«Адзін са сьцягоў мне прысьніўся»: Як мянчанка стварыла 14 сьцягоў раёнаў за 14 гадзін і не спыняецца

Гусь за Беларусь

На дзень народзінаў Сьвятланы Ціханоўскай Грушаўка выйшла са сваім сьцягам. Мянчанка Тацяна пабачыла гэта на фота і пачала маляваць сымболіку раёнаў сама.

Па спэцыяльнасьці Тацяна не дызайнэр, называе гэта проста хобі. Цяпер ёй штодня прыходзяць замовы на сымболіку раёнаў, вуліц і гарадоў.

Сымболіка ад Тацяны

«За 14 гадзін — 14 сьцягоў»

«Я пабачыла сьцяг Грушаўкі і захацела намаляваць сьцяг Каменнай Горкі, пасьля папрасілі намаляваць сьцяг Чыжоўкі. Так за 14 гадзін я намалявала каля 14 прац. Цяпер ёсьць замовы ад вуліц, гарадоў, унівэрсытэтаў, асобных вуліц», — кажа Тацяна.

Сьцяг Чыжоўкі, намаляваны Тацянай

Тацяна кажа, што ўцягнулася ў працэс, ёй падабаецца, што «гэта яднае людзей».

«Мне вельмі падабаецца другі сьцяг — сьцяг Пушкінскай, там чалавек з раскінутымі рукамі і прабітым сэрцам, ён мне прысьніўся, усю ноч мне гэта мроілася, і я адразу пачала яго маляваць. Ёсьць сьцягі, якія хутка можна намаляваць, а ёсьць доўгія працы, дзе хочацца і нейкую гісторыю закласьці. Людзі скідаюць інфармацыю, пішуць, што хочуць пабачыць. Я і ад сябе прашу дасылаць інфармацыю», — гаворыць Тацяна.

Сьцяг Пушкінскай

«Хацелася б менш пэсымізму»

Тацьцяна зважае, што калі браць гісторыю, то шмат у якіх раёнах «былі ці то могілкі, ці то галгофа».

«Сухарава — могілкі, там дзе Каскад стаіць — галгофа. А хацелася б менш пэсымістычнага, недзе гумару дадаць», — лічыць мастачка-аматарка.

Каскад

У яе цяпер шмат замоў з розных месцаў, дзяўчына працуе адразу над некалькімі сымболікамі.

«Я вельмі ўсьцешаная, што да гэтага падключыліся іншыя дызайнэры і мастакі», — кажа яна.

Сымболіка ад Тацяны

«Адбываецца станаўленьне грамадзтва»

Беларускі архітэктар і адзін з арганізатараў Minsk Design Week Юры Таўбкін лічыць, што такія працы будуюць і ўмацоўваюць сацыяльныя сувязі.

«Гэта важная рэч, якая сьведчыць пра станаўленьне грамадзтва, гэты працэс проста цяпер адбываецца. Зразумела, гэтыя працы не датычаць геральдыкі, але гэта крэатыў, сумленьне народу, гэта важна ў сацыяльным аспэкце. Мой фаварыт — гэта герб Розачкі, там, дзе кветка і разьбітая бутэлька, — самае цікавае з таго, што бачыў. Зразумела, што такая ініцыятыва часовая, але цяпер гэтае імкненьне нешта зрабіць для супольнасьці вельмі важнае», — мяркуе Юры Таўбкін.

У некаторых раёнах Менску жыхары нават абіраюць шляхам галасаваньня сьцяг раёну зь некалькіх варыянтаў. 17 жніўня супрацоўнікі ЖЭСу ня сталі зафарбоўваць сьцяг на будынку ў Каменнай Горцы, а дамалявалі да яго кветкі і неба.

Варыянты іншых прац: