавечага. Я перакананы — яны не зразумеюць нас ні праз год, ні за ўсё сваё жыцьцё. Гэтым малойчыкам — амапаўцам — вельмі моцна прамылі мазгі, гэта відавочна. Ім скажуць забіваць — яны будуць забіваць. У мяне цяпер у гэтым няма ніякіх сумневаў. Перамовы з гэтай уладай немагчымыя.
Што рабіць народу? Ня ведаю… Калі нас цяпер зломяць, усе гэтыя маладыя людзі, студэнты, якія там стаялі, яны проста зьедуць зь Беларусі. Я і пра сябе думаю: ці ёсьць сэнс у мае 35 гадоў далей марнаваць час у краіне, дзе мяне чалавекам ня лічаць? Не хачу здраджваць радзіме, пакідаючы яе, але абставіны змушаюць да ад’езду. Мне дачку гадаваць. Як гэта магчыма ў нашых умовах? Такіх, як я, вельмі шмат, хто чакаў гэтых выбараў, спадзяваўся. Але нам плюнулі ў душу, скралі надзею, схлусілі. Я ж бачыў, колькі людзей стаялі ў чэргах на ўчастках зь белымі стужкамі, усё маё атачэньне – ніхто зь іх не галасаваў за дзейную ўладу. Нашыя галасы скралі. Але варта было паспрабаваць. Я б сабе не прабачыў, калі б ня выйшаў“.
„Ды ты паглядзі, ха-ха, гэта мужык“
Яўген Вялько, Менск:
„26 верасьня ў Менску праходзіў традыцыйны суботні жаночы марш. Мяне затрымалі каля 15:00 ля Камароўскага рынку. Калі людзі пачалі зьбірацца, пад’ехалі бусікі і аўтазакі, міліцэйскія машыны і машыны без апазнавальных знакаў.
Спачатку яны проста езьдзілі, а калі людзі пачалі зьбірацца ў вялікую купку, сілавікі выйшлі першы раз. Тады ў мяне атрымалася ад іх уцячы. Але калі людзі сабраліся другі раз, мы падышлі да калёны, якая толькі-толькі пачала рухацца ад Камароўскага рынку. Маю ўвагу ў той момант адцягнулі журналісты (яны прадставіліся як «польскі тэлеканал»), і я ня ўбачыў, як са сьпіны да мяне падыходзяць людзі... Я ня ведаю, гэта быў АМАП ці не, гэта былі людзі без апазнавальных знакаў, у зялёнай вопратцы, у масках. І калі іх ужо стала чацьвёра, яны пад рукі адвялі мяне ў машыну, «газэль» без нумароў.
Людзі ў форме спыталі, дзе мой тэлефон, забралі бела-чырвона-белы сьцяг, пасьля загадалі паказаць зьмесьціва заплечніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯны запатрабавалі ад мяне паказаць пашпарт. Я быў у стрэсе і ня вельмі добра памятаў, я і цяпер ня ведаю, ці павінен быў наогул адказваць на іхныя пытаньні. У іх у руках была камэра, яны здымалі мяне. Узялі ў рукі мой пашпарт і зьнялі, па-першае, на сваю камеру. А па-другое, спыталі, як мяне завуць, мой адрас і ўзрост. Я на гэтыя пытаньні адказаў. Калі яны пачулі, што мяне зваць Яўген Дзьмітрыевіч, пачалі сьмяяцца. Сталі перагаворвацца паміж сабой: «Ды ты паглядзі, ха-ха, гэта мужык». Потым убачылі вясёлкавы сьцяг і сказалі: «А, ну ўсё зразумела».
Пасьля мяне адвезьлі ў Ленінскі РУУС, дзе склалі пратакол. Маўляў, удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, рухаўся разам з маршам, выкрыкваў лёзунгі. Выказваў сваю пазіцыю адносна сумленных выбараў. У прынцыпе, запісалі ўсё правільна. Далі на подпіс дакумэнты, дзе была расьпіска, што мне ўжо выдалі мабільны тэлефон. Я адмовіўся падпісваць, бо тэлефона мне ня выдалі. Пасля гэтага пратакол шпурнулі мне ў твар і сказалі, што «такія мужыкі, як я, гэтай краіне не патрэбныя». Што я наогул за мужык такі, вартае жалю відовішча. Спрабавалі мяне пераканаць падпісаць гэтыя дакумэнты. Я ў выніку іх не падпісаў. Мне яшчэ раз паўтарылі, што я ня вельмі разумны, і адправілі на агляд. Хацелі сфатаграфаваць, сфатаграфаваць асаблівыя прыкметы. Я адмовіўся. На гэтым яны не настойвалі, але адправілі на дактыляскапію. Ад яе я таксама адмовіўся, і далей было хвілін 40 вельмі непрыемных зносін зь іншымі супрацоўнікамі і супрацоўніцамі.
З РУУС напачатку адвезьлі на завулак Акрэсьціна ў ІЧУ. Там мяне чакала чарговая порцыя «жартаў» з боку супрацоўнікаў ізалятара. Пасьля накіравалі на мэдычны агляд, які праводзіла мэдсястра.
Мэдсястра задавала пытаньні з нагоды хранічных захворваньняў. Я адказаў, што ў мяне хранічны цыстыт і праблема з сасудамі. Мне сказалі распрануцца да майткоў. У мяне з сабой была ўцяжка з эластычных бінтоў, і я сказаў мэдсястры, што як бы вось, я трансгендэр. Сілавікі гэта ніяк не пракамэнтавалі ў той момант. Магчыма, пры мэдсястры не хацелі гэтага рабіць. Яна пачала задаваць пытаньні: кім я быў да гэтага, якое маё папярэдняе прозьвішча, ці зьбіраюся я рабіць апэрацыі. Я выдатна разумеў, што гэта некарэктныя пытаньні. Але ў той момант мне здалося, што яна задавала іх безь якой-небудзь злосьці, а хутчэй ад няведаньня. Таму я адказваў. Мэдсястра потым папрасіла прабачэньня, сказала, што ўпершыню з гэтым сутыкаецца.
На Акрэсьціна мяне зьмясьцілі ў камэру, я нават пасьпеў атрымаць перадачу ад маці. Аднак неўзабаве мяне разам зь іншымі затрыманымі вывелі з камэр і загадалі ісьці ў аўтазакі, якія павезьлі ўсіх у жодзінскую турму. У аўтазаку мяне запхнулі да хлопцаў, пазьдзеквацца. Казалі: «Ну раз ён хлопец, давай яго да хлопцаў. Паколькі вонкава людзі ў гэтым боксе не адразу зразумелі, што я хлопец, мне сказалі, што я «магу прысесьці на каленкі». Мы павінны былі мяняцца, каб нармальна ехаць. Гэта значыць, двое сядзяць, а адзін стаіць. Я таксама стаяў сваю чаргу. Мабыць, гэта выклікала ў маіх спадарожнікаў павагу. Магчыма, гэта пераканала іх нейкім чынам, што я хлопец. Але да гэтага былі размовы накшталт: «У цябе ручкі такія маленькія, як ты можаш быць хлопцам?»
У Жодзіне мяне разам зь іншымі затрыманымі зноў паставілі да сьценкі. Нейкі час я стаяў асобна і супрацоўнікі ізалятара зноў абмяркоўвалі мой гендар.
Калі нас расьсялялі па камэрах, гэта быў адзін з самых непрыемных момантаў. Там былі людзі, якія ўвесь час раўлі матам, пагражалі нам па-рознаму. Калі мы варушыліся, на нас крычалі, тыкалі ў сьпіну дубінкай. Казалі, што нас навучаць, як сябе паводзіць. У мяне пыталіся: «Ты Яўген альбо Яўгенія?»… Яны доўга глядзелі на мяне і сьмяяліся. Задавалі пытаньні «А што ў цябе ў трусах?» і гэтак далей. Некалькі разоў мне паведамілі, што «цяпер агледзяць па поўнай праграме». Казалі, што будуць аглядаць мяне «асаблівым чынам», а потым некалькі разоў паўтарылі, што «такія сукі, як я, не павінны жыць», таму мяне трэба «вывесьці на двор і расстраляць». Гэта былі тыя самыя супрацоўнікі, якія нас прымалі і расьпіхвалі па камэрах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАГэта быў складаны час для мяне. Я нават пачаў думаць пра суіцыд. Я не ўяўляў, як пражыву наступныя 15 сутак у такіх умовах. Суд у маёй справе адбыўся на наступны дзень. На працэсе не было сьведак, мне не дазволілі мець адваката. Я спытаў у судзьдзі, ці заключылі родныя дамову з адвакатам, бо загадзя папярэдзіў маці, што яна можа гэта зрабіць. Судзьдзя адказала, што такіх сьведчаньняў няма, і дала мне на подпіс паперу пра адмову ад абаронцы.
Судзьдзя пагартала справу і сказала: «Пяць базавых». Яшчэ яна сказала, што няма падстаў сумнявацца ў паказаньнях сьведак. Нікога са сьведак ня выклікалі — гэта былі проста паказаньні на паперцы. Не было відэазапісаў, нічога. Мне сказалі пра 5 базавых і вывелі назад у камэру. Сказалі, што вызваляць сёньня. Нас доўга зьбіралі. Потым мне аддалі рэчы — бел-чырвона-белага сьцяга там ужо не было, а вясёлкавы сьцяг сілавік запатрабаваў пакінуць. Жанчыны, затрыманыя ў суботу разам са мной, сказалі, што яны ня маюць права забіраць сьцяг. Але тады іх папярэдзілі, што калі яны працягнуць абурацца, іх тут і пакінуць. Я аддаў сьцяг у выніку.
Каля турмы мяне сустрэлі валянтэры і маці, якая чакала ў Жодзіне ад самай раніцы. Цяпер я зьбіраюся аб’яднацца зь іншымі затрыманымі і абскарджваць дзеяньні сілавікоў“.
„Фактычна мяне проста выкралі нейкія бандыты“
Вольга Паўлава, 32 гады, сябра штабу Ціханоўскай, Менск:
„Я загадзя рыхтавалася да таго, каб падчас пратэстаў быць гатовай аказаць першую дапамогу пацярпелым. Увечары 9 жніўня даведалася, што ў раёне стэлы гучаць выбухі, і паехала туды. Каля 23:00 дайшла да царквы на праспэкце Пераможцаў, спусьцілася з узгорку і апынулася ў буфэрнай зоне паміж сілавікамі і мірнымі дэманстрантамі. АМАП страляў гумавымі кулямі і закідваў людзей сьвятлашумавымі гранатамі, пратэстоўцы разьбягаліся. Пасьля такой «артпадрыхтоўкі» сілавікі перайшлі ў наступ: АМАП пабег на пратэстоўцаў і пачаліся затрыманьні.
Я на той момант ужо атрымала раненьне: аскепкі гранаты пашкодзілі нагу. Калі пачалася атака, адзін з амапаўцаў штурхануў мяне так, што я ўпала і расьсекла руку, а яшчэ некалькі сілавікоў пацягнулі мяне ў аўтазак. Там кінулі ў «стакан» — маленькую адзіночную камэру. Пры гэтым сумку, дзе былі мэдыкамэнты, у мяне адабралі.
У выніку раненьня ад выбуху гранаты ў мяне пачаўся крывацёк. Я прасіла аказаць мне першую мэдычную дапамогу або проста перадаць з торбы перакіс вадароду. Але ніхто на гэтыя просьбы не рэагаваў.
Празь некаторы час затрыманым сказалі выходзіць на вуліцу, прагналі нас праз калідор сілавікоў і зацягнулі ў бусік.
Я нават ня ведаю, што гэта быў за бус, бо нам не давалі падняць галаву. Толькі падымаеш — і хтосьці цябе адразу б’е па галаве. Крычаць: “Галаву ў падлогу, на твары не глядзець”, “Хутчэй, хутчэй…” На просьбы патлумачыць прычыны затрыманьня была адна рэакцыя: «Заткні рот, шалава!»
Нас прывезьлі на Акрэсьціна і паставілі ўздоўж калідора на першым паверсе. На адным баку знаходзіліся жанчыны, на другім — мужчыны. Найбольш агрэсіўна паводзілі сябе міліцыянт з густымі чорнымі бровамі і доўгавалосая бляндынка.
Яны былі галоўнымі агрэсарамі, якія кіравалі зьбіваньнем людзей. Бляндынка біла мужчын у асноўным паміж ног — ёй гэта вельмі-вельмі падабалася…. Я спрабавала сказаць, што яны парушаюць мае канстытуцыйныя правы, у адказ на што чарнабровы падышоў і некалькі разоў ударыў мяне галавой аб сьцяну. «Што ты, б..., самая разумная, выдатніца? Няма ў цябе ніякіх канстытуцыйных правоў, с..а!» — закрычаў ён. І яшчэ раз ударыў мяне галавой аб сьцяну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАСярод затрыманых у тым ліку была грамадзянка Расеі, якая патрабавала пазваніць амбасадару. Чарнабровы пабіў яе гумовай дубінкай і крычаў, што ніякага амбасадара ня будзе і яна проста здохне ў камэры, бо ніхто не даведаецца, што яна тут.
Усіх затрыманых паставілі на расьцяжку, а бляндынка хадзіла і выбівала берцамі ногі, каб расьцяжка была яшчэ шырэйшай. Такім чынам вельмі балюча расьцягваліся пахвінныя цягліцы.
Увесь гэты час білі мужчын. Зьбівалі да хрыпаты. Прымушалі крычаць: «Я люблю АМАП». Аднаму мужчыну адбілі ныркі і ён ужо мачыўся крывёю. Тады амапаўцы пачалі крычаць на яго: “Прыбяры за сабою!” Чалавек казаў: “Хлопцы, я ж голы, у мяне нічога няма”. І яму сказалі, каб ён выціраў сваім целам.
Жанчын парасьпіхвалі па камэрах. Наша камэра была прадугледжаная на чатырох чалавек, але туды ўціснулі 19 затрыманых. Пасьля гэтага адкрылася «кармушка» і адна з супрацоўніц пачала перапісваць асабістыя зьвесткі затрыманых, а таксама пытала пра месца і час затрыманьня. У мяне гэтыя пытаньні выклікалі падазрэньне: я вырашыла, што сілавікі будуць фабрыкаваць пратаколы, якраз зыходзячы з маіх словаў. Таму акрамя прозьвішча і імя я адмовілася нешта называць пакуль міліцыянты самі не прадставяцца і не патлумачаць прычыну затрыманьня.
За адмову адказваць на пытаньні мяне вывелі ў калідор, дзе знаходзіліся некалькі сілавікоў.
Жанчына-бляндынка пачала біць мяне аб сьцяну галавой, выкручваць рукі, спрабавалі ламаць пальцы. Мяне паставілі на калені, прыціснулі нагой галаву да зямлі і крычалі: «Кажы, с..а, свае зьвесткі!» Пагражалі, што на мяне распачнуць крымінальную справу за непадпарадкаваньне міліцыі. Я сказала гэтай бляндынцы, што я мэдык і магу афіцыйна паставіць ёй дыягназ: яна сацыяльна адаптаваная псыхапатка. Пасьля гэтага яна адскочыла і мяне пакінулі ў такой позе на паўгадзіны, каб я падумала. Я стаяла на каленях і чытала ўголас верш Ёвана Змая пра гонар. Іх надоўга не хапіла: яны адчынілі дзьверы ў камэру са словамі «Запаўзай, пачвара».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ камэры было вельмі-вельмі горача. Вакно было адчынена літаральна на два пальцы. Нас было шмат, і мы крычалі, каб адчынілі хаця б «кармушку», каб было чым дыхаць. У адказ на нас вылілі вядро вады. І потым яшчэ прывялі затрыманых. У выніку нас стала 36 чалавек.
Жанчыны ў камэры былі вельмі напалоханыя, для большасьці гэта было першае затрыманьне ў жыцьці. У адной дзяўчыны пачалася панічная атака, яе пастаянна ванітавала, яна гатовая была страціць прытомнасьць. Жанчына з дыябэтам безвынікова прасіла міліцыянтаў прынесьці ёй таблеткі. Мэдычнай дапамогі нікому не аказвалі, ежы не давалі. Ваду можна было піць толькі з крана.
Потым наступіла ноч і пачалося самае жахлівае: дыхаць стала зусім няма чым. Я разумела, што мы трацім прытомнасьць ад браку кіслароду. Людзі ўжо нават баяліся прасіць аб дапамозе. Але я разумела, што горш ужо ня можа быць, і пачала біць у дзьверы. Прыйшоў дзяжурны, які толькі заступіў на зьмену. Я сказала, каб ён перадаў начальству, што я дам усе дадзеныя і ўсё падпішу. Я яму пачала тлумачыць, што гэта сапраўдная газавая камэра, што мы задыхаемся, што раніцай проста ня ўсе здолеюць прачнуцца, а адказнасьць будзе на ім.
Праз 15 хвілін дзяжурны сапраўды адчыніў камэру і загадаў выйсьці ў калідор да сьцяны. Ад рэзкага паступленьня кіслароду дзяўчына, якая мела інваліднасьць, страціла прытомнасьць і ўпала.
Гэта вельмі напалохала дзяжурнага. Ён пагадзіўся праветрыць камэру, пакінуў адчыненую «кармушку» і мы дамовіліся, што праз гадзіну ён нас выведзе падыхаць яшчэ. Так і адбылося. Перад сканчэньнем сваёй зьмены ён папрасіў прабачэньня і сказаў, што больш ня можа нам нічым дапамагчы.
На наступны дзень на Акрэсьціна пачаліся суды над затрыманымі. Жанчын выводзілі з камэры па адной. Некаторыя дзяўчаты потым вярталіся ў сьлязах: амапаўцы, прымушаючы падпісваць пратаколы, абяцалі, што іх толькі аштрафуюць, але гэта быў падман — суды каралі затрыманых адміністрацыйным арыштам.
Маю справу разглядала судзьдзя Маскоўскага раённага суду Тацяна Матыль. У пакоі — яна, сакратарка і ўключаны дыктафон. У судзьдзі на стале ляжаў штодзёньнік, куды яна ўпісвала зьвесткі. Яна папрасіла мяне прадставіцца і назваць дату нараджэньня. І калі я назвала дату, яна скаланулася.
Справа была ў тым, што ў дакумэнтах, паводле якіх зьбіраліся судзіць мяне, былі зьвесткі іншага чалавека. Але пра гэта яна даведалася ўжо потым.
Атрымалася, што паколькі ў міліцыі не было поўных маіх зьвестак (толькі імя і прозьвішча), то яны знайшлі ў базе МУС маю поўную цёзку, але зь іншым годам нараджэньня і іншай прапіскай. Там і фота было іншае — мы нават не падобныя. І тут судзьдзя зразумела, што ў яе дэталізацыя на аднаго чалавека, а перад ёй стаіць зусім іншы.
З дакумэнтаў, паводле якіх мяне зьбіраліся судзіць, вынікала, што мяне затрымалі на праспэкце Незалежнасьці ў 21:00. Але гэта была няпраўда: у гэты час я была ў іншым месцы гораду і мела сьведак. Судзьдзя адмовілася выклікаць сьведак, аднак і рашэньня выносіць ня стала, а загадала вярнуць мяне ў камэру.
Больш да судзьдзі не выклікалі. Пазьней у камэру зайшоў супрацоўнік РУУС са сьпісам пакараньняў для затрыманых: ён паведаміў, што я атрымала 15 сутак арышту.
Ночы на Акрэсьціна праходзілі пад крыкі затрыманых мужчынаў, якіх моцна білі сілавікі. Я чула, як мужчын вывелі ў двор, пабілі, потым аблілі вадой пад напорам, потым зноў пабілі. Бандыты пры гэтым сьмяяліся, ім было весела. Яны прыдумалі такую гульню для пабітых мужчынаў: мы, маўляў, зараз адчынім браму і ў вас будзе паўхвіліны на тое, каб вы ўцяклі. А праз паўхвіліны мы выедзем за вамі на машынах. І хто не пасьпее — тых будзем раздушваць. Ім вельмі сьмешным здаваўся гэты плян.
Удзень затрыманых жанчын вывелі ва ўнутраны дворык ЦІП, дзе стаяла шмат амапаўцаў з аўтаматамі. Яны абражалі жанчын, казалі, што яны праплачаныя і што яны прадалі Радзіму за адзін даляр. Я спытала: «А цяпер падумай: як лічыш, за 2 рублі тут нехта б стаяў?» Чамусьці гэтыя словы паўплывалі на міліцыянта: ён дазволіў нам папіць і прысесьці на зямлю тым, хто ўжо ня мог стаяць. Пасьля гэтага нас пагрузілі ў аўтазак і павезьлі ў Жодзіна.
Менавіта ад супрацоўніцы жодзінскай турмы, якая праводзіла агляд затрыманых і перапісвала зьвесткі, я даведалася, што справа была складзеная не на мяне, а на зусім на іншага чалавека.
Яна мяне паклікала да стала і паказала маю справу. Кажа: “Ты разумееш, што там ня ты?” І ў гэты момант я нарэшце зразумела, чаму так псыхавала Матыль. Таму што там сапраўды была дэталізацыя на іншага чалавека. Нават пратаколу не было: было проста два лісткі, на адным зь якіх хтосьці асадкай напісаў «15 сутак».
Я спрабавала патлумачыць гэта іншаму супрацоўніку ізалятара, і той зьвярнуўся да свайго начальніка. Але безвынікова. «Пох…, пасадзі да ўсіх астатніх», — сказаў начальнік.
Пасьля Акрэсьціна турма ў Жодзіна здавалася пяцізоркавым гатэлем, бо ў камэры на 8 чалавек нас было толькі 23! Мы хоць і ляжалі на падлозе, але хаця б змаглі выцягнуцца ўпершыню за трое сутак.
Наступныя два дні я скардзілася дзяжурным на тое, што мяне фактычна выкралі. Нагадвала, што яны робяць крымінальнае злачынства і кожны зь іх цяпер будзе фігурантам гэтай справы. Спачатку мае скаргі ігнаравалі, але 14 жніўня я ўсё ж дагрукалася да чарговага дзяжурнага. Ён схадзіў па справу, пераканаўся, што я сапраўды тут знаходжуся незаконна і, відаць, спалохаўся. Мяне павялі да начальніка, які нарэшце загадаў адпусьціць мяне, а справу парваць.
Маіх рэчаў не знайшлі — сказалі, што, напэўна, засталіся на Акрэсьціна. Без даведак, безь якіх-небудзь дакумэнтаў мяне проста вывелі з ізалятару і сказалі — усё, давай, ідзі.
Да Менску мяне давёз адзін з тых валянтэраў, што дзяжурылі пад сьценамі ізалятара. Тыдзень пасьля гэтага я правяла за горадам — спрабавала апамятацца пасьля ўсяго, што адбылося.
Такім чынам, я правяла 5 дзён за кратамі нават без фармальных юрыдычных падставаў. У ЦІП на Акрэсьціна далі даведку, што мяне выпусьцілі 12 жніўня «ў сувязі з завяршэньнем адміністрацыйнага затрыманьня. У жодзінскім ізалятары выдалі даведку, што я там знаходзілася з 12 па 14 жніўня, бо адбывала адміністрацыйнае пакараньне. Аднак не існуе ніводнага дакумэнту, дзе б тлумачылася, чаму я трапіла за краты.
З суду Маскоўскага раёну прыйшоў адказ, што супраць мяне ніякага адміністрацыйнага працэсу не вялося. Аднак пакараньне я адбывала! За ўвесь гэты час я ніводнага разу не пачула прычыну затрыманьня, нават ад судзьдзі! Фактычна мяне проста выкралі нейкія бандыты, пратрымалі 5 сутак, а потым сказалі: Усё, ідзі“.
„Ты папаў у логава зьмяі“
Сяргей Каранкевіч, 37 гадоў, кіроўца на «Белшыне», Бабруйск:
„Мяне затрымалі 14 верасьня. У той панядзелак я катаўся па горадзе на ровары. Хацеў паабедаць у фабрычнай сталоўцы. Па дарозе, праяжджаючы будынак Бабруйскага ГУУС, убачыў сіні аўтобус, на якім апошнія два месяцы ў нашым горадзе возяць АМАП і затрыманых грамадзян. Я вырашыў сфатаграфаваць гэты аўтобус. Спыніўся, дастаў тэлефон. І ў гэты момант убачыў, як з тарца будынку УУС выбеглі чалавек дзесяць супрацоўнікаў у форме аліўкавага колеру, без апазнавальных знакаў.
Яны пабеглі ў мой бок. Я нават не пасьпеў неяк зрэагаваць, як мяне ўжо ўзялі ў кола, схапілі за рукі і ногі, сьцягнулі іх плястмасавым хамутом і ў літаральным сэнсе панесьлі ў будынак ГУУС. Там мяне кінулі на падлогу і пачалі біць.
Білі доўга. Хто біў і чым, я ня бачыў, бо не давалі падняць галаву. Я ляжаў на левым баку каля сьцяны, таму больш за ўсё пацярпеў правы бок. Пакуль білі, пыталіся: «Табе патрэбныя перамены? Дык зараз мы пакажам».
Больш за ўсё ўдараў было па галаве. Задалі пытаньне — удар, нешта сказалі — удар. І так шмат разоў. Усё гэта суправаджалі нецэнзурнымі словамі ў мой адрас. Потым адзін зь іх стаў прымушаць мяне сьпяваць дзяржаўны гімн РБ. Я тэкст ня вельмі ведаю, дык ён казаў словы, я паўтараў, так мы разам і выканалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ мяне пыталі пароль ад тэлефона. Я адразу не сказаў і атрымаў пару ўдараў. Тады зразумеў, што лепей сказаць. У тэлефоне яны знайшлі фатаграфіі машын, прыпаркаваных з парушэньнямі. І сказалі, што гэта машыны супрацоўнікаў. І зноў білі — ужо за гэтыя фатаграфіі.
Яны наўмысна зламалі мой ровар. Я чуў, як яны топчуць катафоты, як прабіваюць і спускаюць кола. Роварны кампутар прабіты -- быццам зашрубкай. Ня ведаю, чым ім не спадабаўся мой ровар. Магчыма, гэта празь бел-чырвона-белыя флікеры, якія я на яго прычапіў.
Пасьля мяне адвялі ў актавую залю. Там давалі падпісваць нейкія паперы. Якія -- не разабраўся, бо вельмі дрэнна сябе адчуваў: балела галава, апухла правае вока. Магчыма, супрацоўнікі ўбачылі, што нарабілі, і самі адвезьлі мяне ў лякарню. Там пасьля агляду лекары вырашылі мяне шпіталізаваць. Выпісалі толькі праз восем дзён з дыягназам «Удар грудной клеткі зьлева. Падскурная гематома лобнага абшару. Пэрыарбітальная гематома справа. Множныя раны міжлапаткавага абшару». У мяне дагэтуль часта баліць галава і млосна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАВыйшаўшы зь лякарні, я атрымаў позву ў суд паводле двух артыкулаў КаАП: 23.34, частка 3 — паўторнае парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, і 23.4 — непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы.
У пятніцу 25 верасьня па мяне прыехалі на працу. Начальнік сказаў мне тэрмінова ісьці на прахадную. А там мяне ўжо чакалі невядомыя людзі ў масках. Яны не назваліся, проста сказалі «пройдёмте» і адвялі мяне ў «Газэль» белага колеру. Я пасьпеў пазваніць сваякам і сказаць, што вязуць у міліцыю, пасьля чаго ў мяне забралі тэлефон“.
Тацяна Каранкевіч, маці Сяргея:
„Я расшуквала сына да вечара. Спачатку чакала каля ІЧУ. У той дзень там ішлі суды над затрыманымі. Сяргея таксама прывозілі туды, я бачыла яго за фіранкамі «Газэлі». Але калі я стала званіць у званок на варотах ІЧУ, мне сказалі, што Сяргея Каранкевіча ў іх няма, а што прывезьлі — «як прывезьлі, так і зьвезьлі». Пасьля сказалі, што яго павезьлі ў суд на Тухачэўскага, 5. Аднак у судзе сказалі, што ён у сьпісах ня значыцца і працоўны дзень сканчаецца.
Пасьля я паехала ў сьледчы камітэт. Раней я ўжо падала туды заяву пра пабіцьцё сына, пакуль ён быў у лякарні. Цяпер хацела напісаць яшчэ адну — скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія не даюць інфармацыі пра сына і яго зьнікненьне.
Дзяжурны міліцыянт адмовіўся прымаць заяву і параіў наконт зьнікненьня зьвярнуцца ў міліцыю. У прысутнасьці дзяжурнага міліцыянта я набрала «102», там мне не далі ніякай інфармацыі, толькі назвалі нумар начальніка аддзяленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Бабруйскага гарвыканкаму, сказалі тэлефанаваць туды. Я званіла, але званок абрываўся пасьля першага ж гудка. Тады я запатрабавала, каб дзяжурны міліцыянт паклікаў сьледчага. Ён папрасіў пачакаць і выйшаў. У гэты час мне патэлефанаваў сам Сяргей і сказаў, што яго вязуць назад на працу.
Мы паехалі да прахадной «Белшыны». На нашых вачах туды ж пад’ехала «Газэль» белага колеру, зь якой выйшаў Сяргей. Машына адразу зьехала“.
Сяргей Каранкевіч:
„Я так і не зразумеў, што гэта было. Мяне раніцай забралі, пасадзілі ў гэтую «Газэль» і сталі вазіць па горадзе. Спачатку павезьлі ў ГУУС. Там павадзілі па паверхах. Я нават у кабінэты не заходзіў, пасядзеў у калідорах — спачатку на першым паверсе, потым на трэцім, потым зноў на першым. Агледзелі мае рэчы. Потым павезьлі ў ІЧУ. Там я некалькі гадзін прасядзеў у бусе. Потым мне зьмералі тэмпэратуру — павышаная. Мяне павезьлі ў паліклініку. Там агледзелі, узялі аналізы, напісалі — ВРВІ. Павезьлі назад у ІЧУ. Там сказалі, што з такім дыягназам ня возьмуць. Тады мяне павезьлі на працу, адкуль і забралі. Ніхто нічога не тлумачыў. Я так зразумеў, што самі супрацоўнікі, якія мяне суправаджалі, ня ведалі, што рабіць. Яны так і казалі мне — куды нам сказалі, туды і вязем.
Мне так і не далі ніякіх дакумэнтаў, што мяне затрымала міліцыя. Пасьля таго як мяне адпусьцілі, я пайшоў у ГУУС і напісаў заяву, каб мне далі даведку, што я правёў некалькі гадзін пад вартай. Інакш я ня ведаю, што будзе з працай — начальнік ужо папярэджваў мяне, што ў разе яшчэ аднаго затрыманьня я буду звольнены.
Як высьветлілася пазьней, у пятніцу 25 верасьня на «Белшыне» затрымалі ня толькі мяне. Яшчэ як мінімум адно затрыманьне было ў падрыхтоўчым цэху буйнагабарытных шынаў. Там у адказ на арышт калегі рабочыя спынілі вытворчасьць і паставілі ўмову — неадкладна вызваліць затрыманага. Таго адпусьцілі. Але яго, як і мяне, чакае суд.
Для мяне гэта будзе ўжо ня першы суд за арт. 23.34 КаАП. Мяне ўжо затрымлівалі 10 жніўня. Тады я ўвечары ехаў на ровары каля будынку гарвыканкаму і трапіў у хапун. Разам з роварам апынуўся ў аўтазаку, потым — у СІЗА, дзе правёў ноч і ўвесь наступны дзень. Суд пакараў арыштам на 24 гадзіны, і мяне адпусьцілі.
Цяпер новы суд. А як я мог супраціўляцца, калі мяне імгненна скруцілі. Казалі: «А чаго ты сюды ехаў? Ты папаў у логава зьмяі». Так і сказалі. Не ў міліцыю, ня ў МУС, а ў логава зьмяі“.
„Бяруць за валасы на галаве і бʼюць аб асфальт“
Аляксей, IT-спэцыяліст, 24 гады, Менск:
„Затрымалі мяне 11 жніўня, было каля 21.00. Да моманту затрыманьня мы нават ня бачылі на вуліцы ніводнага работніка міліцыі. Нас з братам затрымалі каля гатэлю «Эўропа» ў месцы, дзе не было ніякіх пратэстаў. Была пустая вуліца, мы былі ўдвух. Да нас падышлі людзі ў цывільным і папрасілі прайсьці зь імі. Мы ўжо зразумелі, што нас затрымліваюць. Мяне павялі першым, брат пайшоў за мною, каб мяне не забралі аднаго. Мы не супраціўляліся, на просьбу назвацца яны не адрэагавалі. Пасьля падбеглі два чалавекі ў балаклавах, заламалі «ластаўкай» і павялі ў звычайны рэйсавы аўтобус.
