Амбасадары Эўразьвязу ўхвалілі санкцыі супраць двух чалавек і чатырох кампаній, адказных за будаўніцтва Крымскага моста.
Афіцыйна пра абмежаваньні будзе абвешчана на гэтым тыдні, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк. Пра новыя санкцыі таксама расказала крыніца ТАСС.
Раней Масква пашырыла сьпіс прадстаўнікоў ЭЗ, якім забаронены ўезд у Расею. МЗС папракнуў Брусэль у пашырэньні санкцый супраць расейцаў і расейскіх кампаній з надуманых і абсурдных прычынаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына прапанавала ЭЗ увесьці санкцыі супраць Расеі за кібэратакі
У 2018 годзе Эўразьвяз увёў санкцыі супраць шасьці кампаній, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве Крымскага моста, у тым ліку супраць «Стройгазмонтажа», заснавальнікам якога зьяўляецца Аркадзь Ротэнберг. Бізнэсовец уваходзіць у кола асоб, набліжаных да расейскага прэзыдэнта. За будаўніцтва моста Ротэнберг атрымаў званьне Героя Працы.
Расея анэксавала Крым пасьля рэфэрэндуму ў 2014 годзе. Ён быў праведзены насуперак заканадаўству Ўкраіны і пасьля таго, як паўвостраў ўзялі пад кантроль расейскія вайскоўцы. Краіны Захаду лічаць гэта парушэньнем нормаў міжнароднага права. Масква называе далучэньне паўвострава «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз падоўжыў эканамічныя санкцыі супраць Расеі
Крымскі мост злучае Керчанскую і Таманскую паўвыспы праз Керчанскі праліў. Аўтадарожная частка была адкрытая ў траўні 2018 году, чыгуначная — у сьнежні 2019 году.