На 11-ы дзень галадоўкі Максіма Знака сябры Каардынацыйнай рады заклікалі вызваліць яго з-за кратаў, а самога Максіма Знака — спыніць галадоўку.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады і адваката Максіма Знака затрымалі 9 верасьня і 18 верасьня абвінавацілі ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на ўчыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы — паводле ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу. Пасьля гэтага Максім Знак абʼявіў галадоўку.
28 верасьня Каардынацыйная рада заклікала беларускія ўлады
- неадкладна даць магчымасьць аказаць кваліфікаваную мэдычную дапамогу Максіму Знаку,
- неадкладна вызваліць Максіма Знака з-пад варты,
- спыніць крымінальны перасьлед Максіма Знака.
КР заклікала ўсясьветную супольнасьць да ўсялякага ціску на беларускія ўлады, каб тыя вызвалілі Максіма Знака.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат Максім Знак за 7 дзён галадоўкі ў СІЗА схуднеў на 6 кгРада выказала падтрымку патрабаваньням Максіма Знака, аднак заклікала яго спыніць галадоўку.
«Мы не заклікаем Максіма Знака спыніць пратэст. Але заклікаем берагчы сябе для будучыні!», — сказана ў заяве.
Адвакат, кандыдат юрыдычных навук Максім Знак сёлета аказваў юрыдычную дапамогу Віктару Бабарыку і Сьвятлане Ціханоўскай. Ён падаваў заяву ў ЦВК на рэгістрацыю кандыдатам ад імя Віктара Бабарыкі, калі той ужо быў зьняволены, ён падаваў у Вярхоўны суд пазоў аб непрызнаньні вынікаў выбараў 9 жніўня ад імя Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка: Сябры прэзыдыюму Каардынацыйнай рады гатовыя вярнуцца ў Беларусь пры гарантыі бясьпекі з боку РФ і ЭЗ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд адхіліў скаргу адваката Ільлі Салея, ён застанецца за кратамі