Нас паклалі тварам у падлогу, мяне пачалі даволі моцна біць. Запытвалі, колькі нам заплацілі, адкуль мы, хто нам плаціць… Пасьля зь мяне сарвалі заплечнік, там былі бінты, антысэптык (хлоргексідын) і бутэлька вады. Яны, напэўна, падумалі, што я сабраўся рабіць кактэйль Молатава ці нешта падобнае, бо закрычалі на мяне, што я падпальшчык, пачалі таптацца берцамі па галаве, некалькі чалавек пачалі біць дубінкамі. Пасьля я чую, што адзін зь іх кажа: “Б..., мужыкі, гэта проста антысэптык”. Яны супакоіліся на некалькі сэкундаў, а пасьля кажуць: “Ах ты, сука, сабраўся лячыць фашыстаў?” — і пачалі зноўку біць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАКалі нас затрымалі, я адправіў родным сыгнал SOS з тэлефона, і ён чамусьці не заблякаваўся. Калі ў мяне забралі тэлефон, то пачалі глядзець мой Telegram, убачылі, што я падпісаны на Nexta, а там яшчэ апошняе паведамленьне прыйшло «плян дзеяньняў» ці нешта такое. Амапаўцы кажуць: “Ты каардынатар”. Знайшлі ў SMS паведамленьне, што мне прыйшоў аванс з працы, кажуць: “Значыць, яму яшчэ заплацілі” -- і пачалі біць яшчэ мацней.
Пасьля ў аўтобус пачалі заводзіць новых затрыманых і нас біць перасталі. Складвалі ўсіх адзін на аднаго, мы ляжалі першым узроўнем, на нас клалі другі, пасьля быў яшчэ трэці ўзровень. Далей мы праехалі на аўтобусе максымум 10 хвілінаў і нас перагрузілі ў аўтазак.
Калі нас пераводзілі ў аўтазак, адзін зь міліцыянтаў сарваў у мяне з рукі белы бранзалет і некалькі разоў выцяў мяне па сківіцы. У мяне пачалі падкошвацца ногі, мяне падхапілі пад рукі, зацягнулі ў аўтазак, і мы паехалі ў Партызанскі РУУС. Цікава, што нас затрымлівалі ў Цэнтральным раёне, але адвезьлі ў Партызанскі РУУС. Магчыма, у Цэнтральным не было месца, ня ведаю.
У двары РУУС нас паставілі на калені лбом у асфальт, людзей было шмат. Хадзілі, пыталіся імя, прозьвішча, дзе працуеш, месца жыхарства. Я называю месца працы, назву фірмы, мяне ў адказ пытаюць: “Форма ўласнасьці?” Бяруць за валасы на галаве і бʼюць аб асфальт. Я кажу: “Ня ведаю”. Яны зноўку галавою аб асфальт. Я кажу: “Няхай будзе ААТ”. Яны зноў бʼюць і пытаюць: “Няхай будзе ці дакладна?” Я кажу: “Дакладна”. Мяне чацьвёрты раз — цюк аб асфальт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПасьля паднялі і павялі ў РУУС, у нейкае сутарэньне. Там нас зноўку агледзелі. Ад страсеньня галавы я пачаў траціць прытомнасьць, мяне пачало ванітаваць. Работнікі міліцыі далі мне папіць, дазволілі крыху пасядзець.
Далей нас павялі на вопіс рэчаў і дактыляскапію, запісалі на камэру (мы казалі, дзе жывём, колькі гадоў), на белым фоне сфатаграфавалі… Я некалькі разоў прасіў мэдычнай дапамогі, прасіў зафіксаваць пабоі. Увесь час мне адказвалі: “Забудзь”, “Супакойся”, “Будзь цішэйшы” і г. д. А ў мяне гематома была на правай руцэ даволі сурʼёзная і нямелі пальцы, я думаў, што ўсё…
У сутарэньні РУУС мы сядзелі да 12:00 наступнага дня, і на наступны дзень нас павезьлі на Акрэсьціна. Там нас пасадзілі ў дворыку для прагулак 5 на 5 мэтраў пад адкрытым небам. Было нас 90 чалавек.
Цягам дня, гэта значыць з 12:00 да 24:00, з розных прычынаў забралі чалавек 20. Кагосьці проста выклікалі. Кагосьці «хуткая» забрала, напрыклад у аднаго хлопца нават твару не было відаць. Ён быў зь пераламаным носам, пабітай губою. Яго, калі затрымлівалі, проста зьбілі з ног і кінулі тварам у асфальт, яго забрала «хуткая». Трэба сказаць, што ня вельмі ахвотна аддавалі людзей у «хуткую». У іх быў свой фэльчар, які вельмі сумнеўна ўсё ацэньваў, казаў: “Загоіцца, супакойцеся”. Я прасіў «хуткую», мне ніякай дапамогі не аказалі, сказалі: “Усё з табою ў парадку, жыць будзеш”.
Нас там не кармілі. Нам далі спачатку адзін кавалак хлеба і пасьля, на другія суткі, яшчэ адзін кавалак хлеба. Гэтыя кавалкі хлеба былі па 20–30 грамаў. Яшчэ прыносілі нейкую катлету, але яна была проста жудасная, зь нейкіх костак. Піць не давалі. Першы раз ваду далі а 2-3-й гадзіне ночы. У прыбіральню не выводзілі. Замест прыбіральні нам закідвалі вядро са словамі: “Вось сюды хадзіце, скаты”. Уначы нас звадзілі ў прыбіральню адзін раз кожнага.
За сьцяной пастаянна кагосьці білі. Было чуваць, што аднаго з хлопцаў білі некалькі міліцыянтаў, прычым зьбівалі проста пад нашымі дзьвярыма. Крычалі яму: “Ты будзеш памятаць, што такое АМАП, усё жыцьцё!” Разоў восем яго прымусілі крыкнуць «Я люблю АМАП», пакуль ён вельмі моцна не закрычаў.
Ужо брат апавядаў, што калі іх пераводзілі з вуліцы ў камэры бліжэй да вечара, яны бачылі гэтага хлопца: ён быў увесь у крыві.
Вызвалілі нас 13 жніўня, недзе паміж 22:00 і 23:00. Проста прыйшоў работнік міліцыі, забраў брата і мяне, вывелі зь ЦІП. Ніякіх абвінавачаньняў, ніякіх позваў у суд. На наступны дзень мне аддалі рэчы, і пасьля я паехаў у лякарню. Пасьля лякарні мне пазваніў сьледчы зь Першамайскага аддзяленьня Сьледчага камітэту, запрасілі даць паказаньні. Недзе 2,5 гадзіны я даваў паказаньні. Брала паказаньні старшы сьледчы маёр Шалкоўская. Яна, трэба адзначыць, паводзілася карэктна, у мяне склалася ўражаньне, што сьледчыя на маім баку, што яны супраць зьбіваньня. Прынамсі, у СК казалі, што гэта ненармальна, што гэта парушэньне заканадаўства, склалі пратакол апытаньня па фактах зьбіцьця і незаконнага затрыманьня. Але разам з гэтым сказалі: “Мы самі ня ведаем, ці гэта мае нейкі сэнс, але спадзяёмся, што робім гэта не дарэмна”“.
Гісторыя студэнткі Насты Дудзінай, якую паранілі гранатай і пасадзілі ў турму
Ніна Сакалоўская, маці Насты, 20-гадовай студэнткі БДЭУ:
„У тую ноч, зь 9 на 10 жніўня, Наста была зь сябрамі. Яны назіралі за тым, што адбывалася на вуліцах Менску, з вокнаў кватэры аднаго зь сяброў. Маладыя людзі баяліся выйсьці, пакуль усё хаця б крыху ня сьціхне. Дамоў Наста наважылася пайсьці каля 1:30 ночы. Яе суправаджалі сябры. Калі маладыя людзі ішлі па вуліцы Кальварыйскай, да іх пад’ехалі аўтазак і мікрааўтобусы. Выбухнула граната, амапаўцы загадалі моладзі легчы на зямлю.
Наста прасіла: “Ня біце, калі ласка, мы проста ішлі дамоў, мы нічога не рабілі”. Але амапавец яе пхнуў нагой у сьпіну і сказаў ляжаць. Наста спрабавала паўзьці, ён яе схапіў ззаду за кофту, убачыў, што гэта дзяўчына, і сказаў: «Валі адсюль, с..ка!»
Наста здолела выбрацца адтуль. Яе падабралі людзі, якія праяжджалі міма. У аўтамабілі яна адчула, што з нагі ідзе кроў, што ў яе ўся красоўка ў крыві і нешта тырчыць з нагі. Людзі, якія падвозілі Насту, выклікалі хуткую дапамогу.
Наста мне патэлефанавала і сказала, што яе вязуць у вайсковы шпіталь. Акрамя таго, яна дрэнна чула — пазьней высьветлілася, што ў яе разарвалася бубенная балона. Таксама Наста казала, што ў яе вочы сьлязяцца і яна дрэнна бачыць у лінзах. Я была супраць вайсковага шпіталю, прасіла, каб не туды, але пагадзілася ўрэшце, бо была патрэбная тэрміновая дапамога. Насьце зрабілі апэрацыю, дасталі аскепкі гранаты. Калі яна адыходзіла ад наркозу, яе прыйшоў апытваць работнік міліцыі і нешта даваў падпісваць. Але яна ня можа прыгадаць, падпісвала яна нешта ці не, бо тады яшчэ ня цалкам апрытомнела пасьля наркозу і перажытага шоку. Яе яшчэ раз дапыталі наступнай раніцай як сьведку таго, што адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА12 жніўня Насту выпісалі. Ёй далі накіраваньне на мэдэкспэртызу пашкоджаньняў, але яна нікуды не пайшла — мы пастанавілі, што гэта нічога ня дасьць. Мы ня думалі, што сытуацыі будзе мець працяг.
Наста зьвярнулася па кансультацыю ў РНПЦ отарыналярынгалёгіі. Там атрымала пацьверджаньне, што ў яе было нешта кшталту кантузіі, разарваная бубенная балона, але лекары сказалі, што яна зарасьце сама, трэба толькі пачакаць. Увесь гэты час Наста хадзіла з затычкай, каб у вуха не трапляла вада ці пыл. На днях ёй трэба было зноў ісьці на кансультацыю.
Раны на назе дагэтуль цалкам не загаіліся, Наста яшчэ іх перавязвае.
Нас ніхто больш не непакоіў да 7 верасьня. А 7 верасьня а 7-й раніцы да нас прыехалі з упраўленьня Сьледчага камітэту Менску. Адзін работнік назваўся, яшчэ двое былі ў цывільным і не называліся, я нават ня ведаю, хто гэта. Насту забралі ды павезьлі ў Сьледчы камітэт на Першамайскую, 7, нібыта як сьведку падзеяў ночы з 9 на 10 жніўня.
Наста мне патэлефанавала толькі каля 11-й гадзіны ды сказала, што ў яе забіраюць тэлефон на месяц для правядзеньня сьледчых дзеяньняў, а таксама папярэдзіла, што неўзабаве ў нас дома будзе ператрус.
Каля 13:30 тыя самыя людзі, якія прыяжджалі раніцай, прывезьлі Насту, папрасілі паклікаць двух панятых і пачалі ператрус. Былі вельмі зьдзіўленыя, што ў нас дома няма ніякіх носьбітаў інфармацыі. Забралі вопратку, у якой Наста была 9 жніўня. А ейныя красоўкі так і засталіся з тае ночы, нават у крыві яшчэ, я іх ня мыла. А нагавіцы памыла. Але яны ўсё забралі — і красоўкі, і нагавіцы, і кофту. Насту зноў павезьлі на Першамайскую, маўляў, сьледчы яшчэ мае пытаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ зноў засталася дома чакаць. Патэлефанавалі каля 17:20 і сказалі: «А 14:45 мы высьветлілі, што вашая дачка датычная да злачынстваў».
Я запыталася ў сьледчай “Якія злачынствы? Яна ішла як сьведка, а цяпер ужо злачынца?” Мне не патлумачылі нічога. Падрабязнасьці я даведалася ад Насьцінага адваката, нумар якога мне далі ейныя сяброўкі — яны чакалі Насту ў Сьледчым камітэце і зусім выпадкова там сустрэлі адваката, якога ёй далі. Мне потым праваабаронцы зь «Вясны» сказалі, што яму можна давяраць.
Як патлумачыў адвакат, Насьце выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2. арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках, да васьмі гадоў турмы).
Яшчэ ён мне сказаў, што Наста ня першая, хто ляжаў тады ў вайсковым шпіталі ды каго цяпер забіраюць і абвінавачваюць. Я ў яго пыталася, што мне рабіць, як дапамагчы дачцэ, якая са сьведкі стала злачынкай? Ён мне параіў зьвяртацца ва ўсе мэдыя, даць як можна большы розгалас сытуацыі, бо гэта поўнае беззаконьне.
У мяне цяпер няма ніякай сувязі з дачкой. Да яе не пускаюць нават адваката -- праз карантын у сувязі з COVID-19.
Але ўчора, калі я адвозіла перадачу для Насты, супрацоўнік, які прымаў рэчы, сказаў, каб я не хвалявалася, бо там добрыя ўмовы, што ў затрыманых ёсьць і мыла, і папера для прыбіральні, што іх ніхто ня б’е. Курорт проста. Ну а што яшчэ яны будуць казаць? Вядома, запэўніваць, што ўсё добра.
На Акрэсьціна цяпер яшчэ адна маладая дзяўчына, Марына. Яна ляжала разам з Настай у вайсковым шпіталі. Я лічу, што такім чынам улады запужваюць моладзь, хочуць паказаць ім іхнае месца.
Студэнтаў, моладзь проста выціскаюць адсюль. Нашую будучыню, тых, хто гэтую краіну мусіць потым разьвіваць. А ўлады цяпер робяць так, што моладзі няма ніякага жыцьця тут, што яны вымушаныя зьяжджаць. Пра якія законы можна гаварыць, калі цябе могуць забраць як сьведку, а потым высьвятляецца, што на табе ўжо крымінальны артыкул? За што? За тое, што чалавек ішоў дамоў, пацярпеў ад выбуху гранаты? І ён яшчэ і вінаваты ў гэтым і невядома ў чым яшчэ? Яе што — выцягнулі зь нейкай барыкады або яна супраціўлялася міліцыянту? Што яна рабіла? Законы працуюць толькі для іх, калі ім патрэбна. Калі, ня дай Бог, зачэпіш амапаўца, то табе “прышыюць” артыкул і пасадзяць. А калі яны людзей калечаць, то няма ніводнай крымінальнай справы. Гэта нармальна ўвогуле? Мы хочам справядліва, мірна ўсё разьвязваць. А ў нас у адказ страляюць, нас затрымліваюць, пужаюць, кажучы, што нам будзе яшчэ горш. З гэтым трэба неяк змагацца. Але як, калі ніякімі законнымі шляхамі немагчыма абараніцца?“
„Амапаўцы спужаліся, ці ня трапіла мая кроў ім на вопратку“
Андрэй Вярбіцкі, Магілёў:
„На маршы пратэсту ў Магілёве 27 верасьня мне разьбілі галаву. Я ўвайшоў у калёну ўдзельнікаў акцыі на плошчы Арджанікідзэ — там і адбыўся самы моцны разгон мірных пратэстоўцаў.
Я выходзіў з парку Падмікольле і ўбачыў сіні мікрааўтобус і нейкую маршрутку з АМАПам. Сілавікі пачалі шыхтавацца перад людзьмі. Было відаць, што АМАП вельмі агрэсіўна настроены. На агульным фоне вылучаліся дзьве асобы, якія стукалі дубінкамі сабе па далонях, даючы зразумець, што зараз будуць біць.
