Першыя перадвыбарчыя дэбаты Трампа і Байдэна пераўтварыліся ў сварку

Прэзыдэнт-рэспубліканец Дональд Трамп, які балятуецца на другі тэрмін, і кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн 29 верасьня правялі дэбаты — за пяць тыдняў да выбараў 3 лістапада.

Гэта была першая з трох заплянаваных асабістых сустрэч кандыдатаў — да асноўнага дня галасаваньня.

Асноўнымі тэмамі дэбатаў павінны былі стаць прызначэньне новага чальца Вярхоўнага суду; эпідэмія каранавірусу, ахвярамі якой у ЗША сталі больш за 200 тысяч чалавек, а мільёны страцілі працоўныя месцы; захаваннье нормаў выбарчага заканадаўства і пратэсты супраць расавай няроўнасьці, якія працягваюцца ў ЗША. Але ўсе гэтыя тэмы былі закранутыя мімаходзь, бо зь першых хвілін дэбаты ператварыліся ў сварку, падчас якой удзельнікі непахвальна адгукаліся адзін пра аднаго і не давалі адзін аднаму закончыць фразы.

Камэнтатары называюць гэтыя дэбаты небывалымі ўзроўнем эмацыйнасьці, напалу асабістых нападаў, выкарыстаньнем эпітэтаў, сярод якіх «хлус», «блазан», непрымальныя раней у падобнага кшталту публічных дыспутах. Разам з тым фактычна ніякай новай інфармацыі пра кандыдатаў і іх пляны выбарнікі не атрымалі.

Пра каранавірус

Дональд Трамп і Джо Байдэн рэзка разышліся ў рэакцыі на пандэмію каранавірусу. Байдэн абвінаваціў Трампа ў тым, што па яго віне COVID-19 стаў прычынай гібелі больш за 200 тысяч амэрыканцаў. Трамп запярэчыў, што фэдэральныя ўлады зрабілі ўсё, што можна, забясьпечыўшы краіну мэдыцынскім абсталяваньнем і маскамі, у той час як Байдэн прапануе, па сутнасьці, спыніць эканамічную і іншую актыўнасьць на няпэўны час.

Пра падаткі

Цытуючы інфармацыю, прыведзеную нядаўна газэтай The New York Times, Джо Байдэн абвінаваціў Дональда Трампа ў тым, што той практычна не плаціў падаходных падаткаў і паабяцаў, што ў выпадку перамогі ён зьменіць падатковае заканадаўства, каб не дазволіць заможным амэрыканцам законна ўхіляцца ад іх выплаты. Трамп заявіў, што ён выплаціў мільёны даляраў асабістых падаткаў у апошнія гады, сьпісваючы з даходаў толькі тое, што дазваляецца законамі, прынятымі ў бытнасьць Джо Байдэна чальцом Сэнату.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: New York Times: Дональд Трамп не плаціў падаткаў цягам 10 гадоў

Прэзыдэнт Трамп таксама закрануў пытаньне выгадных кантрактаў, заключаных сынам Байдэна Хантэрам у некалькіх краінах у бытнасьць Джо Байдэна віцэ-прэзыдэнтам. «Ваш сын нажыў багацьце ў Кітаі, Украіне і іншых краінах», — заявіў Дональд Трамп. Ён згадаў тры з паловай мільёны даляраў, якія кампанія, што належыць Хантэру Байдэну, нібыта атрымала ад жонкі былога мэра Масквы Юрыя Лужкова. Байдэн настойваў, што ўсё, што рабіў яго сын, было законна.

Пра эканамічныя вынікі прэзыдэнцтва Трампа

Кандыдаты ў прэзыдэнты рэзка разышліся ў ацэнцы эканамічных вынікаў прэзыдэнцтва Дональда Трампа, яны прапанавалі процілеглую трактоўку прычын беспарадкаў, якія ахапілі некалькі амэрыканскіх гарадоў вясной гэтага году, і не пагадзіліся ў ацэнцы рэакцыі на іх мясцовых уладаў. Джо Байдэн абвінаваціў Дональда Трампа ў разьдзіманьні расізму ў ЗША і падсумаваў свае прэтэнзіі так: «У гэта прэзыдэнцтва мы сталі больш хворымі, беднымі, разьяднанымі... Цяпер у гэтай краіне на 50 працэнтаў больш гвалту, чым было ў прэзыдэнцтва Абамы». Адказ прэзыдэнта Трампа — за свае 46 месяцаў прэзыдэнцтва ён зрабіў больш, чым Джо Байдэн за 47 гадоў знаходжаньня ва ўладных структурах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: Падвядзеньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША можна зацягнуцца на некалькі месяцаў

Аб прызначэньні чальца Вярхоўнага суду

Кажучы пра намер прызначыць чальца Вярхоўнага суду, Донадьд Трамп заявіў, што ён мае на гэта поўнае права, што яго выбарнікі чакаюць ад яго такога кроку. Джо Байдэн запярэчыў, што новага судзьдзю павінен прызначаць той, хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах, паколькі менавіта ў гэтага кандыдата будзе мандат выбарнікаў на вылучэньне новага чальца Вярхоўнага суду. Пры гэтым Байдэн адмовіўся адказаць на пытаньне, ці паспрабуе яго партыя зьмяніць колькасьць чальцоў і ўнесьці іншыя зьмены ў дзейнасьць Вярхоўнага суда, калі ён пераможа на выбарах.

***

Джо Байдэн стабільна апярэджвае Дональда Трампа, згодна з агульнанацыянальнымі апытаньнямі грамадзкай думкі, паведамляе Reuters. Аднак у штатах, якія «вагаюцца» і якія будуць вызначаць зыход выбараў, разрыў паміж кандыдатамі цяпер прыкметна меншы. Reuters таксама адзначае, што ў ходзе папярэдняга галасаваньня свой выбар зрабілі ўжо больш за мільён амэрыканскіх выбарнікаў.