Ад 17 верасьня ўсе грамадзяне Беларусі, якія маюць турыстычныя польскія і шэнгенскія візы, зноў могуць трапіць на тэрыторыю Польшчы, нягледзячы на тое, што захоўваецца каранавірусны карантын.
Раней сьпіс грамадзян Беларусі, якія маюць права на ўезд на тэрыторыю Польшчы ва ўмовах пандэміі каранавірусу, абмяжоваўся студэнтамі, уладальнікамі «карты паляка», віду на жыхарства, дыпляматычнага пашпарта, кіроўцамі і некаторымі іншымі катэгорыямі.
16 верасьня Памежная служба Польшчы апублікавала новы дакумэнт аб перасячэньні мяжы ва ўмовах каранавірусу.
У ім сярод тых, хто можа ўяжджаць у краіну, зьявіўся яшчэ адзін пункт, які пачынае дзейнічаць з 17 верасьня — грамадзяне Беларусі, якія перасякаюць мяжу Польскай Рэспублікі на падставе турыстычнай візы.
Фактычна ў параўнаньні зь іншымі іншаземцамі беларусам робіцца выключэньне. Цяпер любы беларус зь візай можа выехаць у Польшчу, але з умовай 10-дзённага карантыну па прыезьдзе.
У жніўні, калі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі, прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў пра намер у найбліжэйшы час прадставіць спрошчаныя працэдуры для людзей, якія хочуць уехаць у Польшчу зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Польшчы паабяцаў аблегчыць уезд у краіну для беларусаў