На жаночым маршы ў Менску затрымалі цэлы кавэр-гурт. ВІДЭА 

У падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа затрымалі вулічных музыкаў.

Калі туды спусьціліся ўдзельніцы жаночай акцыі, яны зайгралі песьню Віктара Цоя «Перемен». Пасьля гэтага праваахоўнікі запатрабавалі, каб яны разам з інструмэнтамі падняліся на паверхню для «высьвятленьня асобаў».

Праваабаронцам «Вясны» пазьней паведамілі, што гэта квартэт удзельнікаў кавэр-гурту Best sound band: дзяўчына са скрыпкай і тры хлопцы — гітара, баян і бубен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманых пасьля вулічнага канцэрту рок-музыкаў Памідорава і Наважылава зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна 

Гэта ня першыя музыкі, якія пацярпелі ад сілавікоў апошнімі днямі. На 8 сутак асуджаныя выканаўца Аляксандар Памідораў і лідэр мэтал-калектыву Gods Tower Уладзіслаў Наважылаў. Таксама затрымлівалі фронтмэна культавага трэш-гурту «Тарнада» Андрэя «Ангуса» Піпко.

Агулам ужо вядома пра 30 затрыманых падчас маршу 26 верасьня. Тыдзень таму гэтая колькасьць перавысіла 400.