У той момант я ішоў да прыпынку і трапіў у тую самую калёну, на якую паляваў АМАП. Далейшыя падзеі разгортваліся вельмі хутка. Людзі апынуліся заціснутыя на вузкім тратуары паміж будынкам і дарожнай агароджай — амапаўцы гэтым скарысталіся і пайшлі ў наступ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАНазад адысьці не было магчымасьці. Людзі вырашылі згуртавацца і схапіліся за рукі. АМАП пабег на нас і напаў. Вельмі дужы амапавец ударыў мужчыну побач са мной, гэта адцягнула маю ўвагу — і ў гэты момант ударылі мяне самога. Я ня ўбачыў, чым: ці то рукой, ці то дзяржальнам дубінкі, але дакладна не дубінкай. Я адразу схапіўся за галаву, каб абараніць яе рукамі, і прысеў. Пры гэтым я казаў амапаўцу, каб ён мяне больш ня біў, што я сам пайду. Але ўсё ж такі атрымаў яшчэ пару ўдараў па баках. Сінякоў не засталося, але вельмі балела адразу.
Мяне зацягнулі ў мікрааўтобус і паставілі на калені, загадалі сагнуцца і трымаць галаву долу. Наверх на мяне сеў супрацоўнік, і ў такім стане мы ехалі ў РАУС. Калені мае ўткнуліся ў мэталічныя дэталі мікрааўтобуса, ад чаго было вельмі балюча. Мая кроў засталася ў салёне, і сілавікі яшчэ спужаліся, ці ня трапіла кроў ім на вопратку.
Пасьля таго, як затрыманых прывезьлі ў Ленінскі РАУС, я яшчэ нейкі час чакаў хуткую дапамогу. Калі прыехалі лекары, было вырашана забраць мяне ў лякарню хуткай дапамогі. Там да мяне двойчы прыходзіў сьледчы: спачатку апытаць наконт зьбіцьця, а другі раз — агледзець мой мабільны тэлефон. Пасьля гэтага сьледчы даў накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу.
ЧМТ няма, але зафіксавалі ўдар ілба і расьсячэньне скуры пад правым вокам. Таксама моцна баляць калені. Сёньня робяць апошнія дасьледаваньні і мусяць выпісаць зь лякарні. Але на ўваходзе ў лякарню ўжо дзяжураць два супрацоўнікі міліцыі — я ўпэўнены, што яны чакаюць мяне“.
„Паглядзеўшы пашпарт, біць сталі менш“
Пётра Кірык, 16 гадоў, Менск:
„Мяне затрымалі 12 жніўня блізу 23.15, калі я выходзіў зь сябрам з аўтобуса (паміж станцыямі мэтро “Малінаўка” і “Пятроўшчына”).
Да нас падышлі два чалавекі ў масках — у цывільным. Сказалі падысьці да іх. Я зрабіў крок у іх бок — і мяне схапілі за руку. Спалохаўшыся, я выхапіў сваю руку і прабег некалькі дзясяткаў мэтраў. Але ён сказаў: «Стой, страляць буду!». Я спыніўся. Ён падбег, заламаў мне рукі за сьпіну і павёў у бок сіняга мікраўтбуса, які стаяў у двары. Мяне паставілі на калені і зрабілі некалькі ўдараў дубінкай. Кінулі на зямлю. Я сядзеў на зямлі, мяне некалькі разоў ударылі дубінкай па многіх частках цела: сьпіна, ногі і сьцёгны. Затым паставілі тварам да борціка мікрааўтобуса і абшукалі. Дасталі мабільны тэлефон і запатрабавалі пароль. Я сказаў, што забыўся. Пасьля гэтага выцялі дубінкай па руцэ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПароль патрабавалі некалькі разоў. І пасьля кожнага адказу, што ня памятаю, білі дубінкай. Затым жорстка ўзялі за валасы і пасадзілі ў мікрааўтобус на калені, прыхінулі галавой да шкла, а рукі за сьпінай зацягнулі сьцяжкамі. Ад супрацоўнікаў пастаянна чуліся абразы, што мы жывёлы, скаты, майданутыя... Мне і майму сябру пасьвяцілі ў твар ліхтарыкам і сказалі, што мы наркаманы і сядзем надоўга. Сказаў, што зрэнкі шырокія, потым сказаў, што вузкія — маўляў, ты наркаман. Білі ў мікрааўтобусе па ягадзіцах, па нагах, па сьпіне дубінкай.
Паміж сабой яны перагаворваліся: «выключы ліхтарык, захіні шторы, інакш нас убачаць з дома».
Я адразу паведаміў супрацоўнікам, што мне 16 гадоў, але тыя адказалі: «Няма чаго ў такім узросьце гуляць так позна». Нарэшце, ужо ў мікрааўтобусе ў мяне папрасілі дакумэнты. Паглядзеўшы пашпарт, біць сталі менш — толькі па ягадзіцах і нагах. Потым — толькі па ягадзіцах, а астатніх, бо яны паўналетнія — па ўсім.
Ад нерухомага сядзеньня на падлозе мікрааўтобуса ў мяне зрабіліся сутаргі абедзьвюх ног. Я папрасіў у супрацоўнікаў зьмяніць позу. У адказ атрымаў адмову: “Інакш мы цябе паб’ём».
Празь некаторы час прыехаў аўтазак і ўсім затрыманым скамандавалі ўстаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ ня мог устаць -- здранцьвелі ногі. Але мяне ўдарылі дубінкай, сказалі ўстаць хутка. Мяне перадалі дужаму амапаўцу ў чорнай форме — ён павёў мяне да аўтазака. Ударылі аж пяць разоў дакладна па ўнутранай частцы нагі. Усіх нас павезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну.
І павялі нас на 4-ы паверх, у актавую залю. Там сядзелі прадстаўнікі органаў улады. Наколькі я разумею, міліцыя, супрацоўнікі АМАПу. Яны перагаворваліся паміж сабою, жартавалі і білі дубінкамі людзей, якія ляжалі на зямлі. Мне таксама загадалі легчы на падлогу, ногі крыж накрыж. Ляжалі мы так хвілін сорак.
Пасьля гэтага мяне вывелі ў іншае памяшканьне, дзе былі, як мяркуецца, супрацоўнікі РУУС. Яны пыталіся, хто я такі, дзе працуюць бацькі, а адказы здымалі на відэа.
Пра тое, што я менавіта ў Маскоўскім РУУС, я даведаўся толькі пасьля таго, як мяне аддалі бацькам“.
Маргарыта Кірык, маці Пятра:
„Мне патэлефанавала невядомая жанчына і паведаміла, дзе мне варта забраць сына. Прыехаўшы пад сьцены Маскоўскага РУУС, я чакала сына каля дзьвюх з паловай гадзін, пакуль ня выйшаў нейкі супрацоўнік. Разгледзець яго не змагла, бо было вельмі цёмна.
Ён сказаў, што Пётра вельмі даросла выглядае. І ў наступны раз (калі яго затрымаюць) ён атрымае па поўнай праграме. З РУУС сын выйшаў прыкладна ў 3.30 13 жніўня“.
„Калі ўключалася «баўгарка», людзі крычалі“
Уладзімір Пагарцаў, 18 гадоў, Менск:
„У параўнаньні зь іншымі затрыманымі, мяне ня білі так моцна, бо мяне выбралі для інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу пра «каардынатараў дзеяньняў пратэстоўцаў».
Затрымалі 10 жніўня каля 18 гадзін, калі я, вяртаючыся дадому, выйшаў з тралейбуса каля станцыі мэтро Фрунзэнская. Падышлі два супрацоўнікі АМАП і захацелі праверыць маю асобу. Убачылі на руцэ белы бранзалет, сарвалі яго, запхалі ў звычайны бус, а пазьней перасадзілі ў аўтазак. Пры затрыманьні білі ў грудзі, а таксама берцам у галаву.
«Вось гэтага можаце ўзяць — за наркату яго», — так яны сказалі. Затым паклалі тварам у асфальт і некалькі разоў пыталіся: «Тваё ці не тваё?» Я адмовіўся, і яны сказалі: «Будзеш гнісьці ў турме». Затым закавалі ў кайданкі, пры гэтым наступалі нагой на тулава.
Даставілі ў Фрунзэнскае РУУС, і там старшы званьнем міліцыянт сказаў: «Не чапайце яго, ён пойдзе на відэа». У гэты час мноства людзей ляжала на зямлі, закаваныя ў кайданкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАМногія падалі, трацілі прытомнасьць... Тых, хто спрабаваў уставаць або рухацца, білі дубінкамі і шокерамі.
Сярод супрацоўнікаў, якія назіралі за ўсім гэтым, была жанчына-міліцыянтка, якая згадвала, што працавала зь непаўналетнімі. Яна ўвесь час казала: “Я ведаю вас кожнага”. Яна бачыла, як білі 17-гадовага хлопчыка... Там усё роўна, які ўзрост... Таксама там была «баўгарка». Я гэтага ня бачыў, але, калі яна ўключалася, людзі чамусьці крычалі.
Прыкладна ў 14 гадзін наступнага дня амапаўцы сталі загружаць людзей у аўтазакі. Мяне павялі ў нейкі кабінэт. Сказалі: будзеш гаварыць так і так. А калі ня скажаш, то альбо паедзеш за наркату, альбо мы цябе застрэлім і цябе ня знойдуць. І надыктавалі, што казаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАНя ведаю, зь якога менавіта тэлеканала былі журналісты, у іх не было ніякіх апазнавальных знакаў. Я спытаўся, адкуль яны, адказалі: «Мы дзяржаўныя журналісты». Іх было двое — журналістка і мужчына-апэратар.
Ужо пасьля свайго выхаду з ІЧУ ў Жодзіне я даведаўся, што інтэрвію са мной выйшла ў праграме «Панарама». Яно пачынаецца з пытаньня журналісткі: Хто каардынуе?“
„Яны ня б’юць нас удзень, удзень яны баяцца“
Сяргей Герасімовіч, журналіст, Менск:
„Затрымалі 10 жніўня, а дзявятай гадзіне вечара, каля гатэлю «Юбілейны». Мы ішлі з калегамі-журналістамі і размаўлялі. Аўтамабілі на праспэкце пачалі сыгналіць, і я падняў руку. І тут амапаўцы крычаць: «Хадзі сюды!» Я падышоў, і пачаўся кашмар: закінулі ў аўтазак — і адразу дубінкамі — ду-ду-ду. Мне не пашанцавала, напэўна, з усіх затрыманых найбольш, бо, калі праехалі 30 мэтраў, мяне перакінулі ў бусік, дзе сядзелі ціхары. Там ізноў «апрацавалі», а калі даехалі да Нямігі, мяне перакінулі ў аўтазак, і там мяне зноў «апрацавалі» дручкамі.
Пазьней прывезьлі на Акрэсьціна, мы прайшлі так званы «калідор славы» (калі ты ідзеш, а яны стаяць і дубінкамі цябе малоцяць).
Далей размову са мной праводзілі: пыталіся, куды я ішоў ды іншае глупства. Прымушалі здымаць майткі, дагала разьдзявалі, прымушалі прысядаць і пры гэтым білі па мяккіх тканках. І я там такі быў не адзін; такіх, у камэры хто са мной сядзеў, было дастаткова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАДалей мяне як журналіста трохі пашкадавалі, кінулі ў 7-ю камэру. Са мной сядзелі Андрэй Вітушка, гэта доктар, Улад Сакалоўскі, дыджэй, які ўключыў «Перемен» у Кіеўскім сквэры. Дзякуй Богу, яго ня білі, гэта важна, зь ім усё добра. Куча іншых хлопцаў сядзелі з намі. Мы адсядзелі, і далей такая мэтода пайшла — суду ў нас не было, пачалі кожнага выклікаць, бо нас было 40 чалавек на 20 квадратных мэтраў. Мы там ня спалі, проста стаялі.
Праз суткі яны нас пачалі выклікаць: «Як ты сюды трапіў?» Там людзей выпадковых была процьма… У мяне ў камэры, напрыклад, столькі, што толькі я і яшчэ адзін хлопец рэальна на плошчу пайшлі. Гэта з 40 чалавек. Хто па піва выйшаў, хто па цыгарэты ці яшчэ што. Карацей, бралі людзей проста з гораду, з Уручча там… Сталі выклікаць сьледчыя і пытаць: “Як ты там апынуўся?” Зразумела, кажуць, гэта амапаўцы там перастараліся, а мы ўсё вырашым, «будзе ўсё добра, усё, зараз будзем цябе выпускаць».
Уся камэра была ў эўфарыі. Па два-тры чалавекі забіралі — “Усё, выпускаем вас”.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАА потым: «Тварам уніз! Тварам уніз!» — і падпісваць пратаколы. Я напісаў збоку, што азнаёмлены, а ім пофіг было, не яны іх складалі, а тыя, хто нас выводзіў. Я ня мог зразумець, чаму. І калі сталі выганяць, а як жа ўласныя рэчы, грошы? І вось нас выводзяць і я разумею, што пачынаецца лупцаваньне. Нас выводзяць ва ўнутраны дворык Акрэсьціна, ставяць на калені ўсіх і — «Майку падняў!» І глядзелі там. «Майткі спусьціў!» — і глядзелі. Ныркі мне адбілі, пакуль у тры аўтазакі перакідалі, кроўю мачыўся.
Яны пачынаюць біць людзей пасьля поўночы, моцна біць! Людзі равуць, плачуць — жанчыны, мужчыны, ім бяз розніцы. Яны ўсіх б’юць так, што г..но са сракі пайшло.
Мне, шчыра скажу, трохі пашанцавала, таму што журналіст і ныркі адбілі мне раней. І амапавец так: «Гэтага я сам “апрацую"». Сам падышоў, па срацы пару разоў выцяў і калені адбіў. І ўсё. Гэта верх гуманізму.
Перада мной паставілі хлопцаў, і іх так білі, так білі!.. І потым адправілі ў СІЗО. Яны ня б’юць нас удзень, удзень яны баяцца.
Усе яны былі ў масках, як іх пазнаць можна? А яшчэ ў адзін момант я заўважыў, што яны былі з розных раёнаў. «Эй, Акцябрскі, хочаце іх пабіць? Давайце, выхаваўчую работу зь імі правядзіце». І амапаўцы з усіх раёнаў Менску, яны там былі.
Вада была ў кране, ежы не было, тры дні нас не кармілі. Адзін раз, зранку ў аўторак, 12 жніўня, нам далі паесьці кашу і чай. Гэта было за шчасьце.
Пасьцельнай бялізны нікому не выдавалі, нешта проста валялася ад бамжоў ці ад каго яшчэ. Нічога нікому не выдавалі, вы што! Мяккай паперы нам прынесла толькі адна жанчына, добрая такая канваірка. На трэці дзень спытала, ці ёсьць у нас папера, пайшла, адматала і дала нам туалетнай паперы“.
„У Маскоўскім РУУС прышпілілі да ўтаймавальнага крэсла і пачалі біць“
Дзьмітры Мішакоўскі, 38 гадоў, Менск:
„Мяне затрымалі 12 жніўня блізу станцыі мэтро «Малінаўка», каля паловы на дзясятую вечара. Амапаўцы за кімсьці гналіся, я папаўся ім пад руку. Яны паклалі мяне ці то ў аўтобус, ці то ў аўтазак, ужо ня памятаю. Забралі адразу тэлефон, зламалі яго, пыталіся пра пароль ад тэлефона (на якой падставе, мне незразумела). Адвезьлі ў Маскоўскі РУУС, у аўтазаку асабліва ня білі, а ўжо ў Маскоўскім РУУС пачалі зьбіваць.
Зашпілілі кайданкі (сьляды на руках яшчэ засталіся), павалілі на падлогу. Людзі ўсе сядзелі, а мяне павалілі на падлогу, пачалі зьбіваць дубінкамі, берцамі мне па галаве, зубы пакрышыліся.
Потым усіх паднялі, завялі кудысьці ў падвал (у дзяжурную частку, напэўна), абражалі, прыніжалі. Потым усіх разьвялі па камэрах, а мяне прышпілілі да крэсла, такое нейкае ўтаймавальнае, якое ніяк ня рухаецца. Там нават відэакамэра была ўсталяваная. І зноў там пачалі мяне біць.
Рукамі ўжо, не спэцсродкамі. Я крычаў: “Што вы робіце?!” Я ня мог ні спаць, ні адпачываць, бо быў прышпілены. Гадзіны тры так пратрымалі, потым пачалі дадзеныя пытацца. Пасьля адшпілілі ад крэсла і ў камэру мяне закінулі, там хлопец быў, я там адаспаўся, у раёне абеду яго забралі. Потым нас усіх сабралі, пасадзілі ў аўтазак і ўсіх павезьлі на Акрэсьціна.
