Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктар Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі, яму не перадаюць лісты нават ад блізкіх людзей.
«Апошнія два тыдні Віктар Дзьмітрыевіч знаходзіцца ў абстаноўцы інфармацыйнай ізаляцыі. Цягам дзесяці дзён яму не перадалі ніводнага ліста нават ад блізкіх людзей, хоць нам добра вядома, што такія лісты накіраваныя», — паведамляе ягоны адвакат Дзьмітры Лаеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Венядзіктаў: Пуцін абмяркоўваў з Лукашэнкам лёс Бабарыкі29 верасьня Віктару Бабарыку ўсё ж перадалі адзін ліст, на канвэрце быў штамп 21 верасьня. Пры гэтым, згодна з заканадаўствам, лісты павінны перадавацца ў трохдзённы тэрмін з дня паступленьня.
«Сытуацыя сьведчыць аб тым, што права майго падабароннага на ліставаньне не рэалізуецца. Мы падалі заяву начальніку СІЗА, — праінфармаваў Дзьмітры Лаеўскі. — Наогул інфармацыйная ізаляцыя і чарговы раптоўны перавод у новую камэру дзіўным чынам супалі з абскарджаньнем дзеяньняў сьледзтва. Нельга сказаць, што Віктара Дзмітрыевіча гэта прыгнятае, ён усё так жа ўпэўнены ў перамозе», — адзначыў адвакат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Асноўная мэта любых дзеяньняў — людзі». Дачка Бабарыкі зачытала ліст ад яго праз 3 месяцы зьняволеньня. ВідэаТаксама адвакаты Віктара Бабарыка абскардзілі падаўжэньне тэрміну ўтрыманьня пад вартай.
«Скарга 29 верасьня накіраваная праз КДБ. Паводле закону на працягу трох дзён яе павінны перанакіраваць у суд. На наступным тыдні павінна адбыцца паседжаньне. Падставаў для падаўжэньня тэрміну ўтрыманьня пад вартай няма, мера стрыманьня падлягае замене. Чакаем суду, будзем хадайнічаць, каб быў забясьпечаны ўдзел Віктара Дзьмітрыевіча хоць бы празь відэасувязь», — заявілі адвакаты.
Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня і ад таго часу знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Улады абвінавачваюць экс-банкіра ў стварэньні злачыннай групоўкі і фінансавых махінацыях.