Студэнты БДТУ зладзілі акцыю пратэсту, двое затрыманыя і чакаюць суду ў ізалятары

Затрыманьні пратэстоўцаў. Ілюстрацыйнае фота.

Удзень 22 верасьня ў Менску затрымалі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Перад гэтым студэнты зладзілі акцыю пратэсту.

Затрымліваць студэнтаў прыехалі два аўтобусы; кагосьці схапілі, хтосьці пасьпеў уцячы. Пра гэта паведаміла Свабодзе крыніца ў БДТУ.

На акцыю прыйшло каля 12 чалавек, «каб паказаць, што студэнцтва хвалюе тое, што адбываецца ў нашай краіне, у падтрымку палітвязьняў і супраць рэпрэсій». Як напісала Свабодзе ўдзельніца, праз 10 хвілін пасьля пачатку акцыі перад імі спыніліся два мікрааўтобусе, адтуль выпрыгнулі людзі ў балаклавах.

На 15:38 вядома пра мінімум двух затрыманых, напісала Свабодзе іншая ўдзельніца акцыі. Яна таксама напісала Свабодзе, што сілавікі ў балаклавах забралі тэлефон дзяўчыны, калі той выпаў у яе зь кішэні. Дзяўчына зьбягала з акцыі, пасьля таго, як да ўнівэрсытэту прыехалі бусікі.

А 18 гадзіне студэнтка БДТУ, якая брала удзел у акцыі, паведаміла Свабодзе, што двух яе калег забралі ў турму на Акрэсьціна, у тым ліку тую, якая несла сьцяг. Яны чакаюць суду ў зьняволеньні. Яшчэ дваіх здолеў забраць зь міліцыі дэкан факультэту інфармацыйных тэхналёгій Дзьмітры Шыману.