На Акрэсьціна больш ляяльна да нас ставіліся, суду чакалі. Ня білі, але крычалі пастаянна, крыху ня так, як супрацоўнікі АМАПу або РУУС. «Тварам да сьцяны» — такога вось пляну. Колькі нас там было? Чалавек 300 стаяла каля сьценкі ў дзьве шарэнгі па ўсім калідоры. Хто хацеў у туалет, таго выводзілі -- ня так, як было ў РУУС: “Калі вызвалісься, тады і сходзіш”. На Акрэсьціна не кармілі, у РУУС таксама не кармілі.
Тых, хто біў, не запомніў. Запомніў толькі аднаго (ён бяз маскі быў, дзяжурны), таму што ён мяне прышпіліў кайданкамі, да ўпору, і лаяўся усялякімі дрэннымі словамі ў мой адрас“.
„Амапавец біў хлопца, бо той мае прозьвішча Ціхановіч“
Уладзіслаў Салавей, 28 гадоў, памочнік выхавальніка ў дзіцячым садку, Менск:
„Мяне затрымалі 9 жніўня і павезьлі на Акрэсьціна. Там сустракалі ўзброеныя людзі з аўтаматамі, у масках і з сабакамі.
Пасьля «калідора» нас паставілі ўздоўж плота на калені, прымусілі трымаць рукі над галавой. Пры гэтым падыходзілі то да аднаго, то да другога чалавека і білі. Спачатку я думаў, што гэта мае нейкую сыстэму, але пазьней зразумеў, што гэта проста форма зьдзеку. Як нізка ці высока ты ня будзеш апускацца, стаяцьмеш на каленях у адной позе або ў іншай, цябе ўсё роўна будуць біць.
Таксама яны выкарыстоўвалі псыхалягічны ціск. Напрыклад, калі адзін чалавек цябе б’е, а другі цэліцца ў цябе з аўтамата.
Па часе ня ведаю, колькі мы там стаялі, але затрымалі мяне ўначы і паднялі, калі была ўжо раніца. Нас загналі ўсярэдзіну. Там зноў білі. Нас разьдзелі, прымусілі перадаць усе асабістыя рэчы. А затым запхнулі ў камэру, перад гэтым спытаўшы ў кожнага прозвішча, імя і дату нараджэньня.
У камэры, разьлічанай на шэсьць чалавек, зьмясцілі 30 затрыманых. Ад нястачы кіслароду некаторыя трацілі прытомнасьць. Таму мы стараліся ляжаць на падлозе, сядзець каля дзьвярэй, дзе быў скразьняк. Ад сьпёкі хтосьці пачынаў трызьніць, гаварыць нейкія глупствы. Але ў асноўным трымаліся.
Трое сутак нас наогул не кармілі, мы толькі пілі ваду з крана. Туалетную паперу далі не адразу.
Супрацоўнікі АМАПу паводзілі сябе зусім не адэкватна, яны атрымлівалі задавальненьне ад зьдзекаў. Паколькі наша камэра знаходзілася на першым паверсе, то мы добра чулі, як апытвалі і зьбівалі іншых людзей. Адзін амапавец да сьмерці пабіў хлопца за тое, што ў яго прозьвішча, падобнае на “Ціханоўскую”, — «Ціхановіч».
Яны пыталіся, ці ёсьць сярод нас іншаземцы. Адзін хлопец сказаў, што ён з Украіны. Калі амапавец сказаў: «Слава Ўкраіне», то хлопец машынальна адказаў: «Героям слава!» І гэта быў няправільны адказ для хлопца. Яго досыць моцна пабілі пасьля гэтага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАХоць білі незалежна ад таго, што казалі людзі. Хтосьці крычаў, што галасаваў за Лукашэнку, але гэта ніяк не ўплывала. Адзін пабіты хлопец павярнуўся, як мы зразумелі, ужо хрыпучы, і сказаў: «Ну дык забі мяне». На што амапавец адказаў: «Я і так цябе забіваю».
Так прайшлі нашы суткі. 10-га ў камэру нікога не заводзілі, таму ў нас сфармаваўся інфармацыйны вакуум. Што адбывалася ў горадзе, мы разумелі толькі з крыкаў людзей. З гэтых жа крыкаў мы вызначылі, што будаваліся нейкія барыкады, бо амапаўцы называлі іх «барыкаднікамі». Гэтым людзям даставалася асабліва моцна.
Таксама даставалася тым, у каго знаходзілі белыя бранзалеты, белыя стужачкі, бел-чырвона-белыя сьцягі ці бірулькі, чахол на тэлефон у гэтым колеры — увогуле, любая сымболіка. Аж да чырвоных ці белых слухавак. Людзей, у якіх знаходзілі газавыя балёнчыкі, нажы (прытым усё роўна, гэта нож для рэзкі паперы, складны швэйцарскі сьцізорык, баявая зброя), таксама зьбівалі. Аднаго чалавека білі, пакуль ён не пачаў хрыпець. І потым мы чулі, як яны паклікалі кагосьці і сказалі, што трэба яго адцягнуць адсюль хутчэй. Калі хлопец пападаўся зь дзяўчынай, то хлопца білі, а дзяўчыну прымушалі глядзець, альбо рабілі наадварот.
Адной з тых, хто катаваў, была дзяўчына. Я бачыў яе толькі на сэкунду, у масцы і з «кармушкі». Гэта бляндынка да 30 гадоў, невысокага росту. Яна вылучалася асаблівай жорсткасьцю і была “павернутая” на садызьме сэксуальнага характару. Біла мужчын па яйцах, пастаянна пагражала, што ўсіх згвалціць.
Многія там міжвольна спаражняліся пад сябе, хто ад страху, хто ад біцьця. І яна скардзілася, што ад усіх гэтых людзей дрэнна пахне, што «яны ўсё ў гаўне, ім варта было б паводзіць сябе, як мужчыны, а ня плакаць, як маленькія дзяўчаткі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ двары пры любой спробе павярнуць галаву, каб паглядзець на сілавікоў, чалавека білі. Нам казалі, што некаторыя зь іх пераапраналіся ў міліцэйскую форму. Мы абсалютна дакладна ўпэўненыя, што тыя, хто быў у двары са зброяй, былі наймітамі. Гэта былі не амапаўцы.
Нас прывялі на суд ужо на трэці дзень. Суд быў у тым самым будынку. У іх не было месцаў, яны прывялі ў нейкія пакойчыкі судзьдзяў. Некаторыя судзьдзі сядзелі проста ў калідоры за сталамі.
Нас адвялі на другі паверх, там паставілі на калені. Зноў білі. І па адным заводзілі ў «суд». Там нейкая «судзьдзя» спакойным голасам сказала мне, што я абвінавачваюся паводле артыкулу 23.34 КаАП, бо я выкрыкваў лёзунгі, быў там у нейкі час. Да таго моманту ўжо ўсім усё было ясна: абсалютна пляваць, што ты скажаш -- «так» або «не».
Мне далі 14 сутак. Камусьці 13, камусьці — 15. Думаю, тэрміны раздаваліся проста выпадкова, па лічылцы, але дакладна не грунтуючыся на нейкіх фактах або перакананьнях. Пасьля гэтага нас зноў ставілі на калені, зноў білі.
На чацвёртыя суткі раніцай нас нечакана пачалі выклікаць па прозьвішчах і казаць, каб рыхтаваліся кудысьці пераяжджаць. Некаторыя цешылі сябе надзеяй, што нас проста выпусьцяць, бо ўначы амапаўцаў зьмянілі канваіры: ці то тэрміновікі, ці то простыя міліцыянты.
13-га нас выцягнулі і зьмясьцілі ў аўтазакі. Я сядзеў у “стакане” з таксістам. Ён добра ведаў горад, казаў: «Так, цяпер будзе ляжачы паліцэйскі». І сапраўды. Потым сказаў: «Калі цяпер пойдзе пад мост, значыць, на Жодзіна, калі на мост — на Слуцак. Мы паехалі на мост. Што ў Слуцку, незразумела. Здаецца, там няма нейкай калёніі, ізалятара.
Пакуль нас везьлі, спачатку ў аўтазака пракалолася кола, яны яго мянялі, а потым ён наогул зламаўся, і проста ў полі нас перакідалі ў іншы аўтазак.
Нас прывезьлі на месца да вечара ў лес на нейкае КПП. Было шмат аўтазакаў, а нас — больш сотні. Канваіры хутка выкінулі нас і перадалі вайскоўцам. Там знаходзілася ЛПП і, мабыць, нейкая закінутая частка, якую ў сьпешцы перараблялі пад ІЧУ або СІЗА. Было відаць, што яны пабудавалі на хуткую руку драўляныя платы і абгарадзілі іх калючым дротам. Але па агульным пэрымэтры. Унутры баракаў, якія былі як бы не баракі, а проста будынкі: сталовая, царква, непасрэдна будынак для пражываньня — яны адгарадзіць не пасьпелі, як у лягернай сыстэме. І ўжо проста пры нас капалі хутка ямы і ставілі драўляныя слупы.
Вядома, з вайскоўцамі было лягчэй. Яны спрабавалі паводзіць сябе з намі, як са зьняволенымі, але іх фразы «Калі ласка, трымайце ручкі за сьпінай» выклікалі замілаваньне.
Нас адвялі ў душавыя кабіны, таму што не было жывога месца на людзях, усе брудныя. Мы былі першыя, ноччу давозілі людзей, пад канец усё было ўжо занята. Прывозілі ў іншыя баракі. Ішлі цэлыя калёны.
Пад Слуцкам таксама былі аўтаматчыкі, але іхныя вочы ўсё выдавалі. Гэта былі тэрміновікі ў масках, якія ўвесь час перабіралі аўтаматы і глядзелі на нас, хаваючы вочы і не разумеючы, што яны тут робяць.
Нас накармілі сьняданкам. Нават раздалі кнігі. Мы хапалі іх прагна. Таму што часу асабліва не было, а людзей шмат. Яны проста прынесьлі іх у мяшках. Мы разабралі, а потым ужо хадзілі паміж шконкамі і мяняліся.
Хацелася чагосьці нармальнага, ці што. Вось ты паеў, памыўся, можаш нават кнігу прачытаць — ты ўжо чалавек. Ад сэрца адлягло, што мы ўжо ня там, і значыць, нешта адбываецца. Нас хаця б не пазабівалі.
Потым нас усіх выклікалі на КПП, куды прыехаў нейкі міліцыянт. Ён расказаў, што «мы кінулі кліч, звонку вас чакаюць праваабаронцы, людзі, сваякі — гэта значыць, мы такія малайцы». Яшчэ сказаў, што нам усім трэба падпісаць чыстасардэчнае прызнаньне, што выклікала, вядома, рогат, таму што ўсім было пляваць, што напісана ў гэтых паперках, абсалютна. І што нашы суткі як бы неадбытыя, і ў выпадку, калі хто-небудзь з нас яшчэ засьвеціцца, дадуць наступныя суткі, а гэтыя пойдуць дадаткова.
І вось нас выпусьцілі. За другім КПП нас чакалі сем'і. Гэта быў глыток сьвежага паветра. Было вельмі прыемна, калі мы ўбачылі столькі людзей. Я ўбачыў там сваю маці. Наперажывалася.
Я хачу даць бой страху, які яны спрабуюць нам навязаць. Бо яны ня проста так у масках — яны спрабуюць зьмяшацца з шэрай масай. А мы пойдзем іншым шляхам. Мы пакажам, што гэта я, асоба, вось мой лёс, вось маё жыцьцё.
Я цяпер працую памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садзе, працую зь дзецьмі. Яны чакаюць мяне. Калі маці прыйшла да загадчыцы, тая заплакала. Ім я раскажу, што змагаўся з цмокам, але прайграў і потым вывучаў яго пячору.
Мая зброя — гэта якраз асоба. Мяне завуць Уладзь Салавей, гэта мая краіна, гэта мой дом, я нікуды адсюль не паеду. Гэта павінна стаць прыкладам людзям, хто быў там са мной і баіцца. Я зьвяртаюся цяпер да гэтых людзей: ня бойцеся, я ведаю, што вам страшна, гэта нармальна. Мне таксама страшна. Пытаньне ў тым, куды мы накіруем свой страх. Калі ты накіруеш яго наперад, ён паслужыць табе на карысьць. Галоўнае, каб ён табой не завалодаў“.
„Міліцыянты ўвесь час цкавалі мяне, што я чарнаскуры“
Глеб, Менск:
„Мяне затрымалі 11 жніўня каля гандлёвага цэнтру «Скала». Я проста ішоў па вуліцы ў навушніках і ўбачыў, што справа едзе сіні бусік. Я іду далей, мне ўсё роўна. Але яны зьвярнулі за два мэтры ад мяне і пабеглі за хлопцамі ззаду. Я спыніўся, падняў рукі ўгору. Мяне ўдарылі ў бок і зацягнулі ў бусік. У хлопцаў, якія ішлі ззаду, наогул стралялі, як высьветлілася.
Потым мяне перакінулі ў аўтазак. Адтуль — у Маскоўскі РУУС. Спачатку мы качаліся на падлозе з рукамі за сьпінай. Потым зьнялі матузкі, папругу, забралі асабістыя рэчы. Пасадзілі на крэсла. Ты сядзіш, абапіраючыся аб пярэдняе сядзеньне, тварам уніз, рукі накрыж над галавой. І так мы сядзелі гадзін дванаццаць. Супрацоўнікі міліцыі ўвесь гэты час цкавалі мяне, што я чарнаскуры, фарбаваны — я тады быў з ружовымі валасамі з блакітнымі ўстаўкамі.
Калі я сядзеў на крэсьле ў РУУС, то падышоў адзін, праверыў мае справы да гэтага і ўбачыў, што ў траўні 2020 году я зьвяртаўся з нагоды крадзяжу сумкі. Ён пачаў у грубай форме казаць: «Мы не бюро знаходак». І стаў проста біць мяне -- вось так, з рукамі ў замок, па галаве, па сьпіне. І тады я атрымаў чэрапна-мазгавую траўму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ Маскоўскім РУУС у туалет выпускалі рэдка. Там людзі сікаліся пад сябе. Хадзілі па вялікай справе таксама пад сябе некаторыя — ад болю ці яшчэ чагосьці.
Затрыманых у міліцыі здымалі на відэа, дзе яны мусілі прадставіцца і расказаць, за што іх затрымалі. Пасьля здыманьня відэа ў РУУС Маскоўскага раёну затрыманых білі. Зьнялі — паварочваюць да сьценкі і проста пачынаюць біць. Чацьвёра. І ў канцы яшчэ ўдар у пахвіну. Потым, у прынцыпе, ужо не чапалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАНа Акрэсьціна нас спачатку паставілі да агароджы ўсіх на калені і галавой у дол. Потым па некаторых прозьвішчах пачалі заводзіць у будынак. Там былі судзьдзі, мы падыходзілі да іх, яны зачытвалі нейкі артыкул, зьвязаны зь мітынгам. У мяне ў пратаколе было запісана, што затрымалі мяне на «Пушкінскай», а ў той дзень мяне там нават не было. Я пачаў зь імі спрачацца. Яны ўсё перапісалі, але 15 сутак ўсё роўна далі.
На Акрэсьціна спалі ў шпацырным пакоі. Гэта бэтонны пакойчык шэсьць на шэсьць мэтраў ці меншы з адкрытым небам. І там нас было 77 чалавек. Грэліся адзін аб аднаго, паравозікам. Мы чулі, як там білі новых. Дзяўчат і мужчын. Іх і электрошокерамі білі. Усю ноч зьдзекаваліся.
Назаўтра ўсё, што нам далі, — гэта шэсьць боханаў хлеба, тры батоны і тры літры вады. На 77 чалавек. Да гэтага мы ня елі трое сутак недзе. На Акрэсьціна я прабыў паўтара дня. Потым мяне разам зь іншымі перавезьлі ў ЛПП №3 пад Слуцкам.
Ехалі мы да Слуцку з вайскоўцамі. Яны нам наогул сказалі, што павінны везьці нас у сьцяжках на руках, але яны ня сталі гэтага рабіць.
Калі прывезьлі ў ЛПП, нас перш за ўсё павялі ў душ. Пасьля адвялі ў пакоі з двухпавярховымі ложкамі, як у лягеры якім-небудзь. Сетак там не было. Кармілі таксама нармальна, тры разы на дзень. Нават пакурыць выпускалі.
У Слуцку былі ў шоку ад таго, у якім выглядзе мы прыехалі. Там адразу ж прапаноўвалі мэдычную дапамогу. І калі ў кагосьці не было рэчаў, то яны адразу ж знаходзілі яму рэчы.
У ЛПП я прабыў суткі. У пятніцу ў 19:00 пачалі адпускаць. Выйшаў, там сустрэлі валянтэры, давезьлі да Менску да родных. Калі нас выпускалі, давалі падпісаць нейкае папярэджаньне: нібыта калі яшчэ раз зловяць, то там ужо крымінальны артыкул да 15 гадоў“.
„Я травы з-пад ног напхаў сабе ў нос, каб хоць неяк спыніць кроў“
Мікалай Бондар, 31 год, Менск:
„Увечары 11 жніўня зь сябрамі я вяртаўся дадому па вуліцы Пляханава. Там была вялікая колькасьць АМАПу, арміі, аўтазакаў. Мы спыніліся на скрыжаваньні на сьвятлафоры. І адзін з амапаўцаў, які стаяў на «сустрэчцы», убачыў у мяне на руцэ белую стужку. Я заўважыў, як па ланцужку гэтая інфармацыя праз два-тры чалавекі дайшла да ДАІшніка, які стаяў у цэнтры скрыжаваньня. Ён страпянуўся, адразу паказаў на маю машыну, каб я зьяжджаў на ўзбочыну.
Я ўжо зразумеў, што гэты ланцужок ня проста так прайшоў. Я пачаў павольна рухацца направа, куды ён мне паказаў. І мы ўбачылі, што з боку АМАПу да нас ішлі шэсьць чалавек. Гэта былі канкрэтна «касманаўты»: са шчытамі, ва ўсім рыштунку. Кажу людзям, якія былі са мной у машыне: «Хлопцы, нам трэба спрабаваць уцякаць. Хутчэй за ўсё, нас зараз возьмуць, прычым вельмі жорстка».
Я ўключаю першую перадачу, ДАІшнік бяжыць мне напярэймы, але не дабягае да мяне мэтры два-тры і проста кідае ў машыну гумовую дубінку. За намі едзе машына ДАІ. Мы спыніліся за скрыжаваньнем. Хлопцы хутка з машыны выкінуліся.
Тут жа побач са мной спыняецца машына ДАІ, зь яе выбягае інспэктар і пачынае біць мяне дубінкай. Потым выходзіць другі і таксама пачынае біць мяне нагамі, дубінкай. Кажа: «Выходзь». Адказваю: «Спакойна, спакойна, ня біце, дайце выйсьці. Я ж як толькі пачынаю выходзіць, вы адразу пачынаеце біць». Гэта ўсё адбывалася вельмі хутка, сэкундаў 5-7.
Потым пад’ехаў аўтобус з АМАПам. Разам гэта ўжо мяне восем чалавек білі каля аўтамабіля. Зь іх двое былі ў форме ДАІ, але ў бронекамізэльках. Б’юць-б’юць-б’юць, кажуць: «Чаго ты не спыняесься, задушыць яго хацеў?» Кажу: «З глузду зьехалі ці што? Я аб’яжджаў яго, я чалавек зусім мірны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПадышлі яшчэ амапаўцы, пачалі біць нагамі і дубінкамі. Паламалі нос проста ў машыне. Адзін сілавік стаяў каля дзьвярэй кіроўцы і біў мяне дзьвярыма маёй жа машыны. Гэта былі людзі ў масках, у касках і са шчытамі, у чорнай форме. Я думаю, што гэта быў АМАП. Ніхто не прадстаўляўся, ніколі. Яны разьбілі ўсе шыбы ў машыне, усе фары, пракалолі ўсе колы. І ў мяне ў капоце яшчэ застаўся сьлед ад нажа, якім яны прабівалі шыны.
Зацягнулі мяне ў гэты бус, а ў мяне кроў сьвішча. У гэты час падышоў да мяне адзін зь сілавікоў і пачаў тыцкаць у мяне тэлефонам: «Гавары код». Я пачаў аднеквацца, маўляў, гэта ня мой тэлефон. Яны пачалі біць дубінкай па галаве, нагамі. Дастаткова доўга білі. Мой тэлефон разьбілі парай удараў дубінкі. Пакуль везьлі да аўтазака ў бусе, білі таксама.
Аўтазак быў адкрытага тыпу, відавочна не для затрыманых, хутчэй за ўсё, для перавозкі АМАПу. Там стаялі на каленях на падлозе каля 15 хлопцаў. І дзьве дзяўчыны сядзелі. Амапаўцаў было, напэўна, пяцёра ўсярэдзіне. Мяне чамусьці пасадзілі. У мяне ішла кроў, можа быць, таму ня тварам уніз паклалі. Але сказалі галавы не падымаць. Мабыць, каб іх ня ўбачыў і не пазнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАРазмаўлялі вельмі груба зь дзяўчатамі. Мацюкаліся на іх, казалі: «Чаго вы сюды прыперліся, зараз мы вам зробім добрае жыцьцё». Дзяўчаты паводзілі сябе досыць спакойна, упэўнена. Іх ня білі. Прынамсі, пры нас.
Як аказалася, нас пераводзілі ля стэлы «Мінск -- горад-герой» з аўтазака ў аўтазак. Пакуль мы ехалі, пастаянна білі. Пыталіся, ці хочаш ты пераменаў, навошта людзей душыш машынай. Прымушалі некаторых сьпяваць «Мы ждём перемен». Казалі назваць трэці радок гімна. Білі чалавека, ён роў: «Я ня ведаю гімна!» Казалі: «У вас жонкі дома неда...ныя чакаюць, а вы тут фігнёй займаецеся». Усё гэта суправаджалася ўдарамі дубінак. Я памятаю, да мяне хтосьці падыходзіць, нешта пытаецца, я спрабую адказваць, а ён з нагі проста б’е, я ўдараюся аб поручні (за імі стаялі іхныя шчыты) і ў мяне пачынае з вушэй кроў ісьці. Так было некалькі разоў. Рукамі білі таксама.
У амапаўцаў паміж сабой была нейкая дзіўная мова, я ніколі раней такога ня чуў. Я потым спрабаваў успомніць, чым так моцна вылучалася іхная гаворка, але да гэтага часу ня ведаю. Памятаю, мяне вельмі зьдзівіла, што яны размаўлялі на чыстай расейскай мове. Не было ніякага акцэнту беларускага ні ў кога. Усе амапаўцы вельмі моцна былі ўзбуджаныя. Усе затрыманыя абсалютна спакойна ляжалі, але гэтыя людзі не былі спакойныя.
Калі мы ўжо прыехалі да стэлы, кожнага чалавека, калі перагружалі, моцна вельмі білі дубінкамі. Потым аднаго мужчыну паставілі на калені, двое амапаўцаў пачалі дубінкай яму біць па хвасцу. Літаральна ламаць хвасьцец. Мужчыну было дастаткова шмат гадоў, ён быў ужо лысаваты. І ён плакаў, проста як пяцігадовае дзіця, і казаў: «Ня біце мяне, калі ласка, я абкакаўся».
Потым адзін кажа: «Дзе тут кіроўца?» На мяне паказваюць пальцам. «Ану выцягніце яго для прафіляктыкі, для гутаркі». Адзін амапавец сядзеў унутры гэтага аўтазака і зь вялікай цікавасьцю глядзеў відавочна ня свой тэлефон, мабыць, чытаў апазыцыйныя телеграм-каналы, усміхаўся. Відаць было, што яму шчыра цікава. Па дарозе яны сьмяяліся, казалі: «Вы ў счэпку станеце, аднаму чалавеку па галаве дубінай дасі, ён прытомнасьць траціць — і ўсё, вашая счэпка сыплецца». І гэты амапавец з тэлефонам за мяне заступіўся, сказаў: «Годзе».
У аўтазаку мяне прымушалі выціраць майкай падлогу — лужына крыві такая была.
Калі нас прывезьлі, на мяне паказалі і сказалі: «Ён выходзіць апошні». Я зразумеў у той момант, што гэта значыць, што я наогул адсюль ня выйду. Калі ўсіх вывелі з аўтазака, то зайшлі яшчэ тры амапаўцы. Адзін зь іх быў відавочна камандзір: старэйшы за ўсіх, з маршчынамі, гадоў пад 40. У яго быў чысты ясны погляд, і ён быў спакойны. Ён на мяне глядзіць і кажа: чаго, маўляў, людзей душыш. Кажу: «Хлопцы, па-першае, пашкадуйце мяне, у мяне трое дзяцей, па-другое, я яго аб’яжджаў, я яго нават не зачапіў, і вы гэта выдатна ведаеце. І наогул, хлопцы, я па жыцьці пацыфіст. Я ні разу ў жыцьці ня біўся». І вось калі я сказаў гэтае слова «пацыфіст», яны як быццам усе завісьлі. У гэты момант атмасфэра ў аўтазаку рэзка зьмянілася. Я ня ведаю, што адбылося, але гэты камандзір на мяне паглядзеў і кажа: «Ты нават сабе не ўяўляеш, як табе пашанцавала сёньня. Выходзь». Я выйшаў з аўтазака, і мяне ні разу ніхто ня ўдарыў. Але стаяў ланцужок амапаўцаў на вуліцы, і яны лупцавалі. Ад кожнага трэцяга я атрымліваў. Цалялі ў пахвіну нагамі, дубінкамі.
Калі нас перагружалі, стаяў амапавец невялікага росту, са стрэльбай, папраўляў маску — вельмі баяўся, каб я яго пазнаў. Можа, ён мяне пазнаў. І ён у мяне пытаецца: «Балюча?» Я кажу: «Балюча, але ня страшна».
Ужо другі аўтазак быў канкрэтна для зьняволеных. Нас зьмясьцілі ў адно з аддзяленьняў адразу восем чалавек. Адзін зь іх быў п’яны, казаў: «Адпусьціце мяне, я выйшаў па піва. Чаго вы хочаце?» Потым мы яшчэ кудысьці пад’ехалі і да нас дадалі яшчэ чалавек пяць. Адзін мужчына траціў прытомнасьць пастаянна — не хапала паветра. Мы казалі: «Дайце хоць што-небудзь, яму дрэнна!» Адказвалі: «Нічога, не памрэ. Неўзабаве прыедзем, хай патрывае».
У аўтазаку нас сядзела чалавек шэсьць, усе астатнія стаялі. Не казалі, куды ехалі. Але перад ад’ездам, калі да нас пасадзілі яшчэ пяць чалавек, прымушалі выходзіць кожнага з аддзяленьня і кідаць на падлогу перад сабой усё, што было ў кішэнях. У мяне з сабой былі толькі ключы ад аўтамабіля. Я разумеў, што трэба выходзіць у першых шэрагах, таму што там якасьць людзей зь меркаванага АМАПу моцна адрозьнівалася. Былі больш-менш адэкватныя людзі, якія цябе проста абшукваюць і адпускаюць, а ёсьць такія, што цябе абшукваюць і б’юць. Мне чарговы раз пашанцавала. Але наступнага за мной ужо моцна білі. Як яны выбіралі, я ня ведаю.
Прывезьлі на Акрэсьціна. Адчыняюцца дзьверы, і крычыць амапавец: «Хто гучней за ўсіх цяпер будзе сьпяваць гімн Рэспублікі Беларусь, той менш за ўсіх атрымае п..ды». Але гэта зусім не дапамагала. Усе адграбалі абсалютна аднолькава. Гэта быў, напэўна, самы зьверскі дзень. У той калёне спрабаваў ударыць кожны з кожнага боку. У той момант была адна думка: трэба як мага хутчэй гэта прайсьці. Дубінкамі, нагамі білі, а вось кулакамі ня білі. Бяжым праз гэтую калёну, у канцы яе стаіць чалавек, які кажа: «Усё, стаяць тут». Стаіш. Яны адразу: «На калені». Гэта быў двор ІЧУ. Мы ляжалі на зямлі: лоб і нос у цябе на зямлі знаходзяцца, рукі за сьпінай. Так ляжалі гадзіну ці дзьве.
Кагосьці яны вельмі моцна білі, прычым у гэтым не было лёгікі. Лягічна было б біць мяне да паўсьмерці, таму што я нібыта кагосьці там хацеў прыдушыць. Але ў выніку яны ўвесь час казалі: «Будзеш яшчэ людзей душыць?» Мяне там выцялі адзін раз. А астатніх разы па тры.
Нас апыталі. Ішла дзяўчына, тыцкала асадкай у сьпіну: «Прозьвішча, імя, дата нараджэньня, месца працы?» Перада мной быў мужчына зь «Беларуснафты», памочнік сьвідравальніка. У яго адзінага спытала: «Які ў цябе заробак?» Калі ён сказаў, што тры тысячы беларускіх рублёў, то тая адказала: «І што, табе мала, с..ка?» Хлопец гэты адказвае: «Я выйшаў з пад’езда, вы мяне ўзялі, калі я курыў. Што вы ад мяне хочаце?» У гэты час я краем вока бачыў, што людзей цугам выводзілі, ставілі да сьценкі, абшуквалі і моцна білі. Я не пасьпеў да гэтага дайсьці.
У мяне быў зламаны нос, кроў не спынялася. У гэтым становішчы ўся кроў прылівала да галавы. Я травы нейкай з-пад ног напхаў сабе ў нос, каб хоць неяк спыніць кроў. Дапамагло хвілін на 10 толькі. Я ў нейкі момант зразумеў, што пачынаю траціць прытомнасьць: у галаве рэзка стала горача і пачало закладваць вушы. Зразумеў, што калі цяпер ня выпрастаюся, то ўсё. Кажу: «Хлопцы, мне вельмі кепска, я зараз страчу прытомнасьць».
На Акрэсьціна былі два тыпы сілавікоў: з ІЧУ і з АМАПу. Хлопцы з ІЧУ казалі: «Добра, памяняй становішча, прыхініся да халоднага». Калі я прытуляўся да трубы, то мне сапраўды станавілася лягчэй, але ненадоўга. Прыходзіць амапавец: «Прыняць зыходнае». І так было некалькі разоў. Чарговы раз я разумею, што мне настолькі дрэнна, што мне ўжо абсалютна ўсё роўна, дабівайце мяне. Мясцовыя пасадзілі мяне, кажуць: «Супакойся, усё нармальна». Потым ішоў амапавец: «Не рабі сцэны». Я кажу: «Я нічога рабіць ня буду…» Ён стукнуў мяне дубінкай па галаве. Я страціў прытомнасьць.
Ачуўся я ўжо ў «хуткай». З вушэй і носу ў мяне ішла кроў, увесь твар быў чорны ад запечанай крыві. Побач ляжаў хлопец, у якога была гумовымі кулямі прастрэленая галава і нага. Ён быў таксама паўпрытомны. Чую размову амапаўца і дзяўчыны з «хуткай». Яна кажа: «Я яго забіраю. У яго зламаны нос, у яго башка ўся адбітая, ён у вас цяпер тут памрэ, вам гэта трэба?» А амапавец кажа: «Прывядзі яго ў прытомнасьць і назад да мяне сюды». Яна: «Не, гэта злачынства з майго боку. Я на гэта не пайду». То бок яна мяне рэальна адбіла.
Наклалі мне шыну на руку адразу, таму што затуляўся левай рукой, яна апухла моцна — я быў упэўнены, што пералом, але ўсё абышлося. На выезьдзе зноў адчыняюцца дзьверы: «Можа, усё ж застаняцеся?» Ня ведаю, ці гэта быў жарт, ці што. І кажа: «Прозьвішча, імя, год нараджэньня?» Я называю. Яны нас выкрэсьліваюць са сьпісаў і кажуць: «Спадзяюся, мы з вамі больш ня ўбачымся».
Нас прывезьлі ў Бараўляны. Адразу мяне аглядаў хірург, а потым яшчэ лекары. Адзін падымае, глядзіць маю сьпіну і кажа: «Ахранець». Кажа: «Можна, я цябе сфатаграфую, таму што людзі ня вераць». Потым мне паказаў гэтае фота, а там проста палка на палцы, і толькі пара белых трыкутнікаў, куды ня трапілі ўдары.
