Журналістку «Нашай нівы» Натальлю Лубнеўскую паранілі 10 жніўня гумавай куляй у нагу. Літаральна на наступны дзень у шпіталь прыйшоў дзяжурны сьледчы. Аднак цяпер газэце пагражаюць штрафам за тое, што яны своечасова не паведамілі пра здарэньне ў «Белдзяржстрах» і Інспэкцыю працы.
10 жніўня ўвечары Натальля працавала на вуліцы Кальварыйскай. Пазьней у сеціве зьвілася відэа, на якім відаць, як побач зьявіліся дзясяткі байцоў, як мяркуецца, з атраду «Алмаз». Адзін зь іх прыцэльна стрэліў у журналістку, хоць яна была ў камізэльцы з надпісам «Прэса» і бэджам.
Цягам 38 дзён Натальля знаходзілася на стацыянарным лячэньні ў лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. 16 верасьня яе выпісалі, а бальнічны ліст Натальлі працягнулі ўжо амбуляторна, у паліклініцы.
Галоўны рэдактар «НН»: «Пакуль вядзём перапіску зь „Белдзяржстрахам“. Хутчэй за ўсё, атрымаем штраф»
Галоўны рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч кажа, што рэдакцыя ніколі з такімі выпадкамі не сутыкалася і альгарытмаў дзеяньня ў такіх выключных сытуацыях ня ведае.
«Паколькі выпадак Натальлі можна трактаваць як „траўму на вытворчасьці“, бухгальтэрыя зьвязалася зь „Белдзяржстрахам“, каб высьветліць, якія дакумэнты трэба падаваць. Там нам сказалі, што мы цягам трох дзён павінны былі паведаміць пра няшчасны выпадак, а яны — стварыць камісію. Карацей, даволі складаная працэдура, якой мы ня выканалі і павінны выканаць яе цяпер. Але ў любым выпадку гэта ёсьць парушэньне заканадаўства. Пакуль мы вядзём перапіску зь „Белдзяржстрахам“, але, на іхную думку, мы атрымаем штраф.
Цяпер мы зьбіраем усе дакумэнты, у тым ліку і зь лякарні, падамо іх. І „Белдзяржстрах“ праінфармуе ўжо Інспэкцыю працы, якая паведаміць, што мы парушылі», — расказаў Свабодзе галоўны рэдактар выданьня Ягор Марціновіч.
БАЖ: «Гэта як мінімум цынічна»
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыст Андрэй Бастунец кажа, што пакуль інфармацыі малавата аб прэтэнзіях «Белдзяжстраху».
«Але, магчыма, гаворка ідзе пра траўмаваньне падчас працы ці вяртаючыся з працы. Пра такія выпадкі павінны паведамляць у пэўныя тэрміны. Гэта значыць, працадаўца, які накіраваў работніка працаваць, не паведаміў своечасова пра няшчасны выпадак у Інспэкцыю працы.
Тут, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе не аб выплаце страхоўкі, а менавіта аб працоўных адносінах. Гэта, безумоўна, бюракратычны падыход. Вядома, калі яны пагражаюць штрафам, гэта як мінімум цынічна, бо чалавек доўга знаходзіўся ў шпіталі», — кажа Андрэй Бастунец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параненая журналістка «Нашай нівы» другі месяц у шпіталі. Справу дагэтуль не завяліСьледчы камітэт па-ранейшаму праводзіць праверку наконт раненьня Натальлі Лубнеўскай. Натальля падала заяву з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу па факце нанясеньня ёй цялесных пашкоджаньняў. 21 жніўня па месцы жыхарства Натальлі прыйшло паведамленьне, што праверку падоўжылі на месяц — да 21 верасьня. Тэрмін сканчаецца сёньня, але сьледчая паведаміла Натальлі, што праверку зноў падоўжылі.