40 дзён з дня гібелі Аляксандра Віхора. Крымінальнай справы не завялі, вінаватых няма дагэтуль. ВІДЭА

Аляксандар Віхор

У Касьцюкоўцы пад Гомлем 20 верасьня ўспаміналі 25-гадовага Аляксандра Віхора, які загінуў пасьля затрыманьня. У царкве адправілі памінальную службу, на могілках сваякі і сябры ў саракавы дзень пасьля сьмерці расказалі, якім чалавекам быў Саша.

«У Бога няма выпадковасьцяў... Цяжка назваць людзьмі тых, хто, як зьвяры, чыніў такі зьдзек. Але Бог усё бачыць. Як напісана — „ніводзін волас з галавы не ўпадзе без маёй волі“. Ісус запаведваў любіць ворагаў і прабачаць», — зазначыў сьвятар на набажэнстве.

40 дзён таму пасьля затрыманьня памёр Аляксандар Віхор.

Маці Сьвятлана падзякавала ўсім людзям, якія сабраліся, каб ушанаваць памяць яе сына. «Ён выпакутаваў сваю сьмерць, ён пакутнік. Ён сёньня ідзе ад нас у Царства Божае. Давайце праводзім Сашу ў апошні шлях. Гэта быў промень сьвятла для нас, ён дарыў толькі радасьць і цяпло, ён хацеў жыць! Ён сёньня з намі, ён рады вас усіх бачыць, ён, яго душа паміж нас. Сашка ўсё бачыць, ён з намі. Нездарма сёньня такі сонечны дзень — такі, якім быў Саша», — казала маці. Прысутныя праводзілі Сашу воплескамі.


Яго сябры расказалі, што гэта быў найлепшы чалавек, добры і верны сябар. Сваякі — што Саша вельмі любіў дзяцей, і яны яго таксама; для пляменьніка ён быў як родны тата, для дзяцей сваякоў — найлепшы сябар.

Са дня сьмерці Сашы прайшло сорак дзён. Але дагэтуль крымінальная справа не распачатая, бо дагэтуль няма вынікаў судова-мэдыцынскай экспэртызы. «Мы самі аднавілі ўсю карціну... Усё па гадзінах і амаль хвілінах. Сьведкі зьвярталіся да нас і расказвалі, як і што было з Сашам... Але мы будзем чакаць, што скажа сьледзтва, і спадзяёмся на справядлівасьць. Там, у Сьледчым камітэце пры размове з намі ўжо, здаецца, не адмаўляюць, што было зьбіцьцё, што ў Сашу пырскалі балёнчыкам. Але як гэта расцаніць? Яны расцэньваюць, што прымяняліся спэцсродкі, і яны мелі права іх прымяняць», — патлумачыў тата Аляксандар.

40 дзён таму пасьля затрыманьня памёр Аляксандар Віхор.

Маці і бацька Сашы правялі гэтыя сорак дзён у асноўным у сьлязах на магіле сына. «Хай прабачаць мяне ўсе, хто тут ляжыць на могілках... Я тут страшна плакала і крычала... Да маці самае страшнае — пахаваць сваё дзіця», — дадала маці.