Пра гэта піша ў сваім Твітэры карэспандэнт Свабоды ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк. Паводле журналіста, Кіпр па-ранейшаму блякуе санкцыі, а Швэцыя і Фінляндыя супраць таго, каб уключаць у санкцыйны сьпіс Лукашэнку.
«Здаецца, няма „зялёнага сьвятла“ для санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі на сёньняшняй нарадзе кіраўнікоў МЗС. Здаецца, Кіпр усё яшчэ блякуе рашэньне. Хутчэй за ўсё, пытаньне будзе перанесенае на пасяджэньне Рады ЭЗ у чацьвер-пятніцу.
Выглядае, што Швэцыя і Фінляндыя пакуль супраць уключэньня ў санкцыйны сьпіс Лукашэнкі. Здаецца, Швэцыя, якая будзе старшыняваць у АБСЭ ў наступным годзе, усё яшчэ хоча мець канал камунікацыі з Лукашэнкам».
Сёньня ранкам стала вядома, што Кіпр ня будзе блякаваць рашэньне Эўразьвязу ў справе Беларусі. Пра гэта кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Кіпру паведаміў сёньня ў Брусэлі, дзе адбываецца сустрэча міністраў замежных спраў краін ЭЗ.
Перад гэтым Кіпр неаднаразова накладаў вэта на пакет штрафных захадаў супраць кіраўніцтва Беларусі. Сваё супрацьдзеяньне санкцыям адносна Беларусі кіпрскі бок тлумачыў тым, што імкнецца дамагчыся ўвядзеньня санкцыяў ЭЗ супраць Турэччыны, якая вядзе выведку газу ў спрэчных водах усходняй часткі Міжземнага мора.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як маленькі Кіпр тармозіць санкцыі ЭЗ адносна БеларусіСанкцыйны сьпіс ЭЗ уключае прыкладна 40 чалавек, адказных за фальсыфікацыю беларускіх выбараў і гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Ён ня можа ўступіць у сілу, пакуль рашэньне аб гэтым ня прымуць аднагалосна ўсе 27 краін Зьвязу.