Страйкам «Беларуськалію» паведамляе, што да 4-га рудаўпраўленьня, дзе сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, пад’ехала некалькі мікрааўтобусаў, якія сілавікі выкарыстоўваюць на пратэстных акцыях.
Людзі прыйшлі падтрымаць шахтара Алега Кудзёлку, які раніцай 21 верасьня адмовіўся падымацца з забою пасьля начной зьмены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрабую спыніць сваволю сілавікоў». Яшчэ адзін шахтар адмовіўся падымацца на зямлюАлег Кудзёлка перадаў на паверхню аркуш паперы, у якой напісаў, што далучаецца да страйку і адмаўляецца выяжджаць на зямлю да выкананьня патрабаваньняў страйкаму.
Паводле супрацоўнікаў 4-га рудаўпраўленьня, у шахту паехалі начальнік рудніка, галоўны інжынэр, галоўны энэргетык і інжынэр тэхнікі бясьпекі. Праз нейкі час яны падняліся.
«Выйшлі! Шмат ратавальнікаў і людзей у белых касках. Кагосьці пасадзілі ў хуткую. Самі падысьці ня можам, нас прэсуюць», — паведамляюць актывісты страйкаму.
Пазьней жонка Алега Кудзёлкі паведаміла, што муж затэлефанаваў і пасьпеў сказаць, што яго паднялі на паверхню, загрузілі ў машыну хуткай дапамогі і ў суправаджэньні невядомых асобаў вязуць у псыха-нэўралягічны дыспансэр.
Сьледам затрымалі тых, хто прыйшоў падтрымаць калегу, паведаміў страйкам.
Паводле страйкаму «Беларуськалія», сілавікі затрымалі ўсіх шахтараў, хто прыйшоў выказаць салідарнасьць з Алегам Кудзёлкам.
Шахтароў абурае, што напад адбыўся проста на тэрыторыі рудаўпраўленьня, гэта значыць, быў санкцыянаваны кіраўніцтвам прадпрыемства.
«Захоп быў імгненным, народ нават вокам не пасьпеў міргнуць, як з некалькіх аўтобусаў наляцелі на групу рабочых, якія выйшлі падтрымаць калегу. Усіх запакавалі і зьвезьлі ў невядомым кірунку. Што будзе заўтра? Дубінкамі пагоняць у забой?», — абураюцца сьведкі надзвычайнага здарэньня.
Такім чынам, рабочым улады заявілі адкрытым тэкстам: нельга зьбірацца нідзе! Ні ў горадзе, ні на прамысловых пляцоўках. Толькі працаваць і не падымаць галаву, адзначаюць прадстаўнікі страйкаму.
«Дык ці тая гэта ўлада, якая нам патрэбна? Ці яе нам трэба карміць сваёй працай? Калі ж мы нарэшце прачнемся? Галоўная наша бяда, што нас было вельмі мала. Калі нас мала, улада вядзе сябе вельмі сьмела. Усё, што нам патрэбна, — арганізацыя і салідарнасьць. Хопіць чакаць добрага дзядзьку, які ўсё зробіць за нас. Хочаш, каб было добра, — зрабі сам», — падсумавалі сябры страйкаму «Беларуськалія».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шахтар, які прыкаваў сябе кайданкамі: «Людзі прапаноўвалі пагасіць усе мае крэдыты»
10 верасьня шахтар Юры Корзун прыкаваў сябе кайданкамі да абсталяваньня шахты, а затым быў гвалтоўна эвакуаваны з забою.