Украінскае выданьне «Заборона» сьцьвярджае, што ў распараджэньне рэдакцыі трапіла новая інфармацыя пра абставіны забойства журналіста Паўла Шарамета ў Кіеве ў 2016 годзе.
Выданьне вылучае ўласную вэрсію гэтага злачынства, якая адрозьніваецца ад высноваў, да якіх раней прыйшло сьледзтва.
Журналісты «Забороны» сьцьвярджаюць, што забойства Шарамета «з высокай верагоднасьцю» было зьвязана са справай «алігарха-ўцекача» Аляксандра Кліменкі — былога міністра ва ўрадзе Віктара Януковіча, які пакінуў Украіну пасьля Майдану ў 2014 годзе.
Аўтары расьсьледаваньня сьцьвярджаюць, што ў іх распараджэньне трапіў дакумэнт аб тым, што ў жніўні 2016 году, неўзабаве пасьля гібелі Шарамета, у паліцыю зьвярнулася грамадзянка Марына Мацюк з заявай аб тым, што яе знаёмы Максім Зотаў асабіста прызнаўся ёй у забойстве журналіста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра забойства Шарамета: «Гэтае злачынства — ганьба для Ўкраіны»
Зотаў — ураджэнец Данецку, як сьцьвярджаецца, цесна зьвязаны з Аляксандрам Кліменкам. Кліменка быў нефармальным уладальнікам «Радыё Весьці», дзе працаваў Павал Шарамет. Як сьцьвярджае «Заборона», журналіст за месяц да гібелі сустракаўся з Кліменкам у Маскве, і той прасіў Шарамета прыдумаць плян вяртаньня Кліменкі на тэрыторыю Ўкраіны. Калегі Шарамета ўспамінаюць, што пасьля гэтай сустрэчы журналіст быў засмучаны і занепакоены.
«Павал Шарамет знаходзіўся на лініі агню ў канфлікце алігархічных груповак, якія змагаліся за перадзел уласнасьці ў пострэвалюцыйнай Украіне і за захаваньне ўплыву ва ўмовах палітычнага крызісу 2016 году», — піша «Заборона».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве адкрылі помнік Паўлу Шарамету. ФОТА
Выданьне падкрэсьлівае, што сьледзтва зь невядомых прычын «не дало ходу выяўленай намі вэрсіі, нягледзячы на наяўнасьць канкрэтных паказаньняў сьведак». Пры гэтым журналісты не выключаюць і таго, што абвінавачваньні на адрас Кліменкі ў арганізацыі злачынства маглі быць сьвядомым паклёпам.
Афіцыйны прадстаўнік МУС Украіны Арцём Шаўчэнка ў камэнтары «Забороне» сказаў, што кантакты Шарамета з Кліменкам у Расеі выглядалі для сьледзтва падазрона, аднак гэтую вэрсію не ўдалося праверыць, бо супрацоўнічаць з расейскімі праваахоўнымі органамі было немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забойства Шарамета: паліцыя абвінавачвае падазраваных і іх адвакатаў у зацягваньні працэсу
Журналіст «Радыё Весьці» і «Ўкраінскай праўды», які раней працаваў у Беларусі і Расеі, Павал Шарамет загінуў у выніку падрыву машыны ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 году. У 2019 годзе асабіста міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у прысутнасьці прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага заявіў пра раскрыцьцё справы. Арыштавалі некалькі падазраваных, сярод якіх вядомыя ўдзельнікі валянтэрскага руху, людзі нацыяналістычных поглядаў. Пры гэтым прамых доказаў іх датычнасьці да забойства Шарамета прадстаўлена не было, і высновы сьледзтва шмат хто, у тым ліку ў журналісцкай супольнасьці, сустрэў зь недаверам. На дадзены момант выказаная тады вэрсія забойства Шарамета застаецца афіцыйнай. Да суду справа пакуль не дайшла.