Затрымалі гісторыка Андрэя Мацука, аднаго з найлепшых спэцыялістаў у гісторыі ВКЛ 

Экспанаты музэю ў Радуні, прысьвечаныя ВКЛ

У Менску затрымалі Андрэя Мацука — кандыдата гістарычных навук, аднаго з найлепшых спэцыялістаў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага XVIII стагодзьдзя.

Як расказала Свабодзе ягоная жонка Алеся, Андрэя разам зь сябрам затрымалі напярэдадні ўвечары недалёка ад дома, у мікрараёне Грушаўцы. Спачатку даставілі ў Маскоўскае РУУС Менску, а раніцай ёй пацьвердзілі, што муж знаходзіцца ў турме на Акрэсьціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі адвакатку Марыі Калесьнікавай, яна ў ізалятары на Акрэсьціна

Пазьней адвакату ўдакладнілі, што абодва мужчыны абвінавачваюцца паводле артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу 23.24 («Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»). Мяркуецца, што 25 верасьня адбудзецца суд.

Андрэю Мацуку 41 год, ён кандыдат гістарычных навук. Скончыў гістфак Полацкага дзяржаўнага унівэрсытэту. У 2005-м абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Барацьба магнацкіх груповак на беларускіх землях ВКЛ за палітычнае вяршэнства (1717–1763 гг.)».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі актора Купалаўскага тэатру Андрэя Дробыша

Ад таго часу працуе ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, апошнія 10 гадоў — старшы навуковы супрацоўнік аддзелу гісторыі сярэдніх вякоў і пачатку новага часу Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. Аўтар больш за паўсотні навуковых працаў.