Бацька зьняволенай сябры прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай атрымаў ліст ад дачкі з жодзінскага сьледчага ізалятару.
На старонцы Марыі ў Facebook выкладзены здымак ліста, а таксама белай стужкі і бел-чырвона-белых сэрцайкаў, якія ёй удалося ўкласьці ў канвэрт.
«Ліст ішоў з Жодзіна ў Менск паўтара тыдня. Але галоўнае, дайшоў. Маша перадае ўсім прывітаньне, хвалюецца за нас і просіць не здавацца», — гаворыцца ў допісе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі гарадзкі суд пакінуў палітзьняволеных Марыю Калесьнікаву і Ільлю Салея пад вартайВось некалькі цытатаў зь ліста Марыі да бацькі Аляксандра Калесьнікава.
«Са мной усё ў парадку: умовы ніштаватыя, новыя сяброўкі выдатныя. Мы займаемся фітнэсам падчас прагулкі і шмат ямо...
Вельмі сумую па табе і Тані (сястра Марыі. — РС). Спадзяюся, што з камандай усё ў парадку. Усіх моцна абдымаю...
Не здавацца, толькі наперад! Тыя, хто мяне выкрадаў, неімаверна слабыя і ў гістэрыцы. Нават ня ўмеюць добра зрабіць сваю працу. У іх усюды бардак і хаос», — напісала Марыя Калесьнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта тая Маша, якую я ведаю ўсё жыцьцё». Размова зь сястрой Марыі Калесьнікавай7 верасьня група невядомых выкрала Марыю Калесьнікаву ў цэнтры Менску. У ноч на 8 верасьня стала вядома, што яна адмовілася зьяжджаць зь Беларусі, разарваўшы пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы. Празь дзень пасьля гэтага бацьку Марыі пазваніў сьледчы і паведаміў, што дачка знаходзіцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.
9 верасьня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што Калесьнікава арыштаваная ў справе аб закліках да захопу ўлады. Сама яна расцэньвае тое, што адбылося зь ёй, як выкраданьне.