У Гомлі 20 верасьня на «Маршы справядлівасьці» АМАП затрымаў каля 30 чалавек. У ліку затрыманых двое людзей з інваліднасьцю.
Сёньня ў судзе чакае свайго 25-гадовага сына Антаніна Юсупава. У яе сына — інваліднасьць, ён мусіць кожныя чатыры гадзіны прымаць лекі.
«Артуру нельга пераахалоджвацца, яму трэба добра харчавацца. Я ледзь угаварыла, каб на ІЧУ прынялі для яго лекі», — расказала жыхарка Гомля.
Таксама лекі неабходныя Натальлі Паруль. Яе ўчора схапіў у Гомлі АМАП. Жыхарка Гомля — валянтэрка, яна на акцыі раздавала ваду. «Мы прасілі і ў міліцыі прыняць для яе лекі, і на ІЧУ прасілі, і ніхто ня ўзяў. А ў Натальлі інваліднасьць, і лекі ёй неабходныя», — паскардзілася прыяцелька Натальлі.
Таксама ў Гомлі АМАП штурхнуў 48-гадовую жанчыну, і яна зламала нагу. Пра гэта напісалі «Сильные новости».