Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Сочы не прасіў аб пастаўках новага расейскага ўзбраеньня, заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.
«Не», — сказаў Пяскоў журналістам 16 верасьня ў адказ на адпаведнае пытаньне, паведамляе расейскае агенцтва «РИА Новости».
«У цэлым шмат узаемадзеяньня па лініі вайскова-прамысловых комплексаў дзьвюх краінаў, што якраз укладваецца ў цэлым у нашы двухбаковыя адносіны. Але ў той фармулёўцы як вы сказалі — не», — удакладніў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка папрасіў у Расеі «некаторыя тыпы ўзбраеньня»Раней Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу заявіў, што зьвярнуўся да Пуціна з просьбай аб новых відах узбраеньня для ўмацаваньня бясьпекі «саюзнай дзяржавы».
«Я таксама прасіў прэзыдэнта Расеі аб некаторых тыпах узбраеньняў. Сказаў яму, што калі вы прыедзеце, мы паглядзім, што нам і дзе трэба рэальна ўмацаваць у пляне Саюзнай дзяржавы», — цытуе Лукашэнку БелТА.
«Баяцца няма чаго, мы гатовыя на гэта ісьці. Апошнія падзеі паказваюць, што трэба сьмялей абараняць інтарэсы і беларусаў, і расейцаў. Так здарылася, што мы ў гэтым пляне засталіся адны, але ня самыя слабыя», — заявіў Лукашэнка.