Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі зьняпраўдзіў зьвесткі пра тое, што касьцёл у Беларусі нібыта выкарыстоўваецца зьнешнімі сіламі ў палітычных мэтах, перадае Catholic.by.
Раней гэта сьцьвярджаў кіраўнік Службы зьешняй выведкі Расеі Сяргей Нарышкін.
«Інфармацыя, якую падаў кіраўнік службы зьнешняй выведкі Расеі, — гэта — лухта. Ён казаў пра нейкія правакацыі, пра тое, што ЗША, ЦРУ ды іншыя спрабуюць выкарыстаць каталіцкі касьцёл для падрыву дзяржаўнага ладу ў нашай краіне. Фэйкавая інфармацыя, хлусьня, якая ня мае нічога супольнага з праўдай» ,— сказаў біскуп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская выведка заявіла пра пагрозы забойства каталіцкага сьвятара ў Беларусі. Касьцёл адказаўПаводле Юрыя Касабуцкага, каталіцкія сьвятары не атрымліваюць ніякіх інструкцый, і ня толькі палітычнага характару.
«Мы сьвятароў заахвочваем да малітвы, да правядзеньня Ружанцовых набажэнстваў, да арганізацыі благаслаўленьня могілак у лістападзе, калі на працягу тыдня молімся за памерлых. Але нават пры гэтым мы не даем інструкцый, якім чынам гэта рабіць. Ёсьць адпаведныя літургічныя абрады і прадпісаньні, якіх трымаюцца сьвятары ва ўсім сьвеце. І яны самі ведаюць, што ім трэба казаць пры гэтым вернікам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся з-за мяжы: «Пралілася кроў, тысячы людзей зняволеныя, шмат пакалечаных»Інфармацыя пра тое, што маюць месца заклікі да адкрытага выказваньня падчас набажэнстваў, абсалютна безгрунтоўныя, адзнчае ён.
«Магчыма, гэтыя заявы неяк зьвязаныя з агульнай нашай пазыцыяй. Сёньня касьцёл кажа праўду пра сытуацыю ў краіне, выступае супраць гвалту, заахвочвае людзей да салідарнасьці, міру, прабачэньня. Можа, такім чынам мы перашкаджаем камусьці ў рэалізацыі нейкіх сцэнароў, скіраваных на падзел у грамадзтве, на крывавае разьвіцьцё падзеяў. Можа, хтосьці спрабуе выкарыстаць гэтую сытуацыю, каб падзяліць людзей паводле прынцыпу веравызнаньня, каб абвінаваціць нас у тым, чаго мы ўсімі сіламі імкнемся пазьбегнуць», — падсумаваў Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі.