16 верасьня ў Бабруйску скончыўся суд над вэтэрынарам мясакамбінату Кацярынай Корзан, зборшчыцай подпісаў за адкліканьне дэпутата. Яе аштрафавалі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Кацярыну Корзан затрымалі міліцыянты ў цывільным 2 верасьня на прахадной мясакамбінату, калі яна ішла на працу. Завезьлі ў ГУУС, дзе падверглі зьняважліваму дагляду і пратрымалі да 23:30. Падпалкоўнік Сяргей Рудзько, вядомы перасьледамі «апазыцыі», вінаваціў яе ва ўдзелах у мітынгах папярэдніх дзён, у зборы подпісаў, пагражаў што «усё роўна подпісы дастане».

Сяргей Рудзько дапытвае актывістку ў дзіцячым шпіталі, архіўнае фота
Суд цягнуўся некалькі дзён, Кацярыну бараніў адвакат. Кацярына Корзун заяўляла, што 30 жніўня сапраўды прыйшла на плошчу Леніна, адкуль стартавала шэсьце, але выключна з мэтай законнага збору подпісаў за правядзеньне сустрэчы з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Рынейскай, у мітынгу і шэсьці ня ўдзельнічала. Міліцыянты Канавалаў і Бараценка сьцьвярджалі, што яна «размахвала рукамі і крычала» — на прадастаўленым імі відэа нічога гэтага няма.

Збор подпісаў за сустрэчу з дэпутатам. Бабруйск, 30 жніўня 2020 году
16 верасьня судзьдзя Алена Гормаш агучыла вырак: 540 рублёў штрафу за ўдзел у мітынгу. Кацярына Корзан будзе абскарджваць вырак.
А зь сёньняшняга дня, 16 верасьня, маці трох малых дзяцей Кацярына Корзан ужо не працуе на мясакамбінаце — кантракт разарваны «па ўзгадненьні бакоў».