Дзеля гэтага да 22 верасьня трэба прайсьці на плятформе ананімнае апытаньне ў падтрымку рады, каб прызнаць яе ўпаўнаважаным прадстаўніком народу ў дыялёгу з уладамі.
Раней у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі заявілі: калі пратэставы рух хоча стаць рэальнай палітычнай сілай, ён мусіць аформіцца ў легальны інстытут.
«Відавочна, што Беларусь апынулася ў палітычным крызісе. Адзіны выхад з сытуацыі — дыялёг. Каардынацыйная рада стваралася з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай якраз для вырашэньня крызісу і арганізацыі дыялёгу. Давайце разам паскорым працэс!», — заклікае каманда «Голасу».
Найперш неабходна пацьвердзiць, што апытаныя згодныя са статусам Каардынацыйнай рады як свайго прадстаўніка, які будзе ўдзельнічаць у перамовах і дамагацца выкананьня наступных патрабаванняў:
- вызваліць палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі;
- прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у забойствах і гвалце;
- правесьці новыя сумленныя выбары.
«Улады адмаўляюцца чуць народ. Яны арыштоўваюць або выганяюць зь Беларусі чальцоў прэзыдыюму. Рада пры гэтым працягвае працу, яна прадстаўлена асноўным складам — гэта каля 70 прызнаных экспэртаў у розных сфэрах. А яшчэ ёсьць пашыраны склад — парадку 5000 ініцыятыўных беларусаў», — адзначаецца ў звароце плятформы.
Апытаньне праходзіць тут. Каб яго прайсьці, трэба адправіць чат-боту каманду або дачакацца аўтаматычнага паведамленьня.