Пра гэта старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік расказаў падчас сустрэчы 22 верасьня з акторамі драматычнага тэатру. Запіс размовы трапіў у рэдакцыю Hrodna.life.
«Наш артыст быў пабіты 10 жніўня! <...> І адной крымінальнай справы не завялі!» — казалі акторы падчас сустрэчы.
«Я вам скажу, што завялі адну крымінальную справу», — адказаў на гэта Ўладзімер Каранік.
Пра дэталі справы ён не расказаў. Атрымаць камэнтар у прэс-службе УСК Горадзенскай вобласьці Hrodna.life не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы сабралі зьвесткі пра 250 крымінальных спраў супраць удзельнікаў выбараў і пратэстаўНа пачатак верасьня беларускія праваабаронцы зафіксавалі больш за 500 сьведчаньняў катаваньня мірных пратэстоўцаў сілавікамі. Дасюль не было вядома пра ніводзін выпадак завядзеньня крымінальнай справы на сілавікоў за зьбіцьцё мірных пратэстоўцаў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
У той жа час з пачатку кампаніі выбараў прэзыдэнта Беларусі 2020 году за чатыры з паловай месяцы ў Беларусі завялі больш за 250 крымінальных спраў супраць удзельніках прэзыдэнцкай гонкі, актывістаў іх штабоў, удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту пасьля выбарчай кампаніі.