Расея падвысіла аб’ём экспарту нафтапрадуктаў зь Беларусі, які цяпер абмяркоўваецца, да 4–6 млн тон, паведаміў міністар энэргетыкі РФ Аляксандар Новак у эфіры тэлеканалу «Россия-24».
«Расейская Фэдэрацыя абмяркоўвае экспарт 4–6 млн тон беларускіх нафтапрадуктаў праз парты РФ», — сказаў ён.
Раней Новак заяўляў аб патэнцыйным аб’ёме экспарту ў 3–4 млн тон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даходы ад экспарту нафтапрадуктаў зь Беларусі ў студзені–ліпені ўпалі на 61,8%
Беларусь у студзені-ліпені 2020 году экспартавала 3,78 млн тон нафтапрадуктаў, што на 38,5% менш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году, паведамляецца ў матэрыялах Нацыянальнага статыстычнага камітэту (Белстату).
Пры гэтым у ліпені экспарт нафтапрадуктаў склаў амаль 780 тысяч тон, што сьведчыць аб паступовым аднаўленьні аб’ёмаў вонкавых паставак, якія ў 2018–2019 гадах былі блізкія да 1 млн т нафтапрадуктаў у месяц.
У цэнавым вымярэньні экспарт нафтапрадуктаў упаў на 61,8% — да 1,2 млрд даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеяй мінус 22%, з Украінай мінус 24%. У Беларусі зьніжаецца таваразварот з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі