З аўтазакам і міліцыяй. У Горадні артысты «закрытага тэатру» сустрэліся з гледачамі на вуліцы

Гледачы сустрэліся з артыстамі тэатру

У цэнтры Горадні каля чатырохсот гледачоў (ня выключана, што і 451) прыйшлі на сустрэчу з артыстамі драматычнага тэатру ў дворык на вуліцы Кірава 26 верасьня. Прыехалі таксама аўтазак і міліцыя.

Што адбывалася за тыдзень перад гэтым?

  • 20 верасьня падчас акцыі пратэсту затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку і ягоную жонку артыстку Валянціну Харытонаву.
  • Іхнія калегі ў той час ня здолелі дайграць спэктакль.
  • 22 верасьня акторку Лізавету Мілінцэвіч, якая грала ў тым спэктаклі, звольнілі.
  • У той самы вечар на сустрэчу з акторамі прыяжджаў старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Каранік. Вечаровы спэктакль адмянілі.
  • 23 верасьня, у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, вечаровы спэктакль адмянілі без тлумачэньня прычынаў.
  • 24 верасьня выявілася, што на спэктаклі 25 і 26 верасьня раскупілі амаль усе білеты ўпершыню за паўгода ад пачатку эпідэміі каранавірусу. Дагэтуль артысты гралі амаль пры пустой залі.
  • 25 верасьня дырэктар драмтэатру Ігар Гедзіч адмяніў усе спэктаклі, нягледзячы на аншляг. Цяпер акторы ходзяць толькі на рэпэтыцыі. Актора Ігара Ўланава дырэктар прыгразіў звольніць. Чатырох актораў — Сяргея Курыленку, Валянціну Харытонаву, Васіля Мініча, Натальлю Лявонаву — пазбавіў усіх прэмій і даплат за месяц.

Першымі прыехалі міліцыянты, за імі аўтазак

Артысты, якіх пазбавілі магчымасьці выступаць у тэатры, вырашылі спаткацца з гледачамі ў дворыку на вуліцы Кірава. Падкрэсьлілі, што гэта не спэктакль, а творчая сустрэча. Дырэктар тэатру папярэдзіў іх, што сустрэча будзе расцэненая як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Аўтазак

Артысты былі гатовыя да затрыманьняў і адседак. Напярэдадні яны нагадвалі адзін аднаму ўзяць цёплае адзеньне — бо калі пакінуць у ізалятары, то суд толькі ў панядзелак.

Your browser doesn’t support HTML5

Горадня. Аплядысмэнты артыстам драмтэатру ў дворыку

Першымі на сустрэчу з мастацтвам, за 2 гадзіны да пачатку, прыехалі міліцыянты на «буханцы». Потым падцягнуўся аўтазак і мікрааўтобусы з танаванымі вокнамі. Гарадзенцы ішлі з кветкамі.

«Відаць, вы туды ж, куды і я», — усьміхаліся яны адзін адному ў квяцярні, калі выбіралі белыя і чырвоныя колеры.

«А куды вы такія прыгожыя ідзяце? Вы ведаеце, што там будуць усіх разганяць?» — пыталіся ў жанчын з кветкамі сілавікі зь міліцэйскіх машын па дарозе на мерапрыемства.

Многія гледачы прыйшлі з кветкамі

«Гэтае мерапрыемства несанкцыянаванае», — паўтаралі міліцыянты каля пляцоўкі праз мэгафон.

«А ў краму я магу тут прайсьці?» — маладая жанчына зь дзіцем падышла наўпрост да сілавікоў і пачала абураную гутарку. — «Можна пад вашую адказнасьць», — урэшце яна абвясьціла адказ для ўсіх.

Гледачы запоўнілі дворык, а таксама сходы і тэрасы офіснага будынку. Артысты папрасілі іх не рабіць з сустрэчы палітычнай падзеі, не выгукваць лёзунгаў, не даставаць сьцягоў. Іх пачулі.

«Дзядзьку арыштавалі за тое, што ён ішоў пешкі па бульвары?»

На сустрэчы цытавалі фрагмэнты спэктакля паводле раману Рэя Брэдбэры «451° па Фарэнгейту». Вырашылі, што ён актуальны для сёньняшніх падзеяў.

Рэжысэр спэктакля «451° па Фарэнгейту» Генадзь Мушпэрт

Актор Ігар Уланаў, якога звальняюць з драмтэатру

Акторка Тацяна Вілімовіч

Заслужаная артыстка Беларусі Людміла Волкава ў ролі бабулі, якая спаліла сябе разам з кнігамі

Заслужаны артыст Беларусі Аляксандар Шаўкаплясаў

451 градус — тэмпэратура, пры якой гарыць папера. Галоўны герой — «пажарны», які ня тушыць пажары, а спальвае кнігі разам з домам, дзе іх знайшлі. Мець дома кнігі — злачынства. Грамадзтва, апісанае ў творы, прывыкла спажываць і адвыкла думаць. Словы галоўнага героя Гая прамаўляў Ігар Уланаў, якога ўжо амаль звольнілі з тэатру, забараніўшы ўжо прыходзіць на рэпэтыцыі.

«А вы чытаеце кнігі, якія паліце?», — запыталася ў «пажарнага» ягоная суседка Клярыса.

«Гэта караецца па законе», — адказаў Гай, чым выклікаў аплядысмэнты.

«Цяпер гэта рэдкасьць — хадзіць пешкі. Я не казала, што дзядзьку арыштавалі за тое, што ён ішоў пешкі па бульвары?» — працягнула гутарку дзяўчына.

Гледачы засьмяяліся і запляскалі.

«Як пра сёньня кажуць», — перагаворваліся яны.

Падчас сустрэчы

«Вось Калагрыў. Я яго ведаю, ён шмат дзе грае», — шапталі ціха дзяўчаты паміж сабой, убачыўшы знаёмага актора.

«Ня хочаш нашкодзіць свайму здароўю, не пытайся, навошта і чаму», «Усім парадкам надакучыла, што няма парадку», — працягвалі цытаваць акторы.

У некаторыя моманты вочы артыстаў поўніліся сьлязьмі, яны ледзь стрымліваліся, каб не заплакаць. Плакалі гледачы.

«Я цяпер ноччу зразумеў: трэба было паліць самых „пажарных“», — зрабіў выснову Гай, які пачаў употай цікавіцца кнігамі.

Your browser doesn’t support HTML5

Горадня. Артысты дзякуюць і ім дзякуюць

«Ніхто ня верыў, што дажыве да перамен»

На некаторыя выказваньні сабраныя рэагавалі асабліва бурна і адзінагалосна.

«Ніхто ня верыў, што дажыве да перамен», — зачытаў радок з Брэдбэры актор. — «Брава!» — закрычалі гледачы.

Падобная рэакцыя была на словы: «Нам ніколі не аказвалі гэткага гонару і ня ладзілі пышнай пагоні... Вось убачыце, ня пройдзе і 15 хвілін...» Гледачы засьмяяліся. «Аўтазак яшчэ стаіць?» — ціха перапыталі зь першых шэрагаў.

«У нас усё. Трэба бегчы на рэпэтыцыю», — пажартавалі артысты.

Сустрэча доўжылася крыху больш за гадзіну.

Кветкі і воплескі для артыстаў

Артыстаў праводзілі ў тэатар

Пад драмтэатар іх праводзілі сотні гарадзенцаў. Аўтобусы без азнакаў суправаджалі шэсьце і прыпаркаваліся за тэатрам. Нікога не затрымалі.

Your browser doesn’t support HTML5

Горадня. Артыстаў праводзяць па горадзе

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.