25 верасьня Міністэрства замежных спраў Латвіі, па ўзгадненьні з МЗС Літвы і Эстоніі, апублікавала пашыраны санкцыйны сьпіс па Беларусі, куды ўвайшоў 101 чалавек. Свой сьпіс апублікавала і МЗС Эстоніі, там 98 новых прозьвішчаў (агулам 128). Літва, як і Эстонія, унесла ў сьпіс 98 службовых асобаў, пацьвердзіла BNS Міністэрства замежных спраў Літвы.
У санкцыйным сьпісе — прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфармацыі, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, Генэральнай пракуратуры, Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, Цэнтральнай і Менскай выбарчых камісій, абласных і гарадзкіх выканаўчых камітэтаў, дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё і інш.
У прыватнасьці, у сьпісах ёсьць прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак, старшыня Канстытуцыйнага суду Пётар Міклашэвіч, кіраўнік Менскай вобласьці Аляксандар Турчын, камандзір АМАПу ГУУС Менгарвыканкаму Дзьмітры Балаба, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Максім Рыжанкоў, генпракурор Андрэй Швед, кіраўнік Магілёўскай вобласьці Леанід Заяц і іншыя.
Санкцыйныя сьпісы Латвіі і Эстоніі пераклікаюцца.
«Беларускія ўлады не зьмянілі сваіх адносінаў да мірных пратэстаў. Працягваецца дыскрэдытацыя дэманстрацый, непрапарцыйна ўжываецца сіла, узмацняецца блякаваньне сайтаў незалежных СМІ, распачатыя крымінальныя справы, канфіскуюцца носьбіты інфармацыі», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Латвіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэйм Літвы заклікаў урад пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіну31 жніўня Літва, Латвія і Эстонія ўвялі забарону на ўезд на свае тэрыторыі для 30 беларускіх службовых асобаў.
У санкцыйны сьпіс, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, уключаныя сярод іншых: памочнік прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Віктар Лукашэнка, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Сергеенка і яго намесьнікі Максім Рыжанкоў, Вольга Чупрыс і Дзьмітры Круты, намесьнік кіраўніка спраў прэзыдэнта Генадзь Богдан, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і чальцы ЦВК Вадзім Іпатаў, Алена Дмухайла, Сьвятлана Кацуба, Ігар Плышэўскі, Алег Сьліжэўскі, Ірына Цалікавец, кіраўнік КДБ Валеры Вакульчык (3 верасьня прызначаны дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі), кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль (3 верасьня прызначаны кіраўніком КДБ), старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.
24 верасьня Латвія, Літва і Эстонія заявілі, што бліжэйшым часам пашыраць сьпіс неўязных чыноўнікаў зь Беларусі да 100 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія, Літва і Эстонія пашыраць сьпіс неўязных чыноўнікаў зь Беларусі да 100 чалавек