Кіпр зноў заблякаваў санкцыі Эўразьвязу адносна Менску. Прадстаўнік Нікасіі наклаў вэта на праект штрафных мер у пятніцу, 18 верасьня, на пасяджэньні Камітэту сталых прадстаўнікоў краін ЭЗ (Coreper) у Брусэлі.
Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля».
«Такі крок Нікасіі абараняе рэжым Лукашэнкі ад наступстваў яго недэмакратычных і рэпрэсіўных дзеяньняў», — цытуе агенцтва DPA эўрапейскага дыплямата, які пажадаў застацца неназваным.
У той жа час Кіпр тлумачыць сваё супрацьдзеяньне санкцыям адносна Беларусі тым, што імкнецца дамагчыся ўвядзеньня санкцыяў ЭЗ супраць Турэччыны, якая вядзе выведку газу ў спрэчных водах усходняй часткі Міжземнага мора.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нахабнае ўмяшаньне ўва ўнутраныя справы». МЗС пра ўдзел Ціханоўскай у сустрэчы міністраў замежных справаў ЭўразьвязуСанкцыйны сьпіс ЭЗ уключае прыкладна 40 чалавек, адказных за фальсыфікацыю беларускіх выбараў і гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Ён ня можа ўступіць у сілу ўжо каля двух тыдняў, бо рашэньне аб гэтым павіннае быць прынятае аднагалосна ўсімі 27 краінамі Зьвязу. 10 верасьня Кіпр ужо накладаў вета на плянаваныя санкцыі.