Міністар замежных спраў Літвы назваў інаўгурацыю Лукашэнкі фарсам

Лінас Лінкявічус

Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус назваў «фарсам» цырымонію інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая прайшла 23 верасьня ў Менску.

«Які фарс, — цытуе БелаПАН допіс Лінаса Лінкявічуса ў Твітэры. — Падробленыя выбары. Падробленая інаўгурацыя. Былы прэзыдэнт Беларусі не становіцца менш былым. Ягоная нелегітымнасьць — гэта факт з усімі наступствамі, якія вынікаюць адсюль», — дадаў міністар.

Крыху пазьней з заявай выступіў і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Літва не прызнае Аляксандра Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі, і арганізаваная ў Менску цырымонія інаўгурацыі гэтай сытуацыі ня зьменіць, заявіў Наўседа.

«Літва не прызнае Лукашэнку законным кіраўніком Беларусі. Выбары 9 жніўня ў Беларусі не былі свабоднымі, сумленнымі і дэмакратычнымі. Ні таемныя, ні пампэзныя цырымоніі не абвергнуць гэтага неаспрэчнага факту і ня створаць ілюзію легітымнасьці», — заявіў у сераду прэзідэнт Літвы. «Мы выказваемся за новыя дэмакратычныя выбары прэзыдэнта з удзелам міжнародных назіральнікаў», — адзначыў Наўседа, камэнтар якога перадаў агенцтву BNS прэс-сакратар Антанас Бубняліс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра палітычны крызіс у Беларусі: Эўропу чакаюць сотні тысяч уцекачоў

Цырымонія інаўгурацыі Лукашэнкі прайшла 23 верасьня ў Палацы Незалежнасьці ва ўмовах строгай сакрэтнасьці. Пра яе стала вядома з паведамленьня агенцтва БелТА, якое пазьней прадублявала прэс-служба Лукашэнкі.

«На цырымонію інаўгурацыі запрошана некалькі соцень чалавек, — гаварылася ў паведамленьні. — У іх ліку найвышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чальцы Савету Рэспублікі, кіраўнікі дзяржаўных органаў, мясцовых выканаўчых органаў, рэспубліканскіх СМІ, дзеячы навукі, культуры і спорту».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка: «Ад сёньня Лукашэнка больш не прэзыдэнт Беларусі, заклікаем пачаць акцыю непадпарадкаваньня»

Ад прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня ў Беларусі не спыняюцца масавыя пратэсты грамадзян, якія не прызнаюць афіцыйных вынікаў галасаваньня. Згодна са зьвесткамі ЦВК, за Лукашэнку прагаласавала 80,1% выбарнікаў, яўка склала 84,28%.