Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады Беларусі спыніць перасьлед сябраў Каардынацыйнай рады і іх прыхільнікаў і паплечнікаў.
«Арганізаваная ўладамі кампанія ганеньняў, прыгнёту, прымусовых высылак з краіны і судовага перасьледу сябраў Каардынацыйнай рады, іх прыхільнікаў і паплечнікаў, якая набірае абароты, выклікае глыбокую занепакоенасьць і павінна быць неадкладна спыненая», — гаворыцца ў заяве.
Дакумэнт падрабязна апісвае хроніку перасьледу сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады і падкрэсьлівае, што гэта «грубае і шырокамаштабнае» парушэньне фундамэнтальных правоў чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Максім Знак абвясьціў галадоўку ў СІЗАAmnesty International заклікае ўлады Беларусі:
- Неадкладна выпусьціць усіх затрыманых сяброў Каардынацыйнай рады і іх паплечнікаў, якія «ёсьць вязьнямі сумленьня»,
- гарантаваць магчымасьць бясьпечна вярнуцца для ўсіх грамадзянаў Беларусі, вымушаных пакінуць краіну,
- правесьці дбайнае і празрыстае расьсьледаваньне ўсіх паведамленьняў аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі сілавікамі і іншымі дзяржаўнымі органамі,
- прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасьці «ў рамках працэдураў, адпаведных стандартам справядлівага судовага разбору».
Amnesty International таксама паўтарае заклік да міжнароднай супольнасьці і міжурадавых арганізацыяў:
- аказваць ціск на ўлады Беларусі, каб тыя выконвалі правы ўсіх яе жыхароў;
- актыўна займацца маніторынгам, дакумэнтаваньнем, асьвятленьнем і ганьбаваньнем парушэньняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі;
- рабіць крокі дзеля прыцягненьня да адказнасьці ўсіх вінаватых і абароны ўсіх пацярпелых.