У Магілёве шпіталізавалі актывіста, які ў ізалятары трымаў галадоўку

Валадар Цурпанаў, архіўнае фота

У Магілёве пасьля 10 дзён сухой галадоўкі шпіталізаваны адзін зь лідэраў акцыяў пратэсту супраць вынікаў выбараў Валадар Цурпанаў. Яго асудзілі на 28 сутак адміністрацыйнага арышту. У мясцовы ізалятар адправілі 1 верасьня. На волю ён меўся выйсьці 29 верасьня.

Пра шпіталізацыю ў мясцовую бальніцу хуткай дапамогі актывіст паведаміў праз тэлефон жонцы. Сказаў, што ён у лякарні з ахоўнікамі ізалятара. Жанчына кажа, што ў мужа «трансфармаваўся» голас і яна яго ледзьве пазнала.

Ад самога Валадара Цурпанава Свабода даведалася, што, трапіўшы ў бальніцу, ён спыніў галадоўку. У яго паднялася тэмпэратура, і ён непакоіцца, каб гэта не была каранавірусная інфэкцыя. Пачуваецца ён кепска. Адзначае, што арганізм дужа абязводжаны.

Пазьней, як стала вядома Свабодзе, экспрэс-тэст антыцелаў да каранавірусу ў актывіста ня выявіў. Не дыягнаставалі ў яго і пнэўманію. Класьці Валадара зьбіраюцца ў асобную палату. Выглядае ён схуднелым і змораным. Міліцыя прывезла яго з мноствам пакетаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Магілёве асуджаны за пратэсты актывіст абвясьціў галадоўку ў зьняволеньні

Галадаваць Валадар Цурпанаў пачаў 12 верасьня. Як дазналася са сваіх крыніц жонка, ён абвясьціў галадоўку, калі яго завялі да псыхіятра. Начальнік ізалятара Сяргей Каралёў у тэлефоннай гутарцы заявіў жанчыне, што галадаваньнем муж пратэстуе супраць абвінаваўчага прысуду.

Цурпанава затрымалі 1 верасьня на ўрачыстай лінейцы ў 43 магілёўскай школе. Ён прыйшоў туды, каб заклікаць пэдагогаў, якія працавалі ва ўчастковых камісіях, пакаяцца за фальсыфікацыю выбараў. Асудзілі Валадара Цурпанава на 20 сутак за непадпарадкаваньне міліцыі, а потым у ізалятары дадалі яшчэ 8 сутак за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце на плошчы Леніна ў Магілёве.

У 1997 годзе Валадар Цурпанаў ужо галадаў у ізалятары 10 сутак. З галадоўкі выходзіў у лякарні.