Прэмію Sonning 2021 атрымае ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.
Капэнгагенскі ўнівэрсытэт (KU) абвясьціў аб прысуджэньні беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч прэстыжнай прэміі Sonning Prize, паведамляе сайт газэты Copenhagen Post.
«Мы зь нецярплівасьцю чакаем магчымасьці вітаць Сьвятлану Алексіевіч і адзначыць яе працы і ўклад у эўрапейскую культуру», — сказаў Хэнрык Вэгенэр, рэктар Капэнгагенскага ўнівэрсытэту.
«Яе намаганьні ў адносінах да народу Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні — відавочны працяг справы яе жыцьця і патрабуюць яшчэ большага прызнаньня яе мужнасьці і намаганьняў».
Раней сёньня стала вядома, што Алексіевіч знаходзіцца ў Нямеччыне на запрашэньне Нямецкай службы акадэмічных абменаў і можа там прабыць да году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч знаходзіцца ў Нямеччыне на запрашэньне Нямецкай службы акадэмічных абменаў
Прэмія Sonning — гэта найвышэйшая ўзнагарода Даніі ў галіне культуры. Яна прысуджаецца раз на два гады за выдатны ўклад у эўрапейскую культуру.
Прэмію, названую ў гонар дацкага пісьменьніка Карла Ёхана Сонінга (1879–1937), упершыню прысудзілі ў 1950 годзе Ўінстану Чэрчылю.
Сярод іншых ранейшых ляўрэатаў — Нільс Бор, Лоўрэнс Аліўе, Інгмар Бэргман, Вацлаў Гавэл, Ёрн Утцан і Лярс фон Трыер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч выехала да лекара ў Нямеччыну, атрымае прэмію ў Італіі і вернецца празь месяц