Мне дыягнаставалі шматлікія пашкоджаньні, у тым ліку галавы, закрытую чэрапна-мазгавую траўму.
Было вельмі страшна вяртацца на Акрэсьціна па рэчы. Я думаў, што цяпер зайду, а яны такія: «А, дык гэта ты, а ну хадзі сюды…» Але падумаў, што калі тады не забілі, то цяпер ужо дакладна не заб’юць. Калі прыйшоў, убачыў тое месца, дзе я ляжаў, сваю лужыну крыві на асфальце. Хоць і прайшло тры дні пасьля таго, але яе ніхто не прыбраў дагэтуль“.
„Дзень ня сьпіш ад крыкаў, ноч ня сьпіш ад стогнаў“
Руслан, бармэн з Зыбіцкай у Менску:
„9 жніўня ў дзьве гадзіны ночы, калі пачалася «заваруха» з боку Нямігі, я зразумеў, што на працы мне рабіць больш няма чаго. Зь сябрам, напарнікам, госьцем бара і дзяўчынай мы сабралі рэчы і пайшлі дадому.
Да мітынгу і да ўсяго, што там адбывалася, мы не падыходзілі. Мы пайшлі ў бок дома вуліцай Інтэрнацыянальнай, знарок абыходзячы той пік. Але ўсё роўна вакол было шмат супрацоўнікаў АМАПу і міліцыі.
Каля «Журавінкі» мы спыталі ў ДАІшніка, як нам лепш аб’ехаць і абысьці, выклікаць таксі, каб нас не затрымалі. Ён ня тое каб зь яхіднай усьмешкай, але з прыемным выглядам праводзіў у бок парку Янкі Купалы. І ў цёмнай арцы мяне проста пацягнуў пад руку супрацоўнік АМАПу. На пытаньне, якая прычына затрыманьня, ён нічога не адказваў. Мы проста спыталі ў ДАІшніка, як нам прайсьці, каб не затрымалі, а ў выніку нас затрымалі. Я спрабаваў растлумачыць яму сытуацыю, што я іду з працы, але, натуральна, гэта нікога не хвалявала.
Нас завялі ў жоўты аўтобус, дзе знаходзілася яшчэ каля 30-40 чалавек. Мы не супраціўляліся, калі нас затрымлівалі, ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў не рабілі. Спакойна прайшлі. Я амапаўцу спрабаваў растлумачыць сытуацыю, ён толькі адказваў: «Разьбяромся, не хвалюйцеся, усё будзе нармальна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПраз 15 хвілін пад’ехаў аўтазак. Нас вывелі з аўтобуса, паставілі да сьцяны, сказалі падняць рукі над галавой і вось так стаяць. З аўтазака выйшаў вельмі агрэсіўны супрацоўнік АМАПу, які з мацюкамі стаў закідваць затрыманых у аўтазак. Дзяўчат адпусьцілі. Каля сьценкі нас засталося чацьвёра: я, напарнік, госьць бара і нейкі хлопец з Турэччыны. Ён крычаў: «Я грамадзянін Турцыі!» Выйшаў супрацоўнік АМАПу і пачаў крычаць мацюкамі: «Хто гэтыя людзі?» Другі яму адказвае: «Вось хлопцы кажуць, што яны з працы ідуць». Але яму было ўсё адно, ён сказаў: «Мне ўсё роўна. Запускай усіх».
Нашы заходы ў аўтазак суправаджаліся ўдарамі гумовай дубінкі. У аўтазаку мы стаялі як селядцы ў бочцы. Але гэта ня самае страшнае. На Акрэсьціна з аўтазака нас выпускалі праз «калідор» з амапаўцаў. Там стаялі па 6-7 чалавек з кожнага боку, якія білі ўсіх.
Нас паставілі да сьцяны на кукішкі. Так мы сядзелі і перамяшчаліся ўздоўж сьцяны цягам паўтары-дзьвюх гадзін. Рукі ўгору, галаву ўніз. На просьбу хлопца, які побач знаходзіўся («Я астматык, ці можна хаця б балёнчык забраць?»), адказвалі: «Здохнеш дык здохнеш, выжывеш дык выжывеш». У двары на Акрэсьціна ёсьць участак з дробнымі каменьчыкамі, вось там нас паставілі на калені. Пасьля гэтага ўсяго нас запусьцілі ў прагулачныя дворыкі. Зноў жа, мы забягалі праз калёну, дзе ўсіх нас зьбівалі. Хоць бегчы мы абсалютна не маглі, таму што ва ўсіх ногі сшэрхлі. У шпацырным дворыку мы прабылі хвілін 20. Пасьля гэтага нас запусьцілі ўжо ў сам ЦІП.
У нашай камэры №23 на чатыры ложка-месцы нас было каля 18 чалавек. У тую ноч, з 13 на 14 жніўня, у рэжыме нон-стоп прыяжджалі аўтазакі адзін за адным, мы гэта бачылі праз акенца. Чулі, як білі людзей, людзі прасіліся, малілі. Я ніколі ў жыцьці такога ня чуў, каб мужчыны так вось прасілі. Яны кляліся, што там не знаходзіліся, проста да сьлёз. Валасы дуба ўставалі ад усяго гэтага, кроў стыла ў жылах. Удары не спыняліся, нават калі чалавек падаў (напэўна, ад болевага шоку альбо ад чаго). Але ўдары ўсё роўна працягваліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАТам была жанчына-фэльчарка, якая часам падыходзіла да людзей, якія ўжо ляжалі каля гадзіны бяз рухаў. Пры мне яна аднаго выцяла нагой, праверыла, ці варушыцца ён. Калі фэльчарка ўбачыла, што ён дыхае, то яна на яго проста села і глядзела, як іншых хлопцаў б’юць. Нас выцягвалі з камэры, каб зьняць на відэа. Мы павінны былі прадставіцца, расказаць, дзе знаходзіліся, пры якіх абставінах нас затрымалі. Калі казалі, што мы не вінаватыя, то нам толькі адказвалі: «Ну вы тут усё невінаватыя». У камэры я знаходзіўся каля трох сутак, 75 гадзін недзе.
Вада ў нас была праточная з крана. Хоць якая, але вада. Пакармілі нас толькі на трэція суткі раніцай. Далі пару кавалкаў хлеба і пару лыжак кашы. Але там такая каша была, што лыжка стаяла.
Суды праходзілі проста ў ЦІП. Судзьдзям ставілі сталы ў калідорах. Хлопцы, зь якімі я быў у камэры, апавядалі, што яны падыходзілі да стала, іх пыталіся што, як, дзе і хутка судзілі. Як той казаў, без суду і следзтва іх ужо асудзілі. Мяне асудзіць не пасьпелі, па вызваленьні прымусілі падпісаць пратакол, але копіі не далі. Расказвалі, што ў суседніх камэрах тых, каго не пасьпелі асудзіць, не кармілі. Пры гэтым, калі заўважаць, што хтосьці дзеліцца, то ўжо ніхто есьці ня будзе.
З намі ў камеры быў хлопец гадоў 30-35 з прабітай галавой. Мы прасілі супрацоўнікаў прывесьці лекара яму, але нам адмаўлялі. І толькі на другую ноч гэтага хлопца забралі. Праўда, ня ведаем: альбо ў мэдычную ўстанову, альбо на Жодзіна павезьлі.
Насупраць нашай камэры былі дзяўчаты. Там іх было нашмат больш, чым хлопцаў у нашай камэры. Каля 40-50 дзяўчат у адной камэры. Бачылі, што некаторым было кепска ад браку кіслароду.
Была сытуацыя, што аднаго хлопца званiтавала. Прыйшоў супрацоўнік у чорным, хутчэй за ўсё амапавец, прынёс два вядры зь незразумелай субстанцыяй, якая дрэнна пахла. Адно ён выліў на гэтага хлопца, а другое вядро ўручыў яму ў рукі і сказаў: «Ідзі прыбірай сваё».
Мы бачылі ў акенца з камэры, як білі людзей. Вельмі страшна было, калі мы чулі крыкі, але пры гэтым не было чуваць удараў. Гэта ўжо было не зьбіцьцё, а нейкія катаваньні, я ня ведаю, што яны рабілі. Былі пастаянныя стогны, крыкі. Мы не маглі спаць удзень, таму што шум у калідорах пастаянны быў, сесьці таксама не маглі, таму што забаранялі. Ноччу не маглі спаць ад гэтых жудасных стогнаў. Спалі мы хто дзе як. Мяняліся. Я спаў на падлозе пад ложкам. Так гэтыя тры дні і прайшлі: дзень ня сьпіш ад крыкаў у калідорах, ноч ня сьпіш ад стогнаў.
Калі ў ЦІП прыяжджалі супрацоўнікі АМАПу, то яны рандомна адчынялі камэры, зьбівалі людзей: альбо ў камэры, альбо на выхадзе. З намі ў камэры быў хлопец, алькаголік і наркаман, у якога былі жорсткія ломкі і галюцынацыі. Ён спрабаваў усіх выратаваць, прасіў меч, крычаў, грукаў у дзьверы. Мы вельмі баяліся, што празь яго прыйдуць і нас усіх паб'юць. Нас папярэджвалі: «Пачую крык — будзеце пабітыя ўсе».
Самым страшным было няведаньне, што будзе далей. Пагражалі «суткамі». Мы кожную сэкунду сядзелі ў страху быць пабітымі, што зараз адчыняцца дзьверы, забягуць людзі і будуць нас біць.
Мяне выпусьцілі праз трое сутак, 12 жніўня, каля пяці гадзін раніцы. Далі падпісаць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні і папярэджаньне аб няўдзеле ў масавых мерапрыемствах пад пагрозай прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці.
Я прасіў, каб мне далі хаця б прачытаць пратакол, на што мне адказвалі: «На ўнітазе будзеш дома газэты чытаць».
Потым нас ставілі да сьцяны, прасілі задзіраць майкі да шыі для агляду цела: чыстае ці нячыстае. Я быў увесь чысьценькі, было толькі пару пашкоджаньняў на нагах. Іншых прасілі зьняць штаны, мяне не прасілі. Пасьля гэтага нас адводзілі ўбок, дзе зноў білі. То бок, калі ты чысьценькі, ты праходзіў гэты «абрад». Супрацоўнікі АМАПу проста білі куды папала, у асноўным па сьцёгнах і ягадзіцах. Усё гэта суправаджалася крыкамі і пытаньнямі: «Дзе твая Ціханоўская?», «Будзеш яшчэ хадзіць?», «Раскажаш сваім сябрам?» Прымушалі крычаць «Я люблю АМАП». Пасьля гэтай працэдуры нас адпускалі і мы ішлі ўздоўж агароджы ў бок выхаду“.
„Там ляжалі затрыманыя, якія не маглі хадзіць і нават варушыцца“
Андрэй Вяршэня, 36 гадоў, Менск:
„У ноч з 11 на 12 жніўня я падвозіў дадому сяброў на машыне. Мы рухаліся ў бок ГЦ «Рыга», на скрыжаваньні быў затор, інспэктар ДАІ рэгуляваў рух. Вакол было вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі ў чорным, але ў іх на сьпіне было напісана не «ОМОН», а выява трыкутніка і нумары.
Да машыны на расейскіх нумарах падышлі гэтыя супрацоўнікі ў чорным са зброяй. Сталі выцягваць людзей, аглядаць машыну, нешта шукаць.
Я разумеў, якая сытуацыя цяпер у краіне, але думаў, што мо шукаюць нейкіх «засланцаў», так скажам, а людзі на расейскіх нумарах і таму іх вырашылі агледзець. Людзей з машын сілком выцягвалі, але я чамусьці да канца быў упэўнены, што да нас не падбягуць і мы паедзем. А нават калі і падбягуць, то нас, магчыма, проста абшукаюць, нічога ня знойдуць падазронага і проста адпусцяць.
Але да маёй машыны ўсё ж такі падышлі сілавікі, наставілі на нас зброю, пачалі выцягваць з машыны, загадалі легчы на зямлю, некалькі разоў ударылі. Высьветлілі, хто кіроўца, і мне сказалі адкрыць багажнік. Таксама дасталі тэлефон, які я пакінуў у машыне, сказалі адкрыць фотагалерэю.
Я разблякаваў тэлефон, і яны адразу сталі праглядаць зьмесьціва. У гэты час я паказваў багажнік: там быў пэрфаратар, шрубавёрт і іншыя будаўнічыя інструмэнты ў футаралах. І адзін з супрацоўнікаў у чорным даставаў гэтыя чамаданчыкі, крычаў на мяне мацюкамі, каб я іх адкрываў.
Наогул усе зносіны былі ў зьневажальнай форме: толькі мацюкамі, нармальных слоў практычна не было зь іхнага боку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАУ тэлефоне знайшлі фота і відэазапісы, зробленыя 9 жніўня недалёка ад стэлы. Я быў ня згодны з вынікамі выбараў і выйшаў на акцыю разам зь іншымі людзьмі. Бачыў, як выбухаюць сьвятлашумавыя гранаты, зрабіў некалькі фота і відэа, якія засталіся ў тэлефоне.
Калі яны ўбачылі ў маім тэлефоне фота і відэа, сказалі: «О, усё! Карацей, гэта рэвалюцыянэры!» Пасьля гэтага сталі моцна біць. Потым паглядзелі ў мой заплечнік, у мяне там ляжаў бінт і перакіс вадароду, таблеткі ад арытміі, і давай крычаць: «Паглядзі, у яго тут бінты, у яго тут цэлая аптэчка, ён упакаваўся!»
Мяне кінулі на зямлю і зноў сталі біць. Потым адцягнулі з праезнай часткі, паклалі на тратуар, адзін супрацоўнік наступіў мне нагой на галаву, двое наступілі на ногі, за сьпінай зацягнулі сьцяжкай рукі і яшчэ некалькі разоў ударылі — хтосьці біў нагамі, хтосьці дубінкай. Крычалі: «Што табе, жывёла, не падабаецца? Захацелі пераменаў — як вам такія перамены? Колькі вам заплацілі? Хто ваш галоўны?» Гэта значыць, яны былі ўпэўненыя, што мы рэальна «праплачаныя».
Пад зьвязаныя рукі мне ўставілі дубінку, выкарыстоўваючы яе як рычаг, у сагнутай позе завялі ў аўтазак.
У аўтазаку загадалі сесьці на кукішкі і не падымаць галавы. Калі падымаеш галаву — адразу б’юць, калі нешта кажаш — адразу б’юць.
Я сеў на кукішкі, зьверху на мяне сеў амапавец і крыкнуў сваім таварышам: «Глядзіце, якое ў мяне добрае крэселка».
Ён быў вельмі цяжкі, у мяне аж усё захрусьцела. Я сказаў, што не магу дыхаць, мне балюча і цяжка. Але ён пачаў левай рукой біць мне ў твар і казаць: «Чаго табе дрэнна? Мне ж добра».
Машына рэзка затармазіла, і ён зь мяне зваліўся, потым некалькі разоў ударыў мяне дубінкай і сказаў: «Ты, с..ка, нейкае няўстойлівае крэселка». Пасля гэтага мяне рэзка перавярнулі на жывот, зноў хтосьці наступіў мне на галаву, на ногі і сталі біць. Больш за ўсё мяне білі па сьпіне і ягадзіцах. Білі вельмі доўга, я спачатку толькі ўскрыкваў, а потым проста крычаў ад болю.
На працягу некалькіх хвілін мяне білі, не перастаючы, а іншым затрыманым сказалі, каб яны сьпявалі гімн Беларусі.
Адзін з амапаўцаў пачаў з усёй сілы дубінкай тыцкаць мне ў зад. Я быў у джынсах і на той момант не ўсведамляў, што адбываецца. Цяпер, паслухаўшы, як людзей гвалтавалі дубінкамі, я разумею, што са мной хацелі зрабіць тое самае.
Калі машына спынілася, затрыманым сказалі, што зараз яны будуць выбягаць зь яе і павінны крычаць фразу: «Я люблю АМАП». Хто ня будзе крычаць, будзе атрымліваць дубінкай, хто будзе крычаць гучна — таму нічога не будзе.
