Студэнтаў Горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы выклікалі на гутарку да адміністрацыі, бо яны 9 верасьня сьпявалі ва ўнівэрсытэце.
Каля 15 студэнтаў з трох факультэтаў ГрДУ (гісторыі, камунікацыі і турызму; біялёгіі і экалёгіі; юрыдычнага) выклікалі на прафіляктычную гутарку да прарэктара ўнівэрсытэту па выхаваўчай рабоце Васіля Сянько. Як ананімна расказалі некалькі студэнтаў, іх выклікалі паасобку, размаўлялі па некалькі хвілін.
Размова тычылася сьпеваў на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму 9 верасьня. Тады на перапынку каля 15 чалавек засьпявалі ўнутры будынку «Муры», «Тры чарапахі», «Грай». У студэнтаў пыталіся, што яны рабілі з 13:00 да 13:30 9 верасьня і ці будуць яны яшчэ ўдзельнічаць у нечым падобным. Некаторыя адказвалі, што будуць, калі гэта не перашкодзіць вучобе і будзе адпавядаць іхняй грамадзянскай пазыцыі. Кіраўніцтва паведаміла навучэнцам, што тыя ўдзельнічалі ў незаконным масавым мерапрыемстве.
«Сказалі, што гэта было масавае мерапрыемства, хоць па заканадаўстве не было. Мы былі ў корпусе, а не пад адкрытым небам. Сказалі, што тры асобы — гэта мітынг. На пытаньне: тры асобы ў сталоўцы — мітынг ці не? — нічога выразнага не адказалі. Потым казалі, што мы парушаем унутраныя правілы ўнівэрсытэту — тым, што сустракаемся на перапынках», — расказала адна з выкліканых студэнтак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падштурхнула палітычная абстаноўка». Чаму студэнты з Горадні падаюць заявы на выхад з БРСМ і прафсаюзуНавучэнцам прапанавалі запісацца на гурткі па сьпевах. Калі адна са студэнтак прапанавала правесьці сьпеўную акцыю законна, прадстаўнік адміністрацыі адказаў: «Давайце правядзем».
«Адну дзяўчыну давялі да сьлёз. Сянько пачаў гаварыць пра тое, што не было фальсыфікацыі. Чаму ён пра гэта сказаў, я ня ведаю. Унівэрсытэт жа ня мае дачыненьня да палітыкі. Казалі, што некалькі тысяч, якія выходзяць, — гэта ня ўвесь народ, што некаторыя нават у царкву не маглі прайсьці [праз пратэстоўцаў]», — расказвае адзін са студэнтаў.
Студэнты не падпісвалі ніякіх дакумэнтаў. Ім не сказалі пра наступствы, калі яны працягнуць сьпяваць. Некаторыя атрымалі за тую акцыю вымовы.
Атрымаць ва ўнівэрсытэце камэнтар, ці забаронена студэнтам сьпяваць на перапынках і якія наступствы чакаюць тых, хто працягне так рабіць, карэспандэнту БелаПАН на момант публікацыі не ўдалося.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.