Двух маладачанцаў, якія адбівалі затрыманага ў сілавікоў, пакаралі трыма гадамі зьняволеньня

Павал Пяскоў

29 верасьня суд у Маладэчне пакараў Паўла Пяскова і Ўладзіслава Еўсьцігнеева пазбаўленьнем волі ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вырак вынесла судзьдзя Вікторыя Паляшчук.

За штурханіну зь сілавікамі 19 чэрвеня мужчын прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку міліцыі, зьвязаны з ужываньнем гвалту).

Уладзіслаў Еўсьцігнееў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК паведаміў пра двух падазраваных у справе сутычкі зь міліцыянтамі ў Маладэчне

Паўла Пяскова, якому падчас судовага разбору зьмянілі меру стрыманьня з хатняга арышту на ўзяцьце пад варту, пакаралі 3 гадамі і 3 месяцамі ў калёніі агульнага эжыму, Уладзіслава Еўсьцігнеева— 3 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы сабралі зьвесткі пра 250 крымінальных спраў супраць удзельнікаў выбараў і пратэстаў

Суд разглядаў справу з 16 верасьня.

19 чэрвеня на акцыі салідарнасьці маладачанцы адбілі ў сілавікоў аднаго з затрыманых. Кадры штурханіны каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі розгалас, бо ў нейкі момант у руках аднаго з амапаўцаў аказаўся пісталет.