Найвышэйшы прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль апублікаваў сёньня на афіцыйным сайце Зьвязу блог, які тычыцца палітыкі Зьвязу адносна Беларусі.
Прапануем вам пераклад публікацыі ў скароце.
Сьцісла
- Мы не прызнаём вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і лічым Лукашэнку нелегітымным прэзыдэнтам.
- Санкцыі. Падрыхтаваны сьпіс з 40 асобаў і арганізацыяў, які ўключае ў сябе тых, хто адказны за фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту.
- На жаль, санкцыі яшчэ не прынятыя, бо для гэтага патрэбна аднагалоснасьць.
- Я прадстаўлю вынікі дыскусій, якія мы правялі ў Радзе міністраў замежных справаў, на Радзе кіраўнікоў урадаў і дзяржаваў, дзе мы будзем абмяркоўваць адносіны з Турэччынай.
- У сьвятле непазьбежнай спробы спадара Лукашэнкі арганізаваць псэўдаінаўгурацыю прыйшоў час Эўразьвязу называць рэчы сваімі імёнамі: Лукашэнка страціў усялякую легітымнасьць.
- Каардынацыйная рада павінна быць уключаная ў маючы адбыцца нацыянальны дыялёг.
- Да гэтага часу Лукашэнка адмаўляўся ўзаемадзейнічаць з Эўразьвязам на любым узроўні.
- Эўракамісія выдзяляе 53 мільёны эўра непасрэднай дапамогі беларускаму народу ў гэтыя складаныя часы.
На працягу некалькіх тыдняў людзі ў Беларусі выходзілі на вуліцы пратэставаць супраць фальшывых прэзыдэнцкіх выбараў і хвалі рэпрэсій, якая адбылася пасьля іх. У мінулую нядзелю чарговым разам удзельнікі масавых дэманстрацыяў патрабавалі сыходу Лукашэнкі. Падчас сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ мы падкрэсьлілі, што будучыню Беларусі павінны вырашаць жыхары Беларусі, і толькі яны.
Перад пасяджэньнем нашай Радай замежных справаў мы нефармальна пасьнедалі са Святланай Ціханоўскай, адным з ключавых кіраўнікоў беларускай дэмакратычнай Каардынацыйнай рады.
Важна было пачуць яе ацэнку апошніх падзеяў, у тым ліку думкі наконт пэрспэктывы інклюзіўнага нацыянальнага дыялёгу і таго, як ЭЗ можа падтрымаць гэты дыялёг і народ Беларусі ў барацьбе за дэмакратыю.
З самага пачатку гэтага крызісу пазыцыя Эўразьвязу была яснай — мы не прызнаём вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і лічым Лукашэнку нелегітымным прэзыдэнтам, мы патрабуем ад яго адмовіцца ад ужываньня гвалту і рэпрэсій, мы бачым адзіны шлях да вырашэньня крызісу ў інклюзіўным палітычным дыялёгу аб новых выбарах, якія павінныя быць свабоднымі і сумленнымі.
Чатыры кірункі дзеяньняў ЭЗ
1. Санкцыі. Падрыхтаваны сьпіс з 40 асобаў і арганізацыяў, які ўключае ў сябе тых, хто адказны за фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. У гэтых людзей і арганізацыяў будуць замарожаныя актывы ў ЭЗ, яны ня змогуць атрымліваць фінансаваньне з боку ЭЗ, ім будзе забаронены ўезд у ЭЗ.
На жаль, санкцыі яшчэ не прынятыя, паколькі для гэтага патрэбна аднагалоснасьць, а адна дзяржава ЭЗ не была гатовая далучыцца да кансэнсусу. Я прадстаўлю вынікі дыскусій, якія мы правялі ў Радзе міністраў замежных справаў, на Радзе кіраўнікоў урадаў і дзяржаваў, дзе мы будзем абмяркоўваць адносіны з Турэччынай. Эўрапейскім лідэрам давядзецца даць дадатковыя ўказаньні, як дзейнічаць далей. Я выразна даў зразумець, што мы абавязаныя прыняць гэтыя санкцыі. Гэта пытаньне нашай рэпутацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міністэрства закрыта, усе на фронце». Як беларускае МЗС засталося бяз працы2. Другі кірунак дзеяньняў сканцэнтраваны на неабходнасьці нацыянальнага дыялёгу і ролі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ). У сьвятле непазьбежнай спробы спадара Лукашэнкі арганізаваць псэўдаінаўгурацыю (магчыма, ужо на гэтым тыдні) прыйшоў час Эўразьвязу называць рэчы сваімі імёнамі: Лукашэнка страціў усялякую легітымнасьць.
Зразумела, што Каардынацыйная рада павінна быць уключана ў маючы адбыцца нацыянальны дыялёг. Рада заклікае да правядзеньня новых, свабодных і сумленных выбараў пад міжнародным назіраньнем. Найлепшае выйсьце з крызісу палітычнай легітымнасьці — гэта арганізацыя надзейных выбараў, каб людзі маглі свабодна выбіраць свайго прэзыдэнта, а значыць, і будучыню сваёй краіны.
На працягу некалькіх тыдняў беларускія ўлады адмаўляюцца ад удзелу ў дыялёгу і ў пасярэдніцтве праз АБСЭ, удзельніцай якой зьяўляецца Беларусь. Нягледзячы на гэту пазыцыю, нам трэба працягваць вывучаць любыя магчымасьці. З гэтай прычыны я вітаю і падтрымліваю актывізацыю Маскоўскага мэханізму АБСЭ для высьвятленьня фактаў меркаваных парушэньняў правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Брусэлі: што адказвае Эўропа?Мы таксама падтрымліваем прапанову прадстаўнікоў — цяперашняга і будучага старшыняваньня ў АБСЭ, Альбаніі і Швэцыі — паехаць у Менск. Я таксама гатовы паехаць у Менск, калі гэта можа спрыяць прагрэсу. Да гэтага часу Лукашэнка адмаўляўся ўзаемадзейнічаць з Эўразьвязам на любым узроўні.
3. Трэці кірунак — правесьці поўны агляд стасункаў Эўразьвязу і Беларусі. Мы хочам выкарыстоўваць усе інструмэнты і ўзроўні ўзаемадзеяньня на двухбаковым, але і на рэгіянальным узроўні, у тым ліку ў рамках «Усходняга партнэрства». Як адзначылі міністры замежных справаў краінаў ЭЗ, мы павінны і далей падтрымліваць беларускі народ, у прыватнасьці грамадзянскую супольнасьць і незалежныя СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз перанёс пытаньне пра санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі4. І апошняя лінія дзеяньняў датычыцца падтрымкі Эўразьвязам беларускага насельніцтва. Эўракамісія выдзяляе 53 мільёны эўра непасрэднай дапамогі беларускаму народу ў гэтыя складаныя часы. Яна ахоплівае юрыдычную дапамогу, мэдычную дапамогу і іншую экстраную дапамогу тым, хто найбольш мае ў ёй патрэбу. Гэты пакет дапамогі таксама ўключае падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ.