Дырэктар Службы зьнешняй выведкі Расеі Сяргей Нарышкін абвінаваціў ЗША ва ўмяшаньні ў палітычную сытуацыю ў Беларусі і рэлігійнае жыцьцё.
«Паводле наяўных зьвестак, ЗША бесцырымонна ўмешваюцца ў рэлігійную сытуацыю ў Беларусі, імкнучыся сутыкнуць прадстаўнікоў праваслаўнай і каталіцкай галін хрысьціянства. Спрабуюць уцягнуць пакуль стрыманы Ватыкан у беларускія падзеі, вядуць працу на больш актыўнае падключэньне каталіцкіх сьвятароў да ўдзелу ў антыўрадавых выступах», — гаворыцца ў заяве Нарышкіна, распаўсюджанай прэс-службай ведамства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская выведка: ЗША намагаюцца арганізаваць у Беларусі «каляровую рэвалюцыю», накіравалі $20 мільёнаўСяргей Нарышкін адзначыў, што да клеру Рымска-каталіцкай царквы даводзяцца заклікі адкрыта выступіць з крытыкай беларускіх уладаў і выкарыстоўваць рэлігійныя службы, у тым ліку пропаведзі, імшы, хросныя хады, для вядзеньня апазыцыйнай прапаганды сярод вернікаў.
«Паводле задумы амэрыканцаў, гэта павінна прымусіць Менск да жорсткіх захадаў у адказ адносна Рымска-каталіцкага касьцёла. Сярод па-экстрэмісцку настроеных праціўнікаў уладаў Беларусі, якія хаваюцца за мяжой, выношваецца плян рэзананснай правакацыі: арышт, раненьне або нават забойства аднаго з аўтарытэтных сьвятароў. Разьлік на тое, што гэта дасьць магчымасьць істотна падвысіць антыўрадавыя настроі сярод каталікоў і падштурхнуць іх да больш актыўнага ўдзелу ў вулічных пратэстах», — падкрэсьліў дырэктар расейскай выведкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС заявіла, што анулявала беларускі пашпарт Кандрусевіча, бо правярае, ці мае ён іншае грамадзянстваЁн ня ўдакладніў, якую ролю ва ўсім гэтым выконвае мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, якога беларускія ўлады з надуманых прычын ужо месяц не пускаюць на тэрыторыю краіны з Польшчы. Тадэвуш Кандрусевіч мае беларускае грамадзянства.
Рэакцыя беларускага касьцёла: Хопіць нас уцягваць у палітыку
Прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла айцец Юры Санько так у інтэрвію Свабодзе адрэагаваў на гэтыя заявы расейскага чыноўніка:
«Мы шакаваныя, што асоба такога рангу выказвае падобныя меркаваньні. Мне хочацца сказаць адно — хопіць касьцёл уцягваць у палітыку. Касьцёл ніколі ня быў у палітыцы, касьцёл ніколі не займаўся палітыкай. І сёньня, калі нас імкнуцца сутыкнуць з праваслаўнай царквой, зь іншымі канфэсіямі, — гэта абсурд, гэта фэйк, які мы зараз прачыталі.
Пытаньне пра тое, што цяпер ідзе такая інфармацыя, што будзе арыштаваны сьвятар, што могуць арыштаваць сьвятара, — гэта акцыя Расеі ці беларускіх спэцслужбаў?
Каля 500 сьвятароў цяпер у Беларусі служаць. Можа, спрабуюць апраўдаць сваю няздатнасьць і шукаюць ворага. Унутры ворага спрабуюць знайсьці, у касьцёле. Касьцёл — гэта не марсіяне. Касьцёл — гэта ня тыя, хто прыехаў. Касьцёл — гэта людзі, якія вырасьлі тут, на гэтай зямлі. Людзі, якія імкнуцца зрабіць, каб гэтая зямля квітнела. Каб гэтая зямля была прывабнай, каб гэтая зямля разьвівалася. Каб людзі былі мілыя, добрыя адзін да аднаго».
Паводле айца Юрыя Санько, забарона беларускіх уладаў на вяртаньне мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь дагэтуль не пераадоленая:
«Па заканадаўстве з нашага боку было ўсё зроблена, але навін няма. Сёньня мітрапаліт зьвернецца празь відэасувязь да вернікаў у катэдральным саборы, якія зьбяруцца на сьвятую імшу. Можа, пару слоў там скажа. Бачна, што інфармацыя пра касьцёл, якая падаецца ў афіцыйных сродках інфармацыі, настолькі некампэтэнтная, настолькі брудная, калі спрабуюць абвінаваціць касьцёл у тым, да чаго ён ніколі ня меў дачыненьня. Гэта вельмі прыкра. Што б ні казалі пра касьцёл, што б ні рабілі супраць касьцёла, ён заўсёды моліцца. Гэта наша галоўная зброя. Касьцёл моліцца і за вернікаў, і за Бацькаўшчыну, і за ворагаў сваіх».