Уладзімір Пуцін прапанаваў Злучаным Штатам «абмяняцца гарантыямі неўмяшаньня ва ўнутраныя справы адно аднаго, уключаючы выбарчыя працэсы». Заява пра гэта апублікаваная ў пятніцу на сайце Крамля. Яна не прымеркаваная да нейкіх пэўных падзеяў.
У цэнтры заявы расейскага прэзыдэнта — прапанова распрацаваць «комплексную праграму мер аднаўленьня расейска-амэрыканскага супрацоўніцтва ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бясьпекі». У дакумэнце гаворыцца пра неабходнасьць «перазагрузкі» адносін Расеі і ЗША ў сфэры выкарыстаньня інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій.
Прапануецца, у прыватнасьці, забясьпечыць працу каналаў сувязі паміж Масквой і Вашынгтонам «па лініі цэнтраў для зьмяншэньня ядзернай небясьпекі, груп апэратыўнага рэагаваньня на кампутарныя інцыдэнты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: Расея мае супэрзброю. Трамп: расейцы скралі яе ў ЗША
Прапануецца таксама заключыць двухбаковае міжурадавае пагадненьне аб прадухіленьні інцыдэнтаў у інфармацыйнай прасторы.
Пра гарантыі неўмяшаньня ў выбары гаворыцца, што яны павінны быць дадзеныя «ва ўзаемапрымальнай форме» і закранаць сфэру інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій. Таксама Пуцін прапануе заключыць глябальную дамоўленасьць аб ненанясеньні першымі ўдару з выкарыстаньнем кампутарных тэхналёгій.
Рэакцыі амэрыканскага боку на заявы Крамля пакуль не было.
- Злучаныя Штаты неаднаразова абвінавачвалі Расею ў падрыўных дзеяньнях у сфэры інфармацыйных кампутарных тэхналёгій — ад маштабных кібэратак на інфраструктуру іншых краін (у прыватнасьці, Украіны і Грузіі, але і саміх ЗША) і міжнародных арганізацый і хакерскіх нападах (у тым ліку на сэрвэры Дэмакратычнай партыі ў 2016 годзе — адзін з галоўных эпізодаў расейскага ўмяшаньня ў выбары ў ЗША) да дзейнасьці так званых «фабрык троляў», разьмяшчэньня «фэйкавых навінаў» у інтэрнэце, выкарыстаньня сацсетак для ўмяшаньня ў выбары і іншыя палітычныя працэсы ў замежных краінах.
- У датычнасьці да кібэратак абвінавачваюцца, у прыватнасьці, супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў, асабліва Галоўнае ўпраўленьне Генштабу (ГРУ), а таксама так званае Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў, зьвязанае з блізкім да Крамля прадпрымальнікам Яўгенам Прыгожыным.
- Менавіта дзейнасьць расейскіх структур у сфэры інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій — галоўны пункт абвінавачаньняў на адрас Расеі ва ўмяшаньні ў выбары ў ЗША.
- Крэмль адмаўляе ўсе абвінавачаньні.