У адрозьненьне ад мінулых нядзельных мітынгаў, сёньня на «Маршы справядлівасьці» ў Гомлі было шмат супрацоўнікаў АМАП, якія расьсякалі калёну, затрымлівалі ўдзельнікаў.
Спачатку людзі традыцыйна сабраліся каля ўнівэрмагу «Гомель» і пачалі рух па вуліцы Савецкай. Каля будынку гарадзкіх аркестраў іх чакаў АМАП, які перагарадзіў дарогу. Людзі перайшлі на іншы бок вуліцы, але і там трапілі ў пастку.
Калёна пайшла па праспэкце Перамогі — там таксама людзей чакаў АМАП. Адбываліся кропкавыя затрыманьні. Нарэшце людзі сабраліся — некалькі соцень чалавек на плошчы Паўстаньня — і рушылі ў бок плошчы Леніна. Каля цырку яны прарвалі шэраг АМАП і пайшлі далей, але на сквэры Грамыкі ім зноў перагарадзіў дарогу АМАП.
У выніку марш праходзіў ад сквэру Грамыкі да цырку. Ля цырку АМАП пачаў людзей адцясьняць, а потым затрымліваць. Цяпер вядома ня менш як пра 20 затрыманых.
Палітык Васіль Палякоў вяртаўся з маршу дахаты, яго затрымалі каля дому. «За мной сачыў міліцыянт, ехаў разам у тралейбусе», — расказаў палітык.
Жыхарку Гомля Кацярыну Макушкіну затрымалі проста ў краме касмэтыкі. Затрымалі і актывістку Сьвятлану Нарскіну.
Відавочцы таксама расказалі пра брутальнае затрыманьне маладой жанчыны. Яна здымала на камэру супрацоўнікаў міліцыі.
«Міліцыя наляцела на яе і выбіла з рук тэлефон. Яна выбіла ў іх з рук рацыю. Пачалася штурханіна. За жанчыну заступіўся невядомы мужчына. Але жанчыну ўсё-ткі затрымалі. Яшчэ адну дзяўчыну схапілі ў дварах на Савецкай», — сказаў Свабодзе жыхар Гомля Юрый.