Як гэта водзіцца апошнім часам, Смалявічы і самі даведаліся аб самападпале Сяргея Радчэні з тэлеграму. Звычайна ў нас любыя весткі разносяцца ў імгненьне вока, а тут горад нібыта язык праглынуў. Тое, што адбылося, немагчыма было ані дадумаць, ані прадказаць, ані патлумачыць, ані здагадацца. Раней кожная чутка ў адну хвіліну абрастала ў нас падрабязнасьцямі, дапушчэньнямі, мясцовай аналітыкай і тлумачэньнямі. А тут — нечуваная, да звону ў вушах, цішыня.
Памятаю, як некалькі гадоў таму стаяла ў чарзе ў мясцовым аддзяленьні банку, і туды забегла жанчына: «Людзі, Арцёмку майго ня бачылі? Арцёмка начаваць не прыходзіў». Яна не пасьпела яшчэ зьбегчы з прыступак, а я ўжо ведала, што Арцёмка — яе старэйшы сын, харошы хлопец, працавіты, спакойны, і што бачылі яго зь вечара на вуліцы з кампаніяй, а потым бачылі аднаго. А пакуль я дайшла да дому — ужо ўсе дазналіся, што мамка знайшла яго — павешаным у закінутым доме. Дазналіся нібыта з паветра, бо смалявіцкае паветра імгненна перадае чалавечую трывогу. А цяпер маўчала і паветра.
Смалевічане пачалі абрываць адзін аднаму тэлефоны: хто? як? чаму? І адразу ад двух сваіх суразмоўцаў я пачула страшнае: госпадзе, а і ў мяне ж была такая думка, я і сам у адчаі пра нешта такое трызьніў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя: Мужчына, які спрабаваў спаліць сябе на ганку Смалявіцкага РАУС, у вельмі цяжкім станеПотым я сустрэла гэтую ж самую думку і на фэйсбуку: людзі пісалі, што чакалі менавіта такой жудаснай навіны.
І нават мой муж, бацька трах дзяцей, што, як і ўсе, перажывае час ад часу пачуцьцё роспачы і безвыходнасьці, сказаў мне цішком: я таксама думаў аднойчы такое зрабіць.
Мы ўсе, стомленыя і роспачныя, зьнясіленыя ў сваёй несупыннай барацьбе, перабіраючы аргумэнты да нашай злачыннай улады, натыкаліся і на гэты апошні аргумэнт. Мы ўсе цяпер жывем калектыўным розумам. Так бывае ў часы, калі празь людзей прамаўляе гісторыя, калі маштабныя зрухі эпохі цягнуць людзей, як трэскі на хвалях, па сваёй няўмольнай лёгіцы. Таму і пісалі адразу ў сацыяльных сетках: мужчына спаліў сябе, пратэстуючы супраць АМАПу. Тлумачылі так, як патлумачылі б свой учынак.
Але выглядае на тое, што Сяргей Радчэня пратэставаў ня супраць АМАПу. Ён выкарыстаў свой апошні аргумэнт супраць усяго таго, што зрабіла ягонае жыцьцё невыносным у гэтай стабільнай краіне сфальсыфікаванага парадку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нацыянальная дамэнная зона ў жніўні — мінус 350%». Кіраўнік hoster.by заявіў пра параліч ІТ-краіныХто там асабліва зьвяртаў увагу на Сяргея Радчэню? У дзіцячым садку, у школе, у вёсцы, на вуліцы? Хто, дзе і калі сказаў яму, што ён варты ўвагі і павагі — такі, які ён ёсьць? Хто наагул нам усім з вамі такое калі кажа? І павагу, і ўвагу мы выгрызаем зубамі — хто нечуванымі высілкамі на працы, хто — падымаючыся па кар’ерных прыступках, хто — згінаючы сьпіну перад начальнікам альбо цыкаючы праз губу на падначаленых.
Так вялося ў нас стагодзьдзямі: кармавая база ці вартая павагі? Як пісаў сто гадоў таму паэт Алесь Дудар, расстраляны ў 1937: «вы падмурак для нас, для сяўбы нашай гной, для жывёліны нашае паша». Ну так, у нашай стайні давалі неблагое сена. Іншы раз фарбавалі ў сьвежае плот. Што вам яшчэ? Калі не мычаць супраць пастуха — дык можна нават крыху адцягнуць паездку на мясакамбінат.
За некалькі дзён да самападпалу Сяргей Радчэня патэлефанаваў у міліцыю і сказаў, што павесіцца на могілках. Сёньня ён прыйшоў да будынку міліцыі і там згарэў. Ён увесь гэты роспачны для сябе час спрабаваў зьвярнуць на сябе ўвагу тых, хто для яго быў уладай, хто мусіў бы зрабіць ягонае жыцьцё годным: паглядзіце, я на апошняй мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Ніна Багінская з нацыянальным сьцягам стала мастацкім вобразам. 15 малюнкаўМагчыма, ён сапраўды піў («А хто ў наш час ня п’е?» — у адзін голас кажуць ягоныя аднавяскоўцы). Магчыма, у яго сапраўды было не ў парадку з нэрвамі (а ў каго цяпер яны ў парадку?). Гэта няважна. У той Беларусі, за якую мы цяпер змагаемся, каб мець павагу да сябе, каб мець права быць пачутым, не трэба будзе аблівацца бэнзінам.
Ня толькі АМАП наш галоўны вораг. І нават ня толькі адзін былы прэзыдэнт. Уся гэтая сыстэма, што не прызнае чалавека за чалавека, што гатовая чуць і бачыць толькі тых, хто адпавядае яе патрабаваньням, што ненавідзіць людзей, якія высоўваюць галаву з-за плоту, каб запатрабаваць павагі да сябе, — уся яна наш вораг, бо мы для яе — безыменныя алькаголікі, якіх яна ня ведае і ведаць не жадае.
І я ня ведаю нічога пра Сяргея Радчэню. І я наўрад ці паверу афіцыйнай інфармацыі, нават калі яна будзе адпавядаць рэчаіснасьці. Але я веру Смалявічам. Сёньня ўвечары Смалявічы сьцішыліся — і ціха, горка, кожнай вуліцай шкадуюць чалавека, які так хацеў, каб у яго склалася жыцьцё, а яно ня склалася. Яму было да сьмерці важна сказаць гэта ўголас.
Мы чуем, Сяргей.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.