Міністэрства замежных спраў Беларусі пракамэнтавала сустрэчу ў Вільні прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона са Сьвятланай Ціханоўскай.
«Парадак дня візыту прэзыдэнта Францыі ў літоўскую сталіцу не асабліва зьдзіўляе, — сказаў прадстаўнік замежнапалітычнага ведамства Анатоль Глаз. — У прынцыпе, ствараецца ўстойлівае адчуваньне, што ў Літве зьявілася новая славутасьць (у расейскім варыянце — достопримечательность — РС), якую ўсім абавязкова навязваюць для наведваньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Францыі Макрон выказаўся ў Вільні пра мірны пераход улады ў БеларусіЭманюэль Макрон, які знаходзіцца ў Літве зь візытам і сустрэўся з экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі, выказаў спадзеў, што з уключэньнем у працэс АБСЭ ўдасца завязаць дыялёг паміж уладамі Беларусі і апазыцыяй.
Анатоль Глаз з «прафэсійнага пункту гледжаньня» параіў «ня цешыць сябе ілюзіямі».
«Нейкія пасьпешлівыя кантакты зь дзіўнымі суб’ектамі ня маюць і не будуць мець ніякага практычнага сэнсу. У дыпляматыі дастаткова ўсімі прызнаных цывілізаваных інструмэнтаў, з дапамогай якіх можна весьці дыялёг і адстойваць інтарэсы. Гэтыя інструмэнты значна больш эфэктыўныя, чым спробы грубага ціску і навязваньня сваёй волі суседу», — заявіў прадстаўнік МЗС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заявіла, што падтрымлівае пэрсанальныя санкцыі супраць прыхільнікаў ЛукашэнкіАнатоль Глаз дадаў, што афіцыйнаму Менску ўсё складаней камэнтаваць «алягічныя эмацыйныя рухі цела» балтыйскіх суседзяў, якія часам мяжуюць з гістэрыкай.
«Пашырылі санкцыйныя спісы... Што ж, ад сёньняшняга дня, як і абяцалі, мы таксама ўводзім ў адказ сымэтрычныя абмежавальныя меры па кожнай з гэтых краінаў», — канстатаваў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія, Літва і Эстонія пашыраць сьпіс неўязных чыноўнікаў зь Беларусі да 100 чалавекЛітва, Латвія і Эстонія ўвялі пэрсанальныя санкцыі супраць 100 чыноўнікаў і сілавікоў, якія маюць непасрэднае дачыненьне да фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту над мірнымі пратэстоўцамі.
На гэта кіраўніцтва Беларусі заявіла, што падрыхтуе свой санкцыйны сьпіс, але публікаваць яго не зьбіраецца.