Уладзя Грыдзіна і Аляксандра Васюковіча разам зь іхным сябрам Ягорам затрымалі ўвечары 13 верасьня, пасьля чарговага нядзельнага маршу, на якім журналісты працавалі. Іх забралі з бара «1067» каля Раманаўскай Слабады.
«Ім было ўсё адно, што мы журналісты»
«АМАП у чорнай форме зайшоў у бар, заламалі нам рукі. Мы сказалі, што журналісты, паказалі пасьведчаньні, але ім было ўсё адно. Далі скласьці тэхніку. Там было і некалькі чалавек у цывільным», — прыгадвае Аляксандар Васюковіч.
Журналістаў адвезьлі ў Фрунзенскі РУУС, дзе фатографа Ўладзя Грыдзіна нагой ударыў у жывот супрацоўнік у цывільным.
«Адзін чалавек там сварыўся, пазабіраў флэшкі, ударыў нагой у жывот мяне і Ягора. Ён неакуратна сябе паводзіў з тэхнікай. Я проста ня змог зь першага разу адключыць тэлефон», — кажа Ўладзь Грыдзін.
Супраць Уладзя Грыдзіна сьведчыў чалавек у балаклаве, справу сьпярша накіравалі на дапрацоўку, але пасьля ўсё ж прысудзілі 11 сутак. Такі ж вырак чакаў і Аляксандра Васюковіча. Іхнаму сябру Ягору далі штраф.
«Людзі, якія сьведчаць, — гэта ня тыя, хто затрымліваў нас. Яны выступаюць пад несапраўднымі імёнамі, прыкрываюць твар балаклавай, а пагоны — накладкай нейкай», — прыгадвае Ўладзь Грыдзін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фотакарэспандэнтам Васюковічу і Грыдзіну прысудзілі па 11 сутак арышту за несанкцыянаваную акцыю
«Спаць нязручна, ежа — больш-менш»
Журналістаў на Акрэсьціна кармілі тры разы на дзень. Уладзь Грыдзін кажа, што былі супы, кашы.
«У камэры былі розныя людзі, былі пратэстоўцы, быў чалавек, які езьдзіў без правоў. У камэры то халодна, то сьпякотна, то цяжка дыхаць. Выспацца цяжка, можна паўночы ляжаць. Кожны дзень былі нейкія рыбныя катлеты», — расказвае Грыдзін.
Найбольш ён шкадуе, што не было з сабой камэры, каб зьняць партрэты зьняволеных. Тое самае кажа і Аляксандар Васюковіч. Разам зь ім у камэры былі людзі «ад студэнта да стваральніка ІТ-кампаніі».
«Са мной былі ў асноўным пратэстоўцы. Пастаянна некага прыводзілі, а я заставаўся ў адной камэры. Ложкаў у камэры было па колькасьці. Калі б быў фотаапарат, можна было б здымаць вельмі прыгожыя партрэты. На прагулку нас выводзілі за 11 дзён чатыры ці пяць разоў. Курыць даюць толькі на прагулках», — прыгадвае Аляксандар Васюковіч.
Бавіць час на Акрэсьціна дапамагалі размовы і кнігі. Перадачкі даходзілі, па словах Аляксандра, нармальна, але не дайшлі паштоўкі.
«Увесь час спаць ты ня можаш, там правяраюць, каб удзень ты ня спаў. Стала лягчэй, калі прынесьлі кнігі. Размаўлялі з сукамэрнікамі», — кажа Аляксандар Васюковіч.
«Асноўная мэта — запужаць»
Чаму журналістаў затрымалі ў бары, калі акцыя ўжо скончылася, — не зразумела. Паводле Аляксандра Васюковіча, «асноўная мэта сілавікоў і ўлады цяпер — запужаць». На думку Ўладзя Грыдзіна, «маглі высачыць і падумаць, што пратэстоўцы».
«Яны не чакалі, што ў нас будзе тэхніка, што мы журналісты. Нібыта перад затрыманьнем нехта зазірнуў у бар. Я паказваў пасьведчаньне, але ім было ўсё роўна. Нам нічога не казалі, нават не намякалі, за што», — кажа Ўладзь Грыдзін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 яскравых фатаздымкаў Уладзя Грыдзіна, якога арыштавалі на 11 сутак за «несанкцыяваную акцыю»Уладзь Грыдзін і Аляксандар Васюковіч — вядомыя фатографы, на акцыі яны працавалі як журналісты, рабілі здымкі. Пры сабе мелі службовыя пасьведчаньні. У бары «1067» іх затрымалі празь некалькі гадзін пасьля таго, як акцыя ўжо скончылася.
24 верасьня перад Акрэсьціна затрымалі двух журналістаў «Белсату» — Дзяніса Ганчарэнку і Аляксандра Любенчука. Іх пакаралі 12 суткамі арышту і штрафам у 510 рублёў.