У Гомлі прайшоў чарговы нядзельны марш пратэсту. Сілавікі выкарыстоўвалі зброю і спэцсродкі для разгону дэманстрантаў.
Кропкай збору стаў сквэр імя Грамыкі. Тут сабраліся людзі, АМАП і міліцыя. Апошнія папярэджвалі, што «вашы дзеяньні незаконныя» і не давалі сабрацца. Урэшце людзі рушылі па вуліцы Жаркоўскага, потым выйшлі на Савецкую.
Увесь час ім дарогу перагароджвалі то АМАП, то ўнутраныя войскі. Людзі іх сарамацілі, заклікалі перайсьці на бок народу. АМАП зьедліва ўсьміхаўся і пытаўся: «Ну дзе ваша Сьвета? Задурыла цётка вам галаву!»
Людзі хадзілі калёнай па Савецкай. Насупраць цырку ім у чарговы раз перагарадзіў дарогу АМАП, пачаў пырскаць у твары пратэстоўцаў сьлезацечным газам, страляць са сьвятлашумавой ракетніцы і з аўтамата ў паветра.
Некалькі чалавек затрымалі, астатнія перайшлі на бок цырку і там вадзілі карагод вакол фантану. Калі зьявіліся байцы ўнутраных войскаў, людзі сталі ў счэпку. Пачаліся брутальныя затрыманьні.
Сярод затрыманых — фэльчарка, актывістка Алена Давыдава, валянтэр Алег Канавалаў, выкладчыца расейскай літаратуры ўнівэрсытэта ім Ф. Скарыны Натальля Суслава. Усяго затрымалі каля 20 чалавек. Адзін зь іх уцёк з аўтазаку на плошчы Паўстаньня.
Таксама АМАП брутальна затрымліваў людзей на кветніках каля плошчы Паўстаньня. За некалькі мэтраў ад затрыманьняў праходзіў сельскагаспадарчы кірмаш. Адтуль да супрацоўнікаў АМАП падышоў пэнсіянэр і пачаў крычаць: «Чаго вы іх дубінкамі не б’яце?! У вас жа ёсьць дубінкі! Біце, біце іх палкамі!».