Нядаўна ў Горадні на акцыі пратэсту затрымалі цяжарную, але намесьніка прэм’ера Ігара Петрышэнку хвалюе не беспадстаўная жорсткасьць сілавікоў, а тое, што жанчыны самі абіраюць, як распараджацца часам у дэкрэтным адпачынку.
«Дзяржава дае аплачаны дэкрэтны адпачынак не для таго, каб будучыя мамы наведвалі падобныя мерапрыемствы, а каб яны маглі клапаціцца пра сваё здароўе і здароўе сваіх дзяцей, займацца іх выхаваньнем і разьвіцьцём», — заявіў Петрышэнка. Таксама ён сказаў, што дзяржава будзе кантраляваць, каб жанчыны не выкарыстоўвалі дэкрэтныя выплаты для аплаты штрафаў, а выдаткоўвалі іх менавіта на ўтрыманьне дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дэкрэтны адпачынак ня дзеля таго, каб будучыя мамы наведвалі акцыі», — віцэ-прэм’ерЯ нават не хачу паглябляцца ў тэхнічныя дэталі і высоўваць гіпотэзы, як дзяржава будзе кантраляваць, на што ідуць грошы. Але рыторыка Петрышэнкі да болю нагадвае клясычнае мысьленьне былога мужа-агрэсара, які ўдзельнічае ў жыцьці свайго дзіцяці толькі мізэрнымі алімэнтамі і пры гэтым упэўнены, што былая жонка за ягоныя 40 даляраў на месяц возіць каханкаў на Мальдывы. А ён, альфа-самец, мае поўнае права патрабаваць справаздачу за кожную капейку, а ў ідэале і ўвогуле загадзя вырашаць, як жанчына будзе траціць алімэнты.
Раз за разам дзяржаўныя службоўцы паводзяць сябе з намі так, быццам мы ўсе разам — дысфункцыянальная сям’я, у якой яны — агрэсары, а мы — ахвяры. Прыкрываючыся нібыта добрымі намерамі, яны кантралююць кожны наш крок і паводзяцца так, быццам мы ня ў стане самастойна вырашаць, што лепш для нас саміх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сацыяльна небясьпечнае становішча ў галовах чыноўнікаў». Ці могуць забраць дзяцей у пратэстоўцаўДзяржава заяўляе сваё мітычнае права распараджацца целамі цяжарных жанчын, быццам мы жывём у сапраўднай антыўтопіі, дзе жанчыны — гэта жывыя інкубатары, якія існуюць толькі дзеля таго, каб стварыць больш рабоў для тырана. І служкі тырана дыктуюць жанчынам, куды хадзіць, як апранацца, што есьці, на што глядзець і пра што думаць.
Такое пазбаўленьне суб’ектнасьці выглядае яшчэ больш абсурдна ў нашай сытуацыі, дзе жанчыны сталі асобнай і вельмі асаблівай сілай пратэсту. Дзяржава быццам спрабуе з апошніх сіл учапіцца за нормы старога сьвету, дзе татальны кантроль над жанчынамі лічыўся цалкам натуральнай зьявай. Але гэтак жа сама, як і ў іншых пытаньнях, яна тут безнадзейна адстала ад рэалій сьвету.
Немагчыма сур’ёзна ўспрымаць прэтэнзіі, нібыта цяжарныя жанчыны не павінны хадзіць на мітынгі і шэсьці, калі ў гэтых жанчын няма аніякага іншага спосабу выказаць сваю пазыцыю. Нельга спасылацца на няпісаныя правілы зь мінулага, калі цалкам афіцыйныя цяперашнія законы не працуюць. Нельга апраўдваць сваю жорсткасьць у дачыненьні да маці быццам бы клопатам пра яе дзіця, калі менавіта дзяржаўная жорсткасьць ставіць пад пагрозу дзіцячую будучыню ва ўсіх сэнсах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як чыноўнікі ходзяць па дзіцячых галовахПетрышэнка пераймаецца, што жанчыны расходуюць дэкрэтныя выплаты на аплату штрафаў, але не задаецца пытаньнем, наколькі правамерныя гэтыя штрафы і як дзяржава ў гэты час распараджаецца падаткамі. Калі нашыя грошы ідуць на аплату нашых жа катаваньняў, існая дзяржаўная сыстэма раз і назаўсёды губляе права на любыя фінансавыя прэтэнзіі да нас.
Увогуле, намесьніку прэм’ера лепш было б проста маўчаць, але калі ўжо яму так карцела выказацца адносна сытуацыі, дарэчнымі былі б толькі словы выбачэньня перад затрыманай і справаздача перад усім народам, якія захады робяцца ў сілавых структурах, каб такое больш ніколі не паўтарылася.
Але ён пайшоў па звыклай сьцежцы — перакінуў адказнасьць з агрэсара на ахвяру. Мы гэта бачылі ня раз, мы і гэты закід перажывем. Але хай не спадзяецца, што мы хоць нешта забудзем і хоць нешта прабачым.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.