Затрымалі жыхара райцэнтру Аляксандра Будая, у якога правялі вобшук па крымінальнай справе за паклёп на мясцовых міліцыянтаў.
Пра гэта Свабодзе расказала яго жонка, перакладчыца-фрылансэр Вольга Будай.
Вобшук на кватэры, які працягваўся ўчора ўвечары каля дзьвюх гадзін, правялі трое супрацоўнікаў міліцыі, потым прыехалі яшчэ трое.
«Пачалі ператрасаць кожную дробязь, уключна зь бялізнай дзіцяці. Забралі тэхніку, нічога больш не знайшлі. Забралі мой працоўны ноўтбук, сыстэмны блёк, друкарку, усе флэшкі і дыскі, нават зь дзіцячага садка», — кажа Вольга.
Сёньня раніцай у РАУС прынялі перадачу для мужа. У Смаргонскім райаддзеле Сьледчага камітэту сказалі, што Аляксандра Будая затрымалі на 72 гадзіны па справе, пачатай па крымінальным 188-м артыкуле, які прадугледжвае адказнасьць за паклёп.
«Яны абвінавачваюць у тым, што мы друкавалі і распаўсюджвалі ўлёткі. Там нібыта была інфармацыя пра мясцовых міліцыянтаў, якія выступалі на судах супраць актывістаў нашага гораду. Міліцыянты ініцывалі гэтую справу, у рамках якой затрымалі некалькі чалавек», — кажа Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўны рэдактар «Нашай нівы» ў ізалятары, яго падазраюць у паклёпе на намесьніка кіраўніка МУСУ Сьледчым камітэце Вользе сказалі — маўляў, працэс будзе доўгі і яе таксама выклічуць на допыт.
«Што да гэтай справы, то гэта адназначна паклёп з боку міліцыі, — кажа перакладчыца. — Мы з мужам ніколі не хавалі сваю грамадзянскую пазыцыю. Калі 11 жніўня затрымалі мужа, я на наступны дзень зладзіла ланцуг салідарнасьці ў Смаргонях, і гэта пайшло далей.
16 жніўня, калі быў „Шлях Свабоды“, у нас выйшла каля 3 тысяч чалавек, у Смаргонях раней такога ніколі не было. Я заўсёды была ў цэнтры ўвагі міліцыі, таму гэта зусім ня дзіўна, што міліцыянт Ткачоў, пра якога таксама была такая ўлётка, а ён у нас самы такі „борзы“, што ён гэта ўсё ініцыяваў. Але цынізм, зь якім яны гэта робяць, і на вачах дзяцей і суседзяў, сумленных простых жанчын, — гэта насамрэч крыўдна і сорамна», — кажа Вольга.
Вольга расказала, што Аляксандар ужо адседзеў трое сутак за ўдзел у пратэстах, яму і ёй таксама прысуджалі штрафы. Цяпер Аляксандра затрымалі другі раз.