Карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк падзяліўся зь беларускай Свабодай вынікамі сваіх размоваў з эўрапейскімі чыноўнікамі пра тое, як будуць разьвівацца дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам пасьля непрызнаньня апошнім легітымнасьці фактычнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле Рыкарда Юзьвяка, высокія чыноўнікі Эўразьвязу ня будуць наведваць Лукашэнку, і ён ня зможа прыехаць, напрыклад, на саміт Усходняга партнэрства, які мае адбыцца ў пачатку наступнага году.
На два папярэднія саміты Лукашэнку запрашалі, але ЭЗ заўсёды за кулісамі сачыў за тым, каб Лукашэнка ўсё роўна не зьяўляўся і замест яго прыяжджаў міністар замежных спраў. Цяпер запрашэньне яму нават не адправяць, яго будуць дасылаць, хутчэй за ўсё, міністру замежных спраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пётра Садоўскі: наступствы непрызнаньня Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам могуць быць вельмі сур’ёзныя
Але (і гэта вельмі важна) яны ўсё ж хочуць, каб канал зносін быў адкрыты на выпадак, калі Лукашэнка захоча пагаварыць. У гэтым сэнсе, кажа Рыкард Юзьвяк, можна правесьці паралелі з вэнэсуэльскім дыктатарам Мадура. ЭЗ не прызнае яго, але каналы сувязі заўсёды ёсьць, калі ён захоча кантакту.
Цяпер Эўразьвяз пачаў агляд таго, як зьмяніць свае адносіны з Беларусьсю. Па сутнасьці, гэта азначае, што яны вывучаюць, як перанакіраваць грошы ЭЗ, якія ідуць у Менск, ад дзяржаўных органаў да незалежных грамадзянскіх арганізацый. Але, наколькі разумее Рыкард Юзьвяк, у рэальнасьці гэта можа аказацца вельмі няпростай працэдурай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз заявіў, што не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі і чакае новых выбараў
Нарэшце, кажа Рыкард Юзьвяк, прыярытэты партнэрства, якія зьяўляліся дакумэнтам, які кадыфікуе палітычныя адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю, у агляднай будучыні будуць замарожаныя. Пры тым, што сёлета гэты дакумэнт ён быў амаль гатовы пасьля чатырох гадоў перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія краіны ўжо не прызналі Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам. Абнаўляецца