Я выбягаў і крычаў ва ўсё горла, што я люблю АМАП, таму што не хацеў, каб мяне зноў білі. Але мяне ўсё роўна білі. Праганялі праз «калідор» сілавікоў: хтосьці біў нагамі, хтосьці рукамі, хтосьці дубінкамі. І потым я даведаўся, што білі ўсіх, незалежна ад таго, крычаў ты што-небудзь ці не.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАНас перасадзілі ў іншы аўтазак: я трапіў у маленькую камэру зь яшчэ пяцьцю людзьмі. Апошні чалавек не ўмяшчаўся, яго пачалі проста біць дубінкай па нагах, пасьля чаго ўціснулі ў камэру, зачыняючы дзьверы. Мы былі як селядцы ў бочцы: не паварушыцца ніяк. Я на столі ўбачыў краты і зразумеў, што гэта вентыляцыя. Калі мы паехалі, прыток паветра пайшоў, але для шасьцярых чалавек гэтага было недастаткова. У мяне пачало цямнець у вачах, і першы раз я страціў прытомнасьць проста там, у гэтым «стакане». Ачуўся ад таго, што мяне проста выкінулі з аўтазака на асфальт на Акрэсьціна і пачалі біць дубінкамі, каб я апрытомнеў. Потым схапілі за рукі, прывялі да плота, усё гэта суправаджалася лаянкай і зьбіваньнем, зьнявагамі і абразамі. Да гэтага мне ўдалося зьняць сьцяжку, рукі былі вольныя, але мне сказалі стаць на калені, рукі на сьцяну, ілбом ўперціся ў плот.
Дакладна ня памятаю, колькі часу мы так прастаялі, потым нас сталі забіраць на надгляд, прымушаючы перасоўвацца, седзячы на кукішках. Мне адбілі ягадзіцы і паясьніцу, адной нагі я ўжо не адчуваў.
Калі я спрабаваў перамяшчацца на кукішках, я некалькі разоў падаў. Потым спрабаваў паўзьці на каленях, мяне білі дубінкай па сьпіне, таму што я павольна поўз. Хтосьці схапіў мяне за каўнер і пацягнуў па зямлі, сказалі стаць каля сьцяны. Да нас падыходзіла нейкая жанчына, пыталася прозьвішча, месца працы. У мяне зноў стала цямнець у вачах, я пачаў траціць прытомнасьць. Ачуўся ад таго, што мясцовы мэдык падносіў да носу нашатыр. Я сядзеў у прастрацыі; пыталіся, якія ёсць захворваньні, я сказаў, што ў мяне мігальная арытмія, што я прымаю пігулкі, што мне дрэнна. Патрэбных мне лекаў у іх не аказалася, мне дазволілі пасядзець на зямлі.
І я чуў нечалавечыя крыкі ўнутры будынка ІЧУ, енк, удары дубінак. Спачатку гэтыя крыкі былі моцныя, потым сьціхалі, там было проста пекла.
Мяек званітавала, я зноў страціў прытомнасьць. Мяне перанесьлі ў іншае месца, дзе ляжалі затрыманыя, якія не маглі хадзіць і нават варушыцца.
Прыехала “хуткая”, мяне пад рукі зацягнулі ў яе, нага целяпалася, як вяроўка. Даставілі ў лякарню хуткай дапамогі, там паставілі дыягназ: ЧМТ сярэдняй ступені цяжкасьці, тупая траўма жывата, шырокія гематомы ягадзіц і сьпіны. На УГД выявілі крывяныя ўтварэнні каля сьцегнавой артэрыі.
Так я трапіў на лячэньне ў стацыянары, а мая машына — на штраф-стаянку з увагнутасьцю на пасажырскіх дзьверцах і пабітым лабавым шклом.
Я ніколі ня мог уявіць, што буду шарахацца ад любога чалавека ў форме. У мяне да гэтага моманту стаўленне да міліцыянтаў было нэўтральным. Цяпер кожны чалавек у форме выклікае ў мяне страх і агіду“.
Гісторыя 16-гадовага Мікіты Залатарова з Гомеля
Міхаіл Лапуноў, бацька Мікіты:
„Яго арыштавалі 11 жніўня і трымаюць у СІЗА. Абвінавачваюць у хуліганстве паводле часткі 3 артыкулу 339. Нібыта Мікіта кінуў у бок супрацоўніка міліцыі, які за ім гнаўся, бутэльку, мяркуецца, з запальнай сумесьсю. Але сьледзтва ня мае ніякіх доказаў, Мікіта не вінаваты і віны не прызнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯк мне вядома, там нічога не гарэла, ніхто нічога не падпальваў, нічога ні ў кога ня трапіла. Я нават размаўляў з гэтым міліцыянтам. Пытаю, табе што, у галаву пацэлілі, ці што? Ён нічога не хацеў казаць. Я магу толькі ўяўляць, што было б з маім Мікітам, калі б яго дагналі супрацоўнікі. Калі дапусьціць, што ён уцякаў, як яны кажуць. Мікіта мой наогул нічога ня кажа, ён маўчыць. Я яму даў указаньне, каб без адваката і безь мяне ні з кім ні пра што не гаварыў.
Мікіту арыштавалі дома, калі я быў на працы. Напярэдадні Мікіта быў на плошчы, дзе праходзіў мітынг, на прыпынку чакаў сябра. Людзі, якія беглі, сказалі яму, каб уцякаў, бо амапаўцы будуць біць. І ён пабег з усімі.
Я ўпэўнены на сто працэнтаў, што Мікіта ні ў чым не вінаваты і што ён нічога ня кідаў. Магчыма, недзе там бегаў, бо тады многа людзей бегалі, калі ўсіх пагналі. А што рабіць, у страху вочы вялікія. Пабег, каб не забілі.
Мікіта хварэе на эпілепсію, лечыцца зь дзяцінства і апошнія два гады пачаў папраўляцца. З прычыны хваробы ў яго надомнае навучаньне, прыходзяць настаўнікі 54-й школы. Пасьля затрыманьня ён быў у пастарунку з 10:30 раніцы да 17:30 без адваката, сацыяльнага работніка ці бацькоў.
Маці Мікіты была каля пастарунку, калі пасьля 17-й гадзіны прыйшлі адвакат і сацыяльны работнік.
На допыце ён сказаў маці, што яго б'юць. Яму стала дрэнна, ён пачаў траціць прытомнасьць, пасінеў, пабялеў. Выклікалі «хуткую» і адвезьлі ў дзіцячую лякарню, паклалі ў рэанімацыю.
У эпікрызе лекары напісалі, што ў падлетка быў эпілептычны сындром.
Жонка зь ім у «хуткай» ехала. Яна думае, што гэта ня прыступ эпілепсіі быў. Бо ён пасінеў, у яго сэрца спынялася. Хутчэй за ўсё, ад таго, што білі па галаве. Пра гэта ён лекарам на «хуткай» казаў, што білі па галаве, білі ўсюды, сьцягвалі сьцяжкамі, катавалі, патрабавалі пароль ад тэлефона. Урэшце заламалі яму рукі, ногі, а пароль, відаць, адразу не спрацоўваў, бо ў яго бралі адбіткі пальцаў і пальцы былі брудныя, відаць, сканэр не адразу спрацаваў.
Разам зь Мікітам затрымалі і яго 18-гадовага брата Ўладзя, потым вызвалілі. Ён расказаў, што калі сядзеў на калідоры, то чуў Мікітавы крыкі.
Нам з маці не дазволілі зайсьці ў палату рэанімацыі, якую ахоўвалі некалькі супрацоўнікаў. Я прасіў лекараў зьняць пабоі, але яны сказалі, што ў іх няма для гэтага спэцыяліста і, маўляў, гематом у хлопца няма. Тады я зьвярнуўся ў пракуратуру і Сьледчы камітэт.
Але, замест таго, каб у нечым разьбірацца, яны на наступны дзень забралі Мікіту з рэанімацыі і завезьлі ў ІЧУ. Мяне выклікалі на сьледчыя дзеяньні. Атрымалася, што я змог зь ім пагутарыць, мы былі ў адным памяшканьні. Я яго пераадзяваў. Ён мне галаву на плячо паклаў і кажа: «Татачка, бʼюць кожны дзень». Вось гэты, кажа, які за сталом сядзіць, біў. Казаў, што білі пераважна па патыліцы, каб не відаць было. Білі ў КПЗ. У ІЧУ.
Я думаю, што сына выдалі зь лякарні пад ціскам, бо з рэанімацыі на наступны дзень нікога не адпускаюць.
Яго наўмысна адтуль прыбралі, каб да яго нельга было дабрацца, нельга было зьняць пабоі. Яго нават нармальна не агледзелі, накіравалі ў ІЧУ. У лякарні далі эпікрыз, хоць там нічога толкам не напісана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАМікіту 10 дзён трымалі ў ІЧУ, а цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА № 3 Гомля. Нам да суду адмовілі ў спатканьнях. Перадачы прымаюць, хоць не дазволілі карыстацца дасланымі грашыма, з камэры забралі тэлевізар. Ад мы атрымалі тры лісты.
Адзін раз скардзіўся, што яму было дрэнна і сукамэрнікі выклікалі лекара, чакалі яго доўга. Перадалі яму лекі, спачатку не хацелі браць, але ўзялі. Потым казалі, што ў іх ёсьць, абяцалі, што будуць даваць. Ня ведаю, праўда гэта ці не, бо спатканьняў не даюць.
26 жніўня пасьля публікацый у мясцовых СМІ УУС Гомельскага аблвыканкаму паведамляла, што, паводле інфармацыі УСК па Гомельскай вобласьці, Мікіта зьяўляецца адным з падазраваных у крымінальнай справе аб асабліва злосным хуліганстве.
«Папярэдне ўстаноўлена, што 10 жніўня прыкладна ў 23 гадзіны 20 хвілін з боку групы грамадзян, якія знаходзіліся каля дому № 51 па праспэкце Леніна, у бок супрацоўнікаў міліцыі была кінутая бутэлька з вадкасьцю з характэрным пахам бэнзіну».
Наконт маёй заявы нядаўна са Сьледчага камітэту прыйшоў ліст, што ідзе праверка і тэрмін гэтай праверкі 17 верасьня працягнуты да двух месяцаў“.
„Гэта ўвогуле нейкая Афрыка поўная“
Ільля Сіліч, Берасьце:
„Затрымалі на маршы 20 верасьня. Другі раз за дзень пачаліся затрыманьні. Першы раз — калі супрацоўнікі АМАП падыходзілі да счэпкі дзяўчат і ў твар дзяўчатам пярцовы газ балёнчыкам распылялі. А гэта ўжо было другое з трох за дзень затрыманьняў. І там мяне затрымалі і пацягнулі ў бусік. У бусіку пачалі біць.
Не прадстаўляліся, нічога. Толькі крычалі: «Ідзі, галаву ўніз». Пасьля, ужо ў бусіку: «Галаву ў падлогу». Там было шмат сядзячых месцаў у бусіку, але яны прынцыпова крычалі ўсім затрыманым: «Галаву ў падлогу!» І вось у праходзе -- там былі ў асноўным мужчыны, за сорак, за пяцьдзясят, затрыманыя -- яны ўсе ў каленна-локцевай позе ляжалі на падлозе. Гэта ўвогуле нейкая Афрыка поўная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАПотым нас завезьлі ў Цэнтральны РАУС, які знаходзіцца на Машэрава, і там таксама нас галавой у падлогу — і зьбівалі. Там загадзя адмыслова вынесьлі з актавай залі крэслы — гэта значыць, хутчэй за ўсё, гэтае зьбіваньне загадзя плянавалася.
У мяне пералом чэрапа, удар мозгу, шмат гематомаў. Цяпер я на некалькі тыдняў у лякарні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЯ не прызнаю, што гэтая ўлада законная. Не прызнаю, што суд законны. У нас дыктатура з 1999 году, калі зьнік падзел уладаў і суд перастаў быць незалежным. Дэ-юрэ ў нас поўнае беззаконьне.
Яны, відаць, лічаць, што народ можна запалохаць, што яны будуць зьбіваць людзей і людзі перастануць выходзіць. На мой погляд, гэта вельмі тупа, бо пратэсты 10-11 жніўня, калі жанчыны выйшлі з кветкамі, яны і ўспыхнулі ад усяго гэтага гвалту. І яны цяпер, наадварот, падліваюць алей у агонь. І мне здаецца, нас чакае новы віток пратэстаў“.
„Я думаў, што трапіў у нейкую паралельную рэальнасьць“
Юры Медніс, 34 гады, праграміст, Менск:
„Мяне затрымалі 11 жніўня каля 10 гадзін вечара. Я выйшаў з офісу, які знаходзіцца на праспэкце Незалежнасьці, 58. І да мяне падышлі двое невядомых у балаклавах і поўным рыштунку. Яны мяне абшукалі і папрасілі паказаць зьмесьціва майго тэлефона. Я спытаў: “На якой падставе?” Яны тут жа ўзялі мяне пад рукі і правялі да аўтазака.
Там было 4-5 чалавек. Яны пачалі мяне штурхаць, наносіць удары. Я ляжаў на падлозе; білі дубінкамі, нагамі. Затым адзін з гэтых людзей запатрабаваў, каб я перавярнуўся на сьпіну, зьняў зь мяне левую красоўку. Мяне трымалі за нагу і наносілі ўдары па левай костачцы. Я ня ведаў, што костачка можа так ацякаць. У мяне, напэўна, разы ў два нага ацякла. Я думаў, што трапіў у нейкую паралельную рэальнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦАЗатым у мяне спыталі, кім я працую. Я сказаў: “Праграмістам”. Мне сказалі, каб я выцягнуў левую руку. Яе паклалі на падлогу, зафіксавалі і пачалі наносіць удары па левай кісьці.
У мяне быў ноўтбук, і ад мяне патрабавалі, каб я паведаміў пароль. Я быў у шоку: як увогуле, гэта мая асабістая інфармацыя. На якой падставе людзі, незразумелыя мне, патрабуюць… Крычалі мне, што я каардынатар, хачу разваліць краіну, яшчэ нешта рабіць. І зноў білі дубінкамі і нагамі.
Далей што зрабілі. Мяне перавярнулі на жывот, нажом разрэзалі папругу, разрэзалі джынсы ззаду, трусы. Сказалі: «Ну ўсё, жывёла, зараз мы цябе я…ць будзем». Я стаў вырывацца, крычаў: “Мужыкі, супакойцеся, усё, я скажу пароль”.
Я падняўся, мяне перамясьцілі ў задні адсек аўтазака. Прывезьлі ў Фрунзенскае РУУС. У памяшканьні РУУС я знаходзіўся ў вельмі цікавай позе: я павінен быў уперціся лбом у кут паміж сьцяной і падлогай, падабраць пад сябе ногі, абаперціся толькі на калені і пярэднюю частку ступняў. І рукі за сьпінай. Адзін з гэтых людзей сеў мне на сьпіну і пачаў мне наносіць удары ў правы бок датуль, пакуль я не пачаў хрыпець, задыхацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-верасень 2020. Мы — сьведкі. „Яны хочуць дэгуманізаваць нас“. АБНАЎЛЯЕЦЦАВідаць, калі мне наносілі ўдары па шыі, там утварыліся такія гематомы, што яны склалі нейкі цікавы малюнак. Бо да мяне падыходзілі нявызначаныя асобы і казалі: “Паглядзі, як Вася працуе прафэсійна”, сьмяяліся.
На Акрэсьціна нас 93 чалавекі знаходзіліся ў турэмным дворыку шэсьць на шэсьць мэтраў. Чатыры сьцяны і зьверху краты. І частка дворыка, мэтар на мэтар, круглы люк, «прыбіральня». Мы адвялі чвэрць усёй гэтай прасторы для тых людзей, якія па чарзе сядзелі.
Заносяць мужчыну і кідаюць яго, маўляў, хай ляжыць. Мы да яго: “Як ты?” А ён нічога не гаворыць, толькі мычыць. Мы пачынаем грукаць, крычым: “Чалавеку дрэнна!” У адказ: “Зараз вам усім будзе так дрэнна”.
Мы здолелі самаарганізавацца. Чалавек садзіўся да сьцяны, рассоўваў ногі, да яго садзіўся наступны і таксама рассоўваў ногі. І так утварылася сядзячая калёна, можна было абняць адзін аднаго, бо было вельмі холадна. Шмат было людзей, якіх затрымалі за тое, што яны ў машынах сыгналілі на знак салідарнасьці.
Мы не народзец, мы народ. І наш пратэст асуджаны на перамогу“.
Іншыя сьведчаньні (2)
Іншыя сьведчаньні (1)