Прэзыдэнт Украіны апублікаваў зварот з нагоды чацьвёртых угодкаў сьмерці ў Кіеве Паўла Шарамета.
Ўладзімір Зяленскі перакананы, што дзяржава і праваахоўныя органы абавязаныя зрабіць усё, каб украінцы і ўвесь цывілізаваны сьвет пабачылі ў судзе сапраўдных выканаўцаў, арганізатараў і заказчыкаў забойства журналіста Паўла Шарамета.
«Справа Паўла Шарамета знаходзіцца пад пільнай увагай і кантролем усяго ўкраінскага грамадзтва, і яму патрэбны дакладныя адказы ды пераканаўчыя, бясспрэчныя доказы», — напісаў Уладзімір Зяленскі на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook.
Прэзыдэнт Украіны перакананы, што забойства Паўла Шарамета — ганьба для ягонай краіны.
«Сёньня чацьвёртая гадавіна з дня забойства Паўла Шарамета. У Беларусі, Расеі і Ўкраіне ён стаяў за каштоўнасьці дэмакратыі, правы і свабоды чалавека. Найперш — за права грамадзяніна на свабоду думкі і слова. І за абавязак улады быць шчырай, празрыстай і адказнай перад грамадзянамі».
«У яго ніколі не змаглі б забраць свабоду, таму заказчыкі вырашылі забраць жыцьцё. Яго нахабнае забойства — страта для ўсіх незалежных мэдыя і журналістаў. Павал Шарамет — гора, памяць, правасудзьдзе».
Раніцай 20 ліпеня ў Кіеве, непадалёк ад будынка, дзе жыў беларускі журналіст Павал Шарамет, і ад месца ягонай гібелі ў 2016 годзе, паставілі помнік у выглядзе зьмятага белага аркуша паперы, на якім напісана імя «Павал Шарамет».