Макей на форуме ААН: «Заходнія суседзі» спрабуюць увесьці Беларусь у «анархію і хаос»

Уладзімер Макей

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей абвінаваціў неназваныя вонкавыя сілы ў стварэньні «няпростай сытуацыі» ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Макей 26 верасьня выступіў на агульнай дыскусіі 75-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН. Выступленьне прайшло ў фармаце відэаканфэрэнцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску прайшоў Жаночы марш, удзельніц якога захоплівалі сілавікі ў балаклавах. Каля сотні затрыманых

Паводле Макея, шэраг краінаў «злоўжывае» трыбунай ААН, уключна з Радай бясьпекі, для «сваіх вузкіх палітычных амбіцый».

«Гаворка ідзе, у тым ліку, аб сфакусаванай увазе асобных заходніх краін да сытуацыі ў Беларусі, якая сапраўды цяпер склалася няпростая, у сілу пэўных абставін, навязаных нам, перш за ўсё, звонку», — удакладніў ён.

Макей заявіў, што на праведзеных у жніўні прэзыдэнцкіх выбарах беларускі народ зрабіў свой выбар «на карысьць стабільнай і квітнеючай дзяржавы». «Аднак, замест таго, каб паважаць гэты выбар, мы бачым памкненьні разгайдаць сытуацыю ў краіне. Пасьля няўдалай спробы навязаць нам каляровую рэвалюцыю мы адчуваем вонкавае ўмяшаньне, накіраванае на падрыў дзяржаўнага ладу», — дадаў кіраўнік беларускага МЗС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сын Уладзімера Макея звольніўся з МЗС, — «Наша ніва»

Макей таксама адзначыў:

«Асобныя заявы, якія мяжуюць з цынізмам, з боку шэрагу нашых заходніх суседзяў пра нібыта клопат аб сувэрэнітэце Беларусі і яе дабрабыце насамрэч зьяўляюцца нічым іншым, як спробамі ўвесьці краіну ў хаос і анархію, якія адкінуць Беларусь у яе разьвіцьці на многія гады назад».

«Умяшаньне ў нашы ўнутраныя справы, санкцыі ці іншыя абмежавальныя захады супраць Беларусі будуць мець адваротны эфэкт і будуць шкодныя абсалютна для ўсіх. Гэта мы ўжо праходзілі ў мінулым, — сказаў Макей. — Будучыня Рэспублікі Беларусь будзе вырашацца яе ўласным народам, як гэта неаднаразова было даказана ў гісторыі нашай краіны. Вырашацца не на барыкадах, а шляхам цывілізаванага дыялёгу, у тым ліку ў рамках працэсу канстытуцыйнай рэформы, ужо распачатай у краіне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міністэрства закрыта, усе на фронце». Як беларускае МЗС засталося бяз працы

У сваім выступе ў агульнай дыскусіі на 75-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН Макей таксама закрануў пытаньне барацьбы з каранавіруснай пандэміяй. Ён заявіў, што падыход Беларусі да вырашэньня гэтай праблемы апраўдаў сябе.

Паводле Макея, у Беларусі выбралі сваю ўласную лінію змаганьня з каранавірусам. «Яна грунтавалася на двух элемэнтах: у аптымальнай меры захаваць жыцьцядзейнасьць дзяржавы, найперш яе эканомікі, і забясьпечыць максымальную абарону насельніцтва. Наш падыход, як паказала сытуацыя ў Беларусі, сябе апраўдаў. І сытуацыя сёньня ў сьвеце з распаўсюдам каранавіруснай інфэкцыі цалкам пацьвярджае гэта».