Заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку разам з жонкай, артысткай Валянцінай Харытонавай, затрымалі падчас пратэставых акцый у Горадні 20 верасьня. Калегі, калі даведаліся пра гэта, ад эмоцый ня здолелі даіграць спэктакль. Ужо ёсьць першыя звольненыя пасьля ціску адміністрацыі
Сяргей Курыленка і Валянціна Харытонава працуюць у драматычным тэатры Горадні больш за 40 гадоў.
Кажуць, у нядзелю яны выйшлі ў горад пагуляць. Апынуліся ў месцы затрыманьняў на скрыжаваньні Вялікай Траецкай вуліцы і Віленскага завулку.
Амапаўцы спачатку схапілі Сяргея. Жонка баялася за мужа і вырашыла не пакідаць яго аднаго, таму пайшла сьледам за ім у аўтазак. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве і ўвечары таго ж дня адпусьцілі. Сужэнцы не прызналі сваёй віны ў міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні «Марш справядлівасьці» працягнуўся менш за гадзіну і скончыўся жорсткімі затрыманьняміІхныя калегі ўвечары гралі спэктакль «Очень простая история». Яны даведаліся пра затрыманьне Сяргея і Валянціны і моцна ўразіліся. Хтосьці пачаў плакаць і нават рыдаць, нехта абураўся, усе перажывалі за далейшы лёс затрыманых артыстаў. Акторы зразумелі, што ня здолеюць скончыць спэктакль у такім стане. Тады адзін з артыстаў, Ігар Уланаў, абвясьціў пра гэта са сцэны і патлумачыў прычыну. Гледачы доўга пляскалі стоячы.
У той вечар ў залі прысутнічала ня больш за два дзясяткі гледачоў. Большасьць вырашылі здаць білеты пасьля няскончанага спэктаклю, 4 чалавекі не здавалі. Цяпер артысты мусяць кампэнсаваць кошт усіх квіткоў, якія вярнулі. Гэта каля 100 рублёў.
Першыя звольненыя сярод актораў
Актор драмтэатру Васіль Мініч расказаў, што дырэктар выклікаў да сябе актораў, задзейнічаных у нядзельным спэктаклі, і сказаў пісаць тлумачальную запіску, ці яны былі ініцыятарамі зрыву спэктакля, ці закладнікамі сытуацыі. Прыгразіў, што звольніць тых, хто не напіша.
Паводле яго, артыстку Елізавету Мілінцэвіч, якая ўдзельнічала ў нядзельным спэктаклі, звольнілі пасьля адмовы пісаць дырэктару тлумачэньне.
Як адказаў пра наступствы для артыстаў карэспандэнту БелаПАН дырэктар Горадзенскага абласнога драматычнага тэатру Ігар Гедзіч, усё будзе адбывацца ў межах нарматыўна-прававога поля і Працоўнага кодэксу.
«Я думаю, што палітызацыя тэатру недапушчальная. Непавага да гледача таксама недапушчальная. Варта перад гледачамі прасіць прабачэньня. На жаль, людзі прыйшлі, а мы ня здолелі даць ім тое, на што яны спадзяваліся», — пракамэнтаваў БелаПАН Ігар Гедзіч.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.