Піша кіраўнік Свабоднага тэатру Мікалай Халезін.
Паседжаньне Рады правоў чалавека ААН 18 верасьня, на якім меліся абмяркоўваць сытуацыю ў Беларусі і прымаць адпаведную рэзалюцыю, пачалося з скандалу.
Не пасьпела старшыня Рады Элізабэт Тыхі-Фісьльбэргер адкрыць паседжаньне, як адразу ж прадстаўнікі чатырох дэлегацыяў — Беларусі, Расеі, Вэнэсуэлы і Кітаю — па чарзе пачалі казаць, што трэба спыніць усе трансьляцыі і што катэгарычна нельга заслухоўваць прыватных асобаў зь Беларусі, а слухаць толькі афіцыйную дэлегацыю. Аднак спадарыня старшыня пакінула гэтыя меркаваньні па-за дужкамі і працягнула паседжаньне. Тады прадстаўнікі гэтых дэлегацыяў пачалі браць слова па чарзе, спрабуючы зацягнуць час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада ААН заклікала ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі і пачаць дыялёг з апазыцыяйПрактычна адразу пасьля тырады прадстаўнікоў Беларусі і Расеі старшыня дала слова Сьвятлане Ціханоўскай з уключэньнем відэазапісу яе выступу. Але праз 15 сэкундаў відэа перарвалася, бо прадстаўнік Беларусі Юры Амбразевіч і прадстаўнік Расеі пачалі грукаць па мікрафонах сваімі карткамі, каб выступу Ціханоўскай не было чуваць. Пасьля таго, як выступ перарваўся двойчы, слова па чарзе ўзялі прадстаўнікі Нямеччыны, Нідэрляндаў і Даніі, выказаўшы ўсеагульнае зьдзіўленьне хамскімі паводзінамі прадстаўнікоў Беларусі і Расеі. Муры будынкаў ААН бачылі шмат, але гэтыя паводзіны беларускага і расейскага дыпляматаў узроўнем бестактоўнасьці знаходзіліся блізка да самай вяршыні сьпісу.
У сваіх выступах Амбразевіч раз за разам скочваўся ў хлусьню, то апавядаючы пра ахвяры сярод амапаўцаў, то пра пацярпелых 150 супрацоўнікаў міліцыі, то пра выкарыстаньне пратэстоўцамі «кактэйляў Молатава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нацыянальная дамэнная зона ў жніўні — мінус 350%». Кіраўнік hoster.by заявіў пра параліч ІТ-краіныЯго пазыцыю зьняпраўджвалі ўсе без вынятку выступы прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў, якія ў такіх пасяджэньнях традыцыйна ўдзельнічаюць. У пасяджэньні змаглі прыняць удзел тры прадстаўніцы Беларусі: Сьвятлана Ціханоўская, Кацярына Новікава — якая падзялілася паказаньнямі сьведак, і Натальля Каляда — адзіная, якая прысутнічала на паседжаньні вочна. Ёй па традыцыі перадае права выступу на беларускія тэмы ў структурах ААН брытанская арганізацыя Article XIX, накіраваная на абарону і падтрымку свабоды выказваньня.
Цяперашняе пасяджэньне стала беспрэцэдэнтным для такіх мерапрыемстваў узроўнем прадстаўніцтва. У першым блёку абмену думкамі са сваім бачаньнем выступілі звыш дзясятка міністраў замежных справаў, якія пераважна прадстаўлялі краіны Эўропы — усе яны выказалі падтрымку беларускаму народу. Для экспэртаў стала нечаканай пазыцыя прадстаўніка Ўругваю, які падтрымаў беларускага дыктатара, як і афіцыйная пазыцыя Бразыліі, якая падтрымала пратэстоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі: адказ на магчымыя санкцыі Эўразьвязу можа закрануць працу замежных СМІ ў БеларусіПадчас другога блёку пасяджэньня плянавалі абмеркаваць папраўкі да рэзалюцыі і прагаласаваць. Паколькі дэлегацыя Беларусі ня мела права ўносіць папраўкі да рэзалюцыі, гэтую місію ўзяла на сябе дэлегацыя Расеі. Яна бамбавала пасяджэньне 17 папраўкамі, аб кожнай зь якіх давялося галасаваць асобна. Ролю лідэра ў падтрымцы беларусаў узяла на сябе Нямеччына, заклікаўшы краіны па ўсіх папраўках прагаласаваць супраць расейскай ініцыятывы.
Розныя папраўкі падтрымлівалі розныя краіны, але часьцей за іншых на поле падтрымкі беларускай дыктатуры гулялі Вэнэсуэла, Эрытрэя, Індыя, Інданэзія, Пакістан і, уласна, Расея — якая не магла ўдзельнічаць у галасаваньні, бо сама ўносіла ўсе папраўкі. У выніку ўсе да адзінай папраўкі расейскай дэлегацыі былі адхіленыя, а самую рэзалюцыю прынялі 23 галасамі пры 2 супраць і 22 устрыманых.
Яшчэ адну перамогу на замежнапалітычным кірунку здабылі беларусы, якія пратэстуюць супраць гвалту і фальсыфікацыі вынікаў выбараў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.