Раніцай 21 верасьня шахтар 4-га рудаўпраўленьня адмовіўся падымацца з забою пасьля начной зьмены. Пра гэта напісаў тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію».
Вядома, што шахтара завуць Алег Кудзёлка. Ён перадаў на зямлю цыдулку, у якой напісаў, што далучаецца да страйку і адмаўляецца выяжджаць на зямлю да выкананьня патрабаваньняў страйкаму.
На канале апублікавалі адкрыты ліст страйкоўца да генэральнага дырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага, а таксама супрацоўнікаў прадпрыемства.
Сярод патрабаваньняў шахтара:
- Адстаўка генэральнага дырэктара ААТ «Беларуськалій» Івана Галаватага;
- Вызваленьне ўсіх затрыманых страйкамаўцаў «Беларуськалію»;
- Спыненьне ціску на сяброў страйкаму і іхных сямейнікаў;
- Спыніць звальненьне супрацоўнікаў «Беларуськалію», якія страйкуюць;
- Спыніць сваволю сілавікоў, запужваньні, затрыманьні і зьбіваньне мірнага насельніцтва.
Паводле супрацоўнікаў 4-га рудаўпраўленьня, у шахту паехалі начальнік рудніка, галоўны інжынэр, галоўны энэргетык і інжынэр тэхнікі бясьпекі.
10 верасьня шахтар Юры Корзун прыкаваў сябе кайданкамі да абсталяваньня шахты, а затым быў гвалтоўна эвакуаваны з забою.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шахтар, які прыкаваў сябе кайданкамі: «Людзі прапаноўвалі пагасіць усе мае крэдыты»