«Марш справядлівасьці» ў Магілёве сабраў больш за 1 тысячу чалавек. На яго пачатку затрымалі журналістаў-фрылансэраў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага. Зь Ленінскага аддзелу міліцыі іх адпусьцілі, пратрымаўшы больш за тры гадзіны.
Як і на мінулыя акцыі пратэсту, прыхільнікі пераменаў пачалі зьбірацца перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм». Сама пляцоўка і падыходы да яе кантраляваліся міліцыяй. У дварах стаялі аўтобусы зь сілавікамі ды аўтазакі. На некалькі гадзін з плошчы прыбралі, як паведамлялася — зь меркаваньняў грамадзкай бясьпекі, прыпынак грамадзкага транспарту. У афіцыйных паведамленьнях адзначалася, што пляцоўка перад «Атрыюмам» стала месцам правядзеньня «несанкцыянаваных мерапрыемстваў».
Пратэстоўцаў на плошчы сабралася блізу сотні. Міліцыя папярэдзіла пра парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах», патрабавала разысьціся, страшыла ўдзельнікаў адміністрацыйнай адказнасьцю. Людзі сталі ў счэпку і адказалі скандаваньнем: «Гэта наш горад», «Ганьба!», «Верым, можам, пераможам», «Народ варта бараніць» ды народнымі песьнямі.
Менш чым за паўгадзіны колькасьць пратэстоўцаў вырасла да некалькіх соцень. Спробаў разагнаць іх не было. Прыхільнікі пераменаў рушылі цэнтральнымі вуліцамі, у кірунку раёну, дзе месьцяцца суды. Прайсьці туды ім не ўдалося, бо экіпаваныя міліцыянты перагарадзілі дарогу. Вярнуцца да плошчы ля «Атрыюму» ім таксама не далі. І той напрамак аказаўся ачэпленым. Пратэстоўцы апынуўся «ў пастцы» і пачалі былі разьбягацца, але, пабачыўшы, што затрымліваць іх міліцыя не зьбіраецца, зноў сталі ў калёну. На той момант яна налічвала больш за 1 тысячу чалавек. Людзі скандавалі: «Мы гуляем».
Удзельнікі шэсьця кажуць, што рэпрэсіі ўплываюць на пратэсты — людзі зноў пачалі баяцца.
«Іх выклікаюць у міліцыю, запалохваюць, фатаграфуюць, здымаюць адбіткі пальцаў, нібы ў злачынцаў. Звальняюць з працы, — кажа пра сытуацыю адна з пратэстовак. — Да нейкай мяжы людзі гатовыя былі змагацца, а потым страх пакрысе перамагае. І гэта нармальная абарончая рэакцыя».
Сама суразмоўніца выходзіць пратэставаць, бо ня можа зьмірыцца з тым, што выбары сфальсыфікаваныя, а пасьля гэта яшчэ і тых, хто выйшаў бараніць свае галасы, зьбілі.
«Альтэрнатыўнай думкі наконт выбараў цяперашняя ўлада проста ня чуе, — абураецца жанчына. — Тыя, хто пратэстуе, адчулі падман, а гэтае пачуцьцё ня дужа прыемнае».
Удзельнікаў шэсьця ня толькі радасна віталі, некаторыя выказвалі незадаволенасьць. Найбольш такіх было сярод гандляроў на падыходзе да Цэнтральнага рынку. Тут прадаюць садавіну ды гародніну сяляне і дачнікі. Ім пастаянна пагражаюць штрафамі за гандаль зь зямлі. На адрас прыхільнікаў пераменаў яны ўжывалі даволі вострыя выразы.
«Гэта здраднікі», — пагражае рукой у бок пратэстоўцаў пажылая жанчына. Патлумачыць журналісту, чаму і каму ўдзельнікі шэсьця здрадзілі, яна ня можа.
«У мяне душа баліць за Беларусь і свайго прэзыдэнта, — эмацыйна тлумачыць сваю пазыцыю суразмоўніца. — Яны ня хочуць працаваць, а хочуць жыць на дармаўшчыну. Ім усяго мала».
Некаторыя з прыхільнікаў пераменаў спыняюцца і спрабуюць патлумачыць апанэнтам, чаму выходзяць з пратэстамі, але гэта мала дапамагае.
«Людзі, якія называюць нас гэтак, дужа агрэсіўныя, і давесьці ім іншы погляд на сытуацыю, ці каб яны хаця б адэкватна яго ўспрынялі, дужа складана, — прызнаецца адна з пратэстовак. — Што рабіць, каб давесьці, што мы ня здраднікі, я ня ведаю. Між намі нібы сьцяна».
Суправаджалі калёну пратэстоўцаў міліцэйскія машыны, мікрааўтобусы з танаванымі вокнамі ды транзытнымі нумарамі. У іх сядзелі супрацоўнікі АМАП. Час ад часу праяжджалі аўтазакі. Затрымліваць не спрабавалі.
Акрамя журналістаў Скрабуновай і Сідарэўскага, праваабаронцы з пазбаўленага рэгістрацыі цэнтру «Вясна» кажуць пра 4 затрыманых, якіх зь міліцыі адпусьцілі. У тэлеграм-каналах пішуць пра затрыманьне блізу дзесяці чалавек.