Дачка зьніклага 21 год таму бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, дыетоляг і грамадзкая дзяячка Валерыя Красоўская — пра будучы суд над замоўнікамі і выканаўцамі злачынства, пра прызнаньні былога собраўца Гараўскага і пра тое, чаму лідэры апазыцыі і людзі на мірных пратэстах у Беларусі мала згадваюць пра справы зьніклых.
Глядзець размову цалкам на відэа
Асноўныя тэзісы Валерыі Красоўскай
Пра справы зьніклых, якіх амаль ня згадваюць падчас пратэстаў
Мірныя пратэсты адбываюцца кожны дзень, я бачу вельмі шмат крэатыўных плякатаў, постэраў, фатаздымкаў людзей, якіх катавалі за кратамі, якія загінулі. Але я амаль ня бачу партрэтаў Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага. Таксама я ня бачу згадак пра іх у СМІ. І я пакуль ніводнага слова не пачула ад Сьвятланы Ціханоўскай пра гвалтоўныя зьнікненьні ў Беларусі. Я не пачула ніводнага слова пра іх ад ніводнай асобы, якая адыгрывае больш-менш значную палітычную ролю ў апошніх падзеях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура адмовілася аднавіць справу зьніклага Красоўскага, не ўлічыла прызнаньні спэцназаўца ГараўскагаВялікая частка пратэстоўцаў — маладыя людзі, якія ня памятаюць ці ня ведаюць пра справы зьніклых. Лукашэнка фізычна ліквідаваў сваіх палітычных апанэнтаў. Калі кожны раз мы будзем забываць імёны тых, хто знайшоў у сабе моц супрацьстаяць, хто аддаў сваё жыцьцё, здароўе, кар’еру дзеля нас усіх, нічога ня зьменіцца ў Беларусі. Калі мы будзем забываць імёны нашых герояў, то сьветлай будучыні ў нас быць ня можа. І гісторыя будзе паўтарацца кожны раз.
Пра прызнаньні Гараўскага
Ён расказвае тое, што мы ўжо ведалі ў агульных рысах, што мой тата і Віктар Ганчар былі выкрадзеныя і забітыя ў тую ж ноч. Але ён дадае некалькі дэталяў, якія павінны быць правераныя незалежнымі сьледчымі. Я не хацела б асабіста гаварыць з Гараўскім, як гэта зрабіла Алена Захаранка, але я хацела б, каб ён і ўсе астатнія, хто датычны да гвалтоўных зьнікненьняў, далі паказаньні ў кантэксьце незалежнага расьсьледаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Гараўскі праходзіў праз «дэтэктар хлусьні» дачкі Захаранкі. Невядомыя дэталі 2-гадзіннай сустрэчы ў Цюрыху
Пра 21 год бяз бацькі
Першыя 10 гадоў пасьля зьнікненьня бацькі былі цяжкімі. Я жыла ў цемры. І толькі праз 10 гадоў я зразумела, што я знаходжуся ў пазыцыі ахвяры, і калі я зь яе ня выйду, то ніякага зруху ня будзе. Мне вельмі шкада, што 10 гадоў маёй маладосьці былі вельмі цяжкімі. З другога боку, я рада, што гэтая трансфармацыя са мной адбывалася. На дадзены момант маё жыцьцё вельмі добра ўладкаванае — у мяне цудоўны муж, маленькая дачка, бясконцая крыніца шчасьця. У мяне ёсьць любімая праца, я здаровая. Я ўсё маю, чаго магу пажадаць, усё добра ў маім жыцьці, акрамя таго, што ня ведаю, што адбылося з маім бацькам. Я маю не атручаныя болем моманты шчасьця.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Назвала дачку Стэла Анатолія». Як жывуць сем’і Віктара Ганчара і Анатоля КрасоўскагаБоль застаецца, я навучылася зь ім жыць. У маім жыцьці вельмі шмат сьветлых імгненьняў. Застаецца пачуцьцё несправядлівасьці, і, самае страшнае, — пачуцьцё невядомасьці. Мы ведаем прыкладна, што адбылося з маім бацькам, мы ведаем, што ён быў забіты, але мы ня ведаем, дзе ягонае цела. Мы ня можам яго пахаваць, ня можам зь ім разьвітацца. Гэтая немагчымасьць паставіць кропку не дае рухацца далей у жыцьці.
Пра чатыры дрэвы ў галяндзкім Эйндговэне
У Эйндговэне я бываю штогод 16 верасьня, часам часьцей. У Анатоля Красоўскага няма магілы, няма месца спачыну, і для мяне чатыры пасаджаныя дрэвы і адно зь іх, якое сымбалізуе майго бацьку, — гэта месца, дзе ён знайшоў спачын для мяне. Я вельмі ўдзячная, што 16 верасьня я больш не адна. Гэта самы цяжкі дзень у маім жыцьці. І прысутнасьць іншых неабыякавых людзей робіць гэты дзень крыху менш цяжкім. З 2008 году, калі мы пачалі цырымонію памяці ў Эйндговэне, у гэты дзень мяне атачаюць неабыякавыя людзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валерыя Красоўская пра жывы манумэнт бацьку, скварку як табу і тры парады на восень
Пра судовы разгляд справаў зьніклых
На жаль, Беларусь з моманту Другой сусьветнай вайны не падпісала ніводнай міжнароднай дамовы, якая б зрабіла магчымым прывесьці яе як краіну да адказнасьці. Увогуле ніякіх міжнародных мэханізмаў няма. Адзіны мэханізм — камітэт па правах чалавека ААН, куды мы з маці зьвярнуліся з дапамогай галяндзкай адвакацкай канторы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклыхСправу бацькі разглядалі на працягу 4 гадоў, і ў 2012 годзе было рашэньне, якое пацьвердзіла, што мы зьяўляемся ахвярамі, што Беларусь павінна правесьці незалежнае расьсьледаваньне, выдаць кампэнсацыю пацярпелым і гэтак далей. Але Беларусь, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, ня выканала ніводнай рэкамэндацыі Камітэту па правах чалавека ААН. Але гэта важнае рашэньне, бо гэта адзіны міжнародны інстытут, да якога мы можам зьвярнуцца на міжнародным узроўні. І калі ўлада памяняецца, новая ўлада, спадзяюся, выканае рашэньне гэтай установы.
Пра пакараньне для выканаўцаў і замоўнікаў
Думаю, што вінаватых будзе вельмі шмат. Вядомая рэзалюцыя ПАРЭ, прынятая у 2004 годзе, грунатвалася на расьсьледаваньні, якое выявіла чатырох падазраваных — Шэймана, Навумава, Паўлічэнку і Сівакова. Гэта вельмі важныя фігуры, але я думаю, што вінаватых будзе больш. Я думаю, што да таго часу сьмяротнага пакараньня ў Беларусі ня будзе, але, натуральна, застанецца пажыцьцёвае зьняволеньне, і замоўнікі і выканаўцы павінны быць асуджаныя да пажыцьцёвага зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як 20 гадоў таму зьніклі апанэнты Лукашэнкі. Узнаўляем падзеі. ВІДЭА